• Газеты, часопісы і г.д.
  • Код адсутнасці Асновы беларускай ментальнасці Валянцін Акудовіч

    Код адсутнасці

    Асновы беларускай ментальнасці
    Валянцін Акудовіч

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 196с.
    Мінск 2007
    38.59 МБ
    Якда нацыянальнага выспявання (і выспявання нацыянальнай мовы), дык асабіста мне падаецца куды больш істотным не перыяд ВКЛ з яго “залатым” шаснаццатым стагоддзем, а вось гэтая пара “татальнага мораку” XVIII XIX стагоддзяў. Больш за тое, я схільны лічыць (хай сабе пакуль толькі ў фармаце версіі), што не ў часы ВКЛ, а менавіта ў гэтую “нічыйную” пару і сфармаваліся беларусы, як этнас — маючы на ўвазе ўжо ўласна беларускі этнас.
    He адмаўляючы традыцыйнай этналагічнай канцэпцыі, якая актуалізуе працэсы этнагенезу з XIII—XIV стагоддзяў, гэта значыць з пары фармавання ВКЛ, я адважуся памеркаваць, што гэтыя працэсы былі скіраваныя не зусім у той бок, дзе потым аб’явяцца “беларусы”.
    Калі б ВКЛ — пры ўсіх магчымых гістарычных трансфармацыях,— не страціла дзяржаўнасці да нашага часу, дык, напэўна, сёння мы б не мелі знаку ні сучаснай беларускай нацыі, ні беларускай мовы (іншая рэч, што з узгля ду на сучасны стан і нацыі, і мовы, гэтай віртуальнай рэтраспектывай нікога не ўстурбуеш — хутчэй наадварот). Але мы тут зусім не пра тое, як было б лепш, каб было не так, як было. А пра тое, што калі мераць ад таго, як сталася (і што сталася), дык версія аб іншым часе фармавання беларускага этнасу, магчыма, і не будзе выглядаць авантурай “на злом галавы”.
    Пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай усе тыя працэсы этнагенезу, што з XIII стагодззя падтрымліваліся інстытутамі ўсіх формаў улады (ад палітычна-фінансавых да рэлігійна-культурных) натуральна здэградавалі і заняпалі, як толькі пазнікалі ўсе гэтыя ўладныя інстытуты. Жыццё краю мусіла радыкальна мяняць і свае вектары, I свае арыенціры ўжо хаця б таму, што цэнтр Улады апы нуўся ў зусім іншым баку і формы гэтай улады былі цал кам непадобнымі да ранейшых. А значыць, у той ці іншай ступені змянілі свае формы і накірункі тыя працэсы этнагенезу, якія раней абапіраліся ці падтрымліваліся ўладнымі дыскурсамі ВКЛ. Усё гэта і дае падставы ддя меркавання, што ўласна беларускі этнас (як толькі беларускі) распачаў фармаванне і выспеў да памеру Нацыі ўжо адно ў кантэксце Расейскай імперыі, якая ідэалагічна і адміністрацыйна адмовіла ліцвінам, русінам, беларусцам... у праве на легітымнае існаванне. Дарэчы, у гэтага непрыкметнага выспявання ёсць адзін цікавы момант. Яно адбы валася ў ценю змагання (праз русіфікацыю) Расейскай дзяржавы з апалячваннем нашага краю. Але паколькі што “апалячванне”, што “русіфікацыя” (што іхні двубой) пераважна выяўляліся ў дыскурсах улады, дык нішто не замінала беларускаму этнасу натуральным самачынам фармавацца ў пазбаўленай каналаў хоць якой улады вёсцы.
    Верагодна, мая версія пра час і месца абнаўлення беларускага этнасу трохі авантурная. Але бадай ніхто не стане спрачацца, што беларусы як Нацыя аформіліся менавіта і толькі ў дыскурсе Расейскай імперыі. Між іншым, не мы адныя, а і самі расейцы, і палякі, і латышы, і эстонцы, і грузіны, і ўкраінцы... I дзейна заманіфеставалі сваё права на “нацыянальнае самавызначэнне” амаль усе разам (улучна з расейцамі) і прыблізна ў той самы час (1917-1920 гады), гэта значыць, калі абрынулася дынастычная імперыя Раманавых. Зразумела, што расейскі нацыяналізм узнік значна раней, але пакуль існуе дынастычная дзяржава, казаць пра паўставанне нацыі і нацыянальнай дзяржавы (у дадзеным выпадку, расейскай) — гэта аксюмаран*.
