Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Маці я часта сніў, жывучы ў Ташкенце. Здаецца, чакаю недзе ў лесе, а яе ўсё няма. Я пайшоў сцежкаю, а насустрач сын — Юрка. Кажа мне: «Пойдзем адсюль, баюся сустрэць бабчыну здань». Так увесь час і было. Адну ноч маці сню, a другую — баравікі. У Альбўці. Чорныя, таўсматыя.
Канстанцін Міхайлавіч пасядзеў крыху моўчкі.
— Дзіўная рэч гэтыя сны, браток. У Ташкенце быў я хворы і вельмі слабы. I лёгкі, як хорт. Усяго 57 кіло важыў. Калі я цябе ў ваеннай форме пабачыў, вось, думаю, гэты хлопец яшчэ менш за мяне цягне. Жыць-то яно лепей без лішняе вагі, але дрэнь у сне вярзецца. Хоць ты ў ложак не кладзіся.
Мне ў Ташкенце ўсё чэрці сніліся. Цэлыя сотні. Я іх пастаўляю на калені і прымушаю гаварыць пацеры і хрысціцца. Адзін чорт быў вельмі старанны. Ен біўся галавой аб падлогу, кладучы паклоны, і аж завываў, гаворачы малітвы. Аказваецца, ён прыкідваўся старанным, каб адхіліць мяне і самому камандаваць чарцямі. Дзеля гэтага ён перада мною пачаў называць сябе Ісусам Навінам. А я скеміў, дый рожкі ў яго тырчалі з-пад шапкі, і кажу: «Ісус Навін, ты чортаў сын!»
Гэта сон, думаю, ад Гітлера. Яму хацелася зваяваць столькі ж дзяржаў і царстваў, як некалі Навін з яўрэямі. I ён настройваў адпаведным чынам немцаў. Я думаў, колькі трэба будзе пасля вайны папавучыць іх, каб зрабіць падобнымі да людзей. Так і саснілася.
3 другога боку, я чакаў выбуху ўнутры Германіі. Іначай, здавалася, вайны не скончым. Вельмі многа захапілі немцы і вельмі моцна наеліся яны. А саюзнікі нашы адну тактыку маюць. Як трымаліся ў вайну, так і па вайне. Тады яны нас цярпелі як узброеную сілу, што нішчыць Гітлера, а цяпер грозяць. Вядома ж, паміж намі прорва, яе нічым не засыплеш.
Але быў у мяне наконт вайны і яшчэ адзін прагноз. Немцы пачалі прасоўвацца на Белгарадскім кірунку, а падавалі справу так, нібыта наступаем мы. Які разлік у гэтым? Я зразумеў так. Калі наступленне праваліцца, яны здолеюць сказаць: мы ўтрымліваем свае пазіцыі. Вось ці не адсюль, як кажуць, пачатак канца нямецкай авантуры. Бо няўпэўненасць — родная сястра слабасці...
Дык я табе не ўсё скончыў пра свае ваенныя сны. Часцей за ўсё ў сне нападаў на мяне чалавек з адным вокам. Я заўважыў, што ён сніўся, калі я пісаў што-небудзь пра Гітлера.
Пра што думаеш, тое і сніш. Я некалі вельмі чакаў пісем ад аднаго чалавека. I прысніў яго. Здаецца, кажа мне: «Я пісаў і апускаў у скрынку, толькі яны падалі ўсё міма, міма...» Або бачыў раз, што далі мне танк, каб ехаў біць немцаў. Набраўся клопату, не ведаў, як управіцца з тым танкам.
— Хаты тае, дзе я нарадзіўся, няма. Але на тым жа месцы пабудавана амаль такая самая. Там жыў адзін час ляснік. A леснікова пасада была перанесена з Акінчыц у Альбуць.
Паслухай толькі, якія прыгожыя назвы ў нашых мясцінах: Негарэлае, Коласава, Стоўбцы, Адцэда, Арцюхі, Акінчыцы, Шацілаўка, Свержанскія маргі, Свержанская града, Альбуць, Мікалаўшчына. Любата! I ў кожнай назве свой сэнс прытоены. Стоўбцы могуць паходзіць і ад слупа і ад стаўпца ў граблях. Пра Акінчыцы яшчэ мудрэй можна прыдумаць. Ці не
чуцён тут дзеяслоў — акінуць, значыць — глухі куток, акінуты Богам і людзьмі. Ты мне расказваў пра Крычаў, быццам там крычма крычалі татары, загнаныя ў тупік.
Я адказаў што, мусібыць, аб гэтым гаворыцца ў IX томе Сямёнава.
— Э, не, выбачай! У Сямёнава іншае сказана: горад калісьці быў заснаваны крывічамі і называўся Крывічоў.
Канстанцін Міхайлавіч узяў даволі старую кнігу «Сгшсок населенных мест Мннской губерннн» і доўга смяяўся, што назваю Лахва занята больш за дзве старонкі дробнага друку.
