Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
He даючы нам апомніцца, дзядзька пачынаў адразу ж новую гісторыю:
«А другі стары гэтаксама сварыўся з сынамі. Казаў, што дрэнныя гаспадары, што пасля яго смерці пусцяць увесь набытак на вецер і давядзецца яму з магілы выходзіць, дабра пільнаваць. Аднойчы пасля сваркі разгарачыўся дзед, выпіў конаўку халоднай вады, а цераз дзень і сканаў.
Паплакалі сыны, пахавалі бацьку і забыліся пра ягоную пагрозу. А як паўстаюць рана, дык хлявы парасчыняны, уся худоба сышла з двара. Тыдзень бегаюць, шукаюць, пакуль коні пазнаходзяць, кароў папрыганяюць, авечак дадому прывалаюць. Як толькі збяруць усё говяда ўместа, зноў тое самае. Пільнавалі яны, папа крапіць святою вадою клікалі, a ніяк не могуць дазнацца, хто ім такую шкоду робіць.
Прыехаў аднаго разу да іх госць і застаўся начаваць. Выйшаў ён пад раніцу па патрэбе і бачыць: цягаецца па
дварэ стары і выпускае з хлявоў усю жывёлу, ужо і ягонага каня ад воза адвязаў. Госць думаў, што гэта злодзей, ды за каўнер. Стары вылузаўся, а госць яго цэпнуў за шапку. Завыў стары і кажа: «Выскуб ты мне, падла, апошнія валасы. Адразу відаць, што чужы чалавек. Сыны гэтак бы не зрабілі. Скажы ім, што болей не прыйду».
Вярнуўся госць у хату, пабудзіў гаспадароў, паказвае ім шапку і жменьку выскубеных валасоў. Зірнулі сыны і пазналі: бацькава шапка, яго і валасы. На тым і скончылася...»
— Сухошчына, або Ласток. Туды бацьку перавялі з Акінчыц. Гэта кіламетраў дзесяць на поўдзень ад Мікалаўшчыны. Леснікова пасада — на адзіноце. Бліжэйшае паселішча — шляхецкі засценачак Сверанава. А так — пустое месца было. Пясчанае поле, і то малая лапінка, за полем — чорны яловы лес. Праезджая дарога далёка. Калі да нас прыходзіў хто-небудзь знаёмы ці сваякі з Мікалаўшчыны, дык заставаліся на некалькі дзён.
— У Ластку стаяла дзве хаты: новая і старая. У новай жыла наша сям’я, а ў старой мясціліся рабочыя, яны нарыхтоўвалі гонт. Гэтая хацінка была курная, сцены ўсе ў сажы, чорныя, задымленыя. Я няграматны быў яшчэ. Нехта з гантароў напісаў на закуранай бэльцы крэйдаю літару «Р». Гэты невядомы знак здаваўся мне вельмі прыгожым, і я ўсё забягаў у курную хату палюбавацца на літару. А бацька, чалавек невялікай адукацыі — мог распісацца, чытаў крыху па-руску і па-польску, нават разбіраў па пісанаму,— смяяўся: «Хто гэта вывеў такую каравулю?»
— Ад гэтага, мусіць, і пацягнула на грамату. Гантар Кірыла паказаў мне чамусьці не «а», першую літару, а адну з апошніх — «у». Відаць, і яму, як у вядомым анекдоце, гэтая літара лепей удавалася пры напісанні.
Некаторыя літары мне падабаліся больш. Я пытаўся ў тых, хто ўмеў чытаць, назвы літар і стараўся запомніць. Так умітуські завучыў увесь альфабэт, але чытанне паддавалася з вялікімі высілкамі.
— Многа часу праводзіў я на нашай дрывотні. Прыбяжыш туды, сядзеш на кругляках і слухаеш жаўранкаў. Думалася, яны спяваюць нешта зразумелае, не гэтак, як іншыя птушкі.
Была гарачая вясна. Раніца. Я адзін, сяджу на дрывотні, жмуруся на сонца, сілюся ўбачыць, дзе там высока лепіцца птушыны галасок. Раптам здалося — жаўранак просіць Бога скінуць агонь на нашу сядзібу.
«Агню, агню-ю, агню-ю-ю-ю! Сюды, сюды-ы, сюды-ы-ы! На леснікоў двор-р-р!» — нібы так і вымаўляла птушка.
Мне ўявілася, што агонь сапраўды ўпаў з неба. Я агледзеўся наўкол. Бачу: віецца сіненькі дымок. Гэта затлеліся сухія трэскі ад кепска прыгашанага недакурка папяросы. А кінуў-то яго зусім не Бог, а Сцяпан-гантар, спяшаючыся на снеданне.
