Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
Чацвер — адвёртка з ручкаю.
У бацькі была добрая паляўнічая стрэльба, а ў дзядзькі Антося зусім благенькая. Ён заўсёды корпаўся з ёю: то курок туга ходзіць, то якая другая прычына. Стрэльба гэтая моцна рвала і тузала, і звычайна пасля палявання ў дзядзькі пабольвала плячо і адна шчака была падышоўшы, як пампушка. Аднак яму ўдавалася тое-сёе ўпаляваць, вельмі метка страляў.
Гэта здольнасць, мусіць, перадалася і Міхаську. Ён жа прыроджаны лесавік і паляўнічы. Можа, гэтаму майму сыну трэба было выбіраць не інжынерскую, а якую лясную спецыяльнасць.
Дык вось, паляўнічым днём у дзядзькі лічылася пятніца, а напярэдадні ўвечары рабілася генеральная праверка і падрыхтоўка стрэльбы: чыстка, разборка. Мы не адступаліся ад майстра і, вядома, заміналі яму. Тады дзядзька браўся за адвёртку і настаўляў каму-небудзь у жывот: «От я зараз падкручу табе пуп, каб добра страляў увесь тыдзень, ад чацвярга да чацвярга».
Пятніца ўяўлялася як прыклад паляўнічай стрэльбы.
Неяк дзядзьку асабліва пашчаслівіла на паляванні: ён прынёс некалькі птушак. Глушцоў або цецерукоў, не ведаю, адно помню — вялікіх. Кінуў здабычу ў парозе і сеў абціраць стрэльбу. Адна птушка страпянулася, пачала біцца, відаць, была недастрэленая, і паспрабавала ўзляцець перад сконам.
Дзядзька падняў яе за крылы і ўдарыў галоўкаю аб прыклад. Птушка абмякла і дайшла. Я кінуўся да дзядзькі з кулакамі, закрычаў, заплакаў: «Ты гэтак можаш і нашага пеўня забіць! Ты сабе страляй у птушкі, але не бі іх галавою».
Бацька нахмурыўся і паказаў рукою на папружку. Я сціх, але канчаткова супакоіўся, калі дзядзька некаму занёс ці прадаў дзічыну, бо быў вялікі пост ды яшчэ пятніца, і мяса мы не елі.
Нарэшце — субота. Гэты дзень я ўяўляў як верхні абрэз халяў у мужчынскіх ботах. У суботу ўсюды крыху раней канчалася праца. Каб чалавек паспеў схадзіць у лазню, змыць грахі, што назбіраліся за тыдзень, і, чысценькі, кіраваўся ў царкву, на вячэрню.
Ну, зразумела, не аб людскім адпачынку думалі ўстаноўшчыкі такіх парадкаў. Дбалі, каб у царкву болей хадзілі. У горадзе для чыноўнікаў і рабочых гэта было ўстаноўлена афіцыйна, а ў вёсках трымаліся звычаю ад страху перад Богам. Вечар перад нядзеляю лічыўся святым, і нават калі ў царкву не хадзілі, дык маліліся дома і нічога не рабілі. Так вялося і ў яўрэяў: суботняе свята пачыналася, як, гаварылі, «заходзіў шабас», у пятніцу, на захадзе сонца.
А ў нашай сям’і дзядзька сыскваўся дадому хутка пасля паўдня, нават бацька раней пакідаў лес, спадзеючыся, што ў свята ні ў кога не падымецца рука на крадзеж. Мужчыны мыліся, змянялі бялізну, надзявалі чысцейшыя порткі і камізэлькі, a потым браліся глянцаваць боты. Гэта ўжо быў той строй, у якім заўтра ехалі на кірмаш ці ішлі на набажэнства.
Даставаў наш дзядзька свае заслужаныя боты з юхтовымі халявамі і гамбургскімі перадамі. Усё адны і тыя ж служылі яму на працягу многіх год. He таму, што былі моцныя, а проста насіліся на кійку за плячыма, як кажа стары жарт. Але як старанна ні начышчаў іх Антось, зверху халяў заставалася крыху рудаватая палоска.
Адтуль і пайшло маё ўяўленне аб субоце.
— Мне не раз даводзілася чуць, як старэйшыя кпяць з папа ці дзяка. Якія гэта Божыя слугі, калі і на гарэлку ласыя, а галоўнае — бяруць грошы за хрэсьбіны ці за вянец або цягаюцца з мяхамі па калядзе. Аднак, поруч з гэтым здаровым, сялянскім адпіхваннем ад вонкавага боку рэлігіі, вера ў існаванне вышэйшай сілы заставалася непахіснай. Я пераказваў табе бацькава апавяданне пра салдата. Выходзіла так, што бацька пакідаў права сумнявацца толькі сабе. Дзеці раслі ў страху Божым.
