Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Нарэшце — дарога назад, зноў жыццё ў Падмаскоўі, Мінск. Немаленькі шлях, але не гэтак здоўжыўся ён, таму што быў — зваротны.
Усе на свеце ведаюць: дарога дадому — карацейшая. Другая праўда: не заўсёды лягчэйшая бывае яна. Родны горад ляжаў у цяжкіх руінах, толькі пачыналі станавіцца на ногі змучаныя няволяю людзі.
Колас горка тужыў над магілай дома найлепшага друга, чыё сэрца ператварылася ў камячок попелу, над труной дарагой спадарожніцы, па кім смуткуе кожны дзень і скардзіцца на адзіноту, і над папялішчам свайго дома, прытулку поўнай сям’і і творчай думкі. А пад якім курганам ляжыць у жвіры сын Юрка? Каб можна было адшукаць!
Канстанцін Міхайлавіч ходзіць па пакоі, адсякаючы праз хвіліну, a то і праз дзве кароткія, адрывістыя сказы. Потым кідае позірк на выразаны пад час летняга адпачынку кіёк.
— Выйдзем на хвіліну.
Марозіць. Рыпіць снег пад белымі валёнкамі на тоўстай падэшве. Проста за брамаю на рэдкім аранжавым воблачку пакалыхваецца бліскучы паўмісак з адбітым бокам. Рушыла з поўні. Канстанціну Міхайлавічу месяц уяўляецца булкаю хлеба.
— О, нехта ўжо добры акраец адхваціў. Можа змяніцца надвор’е. На глум ідзе месяцава работа: свеціць, калі людзі спяць. Але няхай свеціць, можа, і спатрэбіцца калі. Ён жа бліжэй за ўсе нябесныя целы. Да яго першага і дабірацца давядзецца.
Мы некалькі разоў даходзім да будынка Акадэміі і вяртаемся назад. На бровы асела шэрань, ад гэтага вочы яго здаюцца суровымі. Суровей гучаць і словы:
— Чалавек народжаны для таго, каб перамагаць. Цяжкасці, няўдачы, прыроду. А найбольш самога сябе. Многа нязведаных закавулкаў яшчэ ў чалавечай душы. Вылезе часамі адтуль страшыдла. Падаб’е руку на благі ўчынак, падбухторыць язык на кепскае слова. Астыўшы, гляне чалавек на сябе збоку і не пазнае: я гэта ці не я? I каецца, дае зарок, каб заўтра нарабіць большага глупства. Немалая гэта перашкода ў нашай вялікай рабоце.
Узяць уладу над сабою цяжэй, чым камандаваць, загадваць, кіраваць кім-небудзь іншым. Хіба не клаліся на вагу
лёсы краін, жыццё многіх тысяч людзей праз хвілінны настрой, страх страціць уладу, a то і проста жорсткасць аднаго. Гісторыя знае выпадкі... Зрэшты, я не пра Грознага гавару... Мог і не быць крывавы апошні дзясятак гадоў...
Амаль з досвітку ў нумар гасцініцы «Масква» Канстанціну Міхайлавічу носяць тэлеграмы, няма ўпынку тэлефонным званкам. «Рыбакова хата» атрымала Дзяржаўную прэмію.
Пад вечар крыху аціхае. Частка наведвальнікаў затрымліваецца: Аркадзь Куляшоў, ён сёння таксама стаў двойчы лаўрэатам, Іван Няхода, С. М. Гарадзецкі, старэйшы сын Канстанціна Міхайлавіча Даніла са сваім школьным сябрам, як і ён сам, хімікам. На хвіліну заходзіць Алесь Ганчар, жадае здароўя і знікае. Нікому больш з прысутных Канстанцін Міхайлавіч не дазваляе і паварушыцца:
— Сядзіце! Адпачнём і зноў пачнём.
Ён расказвае пра хлопца, што ўжо вырас даволі вялікі, a ўсё ніяк не адвыкаў ад матчыных грудзей. Аднойчы прыйшлі сваякі, пачалі сарамаціць малога, калі той стаў дакучаць маці. I хлопец адчапіўся. «От, бачыш,— пахваліла адна з цётак,— як добра. Сядзіш за сталом, як усе людзі, матчыну пазуху не дзярэш і жыў...» А хлапчына басам адказаў: «Адпачну ды зноў пачну».
Потым успамінаецца прыказка: «На каня трэба дубец, a на гасця прымус» і ці мала падобных.
Гасцям, нарэшце, удаецца адпрасіцца. Канстанцін Міхайлавіч бярэ з кожнага слова спаткацца тут жа заўтра.