— Па суседству з нашай сядзібай падняўся невялікі хвойнічак. Я хадзіў туды збіраць казлякі, сам, адзін. Аднойчы непрыкметна закруціўся паміж дрэў, апынуўся ў старым лесе і разгубіўся. Аднак неяк выбіўся на дарогу. Бягу, хоць і не ведаю, у які бок: да дому ці ад дому. Паабапал — сцяна лесу. Вусцішна. Раптам на дарогу выбег вялізны сабака. Я пасмялеў: значыць, недзе людзі блізка. Прытаіўся за дрэвам ды як кінуся на яго: «Агу-уў!» Сабака толькі клацнуў зубамі і павольна пасунуўся далей.
Дома растлумачылі, што гэта воўк. Як я разумею: гуманны воўк. He захацеў займацца з блазнотаю. А нарвіся другі, не размаўляў бы ты зараз, браток, з Якубам Коласам.
— Моцныя былі ў тыя часы навальніцы. Асабліва адна. Яна збіралася яшчэ надвечар. Падымалася хмара. За Свераноўскім полем бліскала. Потым ударыў густы, цяжкі гром. Стала страшна, радасна, чамусьці прыемна.
Нас пазаганялі ў хату. Я прыліп носам да шыбіны і ўсё слухаў, як усходжваецца вецер. Потым выкраўся да дзвярэй і выскачыў з хаты. Пабег у садок і сабраў ігруш, поўную пазуху! Многа іх наабівала ветрам.
I тут рэзнула маланка. Вось маланка, дык маланка! Як трайчатка-сахор на тры зубы! Тры вялізныя пальцы ў яе было, і з саменькіх капцоў іскры сыплюцца.
— 3 ігрушамі была яшчэ адна фацэція. Помніш мае «Грушы-сапяжанкі»? Гэтак амаль і адбывалася са мною і з братам Алесем. На ласткоўскай сядзібе расло некалькі ігруш. Мы з Алесем пасвілі авечкі недалёка ад хаты. Дзядзька Пятрусь гупаў цэпам у гумне. Алесь падвучыў мяне, і я палез у ігрушы. Дзядзька згледзеў, давялося ўцякаць.
Мы з авечкамі адагналіся далей ад дому, каб паказаць, што нас блізка няма. Цяпер цішком падаўся на раздабыткі Алесь. Узлез на ігрушу, налупіў запазуху, а тут — дзядзька! Алесь — наўцёкі, дзядзька за ім. Пакуль Алесь бег, усе ігрушы пагубляў. Так мы і не наласаваліся. А дзядзькі доўга пасмейваліся: «А што, смачныя ігрушкі?»
— Другі раз, пад восень, гэтаксама былі мы з Алесем каля авечак. Захацелі накласці агню. Нацягалі з лесу ламачча. Алесь кажа: «Прынясі жару!» Я пабег у хату, выграб з ямкі гарачага вуголля і згарнуў у анучку. Так і панёс.
Дарогаю падзьмуў на вугалі вецер, узялася агнём мая анучка. Я моцна папёк палыды і ў злосці ўсялякімі словамі аблаяў Бога. Пасля цэлы тыдзень хадзіў угнуўшы галаву, каяўся, баяўся Божай кары.
— Выхоўвалі нас у паслушэнстве і павазе да Бога. Як толькі я навучыўся гаварыць, бацька паставіў мяне на калені перад абразамі і загадаў: «Кажы пацеры». Нас усё страшылі грахом. Куды ні ступі — грэх. Сеў есці не перахрысціўшыся — саграшыў, не памаліўся, кладучыся спаць,— таксама.
Асабліва строга прытрымліваліся ў сям’і пастоў. Тут ужо не выкруцішся, апрача бульбы з алеем ды капусты з грыбамі за ўвесь перадвелікодны час, калі царква загадвае пасціць, нічога ў вочы не пабачыш. Толькі каму хвораму маці давала часамі трохі малака.
Нас пужалі абразамі: багі глядзяць на хату і ўсё бачаць; калі правінішся, адразу ж пакараюць. Так цвёрда і верылі мы ва ўсё гэта, пакуль бацька сам не пахіснуў нашу веру.
Вярнуўшыся з абходу пад чаркаю, ён сядзеў на лаве на покуці і расказваў смешныя здарэнні.
«Стаялі салдаты ў адной вёсцы. Кватаравалі яны па хатах. А быў якраз вялікі пост. Садзіцца салдат снедаць і патрабуе ў гаспадыні даць яму сала. Маладзіца прынесла і кажа: «Што ты? Зараз няможна ўжываць скаромнае».— «Хто табе наплёў, цётка?» — смяецца салдат і яшчэ смачней заядае сала з хлебам. «От пабачыш, як пойдзеш у царкву, дык на цябе будуць усе святыя глядзець».
