Код адсутнасці
Асновы беларускай ментальнасці
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 196с.
Мінск 2007
Можа, яно і добра, што ад вясны да восені лісток мысліць і пачувае сябе дрэвам, бо з гэтага ён мае хоць нейкі аптымізм быцця. Мною жыццё не вершыцца,— кажа ён. I яму лягчэй сыходзіць у невараць.
Але не толькі сыходзіць з быцця — трываць быццё яму лягчэй, калі ён атаясамляе сябе з усім чалавечым... Які я вялікі і бясконцы, які я разумны і здольны, — думае задзіночаны з усім светам я чалавек і таксама пачувае сябе трохі бясконцым і трохі вечным... А бывае нават, што з гэтага пачування бярэцца выдумляць сябе ўжо зусім бясконцым і назаўжды вечным...
Вядома, пры жаданні можна цешыць сябе рознага тыпу містычнымі надзеямі на працяг свайго бытавання ў іншых вымярэннях ці светах, але ва ўсіх варыянтах самых мудрагелістых прыдумак я-чалавек смерцю аднолькава анігілюецца як цэлае і застаецца толькі фрагментам (найчасцей — інтэлігібельным) самога сябе. Але ж фрагмент чалавека гэта не тое, што ўвесь чалавек. Зусім не тое...
Хаця нават такое нішчымнае суцяшэнне, якое абапіраецца на гіпатэтычна-інфернальную магчымасць “перася
лення” калі не ўсяго ячалавека, дык хаця б нейкіх яго элементаў у іншасвет ёсць усяго толькі аптымізацыяй жаху небыцця. I рэч зусім не ў тым, што няма куды перасяляцца — няма што перасяляць. Я-чалавек рэалізуе ў тут-быцці сябе, як магчымасць самога сябе — цалкам. Напрыканцы ў ім не застаецца нічога, што патрабавала б дадатковага тэрміну жыцця, а тым болей — вечнасці. Напрыканцы я чалавек дасягае не толькі мяжы свайго розуму, краеня сваіх жаданняў, але і скрані магчымасці сябе ўвогуле. Няма ў ім чаму жыць далей нават тут, дзе ён цяпер жыве. Патэнцы ял захопленых я чалавекам прасторы і часу ім жа спрэс і дарэшты выбраны. Біялагічна, сацыяльна, дзейна, экзістэнцыйна, інтэлігібельна...
Быць — гэта значыць адбыцца. Цалкам.
Праз дарогу ад хаты, дзе я нарадзіўся і асталеў, за высокім каменным мурам пачыналіся старыя зарослыя могілкі. Як толькі мне было дазволена перабягаць праз дарогу, увесь вольны час я бавіў з сябрукамі на могілках. Яны былі для нас дзіцячай пляцоўкай, садком, піянерлагерам, стадыёнам. Там мы гулялі ў хованкі, індзейцаў, карты, футбол. Пазней там сустракаліся і гулялі з дзяўчатамі...
Наўжо ледзь прыкметных магільных капцах добра спелі суніцы. Яны былі буйнымі і салодкімі. Больш буйнымі і салодкімі за звычайныя — ці гэта нам толькі здавалася, бо патрэбна была пэўная адвага, каб ласавацца ягадамі з капцоў над дамавінамі, хай сабе і спарахнелымі.
Могілкам было шмат стагоддзяў, і пад нашымі нагамі спрэс пластаваўся чалавечы прах. Але калі не лічыць рэшткаў збуцвелых каменных крыжоў ды плітаў і рудых ад іржы жалезных агароджаў, запакаваных у густое кустоўе, дык гэтае месца нічым не адрознівалася ад старога парку ці вячыстага лесу, паколькі ніхто ўжо не памятаў пра тых — пад дзірваном...
Хто быў, а хто не быў?! Нехта быў — гэта адзінае, што мы ведалі. Бадай, нават не Нехта, а толькі Нешта... Нешта
было тут, адбывалася, і ў гэтым адбыванні неяк прысутнічалі тыя, над сатлелым прахам якіх ужо даўно раскінулі шаты ліпы ды ясені...
Напэўна, мне не трэба было гойсаць па напластаваннях праху, скакаць праз здзірванелыя магільныя капцы, есці жменяй сакавітыя суніцы, мілавацца з дзяўчынай на заімшэлых магільных плітах... Напэўна, мне не трэба было перабягаць праз дарогу на могілкі, і тады я разам з іншымі суцяшаў бы сябе, што не знікну дазвання ў невараці, a нейкім чынам перакінуся ў наступнае быццё...
