Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Максім
Лужанін
Колас расказвае пра сябе
Аповесць-эсэ
Шкльная бібліятэка
Максім Лужанін Колас расказвае пра сябе
Аповесць-эсэ
Мінск «Мастацкая літаратура» 2019
УДК 821.161.3-93
ББК 84(4Бен)-44
Л83
Серыя заснавана ў 1965 годзе
Друкуецца паводле выдання: Лужанін, М. Колас расказвае пра сябе : аповесць-эсэ / Максім Лужанін,— Мінск : Мастацкая літаратура, 1982
Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрьімцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
ISBN 978-985-02-1906-0 © Афармленне. УП «Мастацкая
літаратура», 2019
СЛОВА ПЕРАД ПАЧАТКАМ
Пойдзем па самай лепшай вуліцы беларускай сталіцы.
У той бок, дзе ўзыходзіць сонца.
За агароджай не так добрага густу, як страшэннай вагі, за плячыма акадэмічных будынкаў відна лапінка чорнагаловых хвой.
Вось туды нам і трэба кіравацца. Прачынім зялёную брамку. За дубамі, кедрамі і арэшнікам вочы прывечвае малады сад. Ен хоць і моцна тужыў, застаўшыся без гаспадара, але ж ніштавата падрос ад таго часу.
Сярод саду стаіць двухпавярховы дом. Невялікі, але дамок на яго ніяк не скажаш: не з малых чалавек жыў там.
Толькі чалавек гэты, як і ўсе вялікія, патрабаваў няшмат. I доўгі час туліўся ў папярэдніцы цяперашняга дома, цеснай і халоднай драўлянай хаце. Па імені напісанага ў ёй твора хату звалі рыбаковай...
3 левай рукі ад уваходу распасцірае магутныя лапы раскідзісты вяз. У яго цяньку хаваецца лаўка. Тут Колас любаваўся воблакамі, размаўляў з сябрамі.
А зараз зазірнём у дом. На другім паверсе, проста са сходаў, рабочы яго пакой. Шафа з кнігамі, якія ён любіў, стол, за якім пісаў «На ростанях».
Каляндар назаўсёды спыніўся на лічбе расстання.
He дапісаўся ліст...
He дачыталася кніга...
Усё так, як было пры ім, калі знаёміў з новым раздзелам аповесці, расказваў смешнае здарэнне, гневаўся за нядбалую работу.
I, здаецца, добрыя карыя вочы дапытліва пазіраюць на ўвайшоўшага, нягучны ўсмешлівы голас пакрысе запаўняе пакой.
Колас расказвае пра сябе...
Хай будзе адвячорак.
Калі час летні, спусцімся пад вяз, калі ж на дварэ пасвіствае завея, застанёмся тут, у цёплым пакоі з невысокім акном.
Будзем слухаць...
3 чаго пачыналася гэтая кніжка
Як Міцкевіч стаў Коласам. Пра што расказвае «Кніга ташкенцкага быція». Першая няўдача з подступам да героя. Колас пачынае ўспамінаць. Гросбух для ўсяго, што лезе ў галаву. Памяць Коласа. Званочкі і «Краска». Вечны каляндар маніць. Я прайграў заклад.
Багата гадоў назад пачала мне карцець адна турбота: напісаць аб ім аповесць. He аб дбайным збіральніку мастацкай праўды ў трывалыя радкі кніг доўгага веку; не аб мудрым чалавеку з дзяржаўным позіркам, клопатам і сталасцю, абвеяным цеплынёй народнае пашаны; нават не аб добрым старэйшым таварышу, якім быў ён для многіх з нас, пісьменнікаў, хто меў права гаварыць яму «ты», або ўжываць даўнейшы вясковы зваротак «дзядзька Якуб», a то і проста казаць «дзядзька», як сваяку.
Пра пісьменніка, Якуба Коласа, найлепшым чынам гаварылі яго кнігі, самі, без ніякага пасрэдніцтва; аб чалавеку, Канстанціну Міхайлавічу, маглі куды лепш за мяне расказаць тыя, хто прайшоў з ім даўжэйшы шлях, стаяў поруч у 30-я гады, перажываў разам цяжкую пару Айчыннай вайны; друкаванае слова пра мілага і чулага «дзядзьку», напэўна, выклікала б у яго нездавальненне з прычыны міжвольнай, але няўхільнай для размоў такога парадку інтымнасці.
