Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
Порткі таксама насілі чорныя, запраўлялі ў боты з напускам. А капіуля — з чырвонага паркалю, рускага крою. Так званая касаваротка.
Хто лепш вучыўся — залічалі на казённы кошт. Рублёў дваццаць з нечым прыпадала на нос у кожную чвэрць. За гэтыя грошы нас кармілі, адзявалі, куплялася папера.
Харчаваліся мы з агульнага катла. Нешта трапілася аднойчы такая паласа: якую страву ні паспытаеш — несалёная. Нехта адразу ж выдумаў, што гэта Пане Каханку ажыў і скупіў усю соль у Мінску, Слуцку і ў Нясвіжы. А мы засталіся з недасолам.
Канстанцін Міхайлавіч падрабязна пераказаў распаўсюджанае апавяданне пра Карла Радзівіла з яго ўлюбёным зваротам «пане каханку». Гэты князь, ахвотнік шырока пажыць і пакрасавацца багаццем, нібыта надумаўся ўлетку з форсам праехацца на санях.
Здабыць у гэты час снегу нават такому магнату не ставала кішэні, і дарогу ў замак густа пасыпалі соллю.
— Можа, і праўда,—дадае Канстанцін Міхайлавіч.— Звалі ж дзе-нідзе шляхту «недасолкамі». За тое, што быццам іх продкі ў часе князевага праезду панаграбалі цішком у аброчныя торбы солі з-пад палазоў. Радзівіл угневаўся: «Што, панове, не маеце чым у гаршку пасаліць?» I загадаў нашуфляваць ім той солі поўныя брычкі, каб не было дзе сесці.
Патрапала дадому шляхта пешкі за сваімі каламажкамі. I брыдка, і соль высыпаць не хочацца. А сяляне зараз жа мянушку прыляпілі: «Дома за капейку трасуцца, несалёным душацца, а соль з гасцей возяць. Чыстыя недасолкі!»
На гэтую мянушку крыўдзіўся семінарыст Міхайлоўскі. Яго брат служыў дзелаводам у нашай канцылярыі. Гэта яшчэ паддавала гонару Міхайлоўскаму. Быў ён хлопец цікавы, здольны, праўда, зубрыла і чэсталюбец. Скончыў курс першым. Меў вялікую вытрымку, не злаваўся, брыдкага слова ад яго не ўчуеш.
Аднойчы мы паспрачаліся. Я дражнюся: «Зраблю так, што ты засярдуеш і пачнеш лаяцца». «Не, не буду!» Я пайшоў з інтэрната, а хлопцам наказаў: «Перадайце Міхайлоўскаму, хай возьме ў мяне пад падушкаю паперку». А там было напісана: «Недасолак, на солі!» Міхайлоўскі прачытаў і не вытрымаў: забыўся на нашу спрэчку і аблажыў мяне на самым высокім узроўні...
«Ну і Стары! — падхвальвалі мяне таварышы.— Мы думалі, хутчэй замак абернецца, чым Міхайлоўскі зазлуе».
Потым мы памірыліся, я яго перапрасіў.
— Аднакласнікі амаль не звалі мяне па імені. Усё Стары ды Стары. Часамі яшчэ гаварылі Бацька. У нас у кожным класе быў свой Стары. Меў я тады немалую сілу. Дужацца са мной баяліся. Бывала, падыму рукі, падагну кулакі да плячэй:
«А ну, хлопцы!»
3 кожнага боку навешаецца мне на рукі чалавекі па тры. I як ні пнуцца, не могуць адагнуць мае рукі ўніз. А я толькі крутнуся, і яны пасыплюцца, хто куды.
«Слухай, Стары, а можаш ты каня пакаціць?» — пытаюцца, паўставаўшы з падлогі.
«Магу! Вядзіце яго сюды!»
«Ты б і рад! А які дурань дасць жывёліну калечыць. Пакаці лепш Лычкоўскага».
— Лычкоўскі быў нашым класным настаўнікам аж да выпуску. Прыдзіра, крыклівы, а каб сам быў развіты, дык не надта. Выкладаў арыфметыку, геаметрыю, чарчэнне. Ён прапусціў цераз свае рукі багата вучнёўскіх пакаленняў.
«Вас яшчэ на свеце не было, калі я прыйшоў у семінарыю! — стукаў ён пальцам па стале і вымаўляў па складах: — У адна тысяча восемсот семдзесят дзявятым годзе! Можаце ўявіць, колькі ёлупняў перавярнулася перад маімі вачыма. He ведаеце нічога, а запэўняеце, што ўрокі вучылі. He тыя мазгі, каб мяне ашукаць».
Калі семінарыст адказваў няправільна, Лычкоўскі гаварыў:
«Кепска».
