Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Тут нахапіўся вечар. Страшна ў лесе. Я ўзлез на елку, сяджу і калачуся. Аж прыйшла нейкая пара, паніч і паненка. Селі яны пад маю елку. Выпілі віна, з’елі панскіх марцыпанаў дый давай цалавацца. Паненка і гаворыць: «Слухай, кахане! А хто ж будзе наша дзіця гадаваць?» Ён падняў вочы на неба і адказвае: «Той, хто над намі».
Тут я не ўтрымаўся ды як гукну: «А ліха ж вашай галаве! Вы будзеце любіцца, а я вашы дзеці гадаваць! Трасцы!»
Яны перапалохаліся і паўцякалі. А я скок з елкі. Папіў віно, паеў марцыпаны — і ў Мікалаўшчыну...»
Канстанцін Міхайлавіч зрабіў перапынак. Пазваніў, умовіўся наконт заўтрашняй сустрэчы ў Акадэміі для рэдагавання чарговага раздзела руска-беларускага слоўніка.
— 3 Дзынгалы,— вярнуўся ён праз некаторы час да няскончанай размовы,— калі помніш, у мяне ўзяты эпіграф да апавядання «Калектыў пана Тарбецкага». А наогул я шмат смешных апавяданняў запісаў і перад семінарыяй і ўжо навучаючыся ў ёй. Адзін сшытак назваў: «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле». I псеўданім сабе прыдумаў «Карусь Лапаць». Той сшытак павінен недзе ў Вільні быць, калі не загубіўся.
На маю заўвагу, што апошняе апавяданне, праўда, крыху ў сціслейшым выглядзе, я чуў ад настаўніка, Канстанцін Міхайлавіч сказаў:
— Такія рэчы па свеце вандруюць... Адзін злажыў, а дзесяць паправіла...
Верагодней за ўсё, што мой настаўнік чуў гісторыю з тых самых вуснаў, што і я, калі Канстанцін Міхайлавіч выкладаў методыку роднай мовы на настаўніцкіх курсах у Слуцку.
Я назваў прозвішча настаўніка. Канстанцін Міхайлавіч пакруціў галавою:
— He ўспамяну. А ў Слуцку я шмат чытаў і расказваў... Жыў і такі чалавек у Мікалаўшчыне. Толькі Дзынгала быў павольны і ляны, а гэты — другога гатунку: гарачы і порсткі. Паехаў ён зімою па сена. Пакуль пароўся каля стажка, кабы-
ла не захацела мерзнуць, адарвала повад, завярнулася і ходу дамоў. Дзядзька за ёю. Як ідзе павольна — і кабыла рушыць сіупою, а паспрабуе падбегчы, дагнаць — і яна шыбчэй. Гэтак дражнілася да самага дому. Дзядзька задыхаўся, уваўрэў, ад злосці аж дрыжыць. He трапіла пад рукі поплісжі на дварэ, дык ён ускочыў у хату і крычыць жонцы:
— Давай сякеру!
— Нашто табе?
— Засяку кабылу.
Добра ведаючы мужаў характар, жанчына не адгаворвала яго, а наліла вялізную міску гарачай-гарачай капусты.
— На з’еш, a то здарожыўся. Падмацуешся, тады і засячэш.
Пакуль ён скідаў кажух, мыў рукі і ўпраўляўся з капустай, прайшло добрых паўтадзіны.
Жонка дастала з-за лавы сякеру і падала яму:
— To ідзі ўжо хіба, засячы.
Дзядзька глянуў на яе, усё зразумеўшы:
— Хітрая ты!
I пайшоў выпрагаць кабылу.
Канстанцін Міхайлавіч сядзіць на лаўцы пад вязам, паглядаючы на сцірту свежанапілаваных і наколатых бярозавых дроў. Раскалоў і я некалькі паляняк і зараз прысеў каля яго пакурыць.
— He тая сіла ўжо. Раней я да гэтай работы нікога не дапускаў. Сам і пілаваў і калоў. Яшчэ ў вайну колькі карчоў навыварочваў на паліва ў Клязьме. А ў цябе сіла ёсць, колеш хвацка. Нарыхтаваў ужо на зіму паліва?
Я прызнаўся, што гэта зрабілі пільшчыкі.
— Часу шкада, дзядзька Якуб.
— А здароўя не шкада? — крыху нездаволена перапытаў ён,— Зарадку ж робіш? Дык коліва — самая лепшая зарадка.
I загаварыў на іншую тэму.
