• Газеты, часопісы і г.д.
  • Код адсутнасці Асновы беларускай ментальнасці Валянцін Акудовіч

    Код адсутнасці

    Асновы беларускай ментальнасці
    Валянцін Акудовіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 196с.
    Мінск 2007
    38.59 МБ
    Праўда, у гэтай вялікай паўзе беларусы і шмат чаго страцілі, найперш у рэфармацыйным, дэмакратычным ды нацыянальным дыскурсах. Толькі скуль каму вядома, колькі б чаго яны па дарозе растрэслі, каб адразу на злом галавы пабеглі ў тую ці іншую рэфармацыю (не надта ўяўляючы, хто і чаго туды бяжыць)?
    Альбо вось дэмакратыя. Некаторыя чакаюць яе не раўнуючы Царства Божага на зямлі... He, я ніколькі не супраць і нават зусім наадварот. Дэмакратыя, натуральна, лепей за дыктатуру ўжо хаця б таму, што пры дыктатуры ў цябе на карку сядзіць паганяты з бізуном, а як надарыцца дэмакратыя — дык усяго толькі з пугай.
    Наастачу не прамінем згадкай і ніштажэнне ўсяго нацыянальнага. Тут можна суцешыць сябе хіба адно тым, што сваімі рэпрэсіямі Аляксандр Лукашэнка дапамог “свядомым” беларусам праверыць іх ідэалы на трывушчасць, а іх саміх — на меру ўпартасці ды мужнасці... Хаця, шчыра кажучы, усё гэта не лішне суцяшае.
    Сёння цяжка сказаць, наколькі плённа беларусы скары-
    сталіся дараванай ім паўзай. Напэўна, не вельмі плённа...
    Прынамсі, мы дасюль застаемся нацыяй, якую яшчэ трэба прыдумаць, дакладней, якую мы самі яшчэ мусім прыдумаць, як універсалію, прыдатную для супольнага ўжытку кожнаму асобнаму чалавеку.
    А пакуль не прыдумалі (і не паверылі ў сваю прыдумку!), нам, на вялікі жаль, ніяк не абысціся без “Лукашэнкі”, пад якім бы прозвішчам ён ні быў запісаны ў пашпарце.
    АСОБА I ГІСТОРЫЯ
    Дваццатае стагоддзе апынулася большым за ўсю па пярэднюю гісторыю чалавецтва. За гэты век людзі нарабілі столькі ўсялякага, што сярод гэтага наробку для саміх сябе месца амаль не засталося. Ужо нават неба хутка не будзе ставаць, каб змясціць усё, што пазакідалі над галовы.
    Затое ніколі раней не было і гэткіх стратаў. Памёр Бог, ляснуліся гісторыя з геаграфіяй, ушчэнт выпетрыліся ад легласць і час, знік недзе чалавек (засталіся адно людзі), а ўсіх ацалелых звяроў і птушак можна па заапарках рассяліць, ды яшчэ пустыя клеткі застануцца...
    А колькі за гэты век было падзеяў, ад якіх ходырам хадзіла зямная куля! Сусветныя войны і сусветныя рэвалюцыі, развалы імперый і атамныя землятрусы, генацыды народаў і тэхнагенныя катастрофы (усяго да ночы не пералі чыць). I сярод усёй гэтай апакаліптыкі адной з самых значных падзей, безумоўна, быў крах Вялікай камуністычнай імперыі. Пасля яго ўвесь свет адразу радыкальна пе рамяніўся... Як вядома, зачынальніка той глабальнай перамены звалі Міхаіл Гарбачоў.
    Гэта быў добры жарт гісторыі. У эпіцэнтр падзеі сусветнага маштабу падставіць чалавека, крэатыўнага патэн цыялу якога (у іншых варунках) было б хіба даволі адно для шараговага губернатару.
    Тут адразу згадваецца ці не самы праблемны з дыскурсаў дыялектычнага матэрыялізму. А менавіта, роля асо бы ў гісторыі.
    3 тэорыі класікаў марксізму ленінізму як быццам адназначна вынікала, што роля асобы ў гісторыі, лічы, аніякая. Бо змены сацыяльнаграмадскіх фармацый (і камунізм у перспектыве) адбываюцца не з ініцыятывы тых альбо іншых
    герояў, а толькі праз назапашванне сродкаў вытворчасці (і ўсялякага да таго падобнага). Хаду гісторыі не толькі не спыніць, але нават і не скрывіць нікому паасобку.
    Разам з тым, на практыцы ідэалогія марксізму-ленінізму не змагла абысціся без перманентнага прадукавання “культу асобы” ў самых розных маштабных вымярэннях, ад усепланетнага (Маркс, Энгельс, Ленін, Сталін, Мао) да местачковага (герой-партызан, падпольшчык, камбайнёр...).
