Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Больш за ўсё турбавала дзядзьку тое, што на новым месцы была няўробленая, недагледжаная зямля. Леснікам не хапала часу займацца гаспадаркай, не меў яго бацька, як і яго альбуцкі папярэднік. Усё ж і на кепска ўзвернутым разлогу або на паднятых бабскай і дзіцячай сілаю лядах леснікі збіралі са сваіх дзялянак дабраватыя ўраджаі. У такім кірунку і вёў мой бацька размову з Антосем.
«Не гаруй,— казаў ён,— ты толькі вокам кінеш, а калі пальцам кіўнеш, тая зямля працу акупіць».
«Ага,— не здаваўся дзядзька,— а на гэты ўчастак колькі сілы ўтрубілі! I пакідай цяпер чорту лысаму».
«Абжывёмся, і там тое самае будзе»,— суцяшаў бацька.
Аднак і сам не мог саўладаць з падступаўшай пад сэрца гаркотай: чалавек не належаў сам сабе. Кожную часіну маглі падняць, перакінуць, a то і зусім пазбавіць хлеба і даху.
Гэтыя пярэбары, відаць, і з’явіліся тым рашучым пунктам для нашай сям’і, калі мужчыны гатовы былі вылузацца са скуры, каб толькі жыць на ўласнай зямлі.
Пераходзіла гэта імкненне і на нашы дзіцячыя душы, але наўрад ці свядома. Пераезду ў Альбуць мы, дзеці, былі рады і хадзілі ўподскакі. Новае месца, блізка школа, будзе большая кампанія, стане весялей.
Нібы ідучы насустрач нам, а можа, каб хутчэй адхінуць маці і Антося ад жалю і смутных разваг, а яшчэ пэўней — таму, што тэрмін для пераезду быў вызначаны кароткі, бацька не марудзіў. Неўзабаве на нашым дварэ стаялі запрэжаныя фурманкі з хатнім дабром. Мужчыны, як і водзіцца на ад’ездзе,
крыху выпілі, забыліся на сваю бяду і пабадзёралі ці хацелі здавацца бадзёрымі.
Калі коні рушылі з месца, маці забегла апошні раз у хату і схавала нешта на покуці. Я падгледзеў гэта і цікаваў, каб як астацца ад воза і забраць схаванае. Мне ўсё здавалася, што там пакінуты грошы. Ажно гэта быў кавалак хлеба з соллю. Каб душы памёршых сваякоў мелі што пад’есці, пакуль не з’явяцца новыя гаспадары. Да таго часу душы не маглі пераляцець на нашу новую сядзібу. Так мне потым растлумачыла сама маці ў Альбуці.
«I дзедава душа будзе лётаць сюды карміцца?» — запытаў я.
«Будзе, сынок».
Я паверыў і пры вячэры адкладаў пасоленую лустачку на спажыву дзеду. Так мне хацелася хоць трохі перапрасіць дзеда за тое, што пры жыцці я не слухаў яго і дражніўся з ім.
Хлеб, вядома, заставаўся некранутым і ветраў пад страхою, аж пакуль не высыхаў на сухар.
Нейкая галодная душа — мыш ці верабейчык — аднойчы забрала пакладзены мною асушак. Аб гэтым я ў той жа момант паведаміў маці.
«А ў нас сягоння дзед быў!» — сказаў я з таямнічым выглядам.
«Ці ж ты яго бачыў?»
Я расказаў, што адбылося. Маці пасміхнулася.
«Праўда, мама».
«Можа, і праўда»,— сказала яна.
Падпільнаваць, калі дзед з’явіцца па хлеб, падахвоціліся яшчэ Алесь і Уладзя. Але, вядома, засыналі, і мы вельмі смуціліся, папракаючы заспаўшага вартаўніка, калі выпадкам не знаходзілі хлеба на месцы.
Летам мы клалі скарыначкі пад страху, а ўзімку каля сенечных дзвярэй за касяк. Там і ўдалося мне аднойчы ўбачыць здаравенны пацучыны хвост. Я прыціснуў яго палачкаю, пацук піснуў і, высадзіўшы са шчыліны галаву, кінуўся наўцёкі. Ці то гэты піск здаўся мне падобным да дзедавага голасу, ці, можа, вочка тое напамянула зласнаваты позірк старога, адным чынам, я траха не самлеў ад страху. Затое ўсю зіму расказваў, палохаючы меншых дзяцей, што бачыў дзеда.
Класці хлеб нам болей не дазволілі, дый я сам не рызыкнуў бы зрабіць гэта.
