Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Бацька некалькі разоў так пра смерць загаворваў. Прадчуваў, што доўга не пацягне. Тады адваліў ён мне срэбны рубель. Хацеў, мусіць, даць менш, доўга перабіраў драбязу ў калітцы. Ганарар на тыя часы немаленькі, асабліва для пачаткоўца. Я і пазней з ахвотаю аддаваў бы вершы за такую цану. Але ад таго бацькавага рубля да першага ганарару прыйшлося папачакаць. Толькі за «Родныя з’явы» атрымаў сотню рублёў. У дзве ці ў тры раты...
За ўзбярэжным сасоннікам бліснула істужка вады.
— Нарач?
— Пакуль што Баторын, дзядзька Якуб.
Ен вылез з машыны, паглядзеў на акаймаваныя чаротам і сітнягамі берагі.
— Гразка тут. Мусібыць, ракаў многа. Ведаеш, як іх ловяць? Вазьмі глыбокі кош і ўвяжы шпагатом на самым дне кавалак мяса. Такога, каб пах быў чуцён. Стаўляй тады кош у зацішное месца каля берага. За гадзіну наспаўзаецца поўна ракаў. Самых вялікіх. Ніводнага меншанькага не пусцяць.
Мінуўшы Мядзель, паехалі берагам Нарачы. Усе гэтыя дваццаць кіламетраў Канстанцін Міхайлавіч праседзеў моўчкі. Усхвалёваны подыхам вялікае вады, ён глядзеў на зеленаватасінюю разлегласць з белаю выпушкаю перадвячорных хваль, на ледзь значны ў смузе процілеглы бераг.
Пасля вячэры, у вастраватым і лёгкім змроку заасянеўшай начы, седзячы каля кастра, ён прамовіў, нібы ў адказ на вясёлую Танкаву ўсмешку:
— Хітры ты, Максім! Ведаў, дзе нарадзіцца.
Ён гаварыў з намі, усцешаны прасторам вялікага спакою і цішыні. I ў голасе чулася засмучэнне, што пазнавата паказала яму родная зямля гэтае дзіва, можа, найлепшае з свайго немалога хараства.
Мы даўно ўжо ў Мінску. Але не-не дый успомніцца падарожжа. Ад таго часу Канстанцін Міхайлавіч прыязджаў на Нарач кожны год. Палюбілася крынічка са сцюдзёнай і салодкай вадой, што бегла ў возера, прабіўшы бок пясчанага ўзгорка, чысты шчыры бор, дзе ніхто ніколі не сустрэў ніводнага гада, лагодныя размовы прыдрамаўшай хвалі на дробным светлым пяску.
Ціхая любасць тачылася з яго вачэй, калі пасярэдзіне возера, на роўнай з марскою глыбіні, нас захапіла навальніца. Чорныя вагары ўставалі ў рост чалавека і хвасталі, пераліваючыся цераз борт вялізнага рыбацкага кацера. Кацер то ўзлятаў угару, то раптоўна правальваўся ў прорву.
Спалоханымі галасамі абазваліся нашы спадарожніцы — жанкі. Стала страшна і не жанчынам.
Нашы трывогі не зачапілі Канстанціна Міхайлавіча. Ён сядзеў спакойна і, здавалася, як заўсёды, радаваўся сліпуча сінім пісагам маланак, цяжкім ударам грому і даўгому раскацістаму водгуллю іх на вадзе. Толькі настаўляў руку супроць асабліва буйных пырскаў, якімі няскупа залівала нас возера.
Вецер пагнаў хмары далей, ваганне скончылася. Абтрасаючы пінжак, Канстанцін Міхайлавіч дабрадушліва жартаваў з Лынькова, якога ён называў то шкіперам, то сухапутным адміралам:
— Я думаў, Міхась гэта ўсё сумысля падстроіў, хацеў мяне напалохаць. А потым бачу, ён болып, чым я, калоціцца.
Гэтая прыгода, вядома, была расказана хатнім і ўсім сябрам у Мінску.
— Час Нарач людзям аддаць. Пакуль што яна нічыя. А лепшай курортнай мясціны пашукаць трэба. Забудаваць берагі, каб можна было блізка і нядорага адпачыць. Толькі спачатку парабіць добрыя дарогі. I вада лячэбная можа знайсціся. Рукі прыкладаць пара.
3 такімі прапановамі Канстанцін Міхайлавіч звярнуўся да ўрада рэспублікі. Год ад году Нарач пачала асвойвацца і засяляцца.