Салдат не звярнуў увагі на яе словы, а як прыйшла нядзелька, падаўся ў царкву. Праціснуўся да іканастаса, зірнуў, а яму проста ў вочы ўтаропіўся святы Юрай. Салдат глянуў у другі бок, а з абраза пранізвае яго позірк святога Пятра. Вядома, яны не ажылі, гэта ўсе абразы так намалёваны, як быццам глядзяць табе ў сэрца. Спалохаўся салдат, што святыя дазналіся пра яго грэх, і пачаў выбірацца на паветра. Адступаецца задам і ўсё сябе кулаком у грудзі стукае: «Дальбог, не еў! Даю слова — не еў!» А святыя, здаецца яму, не спускаюць вачэй, пазіраюць усё вастрэй і пагрозлівей.
Адступаўся, адступаўся салдат, калоцячы сябе ў грудзі, зачапіўся за парог ды як грымнецца на падлогу! Усхапіўся ён, вылаяўся на чым свет стаіць і гукнуў: «Еў не еў, а штурхаць рускага салдата нікому не дазволю!» Пагразіў кулаком ва ўсе бакі — і дадому. Парахвіянцы думалі, што салдата зараз громам заб’е, а ён і не лыс. Жор сабе сала і толькі гладчэйшы рабіўся...»
Скончыў бацька і рагоча, а маці ківае галавою: «Вярзеш абы-што, малыя ж слухаюць».
3 таго часу мы пасмялелі, і калі трапляўся кавалак скораму, з’ядалі яго і ў пост. Аднак пільнаваліся і зашываліся пры гэтым у такі куток хаты, куды не магло сягнуць вока якога-небудзь святога.
— Запомнілася мне і яшчэ адно бацькава апавяданне. Яно павінна было пераканаць нас, што ў нядзелю нельга ні шыць, ні сеч, наогул нічога рабіць.
Некалі нядзеля была жывая і хадзіла па зямлі. Сустрэлі яе аднойчы людзі і жахнуліся: яна была ўся ў крыві і ў струпах, пасечаная, паколатая, панівечаная. «Што з табою, святая нядзелька?» — пытаюцца сустрэчныя. «А гэта вы самі
вінаваты,— адказвае нядзеля,— не шануеце мяне, не хочаце свяціць, а ў мяне ад вашых нажоў і шылляў на целе знакі застаюцца. Калі будзеце і далей гэтак рабіць, дык я хутка памру. А вы страціце адзіны вольны дзень».
Застыдаліся людзі, стала ім шкада беднай нядзелі, і пачалі высцерагацца ад работы.
— Вось як мне ўяўляліся тады дні тыдня.
Нядзеля — поўная шпулька белых нітак. Гэта, відаць, таму, іпто маці ў гэты дзень не бралася за шытво і не адрывала нітак, а застаўляла сваю скрыпачку з голкамі, гузікамі і шпулькамі высока на паліцу.
Панядзелак — такая самая шпулька, але без нітак.
Гэта ўяўленне таксама можна растлумачыць. Пустыя шпулькі звычайна аддаваліся мне, я качаў іх па падлозе або разразаў, надзяваў на дубчык колцы і майстраваў нешта накшталт цялежкі. Найчасцей шпулькі траплялі да мяне пасля нядзелі, калі маці бралася за шытво, перастаўляла сваю скрыпачку з паліцы на лаву.
Аўторак — на гліняным белым кубку сіняя плямка — фабрычная марка.
Мы пасцілі не толькі ў Пятроўку ці ў Піліпаўку, а і кожную сераду і пятніцу. Такім чынам, аўторак быў перадпосным днём. Маці ўвечары прыносіла з прыгрэбкі вялікую гладышку малака і налівала нам. Асабліва смачна пілося малако з белага кубка, адзінай крамнай пасудзіны ў нашай хаце.
Серада — драўлянае біла на ложку (з клапамі ў шчылінах).
Каб уся работа не спіралася на суботу, маці пачынала апратваць хату з палавіны тыдня. Выносіла на двор пасцельныя бэбахі і, пакуль яны ветралі на плоце, грэла ваду і залівала кіпнем ложкі. Такі малюнак жыве ў маёй памяці.
Але нехта з братоў, ці не Уладзя, пярэчыць, кажа, што ласткоўская хата была чыстая, без гэтых непажаданых жыхароў. Калі гэта праўда, не ведаю, чым падмацаваць сваё ўяўленне. Можа, бачыў я такое выпарванне ў чыёй другой хаце. Можа, дзе ў іншым месцы заўважыўся нячысты ложак з клапамі ўсярэдзіне. А па гукавым падабенстве слова «сярэдзіна» я пачаў звязваць з серадою. Пойдзем далей.