Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Мне падабалася такое тлумачэнне. Некалі на месцы Нясвіжа было гарадзішча крывічоў, недаступнае для заваёўнікаў. Аўладаць ім ніхто не мог, не ўдавалася заслаць лазутчыкаў — віжоў Падкупіць на гэтую ролю каго-небудзь з абаронцаў таксама было нельга. «Несть віж!» — няма віжоў, казалі тады. Два словы зліліся ў адно і сталі назваю. Калі мае таварышы і выдумалі гэтую гісторыю, дык зусім верагодна.
Народ мала абыходзіла назва, ён бедаваў у песні аб тым, што кепска жыць:
He даваліся Кішку
Мы ў шырокую кішку, А князь Радзівіл нішкам Нас глынуў разам з Кішкам.
Гэта складзена пра пераход Нясвіжа ад роду Кішак ва ўладанне князёў Радзівілаў. I пачатак добрай прымаўкі пра тое самае помню: «Кішка без дна, ды была адна». Далей гаварылася, што ў Радзівілаў ненаедных кішак безліч было. А вось, мусіць, самая ўдалая прыпеўка:
Калі правілі Кішкі,
Выдзіралі нам кішкі, А прыйшлі Радзівілы — Рвуць і кішкі і жылы.
Семінарыст К., потым яго выключылі за непаспяховасць, нават матыў да яе падабраў. Ен быў выдумшчык і бажыўся, нібы так спяваў сам Сымон Будны, калі падпіў, замочваючы выхад свайго Катэхізіса ў Нясвіжы.
— Залазіць самому ў гісторыю ахвоты не было, не хапала і часу. Вучыцца, асабліва на першай пары, даводзілася многа.
He зразумееш якога-небудзь тлумачэння, глядзіш у падручнік і адчуваеш сябе як у цёмным лесе.
Але маё навучанне штурхалі ўперад тры рэчы. Першнаперш — уласнае самалюбства. Як гэта я магу атрымаць двойку, а сусед па лаўцы аграбае пяцёркі. Потым — кожны з нас баяўся, каб не зволілі, калі пачнеш адставаць. Прыдраўшыся да выпадку, выкідвалі і здольных хлопцаў за іх яршыстасць.
Самае галоўнае, што ў мяне пакрысе пачало абуджацца замілаванне да выбранай прафесіі. Мне было ўсё роўна, куды паступіць, абы вучыцца, бо ведаць заўсёды хацеў пабольш. Я пачаў па-сапраўднаму старацца, калі ўбачыў магчымасць прыкласці і перадаваць свае веды.
Паспрыялі гэтаму таварышы, сярод іх былі сапраўдныя энтузіясты настаўніцкай справы. На такі троп стаў узыходзіць і я. Разважаў наіўна, але недзе і правільна. Скончу семінарыю, атрымаю школу, вывучу некалькі соцень чалавек. Сярод іх знойдуцца такія, што праслепяць столькі ж сама невідушчых вачэй. I мае таварышы, аднакласнікі, будучыя настаўнікі, не менш зробяць.
Сіла! Ею ўжо тое-сёе можна падважыць. I пераменіцца ўсё наша жыццё. А што падважваць і мяняць жыццё трэба — мяне пераконвалі вясковае гібенне і нягоды нашай сям’і.
Рабілі сваю справу і гаворкі семінарыстаў. He ўсе мы і не адразу зразумелі, куды кіруецца наша выхаванне. У нас зводзілі на нішто асобу. 3 раніцы да вечара ўсё адно: Бог і цар, цар і Бог. Адзін на небе, другі на зямлі, роўны Богу. Але Бог надакучыў нам з маленства, а ад цара ніхто нічога людскага не бачыў. Вынікалі пачуцці, непажаданыя і Богу, і цару, а найбольш нашым выхавальнікам.
Мітрапаліт Філарэт з яго «Начертаннем церковно-бнблейской нсторнн» нам згадзеў Мы ненавідзелі і яго, і яго кнігі самай чорнай нянавісцю. Гатовы былі расправіцца з «Начаткамі» па ўзору майго брата Алеся і злажыць віну на пацукоў, бо катоў у семінарыі не было.
Прыпомніўшы эпізод з «Новае зямлі», Канстанцін Міхайлавіч паглыбіўся ў развагі. Відаць, перад ім узнавіўся час, калі ўяўленне непакоілі незабыўныя малюнкі маленства,
выклікаючы яшчэ не акрэсленае і не ўсвядомленае памкненне даць ім форму, замацаваць у слове.