— Некалі мне вельмі прыгожай мясцінай здаваўся Нясвіж,— кажа Канстанцін Міхайлавіч, адышоўшы ад нарачанскіх прыгод і прыгадак.— Падабалася возера пры замку, Паненскае. Усё хацелася дазнацца, чаму яго так назвалі. Спрабаваў дадумацца і выдумку сваю доўга помніў.
Быццам у замку жыла дзяўчына. Вучылі і выхоўвалі яе разам з князевымі дочкамі. Яна не помніла свайго роду. Маці рана памерла, а бацьку забіў князь на паляванні, калі той наганяў яму пад стрэльбу лася. Нічога гэтага дзяўчынка не ведала. Думала, што яна дачка збяднелага князевага сваяка. Так ёй гаварылі. Толькі і ў выгодзе парывала яе туга. Убачыць вясковых дзяўчат у касцёле ці пачуе, як жанчыны пяюць у полі, і затужыць.
Князь прысватаў ёй жаніха з радавітае шляхты. Сабралася панства з усяе акругі гуляць заручыны. Многа прыехала маладых паненак. Уначы дзяўчына не магла заснуць, выйшла ў парк і спалохалася. Насустрач сунулася жаночая постаць.
«Здань!» — падумала дзяўчына і хацела ўцякаць. Аж гэта была тая жанчына, што выкарміла князя грудзьмі. Звалі яе мамкаю. «Не палохайся,— кажа мамка,— я мужычка, дый ты ж не паненка. Ты родная дачка майго няшчаснага брата, што загінуў ад князевай рукі». I расказала дзяўчыне ўсю праўду. «Мае дзеткі, табе хочуць зрабіць злое: каб стала ты паняю, напладзіла панянят і аглухла да гора бедных людзей. Слухай, можа, зварухнецца ў табе мужыцкая крыўда. Няма ў мужыка другое затулы, толькі лес, поле і вада. Вось вада табе і дапаможа».
Надышла другая ноч. Заручылі дзяўчыну і перакінулі банкет на возера. Можа, сто лодак пусцілі туды. Наперадзе плылі маладая з маладым, за імі панічы з паненкамі.
На самым глыбокім месцы паднялася дзяўчына. Запляскала ў ладкі і гукнула: «Паненкі! Я навучу вас хадзіць па вадзе!» Бацька маладога буркнуў пад вусы: «Гэта толькі Пан Езус мог рабіць».
Дзяўчына глянула на яго і адрэзала: «А сёння будзе новы цуд!» Скок з лодкі і пайшла, лёгенька, на пальчыках, але ўсё роўна як па сухім. А ніхто не ведае, што дзяўчыне возера памагае, бо мамка заваражыла ваду. «За мною, панны, не бойцеся!» — кліча яна і ўсё далей ідзе.
Пачалі паненкі адна за адною скакаць у возера. Як толькі з лодкі, дык і на дно. Паны былі добра паўпіваўшыся, кінуліся на ратунак і самі сталі тапіцца. Толькі жаніх даплыў да дзяўчыны. Хацеў схапіць, але яна павяла рукамі і ўзляцела лябёдкаю. Пакружылася над возерам і крыкнула не птушыным, а сваім, дзявочым, голасам: «Прыйшоў звод на панскі род».
Стары князь схапіў стрэльбу, злажыўся, ды штурхнула яго пад руку мамка. Пацэліў ён не ў дзяўчыну-лебедзя, а ў свайго адзінага сына-падлетка. «Прыйшла табе, княжа, адплата за майго брата»,— паспела сказаць мамка і ўпала нежывая.
— Вось табе і Паненскае возера.— Канстанцін Міхайлавіч хвілінку перачакаў— He зусім самастойная гісторыя, крыху з фальклору пазычана. Я мерыўся ўвесці гэта ў «Сымона-музыку».
Пачалі глядзець паэму. На першым раздзеле апошняе часткі ён спыняецца.
I якіх убораў толькі
На паненках не было!
Завушніцы і пярсцёнкі
Так і ззяюць і гараць.
Як у восак, стан іх тонкі, Вочы зорамі глядзяць.
Прачытаўшы, нібыта яшчэ раз узважвае, ці правільна адмовіўся ад гісторыі пра возера.
— Яно-то было б да месца, каб паэма не набліжалася да заканчэння. Гэтая прыгода магла закасаваць ігру Сымонкі перад князем. А тут было важней, каб ён расказаў, як з дуба састрэлілі галінку з жолудам. Увесь сэнс у Сымонавых словах: «Думка ходзіць, дзе захоча». У яго ўжо спее намер уцячы...