Аднак не толькі гэтыя акалічнасці спынялі руку і кіравалі ўвагу на іншае. Іншая постаць не адступалася ад маіх ва-
чэй. Думалася пра самы кароткі, можа быць, самы просты, але затое вырашальны кавалак яго жыццёвага шляху: ад нараджэння чалавека да нараджэння паэта. Нецярплівілася адгадаць, як шэрае качаня, калі выслаўляцца з дапамогаю казачных вобразаў, ператварылася ў белакрылага харашуна, даўгавечнага лебедзя.
Жыў сабе сялянскі хлапчук, пасвіў кароў на палянах у хвойніку, бегаў з белай торбачкай за плячыма ў школу па беразе Нёмана — і раптам гэты басаногі Костусь адчуў сябе паэтам і назваўся Якубам.
Сын палясоўшчыка Міцкевіча, не паквапіўшыся на гучнасць і вядомасць гэтага прозвішча, прыняў сціплейшае і непрыкметнейшае — Колас. I стаў ім, і не стаптаў яго ў руні жорсткі капыт часу, не падцяла нявыкалашаную сцябліну каса забыцця, не пабіў град знявагі, не зламаў віхор падзей.
Колас выспеў, выдужаў, вырас у з’яву, куды зазірнулі і засталіся ў адбітку аж дзве эпохі: ад 1905 да Кастрычніка і ад Кастрычніка да нашых дзён, калі на вачах паэта, з яго сілай і песняй будавалася грамадства сацыялізма.
Што ж абудзіла яго, што рушыла ў рост і найбольш паспрыяла, што, калі і як паставіла яго на лясную трэль, якую ён зрабіў прасторнай дарогай паэзіі, каб уліласд яна ў неаглядныя чалавечыя шляхі думання і барацьбы?
Успамянём, перад усім, багацце ўласнай душы і здольнасць пры дапамозе слова дзяліцца гэтым багаццем з іншымі, адным чынам, тое, што ў звычайным абыходку называюць пісьменніцкім талентам. Але ці ёсць талент тым шчаслівым дарункам, які атрымлівае чалавек ад прыроды пры нараджэнні і нясе яго праз жыццё як нешта раз і назаўсёды дадзенае і таму нязменнае?
Гавораць, чалавека стварыла праца. Звужаючы гэта выслоўе, каб дапасаваць яго да мастацтва, можна сцвярджаць, што чалавек працаю стварае свой талент. Найлепшае сведчанне гэтаму — праца самога Якуба Коласа, важкі і ў літаральным і ў пераносным сэнсе збор яго твораў, а таксама неаспрэчны сведка творчага працэсу — дзённік.
У сшытках «Кніга ташкенцкага быція» і «Гаворыць Клязьма» расказваецца, як настойліва, ні на крок не адхіляючыся
ад задумы, пісаў Якуб Колас, хоць і валіўся з ног ад бяссоння і малакроўнасці, але кожны дзень, не дазваляючы сабе спачыць ні на адну хвіліну, нават пасля аперацыі. Сядзеў за сталом, па ўзору Максіма Горкага, і працаваў, пакуль не адбярэцца рука. I вось вынік. 3 красавіка 1943 па лістапад 1944 года з-пад пяра выйшлі вершы вялікай сілы і хараства: «Роднаму краю», «Шлях славы», «Чымган», «Салар», паэма «Адплата», лірычныя адступленні якой па ўсхваляванасці, вобразнай моцы, яркасці малюнкаў ці не перавышаюць лепшыя старонкі «Сымона-музыкі».
I гэта не ўсё: трэба дадаць яшчэ дзясяткі газетных артыкулаў, апублікаваныя і неапублікаваныя выступленні на розных сходах, па радыё і на літаратурных вечарах.
Добрая траціна часу з тых месяцаў дваццаці, апісаных у дзённіку, пайшла на выкананне ганаровых і неганаровых абавязкаў, на ўладкаванне дзяржаўных і прыватных турбот, паездкі з Ташкента ў Маскву на 3-ці Усеславянскі мітынг, у вызвалены Гомель на чарговую сесію Вярхоўнага Савета БССР, на пераезды з аднаго месца бытавання ў другое.
Такім чынам, 30—40 вершаваных радкоў прыпадае на кожны творчы дзень паэта, калі б можна было назваць такі дзень у поўным сэнсе творчым. Двойчы, рана і ўвечары, Канстанцін Міхайлавіч спяшаўся да вулічнага ці санаторнага рэпрадуктара паслухаць весткі з франтоў, паспяваў пабыць у рэдакцыях, заходзіў у Саюз пісьменнікаў, сустракаўся з сябрамі, выварочваў і пілаваў карчы, прычым рабіў гэта з задавальненнем, адзначаючы ў дзённіку: «Стаяў над вывернутым карчом, як баец перад трафейным “фердынандам”».