— Альбуцкая хата сапраўды была благая. 3 дзіравай страхою, апушчаная, нейкая падслепаватая. Выглядала яна як бабулька, што стаіць, успёршыся на кіёк. Многа сілы палажыў дзядзька Антось, каб давесці яе да ладу. Пасля ўзяўся за панадворак, абгарадзіў усю сядзібу.
А тут наша хата ўзяла дый згарэла. Пажар гэты я добра помню, бо я адзін быў пры маці і нічога людскага выхапіць з агню мы не змаглі. Перабраліся ў зямлянку і жылі ў ёй, пакуль не ўлезлі ў новую хату. А будавалі яе за сабачыя грошы.
Двое сабачак у нас было: Галас, рыжы самаадданы дварняк, і Тэпця, малая, крываногая, у рудых акулярах, сучачка. Такса, відаць. Яна лоўка знаходзіла норы. За шкуркі тхароў і нарыц, якіх павыпорвала Тэпця, і была пабудавана новая хата. Дзядзька Антось так і казаў: «Тэпціна хата».
Тэпця на кожную дзічыну давала асобны голас. Асабліва злосна і неяк прарэзліва тонка брахала, пакалоўшы морду аб вожыка, і аж канчалася, унюхаўшы вужа або гадзюку. Счуўшы адчайны брэх свае напарніцы, Галас ляцеў як страла і, злаўчыўшыся, разрываў гадзіну напалам. Здаралася, гады кусалі нашу Тэпцю. Колькі разоў мы ўжо думалі: здохне. Прыйдзе ў двор апухшая, тоўстая, як мех з сечкаю. Павішчыць, павішчыць і сыдзе з дому.
Гэта ў жывёл звычка такая: паміраць наводшыбе, каб не загнюшваць свайго лагва. Так гаварыў дзядзька Антось, і мы ўжо дзесяць разоў аплаквалі разумную жывёліну. А глядзіш — дзён праз тры вяртаецца. Худая, але вясёлая.
«Дзе ты была, Тэпцечка?» — абступаем мы яе, несучы падмацунку.
А яна стаіць, віляе хвосцікам, ежы не бярэ, хоць сліна капае ад галадоўлі, і тонка-тонка павісквае.
Дзядзька Антось смяецца і аж вочы жмурыць ад радасці, што вярнулася яго спадарожніца ў паляванні.
«Гэта яна,— кажа,— у Вільню ездзіла, да сабачага прафесара».
А Галас клаўся насупраць Тэпці: галаву на лапы, гаўкае раз-поразу і падсоўваецца на чэраве бліжэй, перабіраючы
лапамі, каб яе зачапіць. Калі ўрэшце Тэпця звяртала ўвагу на такія манеўры і падбягала, каб лізнуць яго ў нос або лёгенька скубянуць за вуха, Галас, усхватваўся і пачынаў з брэхам лётаць наўкол нас, а пасля, забіраючы ўсё болыпыя кругі, і наўкол сядзібы.
Вось якая дружба бывае. Мне не часта здаралася бачыць, каб людзі гэтак радаваліся ад сустрэчы. Дзядзька гаварыў, што Тэпця сама сябе лячыла. Травою. А ты заўважаў, як сабакі траву ядуць?
Канстанцін Міхайлавіч, не даслухаўшы майго адказу, працягваў:
— Гэта яны робяць, калі ўпэўнены, што ніхто не назірае. Падыдзеш. бывала. бліжэй, каб лепш тую травіцу разгледзець, а Тэпця хвосцікам віль-віль і адбяжыцца. Адвядзе ад свайго лякарства.
— I вось дарэчы: пра народную медыцыну. У той час, пра які мы з табою гавэнды гавэндзім, не было тае хаты, каб не вёўся ў ёй свой запас лекаў. Крываўнік — ад жывата, ліпавы цвет — ад прастуды, тапалёвыя пупышкі — ад кашлю, і наогул іх, запарыўшы ці настаяўшы на гарэлцы, людзі слабыя на грудзі пілі дый раны залівалі такою настойкаю. Гатункаў дзесяць сухіх зёлак кожная гаспадыня трымала ў каморцы, пазвязваўшы ў пучкі ці напакаваўшы ў торбачкі. Ты чаго смяешся, Гарадзецкага ўспомніў, ці што?
С. М. Гарадзецкі сапраўды заядла прапагандаваў лячэнне травамі. Пры кожнай сустрэчы ён прапаноўваў Канстанціну Міхайлавічу новы сродак: то кмен, але абавязкова вераснёўскага збору, то корань аеру як найлепшы дэзінфектар і танізатар і багата чаго іншага. Варта толькі было абазвацца, што ты на нешта хворы, як Сяргей Мітрафанавіч называў сродак і прозвішча чалавека, каму гэта памагло.