Дзядзька Антось быў самы сапраўдны пантэіст. На абразы хрысціцца то ён хрысціўся, але маліўся ў лесе або ў полі, кажучы, што Бог ёсць усюды. Калі згледзіш, што дзядзька ідзе лясною сцежкаю ці панадворкам і варушыць губамі, лепей не руш яго. Гэта значыць, Богу моліцца.
Паспрабаваў гэтак і я за ім следам замяніць выстойванне перад абразамі праходачкай па дварэ і па хаце. Хадзіў і толькі цёпкаў губамі, вядома, не гаворачы слоў малітвы.
На гэтым i злавіў мяне бацька: «Чаму ты не становішся на малітву?» — «А я памаліўся»,— кажу. «Калі гэта ты паспеў?» — «Ходзячы, так як дзядзька Антось»,— «Не, брат,— сказаў бацька і за вуха павёў мяне пад абразы: — Маліся як след». Я ўпіраўся, спасылаючыся на дзядзькавы словы, што Бог прымае маленне ўсюды. «Усюды-то ўсюды,— згадзіўся бацька,— але не ад усіх, асабліва ад смаркатых». I наставіў мяне на калені: «Маліся і не выдумляй!»
— У Ластку жыў з намі дзядзька майго бацькі, мой стрыечны дзед. Вельмі стары, хваравіты і злосны. Ен кульгаў на адну нагу. Калі я назаляў дзеду, ён браўся за дзягу і ўшчуваў.
Маці, выходзячы з двара ці выбіраючыся на поле, часта прасіла дзеда паглядзець мяне. Ен глядзеў, есці даваў, але ці вуха закруціць, ці плескача ўгрэе. «Паплач, здаравейшы будзеш». Каб дапячы дзеду, я палез на прыпечак, выпацкаў рукі ў сажу і ўмыўся імі: «Паглядзі, які я харошы!» Дзед кінуўся за мною з кульбаю, але не дагнаў. Увечар ён паскардзіўся маці, а тая выцягнула мяне з-пад лавы і, па сваім прызвычаенні, адсцёбала нейкім паўразом.
Нашу дзіцячую веру ў Бога парушала яшчэ і дзедава маленне. Нас вучылі, што малітвы трэба казаць дакладна, слова ў слова, іначай моцна саграшыш. А дзед, хоць і маліўся колькі разоў на дзень, але словы страшэнна перакручваў і кары ніякай за гэта не меў. Часамі ён проста выдумляў свае ўласныя модлы, у якіх ад царкоўна-славянскай мовы не заставалася і знаку. Атрымлівалася ў яго замест «Цару Нябесны, Уцёшыцелю душэ ісціны» нешта больш для яго зразумелае: «Царуня брэсцкі, уцеш цяля дужа лысае».
Дзед моліцца, а дзядзька Антось са смеху кладзецца, але стрымліваецца перад намі, зробіцца ўвесь чырвоны, адвернецца ў парог і робіць выгляд, што закашляўся.
Мне дзедавы малітвы падабаліся куды болып за царкоўныя. Але аднойчы, калі я прачытаў на дзедаў узор «Отча наш», бацька паставіў у кут, да сцяны носам. А выходзіла хораша: «Войча наш, бацька ваш, на небе стаў, чарцей у пекла сапхаў, нам сон паслаў. Кладуся спаць, дай божа ўстаць. Станьце пры мне, анёлы мае, што вам, тое і мне».
Паўтараючы ўсё за дзедам, мусіць, я чуў асалоду ад таго, як слова прыкладаецца да слова па сугучнасці.
— Калі дзед памёр, дзядзька Антось адчыніў юшку, каб, паводле народнага забабону, «душа выходзіла». Я сеў каля нябожчыка і кажу: «Ага! А цяпер за вуха не пацягнеш!»
Потым, калі мяне ўстыдзілі, растлумачылі, што дзеда занясуць на могілкі і ён ніколі не прыйдзе ў хату, я тужыў і гараваў.
— А вось яшчэ ўспамін з ласткоўскіх часаў. Бацька прыйшоў з Мікалаўшчыны і расказваў тамтэйшыя навіны: хто памёр, у каго былі хрэсьбіны, хто добрую дзеўку ўзяў замуж.
Гэты «замуж» мне ўявіўся так: хлопец бярэ дзяўчыну за вуха і цягне да сябе ў хату.
Наслухаўшыся навін, я ўзлез бацьку на калені і запытаў:
— Тата, а як гэта жэняцца?
Бацька вышмаргнуў з веніка розачку, задраў мне кашулю і жыгнуў:
— Вось так! Вось так! А вось як!