Ен адсунуўся ў куток канапкі, да балконных дзвярэй, успёрся локцем на падушку і сядзеў нерухома, не адрываючы вачэй ад верхавін маладога саду і клубястых воблакаў, што раіліся, даганялі адно другое і адплывалі з поля зроку.
Сядзеў, стараючыся не варушыцца, і я. Мінула з паўгадзіны.
Канстанцін Міхайлавіч не змяняў паставы, не абзываўся. Можа, яму стала блага? Але гэтая трывога зараз жа развеялася: грудзі яго падымаліся лёгка, правая рука пачала адстукваць такт, потым знайшла левую, і пальцы скрыжаваліся. Аднак усё гэта рабілася як быццам у сне, у рухах не было пэўнай выразнасці. Так чалавек спрасонку абганяе з твару дакучлівую муху ці пераварочваецца на другі бок.
Рыпнула крэсла — я неасцярожна ўспёрся на спінку. Канстанцін Міхайлавіч падхваціўся на ногі і падняў на мяне адсутныя вочы.
— А-а, і ты тут. Я не чуў, калі ты зайшоў.
Ён зараз жа адмахнуўся рукою ад гэтых слоў, варочаючыся ў сцены свайго кабінета, да не так даўно перапыненай гаворкі.
— Выбачай. Я зараз зрабіў падарожжа на паўсотню год назад. Сядзеў у семінарскім класе і рашаў трудную задачу. no634 хлопцы пацеюць: адзін язык на губу палажыў, другі нос у атрамант упэцкаў. Лычкоўскі за настаўніцкім сталом цікуе: хто першы знойдзе адказ і пачне пасылаць шпаргалкі. А з задняй лаўкі нехта кулаком пад рабрыну совае: «Стары, давай рашэнне!»
Канстанцін Міхайлавіч пацёр левы бок, нібы яго сапраўды штурхнулі кулаком.
— Галоўнае — так усё добра бачыў! Партрэт Ламаносава на сцяне, усіх семінарыстаў на звыклых месцах. У некаторых гузікі ў каўняры расшпілены ад натугі. Быццам перада мною кіно круцілі: толькі я не збоку наглядаю, а і сам дзейнічаю.
Выйшаў на балкончык, паглядзеў на загусшыя хмары, нібы дапэўняючыся, дзе ён зараз, скончылася ці не ягонае сненне.
— Шкада,— загаварыў, зноў сеўшы на канапку.— Наша ўяўленне можа адкручвацца толькі назад, паказваць тое, што было. Лепей бы ўяўляць яшчэ нябачанае. Колькі ўдалых кніг можна было б напісаць! Абы навучыцца ствараць характары і абставіны сілаю душэўнага зазірку наперад. Мне страчаліся такія спробы.
— He, не Уэлс.— Ён зрабіў адмаўляючы рух, пачуўшы названае мною прозвішча фантаста.— Чаго добрага, яшчэ Жуль Верна ўспамянеш. Я не дабраў смаку ў творах Уэлса. Праўда, чытаў яго ў сталым веку. А ўражанне такое: паскрабі Уэлса кіпцем, адстане нязвыклая шалупінка, і далей пойдзе тое, што бачыў, ведаеш. А падробка пад нязнанае ўмелая.
Я думаю пра Аляксандра Грына. Яго летуценнікі, іх нястрымная ўява — гэта ўжо нешта спрэс новае. I вось што цікава: як прачытаў у яго першы сказ — адразу музыка. Нейкі інструмент мяккі, грудны, з кропелькай патайнай трывогі. Як альтовая скрыпка. Гучыць лагодна, а потым устурбуецца. Павядзе цябе на гару, прымусіць зірнуць у прорву, пагрэе на сонцы і апырскае халоднай вільгаццю. Я ў Грына моцна надыхваюся марскога ветру, грудзі ходзяць, як у дваццаць гадоў. Чытаў ты яго?
Цяжка было не здзівіцца, што Канстанціну Міхайлавічу мог запомніцца аўтар «Пунсовых ветразей», такі далёкі ад яго манеры.
— Якраз таму і падабаецца. От паглядзі. Моладзь, і даўней і цяпер, прысмоктваецца да Дзюма. Думаеш, прыгоды мушкецёраў вабяць? He, далечыня таго жыцця. Вядома, каб кепска было напісана, не чыталі б. A то які-небудзь Мазарыні такі выразны, хоць аблай яго ды па мордзе дай.
Пераказваю Коласу, як я падслухаў у трамваі размову двух школьнікаў. Адзін перадаваў другому змест «Трох мушкецёраў». «Тады,— захліпаючыся ад захаплення, гаварыў чарнявы малы,— тады ён схапіў шпагу...» — «Хто?» — перапытаў другі хлопчык. «Атос, самы старшы мушкецёркін...»
