Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Авалодаўшы тэорыяй паўстання і рэвалюцыйнай зброяй, навучыўшы свой чырвоны сцяг лунаць над барыкадамі першай рускай рэвалюцыі, партыя бальшавікоў рыхтавалася да перавароту, каб узяць уладу і заснаваць дзяржаву рабочых і сялян як плацдарм для пабудовы новага свету.
Гэтак і сталася пазней, на сталым веку Якуба Коласа. A для таго каб першая песня пастукалася ў сэрца вясковага падлетка, усё, як кажа прымаўка, складалася адно да аднаго: турботы ўласнага таленту, уплыў блізкіх людзей і патрабаванне народа — мець смелыя і праўдзівыя вусны.
Усё гэта было мне ясна ва ўяўленні, даволі выразна малявалася і постаць героя будучай кнігі. Але, каб пачаць пісаць, аднаго ўяўлення відавочна неставала.
Трэба было больш ведаць наогул пра сям’ю Міцкевічаў, пра маленькага Костуся, мець запас жыццёвых падрабязнасцей, якіх не заменіць ніякая, нават самая багатая, выдумка. Выдумляць я не меў права, дый гэта было ні да чога ў кнізе такога парадку, як задуманая мною. Апрача ўсяго іншага, рабіць гэтак здавалася грэшна і смешна, калі поблізу разлягаліся коласаўскія мясціны, а там жылі яго аднагодкі, працавалі сваякі, з якімі ён рос і гадаваўся, і самога Канстанціна Міхайлавіча можна было бачыць кожны дзень.
Толькі як знайсці зачапку, як заахвоціць яго да такой гаворкі? Аднак мне даводзілася бачыць, як цяплелі і пачыналі свяціцца ягоныя вочы пры ўспаміне аб Мікалаеўшчыне ці
проста калі пры ім чыталіся перакладзеныя на рускую мову раздзелы «Парэчча» ці «Агляд зямлі», над рэдагаваннем якіх працаваў тады Пётр Сямынін. Напэўна ж, не ўсё сказаў паэт у творах, што прынята лічыць аўтабіяграфічнымі.
Каб не заблытваць справы хітрымі подступамі і падыходамі, я адкрыта расказаў Канстанціну Міхайлавічу аб сваіх намерах.
— Чытай «Новую зямлю»,— сказаў ён.— Я там нічога не зманіў. Уся наша сям’я — пад сваімі імёнамі. А захочаш ведаць, як я настаўнічаў, трапіў у турму, прыгледзься добра да Лабановіча.
Выслухаўшы добразычлівую параду, я быў вырашыў адмовіцца ад задумы. Пісаць кнігу па літаратурных творах, ды не проста вядомых, а класічных, было б, па меншай меры, легкадумна.
Я кінуўся на коласаўскія мясціны, зрабіў пешкі падарожжа па беразе Нёмана, не адзін дзень правёў на абтупаных паэтам лясных сцяжынах у гонкіх шчырых барах, слухаў, як шумяць любыя ягонаму сэрцу дубовыя гаі. Пасля пачаў адчыняць дзверы ў леснічоўкі, дзе жыў ён некалі, распытваўся ў аднавяскоўцаў, выхопліваў кожнае цікавае слоўца ў братоў і сясцёр.
Усё як быццам станавілася на месца: людзі, прырода, абставіны, а жывога дыхання ў вобразе так і не з’яўлялася.
I , ці то незнарок, ці то з літасці да маіх марных намаганняў, Канстанцін Міхайлавіч раптам расшчодрыўся. Пачаў успамінаць эпізоды маленства, у двух-трох сказах даваў партрэтныя характарыстыкі членаў сям’і. У гаворцы пракідаліся неацэнныя прыкметы часу, невядомыя мне падрабязнасці тагачаснага жыцця.
У такія «ўспамінныя» хвіліны я ператвараўся ў слых, нічога не перапытваў, каб выпадкам не паказаць свае цікавасці і не перапыніць так патрэбнай мне плыні прыгадак. А дома стараўся як мага дакладней запісаць усё тое, што ўдавалася пачуць.
Неяк, пасля адной асабліва багатай на змест гаворкі, заўважыўшы, што мне нецярплівіцца хутчэй пайсці, Канстанцін Міхайлавіч хітравата скасавурыўся і прамовіў:
— Няма чаго ўцякаць. Бяры ўжо лепш паперу ды запісвай за мною ўслед.
Назаўтра я прынёс тоўстую канцылярскую кнігу і пазнаёміў Канстанціна Міхайлавіча з папярэднімі запісамі. Ён заўважыў некаторыя недакладнасці, тое-сёе дапоўніў і паклаў кнігу ў шуфляду пісьмовага стала.