Ён усё яшчэ не можа ўтаймавацца. Тупае па пакоі, час ад часу паглядае цераз акно. Анусцелая Манежная плошча з рэдкімі тралейбусамі, якія менш затрымліваюцца на прыпынках, кіруючыся ў парк. Каля Крамлёўскай сцяны паварушвае чорным, яшчэ. голым галлём сад. Але нездарма красавік некалькі дзён запар то нрыграваў дрэвы сонцам, то, надзьмуўшы шчокі, апырскваў іх вільготнай сінечаю вясны. Галіны здаюцца ажыўшымі, на іх прадчуваецца зеляніна.
На некаторы час гэта затрымлівае ўвагу Коласа. Ён выказвае жаданне выйсці на паветра і абкружыць колькі разоў гасцініцу. Аднак садзіцца ў мяккае крэсла і задумваецца.
— Чалавек мае дзіўную натуру,— ці то кпліва, ці то сумнавата гаворыць ён.— Сядзеў бы з людзьмі, гаварыў бы. Бо, застаўшыся адзін, мусіш нешта рабіць, думаць. Мала спачываюць людзі, вельмі мала. Іначай нельга. Мы працуем не толькі дзеля сябе, а каб сённяшняй працай падрыхтаваць чалавека да працы заўтра. Каб ён быў заняты, скажам, адну гадзіну на суткі. Рэшта часу павінна быць вольная. 3 гэтага стану заўсёды нараджалася вялікае. Закон сусветнага прыцягнення... Пушкінская «Восень».
Колас падняўся, зазірнуў у другі пакой. Яго сын з таварышам ужо спяць.
— Дзе яшчэ тая ноч, а яны ўжо хвасты адкінулі. От і чакай прагрэсу ў хіміі! Адна нетрываласць.
Нязлосна — гэта адразу чуваць — пабурчаўшы, ён паварочвае да мяне ўсміхнуты твар.
— Зрэшты, і добра, што мы адны. Ціха, можна спакойна пагаварыць.
Спасылаюся на позні час, на змору...
— А хто змарыўся? — падымаюцца светлыя вочы.
— Я, вядома...
— Ну, хіба што ты!
Канстанцін Міхайлавіч нібыта прымае жарт усур’ёз і пачынае збірацца на сон.
Спускаюся ў вестыбюль заказаць на раніцу тэлефонную размову з Мінскам. Пасля асцярожна, каб не рыпнуць, прачыняю дзверы і заходжу ў нумар. Дарэмная перасцярога! Ложак Канстанціна Міхайлавіча пусты.
Няўжо такі пайшоў на праходку? He, паліто на месцы. Саджуся за тэлефон і абзвоньваю нашых нядаўніх гасцей і знаёмых, што спыніліся ў гасцініцы. Потым пачынаю абход паверхаў: на кожным знаёмыя дзяжурныя, з імі ён любіць паразмаўляць. Нарэшце, заходжу ў рэстаран. Як быццам і тут няма. Але, у самым кутку, падалей ад уваходу, дзве вельмі прыметныя галавы з паважнай сталасцю і нейкай мілай нестарэчай сівізной, Колас і Каўпак.
Канстанцін Міхайлавіч заўважае мяне і паказвае на мігі, каб ішоў да іх. Пакуль падыходжу, ён нешта гаворыць Каўпаку.
Я кланяюся Сідару Арцёмавічу, па вачах суразмоўнікаў адчуваю: пахне нейкай змоваю.
Каўпак крыху затрымлівае руку ў поціску і гаворыць мне, як даўно знаёмаму:
— Здароў, здароў! Дзе ж ты бавішся? Мы цябе тут даўно выглядаем. Няўжо не ведаеш, дзе шукаць дзядоў апоўначы? У партызанах не быў? Вось я і бачу, што не быў.
Магутныя старыя рагочуць.
Радыя сустрэчы, яны не нагаворацца. Пра ўсё думаюць, пра ўсё дбаюць. А найбольш пра чалавека. Каб яму добра было.
I як тут не здзівіцца яшчэ раз з іхняга крамянёвага заводу, з замесу, на якім зроблены гэтыя асілкі-людзі...
...Глядзіш, зусім нядуж ляжыць, А выведзі у лес ці ў гай, Кляновіку напіцца дай, Пачне цягаць галлё ў лаўжы, Пасля сякераю махне, Пасля на поплаве гукне, Пракос пацягне да вады У самы рыхт, як малады. А каб старога прасмаліў Ды зверху бляхай абабіў, Дык праслужыў бы гэты дзед Яшчэ з паўсотні зім і лет...
Гэтыя радкі падабаюцца Канстанціну Міхайлавічу. — Некалі і сабе будзем старацца бляхі,— смяецца ён.