Хлопец спрабаваў паправіцца, яго амаль не слухалі:
«Яшчэ горш».
Нарэшце, прымусіўшы разы тры паўтарыць правільны адказ, Лычкоўскі падымаў руку ўгору і агалашаў:
«О-о-о! Так!»
Здаралася, што адказам яму ніяк нельга было дагадзіць. Тады наш настаўнік глядзеў на столь, складаў набожна рукі і хрысціўся:
«Во нмя Отца н Сына...»
Аднак Лычкоўскі быў настаўнік не з горшых. Касцей не пераядаў, перабіраў толькі меру ў патрабаваннях. Хацеў, каб яго клас ішоў наперадзе.
Канстанцін Міхайлавіч спыняецца. Відаць, новы малюнак ажыў у яго ўяўленні. Ажывае і ўсмешка на вуснах.
— Чуў пра такое мястэчка — Бёздзеж? Яно часта ўспаміналася ў семінарыі. Калі хто-небудзь з семінарыстаў хітраваў, мы кпілі: «Э, хлопец, ці не з Бездзежа ты?» Гэта ў стары час быў Кобрынскі павет.
Пра мястэчка расказвалі, быццам бабы там такія спрытныя, што без дзяжы хлеб месяць. I хавай цябе божа што-небудзь у бёздзежца купляць. Абавязкова ашукае. Будзе божкаць, клясціся, усё роўна не вер.
Кляліся бёздзежцы, напрыклад, так: «Калі няпраўду кажу, дык не дай мне, божа, спажыць тое, што ў запазусе». А як «тое» спажыць, калі дзядзька, едучы на торг, хаваў пад кашулю цагліну. I гэтак яшчэ гаварылі: «Калі выйдзе на тваё, дай бог, каб я жонкі дома не застаў». Страшны праклён, але бёздзежац і ў вус не дзьмуў. Ен жа ведаў, што жонка да сваякоў у другую вёску паехала. Як яе дома застанеш!
У 1863 годзе ў Бездзежы моцны паўстанцкі рух быў. Мураўёў пасылаў рэгулярнае войска на падаўленне. 1 яшчэ цікава: у тым мястэчку існавала адна з першых у Беларусі ланкасцерскіх школ. Настаўнік займаўся толькі з лепшымі вучнямі, а тыя ўжо вучылі слабейшых.
Я аднойчы, не ведаўшы ўрока, зарабіў у Лычкоўскага пяцёрку. Ён задаў мне пытанне, а сам заўважыў, што нехта з хлопцаў кнігу чытае. Пачаў крычаць. Я ў гэты час рэжу голасна, але адказваю зусім не тое.
Лычкоўскі ахаладаў, учуў толькі апошні сказ. Перапытваць было няёмка, вось ён і гаворыць:
«Добра! Вы заўсёды пашыраеце межы пытання. Навука грунтуецца на ўзаемных сувязях».
Папаздзекаваліся тады аднакласнікі:
«Абхітрыў Лычкоўскага! Па ўсім відаць, ты не мікалаўскі, а бёздзежскі».
— Неяк пад Новы год атрымаў Лычкоўскі ордэн Станіслава. Цешыўся, як дзіця. А мы разоў дзесяць віншавалі яго. Калі баімся, што пачне выклікаць, адразу хто-небудзь устае з лаўкі і давай адчытваць віншаванне.
Лычкоўскі расчуліцца, пачне гаварыць, што ордэны даюцца за заслугі, а каб мець заслугі — трэба добра вучыцца. Тым часам палавіна лекцыі і пройдзе.
Потым ён гэтыя хітрыкі разгадаў і перапыніў аднойчы віншавальніка:
«Чакайце, я ж новай узнагароды не атрымліваў...»
А хлопец не разгубіўся:
«Тое,— кажа,— гаварылася ад нас усіх, а цяпер прыміце мае асабістыя пачуцці...»
Ідучы за плынню гаворкі ў юнацтва, Канстанцін Міхайлавіч на вачах змяняецца. Званчэе голас, маладзеюць і робяцца шырэйшымі рухі, мова бяжыць лёгка, без паўз на падшукванне вастрэйшага выразу; нават крок, калі ён набліжаецца да стала ці кніжнай шафы, здаецца пружыністым, нібы цела страціла вагу сёмага дзясятка.
Тое, што трэба было б даручыць пяру, усё, чаму належыць стаць старонкамі будучай кнігі, выкладаецца вусна. He проста расказваецца, а пішацца фарбамі слова, часамі жорсткага і грубаватага, але заўсёды скупога і дакладнага, як праўда бачання, тая самая, што неадступна стаіць перад вачыма, вядзе ад карціны да карціны, калі ён, паводле кплівай заўвагі школьнага таварыша, пераходзіць «у стан іёгаў», аддаецца ўяўленню.