Колас ставіўся да парад свайго даўняга сябра даволі скептычна, але травы купляў, хоць пакецікі з імі заставаліся нярушаныя.
— А ты паспрабуй сваімі сродкамі палячыцца,— дабрадушліва параіў ён Гарадзецкаму, калі той аднойчы жаліўся на нездароўе.
— Я запісаўся да...— Гарадзецкі назваў прозвішча віднага маскоўскага сардэчніка.— А потым пайду да...— тут было названа не меншае гамеапатычнае свяціла.
Колас не мог схаваць усмешкі. Пабачыўшы гэта, Сяргей Мітрафанавіч паправіўся:
— Дактары самі сябе не лечаць. Гэта закон. Так і я...
Канстанцін Міхайлавіч часта прыгадваў гэты выпадак і зараз меркаваў, што тое самае ўспомніў і я. Давялося тлумачыць:
— Вы, дзядзька Якуб, смешны зварот ужылі: гавэнды гавэндзіць.
— А гэтак шляхту дражнілі. Правільней сказаць, беларусаў каталіцкай веры, якія праз гэта лічылі сябе палякамі. Цэлы тыдзень працуе такі шэршань поруч з так званымі мужыкамі, гной разбівае ці снапы возіць. I гаворыць, і лаецца чыста па-беларуску. А ў нядзелю, выбіраючыся ў касцёл, раптам пачынае, як у нас казалі, польшчыць: устаўляе ў гаворку пятае ці дзясятае польскае слова, дый то перакручанае. I, заходзячы ў хату, не дасць «дзень добры», а абавязкова «пахвалёны Езус» ляпне.
Сыдуцца два такія недапанкі і пачынаюць:
«Як пан здровы?»
«Ніц собе, але спіна баліць».
А сяляне смяюцца, кажуць:
«О, ужо распачалі гавэнды гавэндзіць».
I дражняць шляхцюкоў, гудучы цераз зубы: б-з-з-з-з!
Канстанцін Міхайлавіч вельмі падобна паказаў, як бзыкаюць шэршні. Потым растлумачыў, адкуль узялася мянушка:
— Шляхта сялілася невялікімі пасёлкамі, засценкамі, далей ад мужыцкіх вёсак. Так, як шэршні гнёзды вілі. У гаворцы больш шыпячых ужывалі. Дый такі куслівыя яны былі, фанабэрыстыя.
Раскажу адзін выпадак, толькі, можа, запісваць не трэба. He вельмі прыстойна. Прыехаў да гэткага шэршня ксёндз. Гаспадар водзіць яго па сядзібе, дабро паказвае і за кожным крокам брыдкімі словамі лаецца. Ксёндз скрывіўся і зрабіў заўвагу:
«Ты, каханы, жывеш заможна, але бардзо груба мувіш».
Гаспадар папрасіў прабачэння і сказаў:
«Ну, то я паклічу брата, ён ценька мувіць».
I гукнуў:
«Іван! Ідзі сюды, цябе ксёндз хоча бачыць».
Тады аднекуль здалёк абазваўся тонкі прарэзлівы голас:
«А ідзі ты к нябожай мацеры з сваім ксяндзом! Няхай ён перагнецца ды пацалуе сам сабе і табе, калі мае ахвоту...»
Канстанцін Міхайлавіч ледзь прыкметна ўсміхаецца:
— От табе і шляхецкая далікатнасць!
— Выбачайце, дзядзька Якуб, перабіў ваіпу думку,— кажу я, хочучы дазнацца, да чаго ён кіраваў размову спачатку.
Адчыняюцца дзверы. Прыйшла дзяўчына, сакратарка з Акадэміі навук. Заўтра пасяджэнне прэзідыума. Канстанцін Міхайлавіч праглядае парадак дня.
— Восем пытанняў! — уздыхае ён.— Калі перастане балець галава, прыйду.
Мы застаёмся сам-насам. Канстанцін Міхайлавіч зноў бярэцца за прынесеную паперу.
— Вось глядзі: даклад Інстытута торфу, далей — меліярацыі... I так кожны тыдзень. Ніяк не магу нікому ўтлумачыць, што нашы тарфянікі павінны перабрацца непасрэдна на тарфянішчы, а меліяратары — на балоты. Там працаваць і зрэдку рабіць даклады...
А мы ўсё цікуем так, каб саймаваць у чатырох сцепах ды яшчэ і дзверы шчыльней зачыніць. Ці не мінуліся тыя часы, калі навука пад шкляным каўпаком сядзела? Так жа і задыхнуцца нядоўга.