    Аднак мы трохі запабеглі наперад... Калі землі нашай Бацькаўшчыны былі пабраныя ў склад Расейскай імперыі, дык тут Беларусі яшчэ не было, але ўжо не было і ВКЛ. Канстытуцыя Рэчы Паспалітай ад 3 траўня 1791 году супольную з ВКЛ дзяржаву называе толькі Польшчай і ніводзін народ, апрача палякаў, там не згадваецца’*. Пры ўсёй фармальнай і юрыдычнай федэратыўнасці Рэчы Паспалітай, насамрэч яна досыць хутка ператварылася ў інструмент каланізацыі (праз каталізацыю і паланізацыю) усёй прасторы ВКЛ. Інакш кажучы, яшчэ да таго, як на нашыя землі прыйшлі расейцы, мы ўжо былі грунтоўна скаланізаваныя палякамі. Таму, калі адбыўся канчатковы падзел Рэчы Паспалітай, дык, па-першае, гэтым распачалася расейская каланізацыя менавіта прасторы Рэчы Паспалітай і палякаў (а не ВКЛ і ліцвінаў), а па-другое, наследуючы фармальнай логіцы, расейская экспансія якраз і вызваляла ВКЛ ды ліцвінаў-беларусцаў (“народ нздревле нам родной”) з-пад польскай каланізацыі. За што, з сённяшняга досведу, мы мусілі б быць Расеі нават удзячнымі, бо ў XVIII стагоддзі ніякіх тэндэнцый да будучага паўставання незалежнай Беларусі ў Рэчы Паспалітай аніяк не праглядвалася... (Між іншым, пазней гэтаксама. Згадаем
    прылучэнне Заходняй Беларусі да Польшчы ў міжваенны перыяд XX стагоддзя, дзе беларушчыну ніштожылі не раўнуючы нават з бальшавікамі).
    Схема, у якой Беларусь прадстаўленая апалоненай і скаланізаванай Расейскай імперыяй, відаць, наўпрост скалькаваная з уласна польскай сітуацыі, дзе падобнае насамрэч адбылося. Гэта значыць, што элементарная бінарная апазіцыя “каланізацыя — супраціў”, цалкам прыдатная для палякаў, была запазычаная беларусамі без крытычнай рэфлексіі, адно з узгляду на вызвольныя парыванні Полынчы 1831, 1863, 1921 гадоў.
    Расея была не толькі турмой народаў, але і калыскай нацыяў. Прынамсі, для беларусаў апошняе не менш істотнае за першае. I тут не трэба шукаць супярэчнасцяў. Метафара “турмы” можа быць цалкам слушнай для пабра ных Расейскай імперыяй прастораў і паняволеных ёю народаў. Але калі мы наўпрост таясамім прастору, народ і нацыю, дык шмат чаго заблытваем і з гэтага атрымліваем “скаланізаваную беларускую нацыю”, што ніяк не адпавядае сапраўднасці***. Мы проста па чужой завядзёнцы таясамім Расейскую імперыю, калыску беларускай нацыі, з уласна расейскім нацыяналізмам, які бязлітасна ніштожыў бліжэйшых канкурэнтаў.
    * Сучасны гісторык Дамінік Лівен сфармуляваў гэтую сітуацыю наступным чынам: “Навату 1914 годзе расейцы на самой справе яшчэ не былі нацыяй”. Але не сталіся яны нацыяй і адразу пасля рэвалюцыі. У 1918 годзе Тамаш Масарык пісаў пра расейскі народ: “Яны выбавіліся ад цара, аднак і да гэтай пары не пазбавіліся ад царызму".
    “Юліуш Бардах у кнізе “Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага" падрабязна разглядае, як Рэч Паспалітая Абодвух Народаў у Канстытуцыі 3 траўня 1791 году ператварылася ў Польскую Дзяржа ву. Шмат месца ён надае аналізу Узаемных Заручынаў Абодвух На родаў, юрыдычнаму дакументу, які мусіў пацвердзіць усе асноўныя правы Вялікага Княства Літоўскага, ужо не згаданага Канстытуцыяй. Але, здаецца, мае рацыю Леснадорскі, які кажа, што хоць Узаемныя
    Заручыны “ў форме наследавалі даўнейшыя акты уніі, у сапраўднасці... сцвярджалі інкарпарацыю Літвы ў Польшчу з забеспячэннем толькі мясцовай, г.зн. польскай альбо спольшчанай шляхце шыро кага самакіравання”.
    *** Беларусы не скаланізаваныя Расеяй як нацыя, яны, як нацыя, зрэпрэсаваныя расейскім нацыяналізмам — а гэта зусім розныя рэчы.