— Будзем даставаць яе час ад часу. He кожны дзень, а калі ўсплыве што-небудзь вартае.
«Вартага» ўспаміналася, на маю радасць, многа, і запісваць даводзілася амаль пры кожнай сустрэчы. Часамі, у маю адсутнасць, Канстанцін Міхайлавіч выцягваў «гросбух для ўсяго, што лезе ў галаву», як жартаўліва ён ахрысціў маю кнігу, і рабіў запісы сваёю рукой або ўкладаў туды нататкі на асобных паперчынах.
Памяць у яго была выключная. Нават дні, калі адбываліся тыя ці іншыя здарэнні, Канстанцін Міхайлавіч называў без памылкі, быццам справа дзеялася ўчора. «Было гэта, да прыкладу, гаварыў ён,— у пятніцу на чыстым тыдні...» Потым успаміналася якая-небудзь прыкмета — вучэнне ў школе ці ў семінарыі, і такім чынам устанаўліваўся год.
Расказваючы што-небудзь паўторна, перад новымі слухачамі, Канстанцін Міхайлавіч быў дакладны і ў падрабязнасцях і нават у слоўным выражэнні. Вось чаму асобныя радкі гэтых запісаў блізкія да вядомай аўтабіяграфіі і некаторых іншых апублікаваных матэрыялаў са спадчыны пісьменніка.
He ўсе даты, што сустракаюцца тут (напрыклад, дзень выхаду з астрога ў 1911 годзе, паездка ў Вільню і іншыя), супадаюць з прынятымі ў літаратуразнаўстве нават на падставе ранейшых выказванняў самога Якуба Коласа.
— Як там дзе напісана,— звычайна гаварыў ён пры спробах удакладніць даты,— я не ведаю. Слухай, што кажу, і гэта будзе дакладна.
Спрачацца не выпадала, дый аднойчы я быў належным чынам пакараны за недавер’е да яго бясхібнай здольнасці ўзнаўляць падзеі ў такой непасрэднай свежасці, нібы яны адбываліся не пазней як напярэдадні.
Няхай тут раскажацца пра тое, наколькі моцная і ўчэпістая захавалася памяць Канстанціна Міхайлавіча ўжо ў вельмі паважным веку.
27 кастрычніка 1951 года, як сцвярджае дата пад аўтографам чатырохрадкоўя «Маім рэдактарам Максіму і Пятру (Лужаніну і Глебку)», напісанага ў духу свабоднага жарту і праз гэта яшчэ не апублікаванага, я пераглядаў, седзячы ў кабінеце Канстанціна Міхайлавіча, рукапіс першага тома яго Збору твораў.
Хутка павінен быў прыйсці Глебка, тытульны рэдактар гэтага тома, каб разам звесці ў адзін паасобнік усе праўкі і зверыць розначытанні.
Мінула з паўгадзіны звыш умоўленага часу. Вельмі акуратны ў дапільноўванні тэрмінаў,— Колас не дазваляў сабе не толькі пазніцца, а заўсёды прыязджаў за добрыя паўгадзіны да пачатку сходаў ці проста таварыскіх сустрэч,— Канстанцін Міхайлавіч пачаў выказваць адзнакі нецярплівасці: маўчаў, пакашліваў, браў і адкладаў свежую газету. Нарэшце пазваніў у Інстытут мовы. Глебкі на месцы не было.
— Мусіць, выйшаў ужо. Пайду насустрач, можа, спаткаю. I час хутчэй пройдзе.
— Дык лепей я выйду, дзядзька Якуб.
— He, сядзі, працуй.
Праз некаторы час ён вярнуўся адзін.
— Наш Пятро збіраецца, як шляхцянка ў касцёл. Ксёндз казань канчае, а яна яшчэ ўсіх аплікоў не пазашпіляла. Наогул натура ў яго спакойная. He любіць спяшацца. I спіць добра. Аднойчы, яшчэ ў вайну, я прыйшоў да яго ў гасцініцу «Якар». Дзяжурная кажа: «Дома, спіць». Дык я цэлую гадзіну барабаніў у дзверы. Даў Бог чалавеку сон — каб кожнаму з нас! Таму ён, відаць, і рахманы такі, лагодны. Ведама, добра выспаўшыся...— Канстанцін Міхайлавіч змаўкае, мусіць, думае пра іншае.— I з самымі рознымі людзьмі дружыць... 3 сваім цёзкам, дый са мною таксама. Праз сваю ціхманасць, мусіць, і непрыемнасцей не меў, як яго сябры з «Узвышша», a пазней і многія іншыя. Кузьма Чорны казаў мне, што правёў з ім некалькі дзён запар, перад самай бядою. А Пятра ліха абмінула. Відаць, не да кожнага благое прыстае.