Канстанцін Міхайлавіч разрагатаўся.
— Твардоўскаму гэта павінна ўпадабацца. Васіль Цёркін выціскае Атоса і Партоса. Слаўна! А сустракаў ты ў Грына такое апавяданне?
Ён нагадвае змест «Барацьбы са смерцю». Цяжка хворы, па твары і паводзінах доктара, па робленым смутку паналятаўшых на дзяліцьбу спадчыны сваякоў, зразумеў, што ён асуджаны. I вырашыў супраціўляцца.
Ноччу ўстаў і, хоць падаў і некалькі разоў млеў, апрануўся. Потым, перакульваючы крэслы, дапоўз да буфета, выпіў нагбом бутэльку каньяку, выбраўся на двор і акунуўся ў басейн з ледзяною вадою. 3 не меншымі цяжкасцямі прарабіў шлях да ложка, паўтарыў дозу алкаголю, лёг, навярнуў на сябе ўсе коўдры і вопратку і страціў прытомнасць.
Раніцаю доктар канстатаваў агонію. Сваякі пачалі заломваць рукі, плачучы ад радасці. I тут хворы прачнуўся, зірнуў на іх светлымі вачыма і крыкнуў, каб цягнулі есці, далі пірага, віскі — «усяго і многа».
— Калі чалавек хоча жыць, дык будзе жыць. Толькі трэба стаць паўзверх свае часовае слабасці. Грын не перакладаўся на нашу мову? Дарма. Я гэтае апавяданне ўключыў бы ў школьныя чытанкі.
Ледзь прыкметная сцежка ў лесе поблізу Балачанкі. Старая хвоя разгалінавалася ў два бакі, тоўстыя лапы вычварна выгнуліся, утварылася нешта падобнае да пастаўленай канцамі ўгору дугі. У развіліне сядзіць Канстанцін Міхайлавіч, у нагах у яго кошык, амаль пусты.
Гэтакі кадр потым удалося зняць для фільма «Народны паэт».
— Маё крэсла, можна змясціцца ўдваіх,— ён трохі падсоўваецца.— А там яшчэ лепш,— кажа ён, наглядаючы, як я ўмайстроўваюся, адкідаючы шышкі з падсохшай, выветралай гліцы,— Толькі, можа, сыравата, каб не застудзіўся. Добра тут. Яшчэ б столік на адной ножцы, можна прыязджаць пісаць.
Ён змаўкае. Верхавіны шумяць мякка, супакойваючы. Ветрык пераганяе нагрэтае паветра дадолу, надзімае кашулю, высушваючы пот. I ад гэтага шум хвой здаецца таксама цёплым.
Першыя пагодныя дні вясны.
Мы збіралі смаржкі, цяпер у грыбнікоў часінка перадышкі.
3 недалёкага парасніку на балотцы абзываецца птушка.
Канстанцін Міхайлавіч прыслухваецца:
— Захаладае. «Слесар» паслугі прапануе: ці не трэба паравое ацяпленне правяраць?
Ён прыкмеціў гэтую птушку і ацаніў яе прароцтвы, наязджаючы ў Дом творчасці ў Каралішчавічах. I ахрысціў яе па-свойму — «слесарам». Вельмі ж звонка і няспынна паўтарала яна, вымаўляючы зусім па-чалавечы, сваё птушынае слова: «Вінцім-вінцім-вінцім».
— Я часамі прыеду сюды, сяду, задумаюся... Ахамянуся, а ўжо вечар сонцу падміргвае. Гэта семінарыя стукаецца, напамінае, што менш за ўсё пра тую пару напісана. Правалы ў свядомасці, вось як тады,— Канстанцін Міхайлавіч мае на ўвазе нядаўні выпадак у кабінеце,— пачаліся ў мяне якраз з семінарыі. Я адбываў у «стан іёгаў» — гэтак смяяўся Самахвал, мой будучы Тукала. Я задумваўся і застываў, утаропіўшыся ў кніжку. Бары, лясныя дарожкі, наша хата, светлае лона Нёмана — аж туды перакідвала мяне думка. Выразна чуў стук тапара ў лесе, здаецца, ён усё глыбей уядаецца ў камель, я ўсхватваюся з месца і адскокваю ўбок, каб не зачапіла, падаючы, падсечаная хвойка.
Знікне гэтае зданне, і я ўжо як быццам боўтаюся ў азярыне, дастаю рыбу з сеткі. Акуні. Луска слізкаватая. Рукам робіцца холадна, я пачынаю абціраць іх аб порткі, нібы і сапраўды ў сетцы корпаўся.