Канстанцін Міхайлавіч крыху памеркаваў.
— Відаць, яшчэ раней трэба было брацца за патапленне. Каб дзед расказаў пра яго, калі пачуўся стук тапара ў парку. Тады ўспамін аб даўняй помсце панам перагукваўся б з новым насланнём на іх. I Сымон меў бы болей падставы прарочыць: «Гора будзе твайму дому».
Ён некаторы час маўчыць. Нялёгка расставацца з ужо гатовым, вынашаным. Але патрабавальнасць мастака бярэ верх.
— Усё ж такі не трэба. Цяжкасць не ў тым, куды наставіць паданне. Яно самастойнае, патрабуе разгорнутага расказу. Пачнеш скарачаць — будзе невыразна. А раскажы падрабязна — будзе затрымка. Так што забудзем покі што Паненскае возера. Калі яно сапраўды спатрэбіцца, дык успомніцца і цвёрда стане на месца.
— Сягоння зноў гасціў я ў юнацтве,— сустрэў мяне праз некалькі дзён Канстанцін Міхайлавіч,— Мала і глуха напісаў я пра Нясвіж, пра настаўніцкую семінарыю. Малюнкі таго жыцця ўсё часцей наведваюць мяне...
— За рыначным пляцам у Нясвіжы стаялі таполі. Яны як бы адгароджвалі семінарыю ад горада. Гэта ў пэўнай меры пасавала да характару яе. Жылі мы адарваныя ад свету, ледзь не пад замком.
«Каб хутчэй як вырвацца з гэтага чортавага калегіума!» — пад злую руку гаварылі мы, I, відаць, нездарма. Многае ў нашым выхаванні супадала з прыёмамі колішняй езуіцкай школы. У Нясвіжы брацці-езуіты доўга такі калечылі маладыя душы. Нешта падобнае рабілася з намі. 3 другога боку — семінарыя з’яўлялася нібы продухавінай. Куды япічэ маглі падацца сялянскія дзеці?
Быццам кроплі са страхі, прадзяўбала нам мазгі розная непатрэбшчына. Паспрабуй вось завучы такі кавалачак.
Канстанцін Міхайлавіч, пасмейваючыся, чытае на памяць:
«Заснм вскоре должны былн пронзойтн состояння: господнна, роднтеля, гражданнна н право собственностн. Все
сне как полезное н необходнмое для рода человеческого в теперешнем его состояннн без сомнення утверждено самнм Богом...»
— Забыўся далей. Пасля такой штукі самую складаную тэарэму глынеш, як пірог з макам. Я заўсёды адпачываў, калі браўся за фізіку ці геаметрыю. A то зубрыш-зубрыш, ачмурэеш, хоць на сцяну лезь. Тады выручаў Алесь Сянкевіч. Грымне сваім густым голасам, яго так і звалі — Бас: «Адчыняй дзверы з курнай хаты! Прасвяжы чарапы, божыя сабакі!» Гэта была каманда курыць. Мы смяяліся і ішлі выганяць туман дзяшоваю табакаю.
— Божыя сабакі? — Канстанцін Міхайлавіч адказвае на маё запытанне.— Папярэдніцай нашай семінарыі некаторым чынам была дамініканская школа2. У ёй, па-мойму, Сыракомля вучыўся.
— Так і мінала наша жыццё за заслонаю таполяў. Галоўны ўваход у семінарыю быў з плошчы. На дварэ змяшчаліся кватэры дырэктара і настаўнікаў і наш студэнцкі інтэрнат. Семінарыя мела два сады. Адзін пры самым вучэбным корпусе, а другі — насупраць інтэрната, цераз вулачку. Сад гэты быў абгароджаны мураванаю сцяною.
На свята іом-кіпур богабаязныя арандатары саду маліліся, каб адхіліць з’яўленне нячыстай сілы. Семінарысты, пагрукаўшы ў сцяну каламі, як тараном, ішлі на прыступ. Лезлі ў сад і ўчынялі рабунак. Адзін толькі К. навалакаў у інтэрнат цэлыя мяхі ігруш. Высыпле на падлогу: «Частуйцеся!»
— Апраналіся мы ў семінарыі проста. He ведаю, ці можна назваць гэтую вопратку формаю. Нешта падобнае насілі і вучні каморніцкіх школ. Наверх — чорнае паліто. Шапка — чорная, аколыш сіняваты, на ім цэшка, з літарамі «УС» — «учнтельская семннарня». Мы, праўда, расшыфроўвалі гэтыя літары іначай, непрыстойна.