Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
— Зусім забыўся ты пра мяне,— Канстанцін Міхайлавіч сустрэў мяне ўсмешлівым дакорам. Ен ведаў, што я на некалькі дзён выязджаў у вобласць, выступаць перад чытачамі.
— За гэта пасядзі тут адзін, я на паўгадзіны з’езджу ў горад. Трэба таму-сяму грошай паслаць.
I паказаў некалькі паштовых пераводаў.
— Гэтаму — трэба хату перакрыць,— Канстанцін Міхайлавіч пералажыў верхні перавод уніз,— а вось,— ён паказаў пальцам на наступны перавод,— жанчына пісала, што на карову не хапае. Тут — дзецям крыху пасылаю, засталіся без бацькі на вайне, а нядаўна і маці памерла. I яшчэ ёсць просьбы, ды ўсіх не адзеліш. Можа, і пакрыўдзіцца хто, скажа: глухі стаў Якуб Колас. Але мне здаецца, што на сапраўды пільныя патрэбы я адгукаюся.
Справа з асабістымі пазычкамі і дапамогамі вялася здаўна: калі гаварыць пра вядомы мне час — дык ад выкладання ў Мінскім педагагічным тэхнікуме.
Канстанцін Міхайлавіч часта падтрымліваў студэнтаў. Але гэта была іншая справа. Ён тады добра ведаў і мог дапэўніцца, каму і ў якой меры дапамагчы: у аднаго пазнілася дапамога з дому, у другога стыпендыі не хапала, каб замяніць порткі, што пачыналі свіціцца на каленях, трэці кволіўся здароўем і меў патрэбу ў шклянцы малака.
Цяпер у сяброўскіх гаворках яму часта раілі перад пасылкай грошай хоць бы спытацца ў райвыканкаме ці сельсавеце: пражывае такі і такі ў такім і такім месцы, якое ў яго матэрыяльнае становішча. Можа, гэта проста дармаед, якому не хочацца працаваць.
— Буду я яшчэ задаваць людзям работы,— звычайна адказваў Канстанцін Міхайлавіч.— Каб у раёне маглі дапамагчы, дык дапамаглі б. Пасля такой вайны гора і нястач у людзей не абярэшся. I людзям трэба верыць. Думаеце, хлопцы, лёгка разявіць рот, каб папрасіць іпто-небудзь? Ой, цяжка! Ну, няхай я раз памылюся, затое дзесяць разоў падам руку тым, каму яна трэба.
I сапраўды, амаль беспамылкова выбіраў з свае агромністае пошты лісты, якія патрабавалі грамадскай, дзяржаўнай ці асабістай дапамогі. Гэта не раз пацвярджалася. У адказ прыходзілі падзякі і запрашэнні на ўлазіны ў перасыпаную хату, на свежы тварог ад купленай з яго дапамогай каровы ці на клубную вечарынку, дзе будуць танцаваць пад нядаўна набыты гармонік.
Аднойчы да Канстанціна Міхайлавіча, проста ў Акадэмію, з’явіўся малады чалавек, даволі добра апрануты, падчапураны, са свежым пахам парыкмахерскага адэкалону. Хвалюючыся, але ўсё ж цвёрда, хоць на шчоках успыхвалі ружаватыя плямы, загаварыў:
— Пяць гадоў назад вы памаглі мне... Я скончыў школу... Зараз на добрай рабоце... Прынёс вам пазыку... I хацеў бы паціснуць руку, якая...
Падрыхтаваныя загадзя словы пераселі ў яго горле.
— ...якая...— паўтарыў ён, зрабіў рашучы крок да Канстанціна Міхайлавіча і закончыў зусім нечакана: — ...якую я хацеў бы пацалаваць.
Канстанцін Міхайлавіч разгубіўся не менш за наведвальніка, скоранька адышоўся да сцяны і схаваў рукі за спіну.
— Ну, ну,— сказаў ён,— Ты, брат, цалуй рукі сваёй дзяўчыне... А я... Ну, дзякуй, што прыйшоў, што ўспомніў.
Малады чалавек пырснуў светлым хлапечым смехам. Кара надзіманасці злузалася, ён пачуўся свабодна і прамовіў:
— А я жанаты! — I зноў засмяяўся,— Вось вам ад жонкі гасцінца.
I вылажыў са скрутка на бліскучы віцэ-прэзідэнцкі стол белы сыр і пляйстру пахучага мёду.
Канстанцін Міхайлавіч зірнуў на мяне. Вочы яго весела паблісквалі, відавочна, цешыўся са слаўнай непасрэднасці гэтай сустрэчы, з маладога чалавека, які стаў на троп, мае сям’ю, а выглядае як шчаслівае хлапчанё.