— Няўжо ў тых мясцінах нашаму брату была такая лафа? Усе гэтыя Лахвы не так далёка ад Лунінца. Там жа тулілася і першае месца майго настаўніцтва — Люсіна. А я не сказаў бы, што там вялікая лафа.
Хвіліну падумаў, загаварыў зноў:
— Можа, мы няправільна робім націск. Калі казаць Лахва, дык і сэнс будзе іншы. На Віцебшчыне слова «лахаць» азначае «шукаць», а часамі яго ўжываюць у сэнсе — здзекліва смяяцца. Ну, здаецца, мы залезлі ў мовазнаўчыя нетры. Пакінем іх нашым акадэмікам. Я прыгадаў мікалаўскія назвы, бо некалі з іх вельмі цешыўся дзядзька Антось.
— Дзядзькоў у мяне было трое: Антось, Пятрусь і Яхім. Апошнія два жылі сваімі дамамі, а дзядзька Антось і звекаваў з намі нежанаты. Без яго ўся гаспадарка падупала б.
Я любіў заходзіць да дзядзькі Яхіма ў Мікалаўшчыну. I Пятрусь быў дружбацкі чалавек, употайкі даваў мне малому закурваць. Добра граматны, ён служыў у салдатах. Іхняя часць стаяла ў Адэсе, і дзядзька быў там пісарам. Вярнуўшыся з войска, ён жыў з намі ў Ластку і расказваў пра вялікі партовы горад. Ад яго я ўпершыню пачуў, што такое мора. Дзядзька прынёс з салдатаў вялікую спакусу — скрынку з арэхавага дрэва. Прыгожая — вачэй не адарваць. Там у яго ляжалі розныя дробязі, каляровыя паштоўкі, некалькі ракавін. Закурыць, задумаецца дзядзька над сваёю скрынкаю і сядзіць нерухома. I я пры ім, усё роўна як на прывязі. Нарэшце, ён зверне на
мяне ўвагу, нахіліць маю галаву да вечка і пытае: «Чуеш, як мора шуміць?» I мне здавалася — шуміць і нібыта пясок ці сухое збожжа перасыпаецца.
Аднойчы дзядзька раздобрыўся, а можа, гарэлкі нюхнуў, і падараваў мне сваю скрынку. Я быў на сёмым небе і пачаў валачыцца за ім след у след, як абнаджаны шчанюк.
Дзядзька Пятрусь любіў кнігі, меў «Месіяду» Клапштока. Навучыўшыся чытаць, я многа разоў браўся за гэтую кнігу, але нічога ў ёй не мог зразумець.
Была ў нас адна жанчына, Луцэя. Мусіць, любіла дзядзьку Петруся, а ён і ў той бок не глядзеў, асабліва на людзях, адварочваўся.
Пазней ГІятрусь ажаніўся і пабудаваў сабе хату ў Мікалаўшчыне. На вяселлі ў яго ад духаты ў хаце пагасла лямпа, ці, можа, пагасіў хто знарок. Мне стала вельмі страшна, бо ўсе гаманілі і спявалі і раптам сціхлі, нібы чакаючы бяды. Здалося, што зараз упадзе столь, абернуцца сцены і падушаць людзей, а хата была паўнюткая. Я расплакаўся, і маці доўга не магла суцешыць мяне. Потым казала, што з тыдзень я ўсё трывожыўся, уздрыгваў і крычаў праз сон.
У дзядзькі Петруся было дзве дачкі — Кася і Аміля. Потым яны жылі ў Мінску. Моцна сварыліся з сваім бацькам.
— Дзядзька Антось? 3 ім мы рыбу лавілі, хадзілі на паляванне, па сена ездзілі, прысы секлі. Меў ён да дзяцей ласку і падыход, можа, праз тое, што застаўся бабылём. Любіў пасмяяцца, умеў пажартаваць і пакпіць.
Ростам быў невысокі, ніжэйшы за мяне. Hoc — як упор у гэбліку, а пад носам — добрыя пышныя вусы. Валасы каштанавыя, даўгія, крыху хвалістыя, вочкі невялічкія, карыя.
Працавіты чалавек!
Мы з ім пад адной коўдрай спалі. Бывала, ён просіць: «Пачухай мяне!» Я цёр яму спіну зрэбнаю каструбаватай кашуляю. Ён толькі сцепаецца ад задавалення і ўсё падахвочвае: «О, добра! О-то-то-то!»
Вольнаю хвілінаю ў зімовыя вечары дзядзька Антось дурэў і забаўляўся з намі. Быў у яго ўлюбёны вершык:
Ішоў чамборык Цераз панскі дворык, Знайшоў малаток і тапорык. Рог ці качан?
Калі мы адказвалі: «Качан!», дзядзька працягваў:
Я кажу: качан, Ты кажаш: качан, Я зноў пачаў: Ішоў чамборык Цераз панскі дворык, Знайшоў малаток і тапорык. Рог ці качан?
Як толькі хто-небудзь абзываўся: «Рог!», дзядзька адразу ж падхопліваў:
Ідзі за парог!
