Код адсутнасці
Асновы беларускай ментальнасці
Валянцін Акудовіч
Выдавец: Логвінаў
Памер: 196с.
Мінск 2007
Дарэчы, вось гэтая сітуацыя вяртання застанецца дамінуючай і праз усё XX стагоддзе. Бо хаця ў 20 я гады і
будзе створаная сістэма нацыянальнай адукацыі, і пакрысе сфармуюцца сферы (пераважна гуманітарныя), дзе можна будзе жыць амаль паўнавартасным нацыянальным жыццём, але выбар нацыянальнай формы жыцця ў Беларусі да гэтага часу залежыць ад персанальнага выбару, які кожны мусіць зрабіць сам. Ці не зрабіць — што “масаваму” чалавеку больш натуральна.
Далей мы зацікавімся вось якім пытаннем: а чаму гэта беларусы (з сярэдзіны XIX стагоддзя) пачалі вяртацца на этнічную радзіму? Раней жа не вярталіся?
Так, не вярталіся, бо не было куды. Аднак не ў тым сэнсе, што раней беларусаў, як этнасу, не было — было, прынамсі, ужо ладны кавалак часу. He хапала іншага: усведамлення этнасу (нацыі), як універсальнай каштоўнасці, якая адначасна надае высокую каштоўнасць і твайму сінгулярнаму кону. А падобнае разуменне не магло з’явіцца да таго часу, пакуль не запанавалі ідэі “свабоды, равенства, братэрства” ўсіх саслоўяў. Толькі адсюль “плебейская” нацыя ўжо магла быць убачанай як ахвяра збудаванага на гвалце свету, вартая і спагады, і любові, але найперш — вызвалення з пад гэтага гвалту.
Як ужо казалася, хваля пераўладкавання свету на нацыянальны капыл абрынулася на Еўропу з канца XVIII стагоддзя і досыць хутка захліснула і нашыя землі, чаму найбольш выразным сведчаннем паўстанні 1830 і 1863 гадоў.
Але прэсінг вялікага палітычнага стылю — гэта толькі неабходная перадумова для з’яўлення такога феномену, як сістэмнае вяртанне на этнічную радзіму. А вось сам акт вяртання (у кожным разе звязаны з персанальным выбарам) быў абумоўлены мноствам самых розных псіхалагічных, сацыяльных, палітычных і культурных матывацыяў. Ся род гэтага мноства мы, з аднаго боку, вылучым высокі рамантызм, а з другога — інтуітыўны (ці свядомы) прагматызм.
Першы выпадак мае за грунт натуральны патрыятызм. У тую пару, калі ў розных кутках Еўропы ўсе народы пам-
кнуліся ўцялесніваць уласную нацыянальную ідэю, мы, маючы славутую гістарычную спадчыну і сфармаваны этнас, не маглі калісьці не апынуцца ў гэтым універсальным працэсе любові да свайго і да саміх сябе ў гэтым сваім.
Значна больш складана патлумачыць, што я разумею пад “інтуітыўным прагматызмам”. Вышэй ужо казалася, што кожны, хто потым навярнуўся на беларушчыну, да гэтага меў пэўны сацыяльны статус і нейкую перспектыву ў дыскурсе Расейскай імперыі. Аднак з прычыны іхняй, хай сабе і адаптаванай, але “іншасці”, бальшыні з этнічных беларусаў было наканавана заставацца сярод аўтсайдэраў ва ўладным полі метраполіі, як бы высока яны ні па дымаліся па іерархічнай лесвіцы (для прыкладу згадаем хаця б Фадзея Булгарына). У стабільныя эпохі аўтсайдэры, звычайна, моўчкі трываюць свой кон — затое, калі пачынаецца пара вялікай крызы, яны актыўна выходзяць на авансцэну гісторыі.
Беларускі нацыянальны рух быў сфармаваны аўтсайдэраміз іншых нацыянальна ўладных дыскурсаў. Гэта досыць абразлівая выснова для нашага гонару, але суцешым сябе тым, што яна тыпалагічная, калі вядзецца гаворка пра паўставанне новых нацыяў (і ўвогуле новых дыскурсаў).