— Неўзабаве навучальны год пачынаецца. Вось ужо колькі часу я нічога не выкладаю, а надыходзіць гэтая пара — і агартае мяне нейкая турбота. Прачнуся раніцаю і ўсё не магу зразумець, што мне рупіць? Добра ведаю, ніякага клопату няма:
ні ліста неадказанага, ні артыкула недапісанага, ніводнай справы недакончанай. А душа свярбіць. Потым пачынаю здагадвацца, гэта мяне цягне ў клас. Паглядзець, ці лаўкі ў парадку, ці печы добра паляцца, вучнёўскія спісы праверыць. Відаць, недзе ў косці ўелася настаўніцкая закваска...
Пацягнула вячорным халадком. Канстанцін Міхайлавіч падняўся разам са мною.
— Правяду цябе.
Дарогаю зноў загаварыў пра школу:
— Лёгка цяпер вучыцца дзецям. Кніжак — колькі хочаш, паперы і сшыткаў — хоць заваліся, настаўнікі — усе з вышэйшай адукацыяй. Калі дзіця не пойдзе ў час у школу, адразу ледзь не следства наладжваецца. Дамоў прыходзяць, апытваюць.
Мы прыселі ў павільёнчыку каля Дома друку выпіць па шклянцы піва.
— Я вельмі рваўся ў школу, думаў, з пераездам у Альбуць патраплю. Але не спраўдзіліся мае надзеі. Дома падлічылі, што наймаць кватэру ў Мікалаўшчыне, карміць нас усіх там — задорага. I вырашылі ўзяць «дарэктара», балазе вучняў у нас была цэлая куча. Яська Базылёвых — гэтак па-вулічнаму звалі яго, а поўнасцю — Іван Васільевіч Міцкевіч. Добры потым настаўнік з яго выйшаў і таварыш слаўны, часта падтрымліваў мяне ў цяжкія часіны...
Ну, пра гэта не буду расказваць, вярнуся і ўкладу табе сёння ж цыдулу ў тваю векапомную кнігу. Бывай здароў!
I павольна пайпюў, лёгка ўспіраючыся на ядлаўцовы кіёк свае ўласнае работы.
Яшчэ за брамай адчулася, што ў Коласавым дварэ сёння творыцца нешта не зусім звычайнае. Дзіцячыя галасы то гучаць на высокіх, ледзь не спеўных нотах, то сціхаюць, і тады чуваць глухаватае пакашліванне Канстанціна Міхайлавіча.
Колас сядзіць на лаўцы ў садзе, а супраць яго, проста на траве, хлопчыкі і дзяўчаткі. Дзесяцера, а можа, і болып. Белыя кашулькі і кофтачкі, яркія піянерскія гальштукі. Размо-
ва, відаць, пачалася даўно. Пытанні сыплюцца адно за другім, і Канстанцін Міхайлавіч ледзь упраўляецца адказваць.
Асабліва шчыруе адзін вельмі напорысты хлапчук. Яму гадоў з дванаццаць, але цікаўнасці хапіла б на некалькі дарослых. Светлыя, выгараўшыя ад сонца валасы — неслухмяныя, пад пару хлопцаваму характару. Ён усё прыгладжвае віхор далонню і перабівае сваіх сяброў і сябровак. Гэта не падабаецца сярэдніх год чалавеку, якому, відаць, даручана духоўная апека над цікаўнымі гасцямі. Ён стаіць трохі ўбаку, за спінай Канстанціна Міхайлавіча і на мігі спрабуе ўтаймаваць хлопца.
А той не ўпыняецца. Паспеў папытаць, колькі людзей жыве ў Мінску, ці далёка адсюль аўтамабільны завод, і зараз не на жарт засмуціўся: як гэта Колас не ведае, што можна сягоння паглядзець у кіно.
Ацшукалі газету, прачыталі назвы сённяшніх кінафільмаў: на жаль, стужкі, якую так хацелася ўбачыць хлопцу, у праграме няма.
— Наконт кіно я не загадчык,— суцяшае Канстанцін Міхайлавіч,— а вось тэлевізар пакруцім вечарам у ахвоту.
Хлопчык відавочна расчараваны. Столькі ехалі, столькі часу жылі надзеяй пабачыць фільм на свае вочы. I вось табе маеш' Нават усёмагутны, як яму здавалася, Колас не можа даць рады.
Аднак збянтэжанасць хутка мінае і хлопчык зноў кідаецца ў роспыткі:
— Над чым вы зараз працуеце? — I, мусіць, каб паказаць, што ім кіруе не звычайная цікаўнасць, нечакана дадае: — Народ чакае вашых твораў...
— А ты так добра ведаеш, чаго чакае народ?
Колас стрымлівае ўсмешку. Ён ловіць у абвыклым, шмат разоў чутым, пытанні нейкае новае адценне патрабавальнасці. I адказвае зусім сур’ёзна, можа, толькі крыху прасцей, чым зрабіў бы гэта дзе-небудзь на чытацкай канферэнцыі. Так, ён працуе, канчае пісаць кнігу пра маладога настаўніка, які даўным-даўно, яшчэ да Кастрычніка, навучаў грамаце дзяцей у глухіх беларускіх вёсках.