Даводзілася ісці ў халодныя і цёмныя сені, бо захоплены гульнёй дзядзька строга патрабаваў прытрымлівацца правілаў: не выйдзеш — сам выставіць. Стане пад дзвярыма і пачынае:
Прыбег чамборык На родны дворык, Прасіў маму і тату...
Той, хто быў у сенцах, мусіў адказваць:
Пусціце ў хату!
Дзядзька азіраў усіх прысутных і пытаўся:
Чамборык дрыжыць, Пусціць ці хай назад бяжыць?
Тут ужо ўсё залежала ад нашага настрою. Мы маглі крыкнуць: «Назад!» Тады дзядзька рабіў журботную міну, нахіляўся да дзвярэй і, прыклаўшы далоні да вуснаў, громкім шэптам абвяшчаў:
Ідзі назад, Табе дом не рад.
Іншая справа была, калі мы схіляліся да літасці.
Найчасцей маці, баючыся, каб выгнаны за дзверы не застудзіўся, патрабавала: «Пусціць». Дзядзькаў голас лагоднеў, ён прачыняў дзверы:
Сказалі: пусціць, Хай на печы сядзіць.
Амнісціраваны падаваўся за комін, а гульня працягвалася да таго часу, пакуль мы ўсе не перабіраліся на печ. Апошні ўзлазіў туды дзядзька. Кожны раз мы распытвалі ў яго, хто такі гэты таямнічы чамборык? I амаль заўсёды дзядзька тлумачыў па-рознаму. Сёння чамборык быў корань расліны, выварыўшы яго, можна выдубіць аўчыны на кажух. Цераз тыдзень корань рабіўся чалавекам, які ўмее віць з канапель моцныя павады (чамбары) да аброцей. А яшчэ праз нейкі час чамборык ператвараўся ў сам гэты повад.
I мне вельмі падабалася апошняе: повад ажыў, адвязаўся ад аброці і, худы, даўгалыгі, на тонкіх нагах, пайшоў з тапаром шукаць бацькавай хаты. Гэта было і цікава і трохі страшна. А дзядзька падбаўляў страху, расказваючы на печы розныя дзівосы, пасля чаго ўжо нікога з нас нельга было выбавіць з хаты ні просьбаю, ні паскам.
«Жылі ў адным сяле дзед і баба,— дзядзька часцей за ўсё пачынаў так.— Былі яны абое старыя, часта сварыліся, і дзед усё гразіў бабе: «Ты мяне ў магілу ўгоніш, але ж і я табе спакою не дам».
Нейк пад восень памірае дзед. I што ты думаеш, як пачалі яго адпяваць, дык ён расплюшчыў адно вока і міргнуў на бабу. Тады ўсе зразумелі, што ён з нячыстай сілай знаецца.
Прыйшлі людзі з могілак, памянулі нябожчыка і збіраюцца разыходзіцца, а баба плача, галосіць, каб хто застаўся з ёю ноч перабыць. Падахвоцілася адна маладзіца, засталася. Толькі палеглі яны — чуюць, нехта шворыцца пад акном. Маладзіца зірк — аж стаіць дзед і губамі шаволіць: «Ідзі дамоў, а я задушу сваю бабу. А не пойдеш — тое самае і табе будзе».
Запалілі яны грамнічныя свечкі перад абразамі і моляцца. А дзед стаіць за акном і зубамі скрыгіча. Сяк-так дабылі да раніцы, і мусіла баба перабірацца да дачкі ў другую вёску.
Хата стаяла забітая, пакуль не атаўбаваўся ў ёй прышлы салдат. «Я, кажа, самога фельдфебеля ў войску не баяўся, a што мне той ваш дзед». Лёг салдат спаць — чуе: ноччу нехта шыняля з яго цягне. Стаіць каля лавы стары і гаворыць: «Аддай шыняля, a то цяпер зіма, холадна голаму ў зямлі ляжаць». Пачалі тузацца: салдат цягне сабе, дзед сабе. На шчасце, заспяваў певень, і дзед знік без следу.
На заўтрашнюю ноч салдат падрыхтаваўся сустрэць госця. Завастрыў асінавы кол і паклаў каля сябе, а ў куток насыпаў галак мелу і на кожнай крыж вугалем намаляваў. He паспеў змружыць ён вочы — з’явіўся дзед, зноў за шыняля хапаецца. А салдат — хоп галку мелу ды яму ў грудзі. Застагнаў дзед, кінуўся да прыпечка, дзярэ кіпцямі цэглу — ды ў салдата, ды ў салдата. Так і шпурляюцца: салдат галкаю, а дзед цаглінаю. Усе вокны павысаджвалі, сівер дзьме, а салдату горача. Нарэшце падхваціўся ён ды як жарне дзеду галкаю паміж вачэй. Той пахіснуўся і наўцёкі, а салдат дагнаў ды калом паміж крыл. Псюрыў яго да самай магілы, а там убіў кала ў грудзі... I ціха стала ў сяле».