    8.	ПАУСТАННЕ АУТСАНДЭРАУ
    У плане этнагенезу мы сапраўды вясковая нацыя, бо ўсе нашыя эліты папярэдніх эпохаў перманентна знікалі ў тых ці іншых, але спрэс не нашых (па сённяшнім вымеры), уладных дыскурсах. I толькі вёска, як казалася вышэй, па збаўленая каналаў хоць якой улады, няўзнак для самой сябе спеліла патэнцыял беларускай прышласці.
    А далей нам істотна зразумець, што ў адрозненне ад этнасу, які паступова фармуецца натуральным ходам сацыяльна-культурных узаемадачыненняў і стасункаў, Нацыя паўстае адно праз волю да ўлады нейкай цывілізацыйна новай сілы, што выспела для гэтай ролі ва ўлонні этнасу ці свядома абрала яго, як пляцоўку дзеля рэалізацыі свайго ўладнага патэнцыялу. Гэта значыць, Нацыя не з’яўляецца сама па сабе, а ствараецца пэўнымі інтэнцыямі: спачатку праз фармуляванне ідэалагемы Нацыі, а затым — праз палітычную барацьбу ці збройны супраціў.
    Што да беларускай Нацыі, дык пытанне пра тыя новыя цывілізацыйныя сілы, якія неўпрыкмет набрынялі воляй да ўлады — надзвычай складанае. Рэч у тым, што ніводнага з базавых складнікаў (шматлікі сярэдні клас, капіталізацыя і урбанізацыя), неабходных для паўставання Нацыі, Беларусь ні ў XIX, ні на пачатку XX стагоддзя не мела. Сярэдні клас, нават у сваёй этнічна беларускай частцы, ментальна тоесніў сябе альбо з расейцамі, альбо з палякамі; у тых жа дыскурсах, толькі з дадаткам габрэйскага, адбывалася і капіталізацыя грамадства. Яшчэ больш неспрыяльнай сітуацыя выглядала ў вымеры трэцяй базавай кампаненты — урбанізацыі. Згодна перапісу 1897 году, у га радах і мястэчках жыло толькі 17,1% беларусаў (тут дамінавалі габрэі — 57,5%; расейцаў было — 16,7%, палякаў — 6,1%), да таго ж беларусы пераважна належалі да ніжэйшых класаў у сацыяльнай іерархіі горада.
    Адсутнасць ментальна беларускага сярэдняга класу сваімі наступствамі мела яшчэ і тое, што менавіта сярэдні клас ёсць радовішчам інтэлектуалаў, якія адно і могуць сфармуляваць ідэалагему Нацыі і тым самым запачаткаваць яе станаўленне. Гэта разумелі і тыя піянеры нацыянальнага руху, якія пісалі ў першым нумары падпольнага часопісу “Гоман” (Санкт-Пецярбург, 1884 г.): “Беларускі народ, як нацыя плебейская, чакае яшчэ з’яўлення сваёй інтэлігенцыі. Да гэтага часу ён выдзяляў з сябе сілы, якія служылі або польскай, або вялікарускай культуры. Глуха, але настойліва пратэставаў ён супраць здрадніцкіх спро баў паланізаваць ці абвялікарусіць яго, і абедзве сілком навязаныя яму культуры праходзілі міма, не прышчапіўшыся да яго. Свята захоўвае ён асновы свайго жыцця ў чаканні сваёй інтэлігенцыі, якая будзе не ламаць гэтыя асновы, а развіваць і ўдасканальваць іх...”.
    Пытанне аб прычынах з’яўлення ў прасторы “плебейскай” нацыі інтэлектуалаў (публіцыстаў, паэтаў, гісторыкаў), палітыкаў і нават бізнесоўцаў ёсць адным з самых інтрыгуючых пытанняў станаўлення беларускай Нацыі.
    Найперш мы мусім адзначыць, што ніводны з піянераў і будучых герояў нацыянальнай будоўлі не быў, так бы мовіць, чыстым плёнам жыццядайнасці самога беларускага народу. Усе яны вярталіся на сваю этнічную радзіму з нейкіх іншых этнакультурных абсягаў — найперш расейскага, польскага і ўкраінскага. Гэта значыць, што яны атрымалі адукацыю, пэўны сацыяльны статус, ідэнтыфікацыйную легенду як гадаванцы не-беларускіх нацыянальных кодэксаў. Што і зразумела, бо беларусы на тую пару не мелі ўласных інстытуцыяў ні ў культуры, ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы (гэта нягледзячы на тое, што ў 1897 годзе адсотак пісьменных людзей у Беларусі складаў 32%, тым часам як у Расеі і на Украіне — адпаведна 29,6% і 27,9%).