    Калі ў маёй, спрэс заштампаванай савецкай адукацы яй галаве, пачало сёетое прасвятляцца, я нейкі час цікаваў, як праз штукаванне розных амбівалентных канструкцый тадышнія філосафы ад марксізму-ленінізму спрабавалі палагодзіць міжсобку ідэалогію з тэорыяй стасоўна ролі асобы ў гісторыі. Няцяжка здагадацца, што з тых інтэлектуальных мітрэнгаў партыйнага мыслярства нічога пэўнага і пераканаўчага не атрымлівалася...
    Але нічога пэўнага не атрымліваецца і ў мяне, калі я сёння, праз дваццаць гадоў пасля прыходу Міхаіла Гарбачова ў “генсекі”, спрабую зразумець, ці была хоць якой роля ягонай асобы ў той гісторыі з крахам камунізму?
    Міхаіл Гарбачоў быў звычайным “генсекам” (іншага ніхто б тады і не пусціў на верхатуру камуністычнай імпе рыі). Незвычайным у ім было, бадай, адно — маладосць (і гэтага не пралічылі патрыярхі палітбюро, калі ім устыла штогод хаваць лідэраў усяго прагрэсіўнага чалавецтва і яны навярнуліся на перспектыўнага, у сэнсе пажыць, Гарбачова). Канцэптуальная памылка. Бо Міхаіл Гарбачоў усё ж такі трохі недабраў партыйнага часу, каб з яго паспела дарэшты выпетрыцца ўсё жывое, прыстойнае, чала вечае і з гэтага атрымаўся цалкам унармаваны “вождь”. Хаця б яшчэ гадоў дзесяць пагаблявалі ў запасе — тады, можа б, мы і сёння за камуністамі жылі...
    Малады ён і ў палітбюро малады. Яму яшчэ на людзі хочацца, перад дзеўкамі павыстаўляцца, славай ужывую падыхаць, а не праз папяровыя хваласпевы ў глухіх прыцемках крамлёўскіх пакояў.
    Сёння ўжо нават цяжка сабе ўявіць той радасны шок, які скалануў усю краіну, калі людзі пабачылі на вуліцы, ну зусім побач з сабой, генеральнага сакратара ЦК КПСС. Чытачам іншага веку патлумачу, з чаго атрымаўся шок. Апрача як на трыбунах з’ездаў ці на маўзалеі амаль ніхто з паспалітых не бачыў жывым Сталіна, Брэжнева, Андропава, Чарненку. (Праўда, быў выламаўся з партыйнай тра дыцыі Хрушчоў, але ягоны паход у народ успрынялі ўсяго толькі як кур’ёз.) Гэта значыць, што больш за паўстагоддзе, недзе з 1930-х гадоў, кіраўнікі СССР (і лідэры ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва) для “шырокіх народных масаў” існавалі адно ў сімвалічнай ролі. Бо трыбуна партыйнага з’езду ці маўзалей ні каліва не дадавалі ім рэальнасці, паколькі на трыбуне і звычайны шараговецужо трохі помнік...
    Болей за тое, неўзабаве Міхаіл Гарбачоў пачаў з’яўляцца на людзях не проста чалавекам, а мужам з жонкай. Раней ніхто нават і падумаць не мог, што ў генеральных сакратароў бываюць жонкі. I так думаць было цалкам слушна, па колькі жанаты сімвал — гэта нейкі вычварэнскі аксюмаран.
    Зразумела, гэта толькі паэтычная гіпотэза, але, як мне ўяўляецца, сусветны крах камунізму пачаўся менавіта з усенароднага захаплення новым кіраўніком СССР. Натуральна, не наўпрост з эйфарыі пачаўся, а, так бы мовіць, апасродкавана. Спачатку гэтае захапленне апанавала са мога Міхаіла Сяргеевіча. Было цудоўна пачувацца не толькі выбраным (палітбюро), але і абраным (народам). Сёння мы назвалі б гэта “электаральнай падтрымкай". Аднак тады яшчэ ні пра што такое не ведалі, бо ніколі раней лідэраў партыі не цікавіла, падтрымлівае іх народ ці не. Яны рабілі
    тое, што лічылі мэтазгодным, а затым адпаведныя ідэалагічныя структуры арганізоўвалі ўсенародную ўхвалу чаго заўгодна: ад саюзу з фашыстоўскай Германіяй да ганьба вання камуністычнага Кітаю.