Лідэры не вяртаюцца. Тыя, што патрапілі ва ўладныя эліты метраполіі, ніколі не вяртаюцца на этнічную правінцыю. Вяртаюцца адно аўтсайдэры, якія не маюць шанцаў займець адпаведнага сваім амбіцыям месца ва ўжо сфармаваных кастах элітаў. Так амбіцыі Кастуся Каліноўскага падштурхнулі разыграць “беларускую карту” ў “польскім” паўстанні, дзе яму не было першай ролі нават сярод рэгія нальных кіраўнікоў; так далучыўся да збройнага чыну БНР Булак-Балаховіч, так Янка Купала пакінуў вершаваныя практыкаванні ў польскай мове, а Максім Багдановіч — у рускай, так было ў безлічы самых розных іншых выпадкаў; і так працягваецца да гэтага часу (бальшыня сёння вядо-
мых апазіцыйных палітыкаў, якія абапіраюцца на нацыя нальна заангажаваны электарат — гэта аўтсайдэры дыс курсу паноўнай улады).
Я не належу да адэптаў псіхааналізу, бо не люблю корпацца ў сутарэннях чужых свядомасцяў і, тым болей, падсвядомасцяў (а да таго ж яшчэ паважаю суверэннасць асобы). Вось чаму мае адсылкі да персаналіяў, што тут згаданыя дзеля канкрэтных прыкладаў да абстрактнай версіі пра “комплекс аўтсайдэра як нацыястваральны чыннік”, прашу a priori лічыць не карэктнымі. I рэч тут не толькі ў маім скептычным стаўленні да псіхааналізу як такога. У кожным асобным выпадку выбар на карысць вяртання да этнічнай радзімы адбываецца праз збег мностваў матывацыяў — сітуацыйных, прагматычных, палітычных, сацыяльных, рамантычных, містычных, метафізічных і г.д, і да т.п. Таму вылучэнне з гэтага багатага суплёту матывацыяў нейкай адной з іх ужо паводле азначэння ёсць хібай.
Але я гатовы адстойваць вышэй згаданую “прагматычную” версію ў якасці адной з базавых схемаў нацыянальнай рэвалюцыі, бо гэтаксама сацыяльныя аўтсайдэры рабілі рэлігійныя, феадальныя, буржуазныя, а затым і пралетарскія рэвалюцыі.
Уласна кажучы, усе вялікія перамены ў гісторыі чалавецтва зробленыя аўтсайдэрамі... Амбітнымі аўтсайдэрамі, якіх ужо назапасілася столькі, што яны вымагаюць сабе новых прастораў (геаграфічных, палітычных, культурных), дзе ім будзе даволі месца для выяўлення сваёй волі да ўлады.
9. ПАКЛІКАННЕ ПРАСТОРЫ
Беларусь усё яшчэ знаходзіцца ў сітуацыі адсутнасці будучыні, прынамсі — пэўнай. 3 гэтай сітуацыі шмат чаго вынікае, але найперш тое, што ў Беларусі (і з Беларуссю) пакуль усё магчыма. Беларусь яшчэ магчымая як самастойная еўрапейская дзяржава і як шараговая правінцыя адноўленай Расейскай імперыі, яклакальны фрагмент глабальна ўладкаванага свету і як прамотар агрэсіўнай кааліцыі “славянскіх” дзяржаваў...
Аднак пры ўсёй цьмянасці, невыразнасці, шматварыянтнасці магчымасцяў нашай будучыні, няма сумневу, што ў Беларусі ёсць не толькі доля, але і лёс. I вось чаму. Цягам апошняга тысячагоддзя еўрапейскай гісторыі Беларусь, як суб’ект гэтай гісторыі, раз-пораз хавалася ў сваю адсутнасць, але яна ніколі не знікала як суб’ект еўрапейскай прасторы. Незалежна ад таго, якія дзяржаўныя ўтварэнні апаноўвалі гэтай прасторай (Полацкае княства, ВКЛ, Рэч Паспалітая, Расейская імперыя, СССР), Беларусь заўсёды вымагала для сябе адметнага прасторавага статусу. Нават забараніўшы назоў “Беларусь”, Расейская імперыя мусіла вынайсці для яе апрычоную пазнаку (“Северо-Западный край”), нават адсекшы лязом “Брэсцкага міру” Заходнюю Беларусь, Польшча не магла не вылучыць яе з свайго цэлага, як “крэсы всходне”... I колькі б разоў за апошняе тысячагоддзе гэтая прастора не разрывалася на кавалкі рознымі дзяржаўнымі, ідэалагічнымі, канфесійнымі ўтварэннямі, яна рана ці позна зноў гуртавалася ў нейкую топасную цэласнасць, канфігуратыўна блізкую да протатапалагічнай мадэлі. Усё гэтае разам пераконвае, што прастора, цяпер пазначаная этнонімам “Беларусь”, мае сваё сакральнае пакліканне, а значыць, і надалей не стане чакаць сабе хоць якога месца ў будучым, а будзе патрабаваць і займаць яго сама для сябе.