На размову падыходзяць сябры, яны прыйшлі пабачыцца, пацікавіцца, як здароў Канстанцін Міхайлавіч.
— Гэта мае даўнія прыяцелі, выхаванцы дзіцячага дома,— тлумачыць Колас.— Мы пачалі перапісвацца адразу пасля вайны, а вось і сустрэліся. Яны сабраліся ў падарожжа па Беларусі дый сюды завіталі. На ўласным транспарце...
Сапраўды, у цяньку каля варот стаіць воз на жалезным хаду. Да яго навязана буланая канячка. Яна час ад часу абмахваецца ад мух надзетай на галаву аброчнай торбаю. На возе, як высвятляецца пазней, падарункі Коласу: раннія яблыкі, гуркі, морква, усё, што вырасцілі выхаванцы ў садзе і ў агародзе сваім клопатам.
Канстанцін Міхайлавіч пачынае бліжэй знаёміцца з гасцямі і нейкім чынам угадвае, як зваць шустрага хлопца, нястомнага апытвальніка. Гэта выклікае шумнае захапленне.
Малыя адзін перад адным гавораць, кім яны будуць, калі стануць дарослымі.
Нарэшце, гасцей клічуць у дом — падмацавацца пасля дарогі.
— Дзеці вайны,— смутнавата гаворыць да сяброў Колас.— Цяпер усе мы павінны быць ім за бацькоў і за маці. Вы заўважылі, якія яны выбіраюць сабе прафесіі. Вось гэты востры арол, што мяне ўсё пытаннямі прыціскаў... Я думаў, ён скажа: хачу быць інжынерам. Аж не: глебазнаўцам. Дагадзіў майму сэрцу. Я не раз казаў: чалавек не павінен адрывацца ад зямлі, ад тых, хто жыве на ёй, ад таго, што на ёй расце.
Некаторы час у доме Коласа пануе незвычайнае ажыўленне. Як ні стрымліваюцца госці, як ні стараюцца быць цішэй і салідней — не ўтрываць. Дабрадушлівы сабака адбівае лапамі мяч, шустрая лісічка, хоць і ідзе да рук, але, бліснуўшы, як маланка, рудым хвастом, хапае мяса і хавае ў кутку дрывотні.
Канстанцін Міхайлавіч парушае свой працоўны расклад і не расстаецца з дзецьмі. Падараваў кніжкі з надпісамі, вечарам расказвае пра хараство родных палёў і лясоў над Нёманам, прыгадвае Піншчыну, дзе ён калісьці настаўнічаў.
Дзеці слухаюць уважлівыя, пасур’ёзнеўшыя. Іх упершыню так вучаць, не навучаючы, а паказваючы, малюючы жыццё.
Надыходзіць час расставацца. Канстанцін Міхайлавіч бярэ ў абедзве рукі працягнутыя да яго загарэлыя лапкі. Пасля не вытрымлівае і прыціскае да сябе нейчую ўскудлачаную галаву.
— Ну, шчасліва, шчасліва!
Развітаўшыся з гасцямі, ён хмурнее. Прыслухоўваецца да цішыні раптоўна змоўкшага дома, нібы выклікае сюды водгулле дзіцячых галасоў.
— Прыляпіўся,— Канстанцін Міхайлавіч падкрэслівае даўняе значэнне гэтага слова,— прыляпіўся да іх душою. Сяджу і чакаю: зараз прыбягуць, пачнуць церабіць: пачытай, раскажы!
На некаторы час ён змаўкае.
— У педтэхнікуме сярод маіх студэнтаў на кожным курсе былі выхаванцы дзіцячых дамоў. Мне заўсёды хацелася, каб яны не адчувалі сябе сіротамі. Ды хіба пакінула пасля сябе хоць адна з мінулых войнаў столькі абяздоленых, столькі сірот?
Колас паглыбляецца ў развагі.
— А як надзяліць іх усіх добрым клопатам, абкружыць цёплай чалавечай спагадай? Некаторыя бяруць дзяцей з дзіцячых дамоў на выхаванне, у сямейнае кола. Гэта добра, але не ўсім пад сілу. Што, каб арганізаваць нешта накшталт грамадзянскай апекі? Напэўна, знайшліся б людзі з дастаткам і душэўнай прыхільнасцю да гэтай справы. Наведвалі б хлопчыка ці дзяўчынку ў дзіцячым доме, пісалі б ім лісты, спраўлялі б тады-сяды адзежыну або даравалі якую дробязь — шапачку, хусцінку. А пад час вучобы запрашалі б да сябе на вакацыі. Глядзіш, і дзіця жыло б пры сям’і. I апекунам была б уцеха пад старасць. Дабро, яно ж не гіне, дабром і абзываецца.