Код адсутнасці
Асновы беларускай ментальнасці
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 196с.
Мінск 2007
Беларусаў трохі ёсць, а Беларусі няма — у сэнсе цэласнага жыццядайнага нацыянальнага арганізму, які запатрабаваў бы дзеля свайго развою і бяспекі нацыянальнай дзяржавы.
Няма такой Беларусі цяпер, але і ў будучым яе не бачна, хаця якраз на “будучыню” шмат хто тады спадзяваўся (спадзяецца і зараз): неўзабаве ўсё неяк пераменіцца, да ўлады дапнуць “нашыя”, і мы здабудзем памысную Беларусь... (Калі б “нашыя” маглі неўзабаве ці хаця б у бліжэйшай перспектыве займець уладу, дык Аляксандр Лукашэнка, з яго не абы-якой палітычнай інтуіцыяй, ужо даўно быў бы “нашым”.)
Але калі б нават нейкім цудам нешта ўзяло ды кардынальна перамянілася і “нашыя” прыйшлі да ўлады (як прыйшлі б, так і пайшлі б), дык што з гэтага не фармальна, а сутнасна зрушылася б у сітуацыі?
Безумоўна, фармальна, вонкава, намінатыўна сёе-тое выдавала б на лепшае ў нашым разуменні лепшага (трохі прыпынілася б русіфікацыя школ, вярнулася б гістарыч ная сімволіка, што-кольвек яшчэ...), аднак і тая дэклара тыўна нацыянальная дзяржава рэальна была б сацыяльнай дзяржавай (дзе нелегітымна панавала б ідэалогія сацыяльных дабротаў, гэта значыць ідэалогія “каўбасы” і курсу долару, а не нацыянальнай культуры, мовы, неза лежнасці), і ў той, “нашай”, дзяржаве “свядомаму беларусу” было б, пэўна, гэтак жа няўтульна, як і сёння — а можа, і яшчэ няўтульней, і на вуліцы, і на службе, і сам-насам, бо і тады ён быў бы ва ўнутранай эміграцыі адносна чужароднага яму соцыуму.
Прыкладна гэтак (слушна ці не іншая рэч) я разва жаўу тыя першыя тыдні і месяцы пасля рэферэндуму...
Няўжо нам, “свядомым”,— думаў я ў падсумаванне,— нічога іншага не застаецца, як пражыць жыццё і памерці чужынцамі на сваёй зямлі, ды яшчэ той самы бяздольны лёс пакінуць сваім дзецям, якія з нашай волі ці нават паўз яе панабіраліся ад нас гэтай заразы — беларусаманіі?
Йохан Хейзінга і мроі пра віртуальную дзяржаву
Цяпер ужо не памятаю, скуль непасрэдна ўзнікла дум ка, з якой я потым, як дурань з пісанай торбай, цягаўся некалькі дзён запар. Хаця, напэўна, яна пачаткавалася недзе ля відавочнай тэзы: большасць насельнікаў Бела русі (блізу шасці мільёнаў) прагаласавала за сацыяльную дзяржаву. Добра, іх болей, яны перамаглі, дык хай сабе і ладзяць жытво, як ім падабаецца. Але чаму з іх перамогі мусяць пераможаныя пачувацца ў скрусе, да таго ж не прыхадні, а таксама тубыльцы гэтага краю? Як-ніяк, не за “барбарскімі” часамі жывём, дэмакратыя наўкола, а дэмакратыя, як вядома, гэта найперш павага і забеспячэнне правоў меншасці. Тым болей, што не такая яна ўжо і ма лая гэтая меншыня, якая аддала перавагу нацыянальнай дзяржаве (блізу двух мільёнаў; а хай сабе і мільён).
Дык чаму гэтыя два мільёны (а хай сабе і мільён) не могуць жыць як цывілізаваныя людзі, мець свайго Прэзідэнта, свой парламент і ўсе астатнія палітычныя і грамадскія інстытуты?— запытаўся я сам у сябе.
Узважыўшы пытанне, таксама сам сабе адказаў (здаецца, слушна):
— Дык таму!
Безумоўна, можна было б прапанаваць усім “свядомым” з'ехацца на жытло ў нейкую адну мясцовасць і зладзіць там нешта падобнае да нацыянальнай аўтаноміі, толькі
беларусы не габрэі, за белы свет без прынукі не пацягнуцца, ды і дзіўна было б чакаць ад беларуса, што ён кіне бацькоўскае котлішча ці абжытую “хрушчоўку” ў Серабранцы дзеля таго, каб у нейкім іншым месцы лаяцца з суседам па-беларуску і на 1 мая над ганкам вывешваць не чырвона-зялёны, а белчырвонабелы сцяг.