He ўпадабаўшы, чаму адказваю не адразу, вядзе размову далей:
— От і дружу з ім, і хінуся — з сэрцам і розумам чалавек. А часамі падумаю пра яго — быццам на аркуш белай паперы гляджу... Што за дзіва?
Над вусамі прабегла няўлоўная ўсмешка. Канстанцін Міхайлавіч сеў за стол і падсунуў да сябе паперу.
— От зараз я ўсыплю вам абодвум,— сказаў ён, пачынаючы нешта накідваць алоўкам.
Потым перабяліў напісанае на двух аркушыках і адсунуў убок.
— Гэта вы з Пятром атрымаеце, калі скончым рэдагаваць. Раней не дам, каб не ўгнявіць рэдактароў сваіх. А цяпер вось аб чым пагаворым. Відаць, вы патураеце мне. Прапускаеце ў друк тое, ад чаго можна і ўстрымацца. Мы ж складаем крыху пашыранае выданне, не акадэмічнае. Дык навошта пхнуць сюды абы-што. Ну, палепшу я радок ці два, гэта ж справы не ратуе. Сырызна застаецца сырызнай, мова нячыстая, верш недасканалы. Вось я тут адлажыў каля дзясятка вершаў. Іх можна смела забыць і пакласці ў спрат.
Выслухаўшы мае пярэчанні, заўважыў:
— Можа, ты і праўду кажаш, але разважаеш як даследчык, а не чытач. Можна, вядома, даць гэтыя рэчы, каб меркаваць па іх і аб стане мовы, аб біяграфіі аўтара, яго настроі і тагачасным узроўні. Але ці даволі гэтага? Як апраўдаць з’яўленне ў друку сёння вучнёўскіх вершаў саракагадовай даўнасці? У мяне такой пэўнасці няма.
Я запытаўся, як быць з такімі кнігамі, як «Песні-жальбы» і «Казкі жыцця». Ад скарачэння асобных рэчаў яны могуць прайграць у цэльнасці. Як апускаць вершы, калі яны ўжо ўмацаваліся ў змесце папярэдніх выданняў і ў памяці некалькіх пакаленняў чытачоў? Ці не перагародзіць такая аўтарская рэдакцыя дарогі шэрагу твораў у далейшыя кнігі?
— Паслухаўшы цябе, выходзіць, я ўжо на сваёй дрывотні і трэскі паварушыць не магу. I тут ёсць праўда. Трэба падумаць. Паслухаем, што скажа Пятро, калі прыйдзе. Нешта мая надзея на яго з’яўленне пачынае падупадаць. Разумееш, нехта добра сказаў, што паэт ставіцца да сваіх вершаў як маці
да дзяцей. Усіх любіць, хоць адно прыгожае, а другое зусім няўдаленькае.
Канстанцін Міхайлавіч пагартаў адкладзеныя ім вершы і паказаў мне «Краску».
— He з громкіх гэты вершык, а міл мне. Ён мае сваю гісторыю. Напісаў я яго, седзячы ў астрозе. Паглядзі, якая там дата?
У каментарыях да тома было пазначана: «31 мая 1910 rofla».
— Значыць, правільна. Пісаў я яго ў панядзелак адвячоркам. У нядзелю некаму з маіх аднакамернікаў дазволілі спатканне са сваякамі, і ён прынёс разам з перададзенай бялізнай і хлебам дзве сцяблінкі лугавых званочкаў. Паставілі мы іх у ваду, а самі пасталі наўкруга і нібы ўкамянелі. Глядзім, вочы ва ўсіх вільготныя, і на волю наўсверб хочацца. Здаецца, каб выпусцілі зараз, лёг бы на зямлю і пакачаўся, як змакрэлы конь на ворыве. А ўсё ж, што ні кажы, святлейшы быў дзень той з кветкамі. Хацелася, каб яны даўжэй пакрасавалі. Але на раніцу нашы званочкі пачалі апускаць галоўкі. Гаслі на вачах, а ў кожнага пачуццё такое, быццам чалавека жвірам засыпаюць.
А тут яшчэ Мардуховіч, быў у нас такі, спявак не спявак, але ахвотнік да спеваў, з голасам моцным і прарэзлівым, ходзіць па камеры і ные: «Колокольчнкн мон, цветнкн степные». Усяго два гэтыя радкі ён і помніў. Мы яго ўсяксе суцішалі, абяцалі падвойную порцыю капусты — не памагае. Пад вечар утаймаваўся, а я прыпёрся на нарах — дай, думаю, перакладу гэтыя «Колокольчнкн». Пачаў, ды цалкам верша ўспамянуць не мог. Прыпляліся думкі пра астрог, і пайшло на свой лад. Праўда, голас Талстога чуецца, нават радок гэты, бачыш — «Дзень вясёлы мая», так і застаўся неперароблены.