Зусім іншая рэч, якім зместам пабярэцца гэтая сакральна вылучаная прастора, якія каштоўнасці на ёй запануюць? На вялікі жаль, адказы на гэтыя пытанні пакуль залежаць хутчэй ад пажаданняў таго, хто адказвае, а не ад наперад яўленых бачнасцяў, якія самі яшчэ чакаюць будучыні, каб аб’явіцца для нас.
10. ДЗЯРЖАВА I НАЦЫЯ
На самым пачатку гаворкі, адзначаючы выключную ролю Францішка Багушэвіча і газеты “Наша Ніва” ў фармаванні ідэалагемы беларускай нацыі, я казаў, што “з іншага боку, у канцэптуальным плане мы мелі б прыблізна тое самае, што маем, і без Багушэвіча, і без “Нашай Нівы”. Было б залішне рамантычна (ці містычна) звязваць такую анталагічную падзею, як нараджэнне нацыі, з несістэмнымі выпадкамі прыватнага тыпу. Сувязь тут хутчэй цалкам адваротная: і Багушэвіч, і “Наша Ніва” — гэта ўсяго толькі адметныя моманты фармалізацыі новай нацыі, якая ўжо саспела, каб выйсці з латэнтнага стану ў сітуацыю культурнай і геапалітычнай рэальнасці”.
Прыкладна тое самае я хачу сказаць і адносна факту паўставання Беларускай дзяржавы. Раз-пораз у публікацыях самых розных аўтараў робіцца акцэнт на выпадко васць, збег абставінаў, сітуацыйнасць, палітычны валюнтарызм і г.д., якія радыкальным чынам паўплывалі на вы лучэнне Беларусі ў аб’ект (яшчэ пакуль толькі аб’ект) еўрапейскай геапалітыкі. Маўляў, каб на Радзе Усебеларускага кангрэсу (сакавік 1918 году) перамаглі “аўтаномнікі”, а не “незалежнікі”, дык нічога такога і ўвогуле не было б. А з іншага боку, каб не было БНР, то ніхто не ўздумаў бы ствараць БССР. Ці вось яшчэ, каб згодна “Брэсцкага міру” да палякаў не адпала ўся Заходняя Беларусь (4 мільёны насельніцтва), дык Маскве і не да галавы было б узбуйняць здрабнелую ў нішто БССР паветамі Віцебскай ды Гомельскай губерняў... (і гэтакдалей — усяго не пералічыць).
Кожная падобная версія сапраўды мае падсабой падставы, і часам досыць грунтоўныя. Але ўвесь вэрхал з прылучэннямі/аддучэннямі тэрыторый, зменамі назваў і дзяр жаўна палітычных канструкцыяў краіны (з 1918 па 1922 год
Беларусь была і Беларускай Народнай Рэспублікай, і Літоў ска Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай, і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай, і базавай складовай Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік) сведчыць якраз пра адваротнае: пасля развалу Расейскай імперыі гэтая прастора настойліва патрабавала для сябе апрычонага геапалітычнага статусу ў “сваіх этнаграфічных межах”. Дзівіць хутчэй іншае: як у такіх, цалкам неспрыяльных абставінах, не маючы ўнутры сябе дастатковых палітычных сілаў ддя самапаўставання, наш край змог выразніцца сярод іншых у палітычна-адміністрацыйнай канфігурацыі, якая ў асноўным ахоплівала аўтэнтычную Беларусь.
“Было б залішне рамантычна (ці містычна)” звязваць паўставанне Беларускай дзяржавы з выпадкам, палітычнымі інтрыгамі, суб’ектыўнымі памкненнямі тых ці іншых асобаў. Тое, што (і як) адбылося найлепей сведчыць пра невыпадковасць таго, што адбылося і што адно пацвердзі ла тую тысячагадовую тэндэнцыю, у якой Беларусь ніколі не знікала як суб’ект "еўрапейскай прасторы". 3 адной толькі розніцай (але звышкардынальнай) — цяпер гэтая прастора зноў пачала вяртаць сабе статус суб’екту “еўрапейскай гісторыі”.