Адным словам, як я ні трудзіў глузды, заўсёды атрымлі валася тое самае: у прасторы аднаго топасу няма разам месца сацыяльнай і нацыянальнай дзяржавам... А з гэтага, бясспрэчна, вынікала, што “свядомым” нічога іншага не застаецца, як гібець кожнаму паасобку ў сваім катуху, пакуль не павыміраюць усе да апошняга, што тыя яцвягі.
I вось недзе тут, у момант гранічнай скрухі, я нечакана ўспомніў Йохана Хейзінга, дакладней ягоную прыдумку, якая даводзіць, што ўся культура жыцця — гэта нішто іншае, як гульня ў безлічных праявах гульні (“Homo Lodens”). Калі “вся жнзнь нгра” — падумалася мне,— дык чаму б нам, “свядомым", не згуляць у Беларускую Нацыянальную Дзяржаву? Чаму б нам не правесці сярод сваіх, “свядомых”, выбары свайго парламенту і ГІрэзідэнту, якія б потым сфармавалі наш урад, прынялі канстытуцыю і згодна гэтай канстытуцыі залічылі б нас у грамадзян Беларускай Нацыянальнай Рэспублікі (БНР).
Зачапіўшыся хоць за нешта, мая фантазія ўжо не хацела зважаць ні на законы логікі, ні на магчымасці рэальнасці, яна ліхаманкава разбягалася ў розныя бакі ўсё да лей і далей (куды там Манілаву): я ўяўляў уласныя прад стаўніцтвы ў розных краінах свету (дзе толькі беларусаў няма, а згуртаванні беларусаў у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Полывчы, Латвіі ды некаторых іншых краінах і сёння выконваюць ролю амбасадаў ці не ў большай меры за афіцыйныя амбасады); уласныя грошы (дынар? талер?), якімі б мы карысталіся ў дробных гандлёвых стасунках паміж сабой (з цягам часу яны, магчыма, сталі б канверсавацца з беларускім рублём); уласнае “войска” (ну калі не “войс-
ка”, дык нейкую арганізацыю тыпу самааховы, якая хаця б абараняла “свядомых” ад агрэсіі “несвядомых”); свае партыі (лібералы, сацыял-дэмакраты, камуністы, зялёныя...); рэлігійныя інстытуты (сярод іх аўтакефальная царква); уласныя СМІ, выдавецтвы, фонды, культурніцкія праграмы і ініцыятывы (што да ўсяго апошняга, дык незалежныя беларускамоўныя выданні і культурніцкія праграмы, яку Беларусі, гэтак і ўзамежжы, заўсёды працавалі і працу юць пераважна на карысць і патрэбу грамадзян менавіта гэтай, віртуальнай Беларускай Нацыянальнай Рэспублікі)...
У тыя некалькі дзён вясёлага шаленства, калі мая галава была апанаваная віхурай уласных фантасмагорый, я, здаецца, перамацаў усе магчымыя дзяржаўныя, грамад скія, палітычныя і сацыяльныя інстытуцыі, прыглядаючы ся, што з усяго гэтага мноства магло б прыдацца да рэальнасці віртуальнай Беларускай Нацыянальнай Рэспублікі. Натуральна, усе тыя думкі (прыдумкі, задумкі, выдумкі) я тут прыгадваць не маю намеру, ды шмат чаго ўжо і забылася, але выразна памятаю, што і падчас найвялікшага ачмурэння я не забываўся:
а) на рэальную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якая не прадугледжвае ўнутры сваіх межаў ніякай іншай дзяр жавы, апрача той, што ўжо існуе;
б) на адсутнасць механізму, праз які можна было б вы явіць і злучыць усіх “свядомых” паміж сабой (калі яшчэ кампутар, падключаны да “сусветнага павуціння”, станецца такой жа шараговай з’явай, як тэлевізар);
в) на адсутнасць адпаведных фінансавых сродкаў (а маштабныя гульні патрабуюць шмат грошай);
г) на анталагічную няздольнасць беларусаў гуляць у сваю гульню, ды і ўвогуле гуляць хоць у якія абстрактныя гульні.