Адчуўшы ў Коласе ветлівую прастату і ўлавіўшы яго лагодны настрой, наведвальнік не адступаўся:
— To ад жонкі, а гэта, калі можна, ад мяне,— і выцягнуў з кішэні пляшку недарагога ягаднага віна.
— Гэтак шчыруючы, ты, браток, усе свае набыткі на вецер пусціш,— пасміхнуўся Канстанцін Міхайлавіч.— Ты ў партыі?
— Кандыдат,— не разумеючы, куды хіліцца размова, адказаў малады чалавек.
— Гэта добра. Але чаму ж ты прыходзіш з выпіўкай да старога ды яшчэ ў рабочы час?
He адчуўшы жарту, той памкнуўся апраўдвацца, а Канстанцін Міхайлавіч, назіраючы з-пад брывей, удавана строга адчытваў:
— Што ў цябе, свята якое?
— А такі свята. Сына ў загсе запісаў,— твар маладога чалавека зрабіўся яшчэ больпі шчаслівы,— і з вамі гавару...
— Гэта свята малое... Вось хіба — сын. Як жа назваў яго?
— Так, як вас. Мы з жонкай даўно прымералі: будзе хлопец — значыць, Якуб, а калі дзяўчына — назавём іменем вашай маці.
Канстанцін Міхайлавіч быў расчулены. Адышоўся да акна, правёў рукою па вачах.
— Вось што,— ён павярнуўся да маладога чалавека,— згортвай свае пачастункі ды кіруйся да мяне ў хату. Можа, пакажаш дарогу? — папрасіў ён мяне.
Правёў нас да дзвярэй кабінета:
— Я хутка вызвалюся. Пасядзіце, пагутарце там.— I ўжо зусім весела дадаў: — Толькі пляшкі без мяне не адкаркоўвайце. Чокнемся разам за малога Якуба.
Ідучы насустрач людской патрэбе, Канстанцін Міхайлавіч не любіў марных патрат, неразважлівага выдаткавання ніякіх сродкаў і мог здацца, што называецца, скупаватым. Ён патрабаваў акуратна гасіць святло, выходзячы з пакоя, і дома і, яшчэ больш, у гасцініцах, не напальваць залішне печаў, не марнаваць і не выкідаць рэчаў, прыдатных да ўжытку.
Сам ён у побыце здавольваўся да смешнага малым: еў мала, без асаблівага выбару, абы гарачае, гарнітур, да якога прывыкаў, гатоў быў насіць некалькі год, так што сынам амаль сілком даводзілася змушаць яго апрануць новы. Нават пісаў і то на другім баку сваіх чарнавікоў: гэта яшчэ задасць немалога клопату даследчыкам.
Ва ўсім гэтым адгукалася здабытае ўласным гарбом у першай палавіне жыцця веданне, чаго варта праца. Калі куплена рэч, скажам, крэсла, пачак паперы, чаравікі, значыць, яна павінна служыць доўга, на ўсе закладзеныя ў ёй магчымасці. На тую ці іншую рэч, разважаў Колас, затрачаны матэрыял, сродкі, а галоўнае — чалавечая праца.
Іменна працу шанаваў Колас, і толькі гэта пабуджала яго да ашчаднасці. Бо іначай не падпісваўся б ён на пазыку амаль на палавіну ганарару за свае творы, не адсылаў бы і
не аддаваў просьбітам значную частку акадэмічнай зарплаты кожны месяц.
Колас не быў добранькі слязлівай дабратою, ён адчуваў унутраны абавязак падтрымаць, а часамі і выратаваць чалавека. I зрабіць гэта моўчкі, каб не пакрыўдзіць таго, каму дапамог.
Вось і зараз ён неахвотна паказваў мне падрыхтаваныя да адсылкі пераводы. Для яго гэта была пільная справа, a далікатнасць не дазваляла проста, без тлумачэння пакінуць аднаго чалавека, які зайшоў у хату.
Чакаючы Канстанціна Міхайлавіча, я дастаў кнігу «для ўсяго, што лезе ў галаву», каб прачытаць паабяцаную мне «цыдулу». Але там ляжалі вырваныя з «Новай зямлі» раздзелы: «Дарэктар» і «Начаткі».
На аркушыку, прыколатым да ўкладкі, было напісана і закрэслена некалькі радкоў, як відаць, пачатку «цыдулы»: «Вучыліся мы ў свайго «дарэктара» па-рознаму, пэўней кажучы, як хто мог і хацеў. Праўда, хацення паддавала бацькава папружка...»