Але я залішне доўга бавіўся на старых могілках, каб не помніць, ува што згортваецца жыццё чалавека, і дзе яно вершыцца. I таму, калі потым закарцела дазнацца пра самае кранальнае — чым ёсць быццё, хто ёсць ты і ці знойдзецца ў табе нешта, праз што ты апасля не згубішся ў невараці, я ўжо ведаў пачатак адказу: быццё падобнае да старых могілак за каменным мурам, дзе жывыя мілуюцца на надмагільных плітах, з якіх шурпаты час паздзіраў усе літары... Заставалася апазнаць працяг гэтага ведання. Але чым далей я заглыбляўся ў росшукі самога сябе, тым больш выразна разумеў, што спакваля губляю тое, што шукаю. А потым і дазвання згубіў. I ў які бок ні аглядаўся, куды ні зазіраў — няма мяне.
Чалавека можна прыдумаць — нельга знайсці. Без ліхтара ці з ліхтаром.
Нельга знайсці тое, чаго няма. Марна шукаць ячалавека ў нейкіх яшчэ значэннях, апрача тых, што можна памацаць пальцамі. Я-чалавек не мае повязяў з трансцэндэнтным, ён цалкам знаходзіцца ў іманентным (рэальным) і ўвесь дарэшты вычэрпваецца тым месцам, якое займае ў часе і прасторы. I нічога болей, апрача гэтага месца, у ім няма.
Вось чаму, калі персаналізуючы праблему хто ён, чалавек, я пытаўся ў сябе хто ён, я, дык у адказ не чуў нават рэха. Пытанне душыла сябе моўчай.
Цяпер я ведаю, скуль тая моўча: недарэчна пытацца пра таго, каго няма — хто ён?
Інакш кажучы (мовай постструктуралістаў), чалавек — гэта пусты знак, “мннмая” велічыня, сімулякр свайго азначальніка... Таму чалавек заўсёды нагружаў сваю анталагічную адсутнасць альбо трансцэндэнтнай перспектывай альбо ідэалагемнай мэтай. Бо адно такім чынам “мннмая” велічыня магла быць уяўленай у нейкіх канцэптуальных зна чэннях. Раб Божы, будаўнік камунізму, змагар за Бацькаўшчыну...
Карацей кажучы, месца (сутва) чалавека не ў ім самім, а ў тым прыметніку, якім ён сябе абцяжарвае. Усё гэта стасуецца і да нацыянальнага чалавека. Ён таксама “пусты знак” — толькі запоўнены нацыянальным тэкстам. I калі вышэй я казаў пра высокую трагедыю, якую паводле азначэння спеліць у сваім сэрцы беларускі нацыяналіст, дык перадусім меў на ўвазе наступнае. У сітуацыі, калі нацыянальны тэкст апынуўся пад пагрозай знікнення, кожны з нас, заангажаваных у беларускую Беларусь, рызыкуе ад нойчы сустрэцца сам-насам з сваёй адсутнасцю. Паколькі без гэтага тэксту нам застанецца толькі “пусты знак”, азначаны сімулякрам нашага ўласнага імя.
Вось чаму свядомы беларус — гэта a priori трагічны чалавек. Калі заўгодна, ён і нарадзіўся з духу трагедыі, дзе пакуты і трагічная смерць героя абумоўлены самім жанрам. I таму яго існаванне на скраені дрогкай нацыянальнай субстанцыі заўсёды было спрэс праблематыч ным...
Але з чаго яшчэ, як не з духу высокай трагедыі, можа паўстаць воля да супраціву свайму немілажальнаму кону?
Літаратурна-мастацкае выданне
Акудовіч Валянцін Васільевіч
Код адсутнасці
Асновы беларускай ментальнасці
Рэдактар выдання
Алесь I. АНЦІПЕНКА
Карэктар
Аксана СПРЫНЧАН
Кампутарная вёрстка
Алесь А. АНЦІПЕНКА
Вокладка
Артур КЛІНАЎ
Падпісана ў друк 28.11.2006 г. Фармат 60x84 '/|6.
Папера афсетная. Друк афсетны. Гарнітура “PragmaticaCTT". Ум. друк. арк. 10,29. Ул. -выд. арк. 11,2. Наклад 400 асоб. Замова № 294.
Выдавец І.П. Логвінаў.
ЛН 02330/013307 ад 30.04.2004 г. 220050, г. Мінск, пр. Ф. Скарыны. 19-5.
logvinovpressernail.ru
Друк СТАА “Медысонт”.
ЛП 02330/0056748 ад 22.01. 2004 г.
220004, г. Мінск, вул. Ціміразева, 9.
9 789856 8003 1 6