Як гэта ні дзіўна, але менавіта апошняя антытэза най больш выразна высветліла ўсю меру фантазійнасці маіх фантазіяў... Праблему канстытуцыі вырашыла Гульня; гу-
ляць наша канстытуцыя не забараняе, а калі можна гуляць у футбол ці “КВЗ”, дык чаму нельга гуляць у віртуальную Дзяржаву?.. Адсутнасць кампутараў пакуль можна было б кампенсаваць поштай, тэлефонам, незалежнымі СМІ.... Грошы? Грошай заўсёды будзе не хапаць. А вось заахвоціць беларусаў, хай сабе і “свядомых”, да інтэлектуальнай забаўкі, у якой гульня была б сур’ёзнай справай, а сур’ёзная справа — гульнёй, немагчыма. I гэта, напэўна, што я беларусаў не ведаю?
Беларус альбо працуе, альбо п’е гарэлку. Калі вып’е, можа і пазабаўляцца. Але каб цвярозы беларус не працаваў, а забаўляўся — такога, лічы, не бывае.
На гэтай цвярозай выснове і скончылася мая сам-насам гульня ў віртуальную Беларусь. Але паколькі я трохі літаратар, гэта значыць, чалавек, для якога выдуманае мае аднолькавую каштоўнасць з рэальным, дык мне тады вельмі карцела падзяліцца гэтай выдумкай з іншымі — напісаць артыкул ці эсэ, ды за рознымі сур’ёзнымі справамі рукі да фантазіяў не дайшлі...
Этычны імператыў на скразняках прагматыкі
Нельга сказаць, што потым я на тыя летуценні зусім забыўся. Зрэдчас згадваў, але ўсё неяк мімаходзь, паміж іншым, і, пэўна, з цягам часу яны неўпрыкмет пабляклі б да нявідалі. Але аднойчы пайшла пагалоска, што сярод “свядомых” узнікла ініцыятыва, якая заклікае беларусаў прымаць грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі. ІІагалоска змянілася публікацыямі ў прэсе, а неўзабаве я і сам меў гонар быць запрошаным на ўрачыстую прэзентацыю гэтай ініцыятывы.
Дык вось, як толькі я пачуў пра “грамадзянства БНР”, дык мне адразу ўзгадаліся мае ранейшыя летуценні пра Беларускую Нацыянальную Рэспубліку, і зусім не з абрэві-
ятурнай тоеснасці (БНР БНР), а з прычыны куды больш істотнай: тут ужо дэкларавалася імкненне практычна рэалізаваць як мінімум адзін, але надзвычай важны пункт, які супадаў з “праграмай” маіх трызненняў, а менавіта — прапаноўвалася адметнае грамадзянства для “свядомых”, гэта значыць, збольшага акрэслівалася поле іх супольнай прысутнасці ў тапаграфіі быцця.
Калі ёсць “мінімум”,— спехам падумалася мне,— дык, магчыма, прадугледжваецца і нейкі “максімум”. He, нават “спехам” я не спадзяваўся, што сур’ёзныя людзі, паважныя палітыкі стануць разгортваць ініцыятыву, прыпадабняючыся да фантазіяў адвязанага ад рэальнасці літаратара. Але ж, але ж...
Што і казаць, ніякіх “але” з гэтага “мінімуму” я не дачакаўся. Ужо на прэзентацыі ініцыятывы мае кволыя спадзяванні на “нешта большае” зусім зніякавелі. Розныя выступоўцы казалі адно і тое ж: “грамадзянства БНР” — гэта маральны і палітычны выбар, прысяга на вернасць неза лежнасці, беларускай мове, бел-чырвона беламу сцягу і гербу “Пагоня”, дзяржаўнасці Беларусі. Таму, пэўна, мяне наўрад ці хто зразумеў, калі я ў сваім слове сказаў, што ідэя грамадзянства БНР мае самадастатковы патэнцыял, які пры ўмове яго разгорнутасці можа стварыць больш утульную сітуацыю для “нацыянальна свядомых”. А інакш, калі гэтая ініцыятыва будзе толькі дапаможнай акцыяй у палітычнай барацьбе за ўладу “нашых” у Рэспубліцы Беларусь, дык яна згорнецца ў звычайны сацыялагічны пе panic, чарговую каталагізацыю “свядомых” беларусаўдля архіву найноўшай гісторыі і актуальнага архіву КДБ.
Мы ўвесь час спадзяемся на нейкі цуд, спадзяемся, што тая рэальнасць, якую назіраем штохвілі на свае вочы,— гэта аблуда, і дастаткова вынайсці нейкі іншы ракурс бачання гэтай рэальнасці, як яна карэнным чынам пераменіцца на нашу карысць. На жаль, ідэя “грамадзянства БНР” апынулася ўсяго толькі чарговай спробай змяніць ракурс