Ніжэй ішлі радкі з буйных літар:
«Даруй, Максіме! Цыдулы не атрымалася. Чытай гэта. Лепей я не напішу.
Твой Якуб Колас».
Неўзабаве з’явіўся аўтар запіскі, не хаваючы ўсмешкі на вуснах.
— He трэба жаваць перажованага. Давай пойдзем далей. Я ноччу мала спаў і тое-сёе ўспомніў. Па якіх кнігах я вучыўся? Дома па Ушынскаму, чытаў «Родное слово» н «Детскнй мнр». У школе я пазней натрапіў на хрэстаматыю «Северо-западный край» Адзінцова і Багаяўленскага. Жывучы ў Мінску, пасля прыезду з Куршчыны, бачыў гэту кнігу ў аднаго з настаўнікаў педагагічнага тэхнікума. Паглядзеў яе, і здалося — як быццам усё сваё маленства перагарнуў. Была ў гэтай хрэстаматыі байка Крылова «Леў і воўк». Дасюль яе помню.
Хоць, вядома, ніякіх доказаў не патрабавалася, Канстанцін Міхайлавіч прачытаў байку без запінкі.
— Байкі Крылова падараваў мне дзядзька Антось. Як ён дагадзіў мне! Пабудзіў на досвітку і даў у рукі: «На, цешся!» А купіў ён кнігу ў нядзелю на кірмашы. Быў гэта, помніцца, дадатак да «Нівы», на кепскай паперы, з цьмяным шрыфтам. Але даражэйшага падарунка ў той час я сабе не ўяўляў. Кнігу ў Стоўбцах пераплялі, і я клаў яе ў торбачку, выбіраючыся на пасту.
Праз некаторы час у маёй пастухоўскай торбе з’явіўся Пушкін. Як я чытаў яго! Наўзахапкі і шкадуючы, пакідаючы на заўтра. Умацую кнігу дзе-небудзь у развіліне дрэва, у расошцы, і стаю ці ківаюся перад ёю, як перад абразом або перад люстэркам. Чытаю-чытаю, аж пакуль не вывучу старонку на памяць. Тады перагарну і бяруся за другую.
Гэта дапамагло мне перакладаць «Палтаву». Відаць, тады ўжо, у гады маленства, прымяраў я да Пушкіна беларускае слова. Некаторыя мясціны «Палтавы» даліся перакласціся лёгка, з першага чарнавіка. А наогул пасядзеў над гэтай работаю доўга.
Паэма так аўладала мною, што нічога іншага рабіць не мог, ні аб чым не дбаў і не помніў. Начамі не спаў. Толькі прымружу вочы — пачынаю сніць, нібы пераклаў якраз тое месца, што не ўдавалася. А зараз ліецца свабодна, роўна, лёгка. Адна бяда: прачнешся — і забыў усё чыста. Тады я навучыўся прымушаць сябе прахватвацца і запісваць тое, што сасню.
Марыя Дзмітраўна трывожыцца пачала: «Спі ты, Костусь, a то ўсшалееш, чаго добрага». Я нават думаю, што яна мне цішком падсыпала ў чай парашкоў на сон. Трэба сказаць праўду, што высненыя радкі раніцай здаваліся не такімі ўжо і ўдалымі. Я іх амаль не скарыстаў. Адна толькі мясціна пайшла ў друк. Я вельмі доўга думаў над ёю і запісаў, прачнуўшыся ноччу:
Ен сам імклівасць. Ен — дзень ясны.
Ён грому Божага раскат.
А як скончыў работу, стала і радасна і сумна: няўжо гэта ўсё? Хацеў брацца яшчэ за якую пушкінскую рэч. Аблюбаваў
сабе «Домік у Каломне». I зрабіў бы, ды нешта адцягнула, перашкодзіла.
Але ў маленстве і потым у юнацтве, хоць прыйшлі і ўзварушылі ўсю душу Пушкін, а за ім і Гогаль, Крылоў надоўга заставаўся недасяжным літаратурным богам.
— На Арцюхоўскіх азярынах мой бацька з Антосем часцяком лавілі рыбу. Дзядзька тут цалкам перакінуўся на рыбацтва. He помню нават, ці захавалася ў яго ў Альбуці стрэльба. Перад дажджом рыба добра ловіцца. Неяк у другой палавіне лета ўдвух цягалі сетку, а я ішоў па беразе. I што, ты думаеш, рабіў? Чытаў ім уголас крылоўскае «Да салаўя»:
Отчего сей свнст унылый, Жптель роіцей, друг полей? He нз города ль, мой мнлый, Прнлетел ты, соловей?