А калі гаспадыні нядужылася, браўся за нож і чарпак, гатаваў верашчаку, варыў прэсную капусту. Позна вечарам, спарадкаваўшы чарнавікі і накіды, перапісваў усё зробленае: чарговы раздзел паэмы — у асобны сшытак, а вершы — у другі, які жартаўліва ахрысціў «Ташкенцкая торба». Перапісваў, потым сядаў за лісты і нарэшце падводзіў рысу пад падзеямі ў дзённіку. А тут ужо ў сціплых словах, вельмі сцісла гаварыў пра многае.
I першая, самая большая турбота была: ці пасунуліся нашы войскі хоць на крок наперад, ламаючы летняе супраціўленне
гітлераўшчыны ў 1943 г. Глядзіш зараз на запісы і бачыш: і ўсмешку на твары, і вясёлую руку, і нават роўненькія і цвёрдыя літары здаюцца вясёлымі ў словах «Вызвалена Орша», або «Воўка кінуўся цалаваць нас усіх — узят Мінск».
Яго сэрцу нецярплівілася дамоў. Мучыў боль па загінуўшым сыне, мігцела надзея хоць што-небудзь пачуць аб ім, a тут насоўвалася іншае няшчасце — на вачах пачынала згасаць сяброўка жыцця.
Спакою не было, але Колас пісаў.
Ведаючы ўсё гэта, мы можам сказаць, што талент — не толькі праца, а і мужнасць, а поруч з мужнасцю заўсёды ходзіць подзвіг.
Так мы вярнуліся да пачатку размовы, калі назвалі талент адной з неабходнейшых умоў для выхаду ў прасторы паэзіі. Талент, як бачым, фармуецца доўга, гэта ёсць вынік цэлага жыцця з яго штодзённай самаахвярнай працай. А што ж было на самым перадзе, што вылучала не паэта, а хлапчука з паэтычнымі задаткамі? Відаць, толькі адно: непасрэднае ўспрыманне, блізкае адчувальнасцю да фатаграфічнай плёнкі, здольнай утрымліваць адбіткі падзей, твараў, родных з’яў і вобразаў, усяго, на што б ні пасвяціў сонечны прамень з уласнага дапытлівага вока.
Ці магла адна гэта якасць паставіць хлапчука на дарогу паэта? Хутчэй за ўсё — не. Так і марнавалася б, намнажаючы адбіткі, «плёнка» ўспрымання, каб не «праявіла» яе асяроддзе, людзі. У першую чаргу — блізкія, на чыім малацэ і мазалі ён узгадаваўся, ад каго пачуў першае сугучча роднай песні, першую скаргу на крыўдны лёс.
I не адны блізкія людзі маглі падняць яго да валодання словам. Тут прычынілася ўся зямля, змучаная ў той час, але ўрадлівая на таленты, хоць і ўзыходзілі яны куды радзей, чым сеяліся, і не заўсёды, акрыяўшы, звязвалі свой лёс з лёсам занядбанай карміцелькі. Яна настойліва і неадкладна патрабавала галасніка, праз які б магла гаварыць не толькі пра сваё гора, але і пра сваю мару, не толькі аб прыгнёце, а і аб нізрынуцці яго.
Некалі такім галасніком для многіх паярэмленых царызмам народаў стаў Тарас Шаўчэнка. Але мінаў час, у народных
глыбінях спела паўстанне, а каб ажыццявіць яго — патрэбны былі мозг, які б трымаў перад у паходзе па свабоду, збройныя рукі, якія б здолелі ўзяць і адстаяць гэтую свабоду, і новыя спеўныя вусны, якія б, не стамляючыся, клікалі, бадзёрылі і натхнялі на барацьбу.
На самым рубяжы двух стагоддзяў, дзевятнаццатага і дваццатага, пачала збірацца цвёрдая арганізаваная сіла, рыхтуючыся на штурм цытадэлі царызму, якая магла быць узята толькі тады, калі, паводле ленінскага прадбачання, усе сілы абуджанага пралетарыяту злучацца з «усімі сіламі рускіх рэвалюцыянераў у адну партыю, да якой пацягнецца ўсё, што ёсць у Расіі жывога і чэснага».