Другі раз я паспрабаваў падысці да гэтай справы хітрэй:
— Тата! А я ведаю, нашто жэняцца...
Ну?
— Дзеці рабіць.
Бацька, нічога не гаворачы, выгнаў мяне за дзверы.
— Было аднойчы, што я замалым Богу душы не аддаў. Спраўлялі ў Ластку дажынкі. Гуляла наша сям’я, сваякі папрыходзілі са сваім прыпасам.
Чарка ішла наўкруга. Падышла чарга піць дзядзьку Петрусю. Я круціўся ў яго за плячыма на лаве, вось дзядзька і надумаўся: «На, лыкні!» Я ўгібаў абедзвюма рукамі чарку і амаль апаражніў яе. Апякло ў роце, я скрывіўся, мерачыся пусціць слязу, а ўсе пачалі падхвальваць: «Глядзі, як жлукціць! Добры ваяка!»
Я падбадзёрыўся і, сп’янеўшы, давай танцаваць на лаве. He разлічыў кроку, ці, можа, у бакі павяло, і скінуўся далоў. A калі ляцеў, пабіў галаву аб столак.
I цяпер яшчэ знак ёсць: над левым вокам, вышэй брыва. От, можна памацаць.
— Хлопцы мы былі смелыя. Цягаліся па лесе, заходзілі далёка ад сядзібы. Толькі як ахамянешся ў незнаёмым месцы, дзе-небудзь на лясной баравіне, дык націскаеш на ногі. Прыпускаешся бегчы, адно пяты мільгаюць.
А вось раз быў мне вялікі страх. Сядзім мы з Алесем каля кастра. Пяклі бульбу ці грыбы смажылі на вугельчыках, зашыўшыся ў гушчар, каб ад хаты дыму не заўважылі. Неўзаметку сцямнела. А тут з лесу ягня як забляе! Кінулі мы агонь і, не чуючы ног,— у хату. А чаго спалохаліся?
Нам расказвалі, што чорт найчасцей з’яўляецца ў выглядзе барана і мэкае авечым голасам. Відаць, нехта ехаў там лясною дарогаю і вёз авечку з ягнём. А можа, баранчык абазваўся з балота.
Ведаеш, што гэта за птушка? Баранчык — бакасова мянушка.
Пераезд у Альбуць. Костусь корміць дзедаву душу. Тэпця і яе хата. Народная медыцына. Думкі пра навуку. Сакольнік і яго жонкі. Япрук пад венікам. Школа і Яська. Госці з дзіцячага дома. Чуласць да людзей. Малы Якуб. Пушкін на пасце, і Крылоу на лоўлі рыбы. Перад далейшай дарогаю.
— Маленства маё скончылася з пераездам у Альбуць. Пярэбары туды навіслі над нашай хатай як вялікая бяда. Гэта было ўжо трэцяе месца, куды пераводзілі бацьку. Значыць, наноў абжывайся, пачынай усё ў гаспадарцы з самага пачатку.
Што паслужыла прычынай пераводу? Хутчэй за ўсё, бацькава стараннасць. Ен быў акураціст і наўрад ці правініўся, каб заслужыць кару. Бацька, апрача службовых абавязкаў, догляду лесу, сенажацей, заўсёды выконваў розныя даручэнні аб’ездчыка, a то і самога ляснічага. Рыбу лавіў для панскага стала, асочваў берлагі мядзведжыя, ласіныя жыроўкі, перад тым як папы прыязджалі на паляванне.
Кляў ён тады і сваю долю і панскую волю, але ўсё, што загадвалі, нязменна выконваў. Пайсці на рыбу — значыць кінуць без нагляду лес, а нехта адразу скмеціць, што ляснік на Нёмане боўтаецца, і дасць волю сякеры. У такіх выпадках дзядзька Антось ішоў на абход лясных кварталаў, каб каля справы сваё вока было.
Так думаецца: перавялі бацьку, бо яго папярэднік не мог усяго дапільнаваць. Альбуць — байчэйшае месца, больш неспакойнае. Недалёка Мікалаўшчына — вёска вялікая, на некалькі вуліц, як мястэчка, вялікая і галодная. Людзі лічылі, што няма чаго цырымоніцца з панскімі выгодамі: «У Радзівіла зямлі хапае, лесу яшчэ больш, а ў нас няма».
Мужыкі не вельмі клапаціліся, каб не падвесці пад абух лесніка. Секлі дрэвы, травілі лугі. У Ластку бацьку было зацішней. Незадаволены быў і дзядзька Антось. Здаецца, і зараз чую, як ён бурчыць: «За сваё старанне маеш папіханне».