Хутка, энергічна, густа, рукой, да якое прыйшла шчаслівая пэўнасць, кладуцца мазкі на невідочнае палатно. I каб майстар мог адысці ад работы, кінуць на яе позірк прыжмуранага вока — ці ўсім відно тое, што яму хочацца? — ён застаўся б здаволены. Відно. Уся душэўная мускулатура прыведзена ў дзеянне.
Апавядальнік, а за ім і слухач міжволі пераносяцца на паўстагоддзя назад. Яны пачынаюць убірацца ў пер’е жаўтаротых выхаванцаў настаўніцкай школы ў маленькім, заштатным, выключаным са спіса павятовых гарадоў імперыі напаўмястэчку, напаўгарадку.
Маладыя трывогі і радасці, нявінныя забавы і падманы, уласцівыя ўсім чыста студэнтам і вучням, душы, шырока адчыненыя для жыцця і яго праяў, і — перад усім — маладосць! Уся ў попіуках дарог, у імкненні пазнаваць, у безразважным бунтарстве, прагавітая на дасведчанне, несутрымная, з сінцамі ад першых няўдач, з паапяканымі пальцамі, бо не ўмее яшчэ перш падзьмуць, а потым хапацца за гарачае, аднак незраўнаная, незраўнаная ні з чым!
Так, з гэтае пары ён пачне новую кнігу. Ужо вымаўляецца яе назва: «За 50 год». Толькі б завяршыць «На ростанях» — і за працу.
У рэзкім тоне асуджэння «семінарскай прамудрасці» нене дый пракінецца нотка добразычлівасці да свае першай і адзінай школы. За грунт для наступнага засеву, які здолела прырыхтаваць маладая ненатольнасць да навукі, вылузваючы зернеткі яе з сухіх, прасмердшых казённым накірункам лекцый і кніг. За тое, што нарадзіўся ў тых душных сценах пратэст супраць увязнення чалавечай волі ў мурах яшчэ большай турмы, турмы народаў.
За таварыскі гурт верных сяброў, з кім давялося шукаць сцежкі ў рэвалюцыю.
I яшчэ за адно...
Гэта ж пад нізкаватым семінарскім дахам адкрылася яму магчымасць прыкласці неакрэсленую здольнасць да цвёрдай дзейнасці, якая потым зрабілася стрыжнем жыцця.
На самоце, застаўшыся адзін праводзіць вакацыі ў інтэрнаце, меўся праглынуць ён найменей паўсотні кніг. Аж і аднае было занадта. Узяў яе ў бібліятэцы, ды так і не выпусціў з рук. Перагорне апошнюю старонку і зноў вяртаецца да пачатку.
Дзіўная неадхільная ўлада генія паланіла магутнымі відовішчамі прастору сонечных стэнаў у незлічоных колерах, казачнай шырынёю Дняпра, да сярэдзіны якога далятае не
кожная птушка, вадаспадным шумам сельскага кірмашу, дзе «валы, мяхі, сена, цыганы, гаршкі, бабы, пернікі, шапкі — усё ярка, страката, бязладна мітусіцца кучамі і снуецца перад вачыма».
Бязмежная, здавалася б, весялосць дзіканькаўскіх вечароў то змушала рагатаць, то чамусьці шчымліва сціскала сэрца, і яно рвалася і рыдала, паспытаўшы на смак няўроненую слязу бацькоўскага гора ў развітальным Тарасавым поклічы: «Чую!»
Як блізка і знаёма ўсё гэта!
Можа, той дзівосны кірмаш грымеў і палыскаваўся не ў Сарочынцах, а ў Стоўбцах ці ў Свержані? Можа, у майскую ноч не парубак Леўка пазнае вядзьмарку сярод тапельніц, a ён сам бачыць, як бедная дзяўчына вучыць паненак хадзіць па нясвіжскім возеры? Чаму невыгойны смутак засцілае пялёнкай святло і радасць, на якія нібыта так багата кожная гогалеўская старонка?
Гэта глядзіць проста ў душу непрыфарбаванае, неаздобленае, сапраўднае жыццё народа.
«Бязлітасны выкрывальнік», паводле пазнейшага азначэння Якуба Коласа, быў вельмі шчодры ў адносінах да семінарыста Міцкевіча. Гогаль як бы прачыніў перад ім дзверы ў запаветнае, адхіліў заслону ў невядомае, куды больш за ўсё хацелася зазірнуць,— у сакрэты неўміручага майстэрства маляваць словам. Больш таго: падзяліўся гэтым сакрэтам, хутчэй — даў зразумець, што яго тварэнні — верх магчымай для чалавека дасканаласці! — ёсць усё ж праца чалавечага розуму і пачуцця, вынік настойлівасці чалавечай рукі.