    “Любоў народная” зрабіла Міхаіла Гарбачова кіраўніком краіны як бы ў квадраце. Яна сталася для яго нечым накшталт “другога палітбюро”, і з гэтага ён мог пры нагодзе ўпэўнена канфрантаваць з тым першым, якое яго толькі выбрала.
    Аднак любоў народу недвухсэнсоўна патрабавала адпаведных захадаў з боку абранніка і нават падказвала, якімі яны мусяць быць. Паколькі генсека ўпадабалі за прастату і людскасць, дык думка пра “сацыялізм з чалавечым тварам” з'явілася бадай сама сабой і прыйшлася цалкам да месца.
    Упершыню “сацыялізм з чалавечым тварам" паспрабавалі пабудаваць у Чэхаславаччыне ў другой палове 1960 х гадоў. Толькі там гэты твар вокамгненна ўпляжылі ў пражскі брук тракамі савецкіх танкаў.
    Але нават каб танкаў не было, дык нічога з той чэхаславацкай задумы не атрымалася б, паколькі сацыялізм (пры намсі, камуністычнага фармату) таму і сацыялізм, што ён не мае і не можа мець твару. Hi чалавечага, ні якога там яшчэ.
    Калі вада залішне падпірае запруду, крый Божа рабіць у ёй адтуліну, каб паслабіць напругу...
    Наватутым маразматычным палітбюро разумелі, што за семдзесят гадоў улады саветаў сацыяльнай напругі на збіралася аж занадта і таму палітбюро заўсёды хапала старэчай абачлівасці не кранаць шматлікія запруды, якія трымалі сацыялізм. Але Міхаіл Гарбачоў быў малады, і яму яшчэ хацелася авантураў.
    Ён іх і прыдбаў з гакам.
    Паўторым да месца: Міхаіл Гарбачоў быў звычайным
    “генсекам”. I яму, як кажуць, нават у жахлівым сне не магло прысніцца, што якраз з ягоных ініцыятываў ляснецца не толькі сусветная сістэма камунізму, але разам з ёй гэпнецца і ейнае трывалішча — Савецкі Саюз. Верагодна, каб ён ведаў наперад, як яно далей будзе, дык уласнымі рукамі сам сябе засіліў (хаця на гэткае і не выглядаў здатным). Аднак пра апакаліптычнае ён ужо ж напэўна тады і не думаў, бо шчыра хацеў усяго толькі дабра ды росквіту і савецкім людзям, і вялікай краіне, і светлай будучыні. А калі стала ясна, што адбываецца нешта зусім іншае, раўнуючы з тым, аб чым яму мроілася, ён ужо не мог даць рады сваволі падзей.
    У адрозненне ад камуністычных лідэраў першай рэва люцыйнай пары, якія ўмелі ўтаймоўваць народную стыхію і менавіта праз гэтае ўмельства станавіліся лідэрамі, пазнейшыя (пасля Сталіна) у ім не мелі патрэбы. Усё і ўсюды даўно было ўпарадкавана ды злагоджана, на месцы дробнабуржуазных стыхій віраваў энтузіязм працоўных масаў і ніякіх праблем тут нават у перспектыве не прадбачылася. На верхатуру Крамля цяпер узбіваліся не тыя, што маглі “з усім народам гутарку весці” (ці заліваць яго па горла крывёю), а здольныя гаспадарнікі, пры гэтым не пазбаў леныя таленту кулуарнай барацьбы за ўладу.
    Таму калі не толькі “народныя масы”, але і сама гісторыя з геаграфіяй раптам усчынілі бунт, Міхаіл Гарбачоў разгубіўся, ды так моцна, што надалей ад яго адно разгубленасць і засталася. Ён ужо нічога не разумеў, што ад бываецца ў свеце. Але і што побач з ім адбываецца, ён таксама не разумеў. Апошняе было яшчэ і балюча, бо яго як бы без дай прычыны разам узнелюбілі і палітбюро, і той самы народ; а жонку Раісу народ дык аж узненавідзеў. I нават яго электарат, які ён сам упершыню і сфармаваў як уласна электарат (былыя дысідэнты, дзеячы культуры і навукі, проста інтэлігенты, слухачы замежных радыёстанцый, чытачы тоўстых часопісаў, “нефармалы” і да
    т.п.) пачаў спехам пакідаць яго на карысць ужо зусім рэвалюцыйнага Барыса Ельцына.
    Як добра падумаць, дык ГКЧП і Барыс Ельцын супольна выратавалі Міхаіла Гарбачова ад яшчэ больш ганебнага фіналу (і бадай што ўратавалі чалавеку жыццё). Бо без старонняй волі ён самахоць не збочыў бы з “генсекаў”. Разгублена і бязвольна ішоў бы паўз бурапенны век і да лей — невядома куды, але да першай бездані.