На пачатку 1945 года мы змовіліся сустрэцца з Петрусём Броўкам у маскоўскай гасцініцы «Еўропа», дзе ён жыў з сям’ёю да пераезду ў Беларусь.
— Дзядзька Якуб абяцаў заехаць.
Хвілін за дзесяць да дамоўленага часу, ведаючы крыху педантычную пунктуальнасць і гасця і гаспадара, я стукаў у нумар да Броўкі. У падрыхтоўку стала ўносіліся ледзь улоўныя, пэўней, даступныя толькі гаспадыням, удакладненні і палепшанні.
Коласа яшчэ не было. Што ж, едучы з Клязьмы, мог і прыпазніцца. Аднак мінула гадзіна, павярнула на другую, a
госць не з’яўляўся. Такое спазненне было не па Коласавай натуры. Толькі паднялі чаркі за здароўе адсутнага, як на парозе з’явіўся сам дзядзька Якуб. Затрымала яго, наколькі ўспамінаецца, змена ў раскладзе прыгарадных цягнікоў.
Гадзіны праз дзве, калі была скончана вячэра і неблагія такі, на ваенны час, прыпасы вычарпаны, Колас падняўся. Мы памкнуліся праводзіць.
— He трэба,— запярэчыў ён,— я цвёрда на нагах стаю. A вось вы, чакаючы мяне, мусіць, здорава дзюбнулі.
I не паверыў, што мы ўсяго толькі чокнуліся...
Урок майстэрства
Ці ў тую торбу сыплецца абрак ? Я чытаю раздзелы аповесці. Паэт Міцкевіч з-пад Стоўбцаў. Герой крытыкуе пісьменніка... Што цяжэй пісаць? Зноў Гогаль. Як глядзець на срэбны рубель. «Людскія хвалі».
— А ці не даволі ўжо калупацца ў старызне? — спытаў Канстанцін Міхайлавіч, падвёўшы больш-менш мяжу пад успамінамі пра настаўніцкую семінарыю,— Для твае мэты як быццам хопіць. Ты ж не збіраўся цягнуць кнігу да нашага знаёмства. Мала цікавага тут. Жыву, як усе людзі жывуць. Ды ты, мусіць, напісаў ужо з палавіну...
Вочы яго робяцца хітраватыя, у іх прабягае лёгкая смяшынка. Значыць, сцеражыся: зараз пачне кпіць ці скажа што-небудзь нечаканае. Так і ёсць.
— Вось што,— чую я,— хачу ведаць, ці ў тую торбу аброк сыплю. Прынось усё напісанае, будзем чытаць.
Адгаворкі, што зроблены толькі першыя накіды, нічога не перадрукавана і цяжка разабраць чарнавікі,— не памагаюць.
— Дармо, сам пачытаеш. Я дык магу кожным радком з табою дзяліцца, нават недакончанае паказваю...
— To ж вы...
— А то ж — ты...
У голасе гатова прарвацца нездавальненне. Яно — рэдкі госць і такімі дробязямі звычайна не выклікаецца. Аднак усе добрыя сябры ведалі, што хаваецца пад лагоднай
стрыманасцю Канстанціна Міхайлавіча, калі ён раптам перапыніць гаворку, кашляне, устане. Значыць, недзе пракінулася няўдачнае слова, нехта зрабіў ненатуральны рух, у газеце надрукаваны легкаважны артыкул, не ў часе прыйшоў непрыемны яму, лішні чалавек.
Як цяжка маўчаў ён тады! Гаслі жарты, не давалі вынікаў ніякія спробы развесяліць, адхіліць яго ўвагу. Аж покуль непажаданы наведвальнік, адчуўшы ўвесь цяжар ягонага маўчання, не выскакваў, як корак, з пакоя. Тады ўсе ўздыхалі лягчэй, Канстанцін Міхайлавіч першы абзываўся вясёлым словам, і размова плыла, як быццам нічым і не азмрочвалася.
Гэта было вядома ўсім, і мы стараліся асцерагчы яго ад непрыемна ўражаўшых рэчаў. Заўважыўшы гэта, Канстанцін Міхайлавіч пачаў яшчэ глыбей хаваць адзнакі свае нездаволенасці. Аднак адрозніць, калі ў яго псуецца настрой, было няцяжка. Постаць яго быццам бы ахіналася пялёнкай аддаленасці, здавалася — у пакой раптам насоўваецца духата і цісне на плечы, асабліва душна яму самому ад сілком надзетай брані стрыманасці.
Нешта падобнае да гэтага стану пагражае нашай размове і цяпер. Ён не можа не разумець майго нежадання выносіць на яго вочы недавершанае. Аднак не адступаецца. Напэўна, ёсць падстава, трэба згаджацца.