Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
падбароддзем, да канца ўструшні. Мая густая барада не дазваляла заўважыць, што там затоена пад ёю, а на асабістыя вобыскі ў палітычных турэмнае начальства адважвалася рэдка.
«Новую зямлю» высоўвала наперад і такая акалічнасць. Абразкі дзіцячага жыцця, незваротны альбуцкі «рай» ажывалі ў выразнай постаці: бяры ды перанось на паперу. Як пераводныя карцінкі: памачыў вадою, прыклаў на чысты аркушык і маеш малюнак. Амаль з такою хуткасцю я напісаў «Дзядзькукухара» і «Раніцу ў нядзельку»...
Паклікалі вячэраць. Мы сышлі ўніз у сталовую. Там была ў зборы ўся сям’я: абодва сыны з нявесткамі і ўнукі. болыпанькі Сяргей і яшчэ зусім малы Андрэйка на руках у маці.
— Ідзі да дзеда,— запрапанаваў Канстанцін Міхайлавіч.
Хлопчык працягнуў яму рукі, патаптаўся крыху на дзедавым калене, чым у малых звычайна выказваецца найвышэйшая ступень задавальнення, і адразу ж паспрабаваў хапіцца за нож. Канстанцін Міхайлавіч далікатна адсунуўся ад стала, а ўнук даволі прарэзліва заявіў пратэст супраць такога абыходжання. He супакоіўся ён і на руках у бацькі.
Канстанцін Міхайлавіч падміргнуў малому, прышчоўкнуўшы языком і пачаў жартліва ўшчуваць унука:
— Бачыш ты, які дзяркач. Відаць, браток, цябе ў ногі не клалі.
Заўважыўшы на нашых тварах неўразуменне, растлумачыў:
— Была ў народзе такая прыкмета. Каб дзіця расло паслушнае, не пераступала волі бацькоў, яго, абмыўшы, перад тым як першы раз накарміць, кладуць у ногі парадзісе. Так што майце на ўвазе ў далейшым,— ён зірнуў на нявестак.— He ведаю, як вы, а я на такой колькасці ўнукаў спыняцца б не хацеў.
Падвесяліўшы жартам прысутных, Канстанцін Міхайлавіч амаль не дакрануўся да вячэры. З’еў кіслага малака, глынуў чаю і сядзеў, чакаючы, пакуль управяцца маладзейшыя.
Ен быў яшчэ ў няскончанай размове і працягнуў яе, сеўшы на сваім улюбёным месцы, пад вязам.
— «Сымон» патрабаваў роздуму, стварэння новых абставін. Тут ужо ўява мусіла саткаць нешта як быццам і бачанае, a ў цэлым вобразе іншае, незнаёмае. Адным чынам, не хапала мне духоўнае раўнавагі, спакою дый проста часу і зацішнога кутка, дзе б можна было без турботы парадкаваць думкі.
3 другога боку, мяне абмяжоўваў склад, узровень, а галоўным чынам настрой маіх тагачасных чытачоў, пэўней кажучы, слухачоў. Я чытаў тое-сёе сябрам па камеры. I найлепшы водгук знаходзілі мясцінкі смешныя, дзе прабіваўся гумар. Гэта давала розрыўку ў нашым беспрасветным жыцці. Гумар ратаваў і мяне самога, з ім я перасільваў чорны настрой.
Успомніўшы якое-небудзь смешнае здарэнне з бачанага ў вёсцы, я расказваў яго таварышам. Калі апавяданне было ўдалае і магло ўсіх зацікавіць, яны прасілі: «А ты напішы пра гэта, павінна яшчэ ямчэй атрымацца. Можна будзе зноў разок паслухаць». Такую ацэнку я лічыў за прызнанне вартасці расказанага і браўся за пісанне. Гэтак і з’явіліся, скажам, «За дождж», «Грушы-сапяжанкі» і яшчэ колькі вершаваных апавяданняў.
Цешылі таксама маіх слухачоў апісанні прыроды. У гэтым нашы густы супадалі. Мне было прыемна апісваць мясціны над Нёманам, я адчуваў усе іх на дотык. Так жа было. За кожнае дрэўца я там браўся рукою, усе лужкі і баравінкі выбегаў.
I мае таварышы былі рады перанесціся з смярдзючай яміны астрога на прастор. Ручаіны перагаворваюцца, палыскуецца раса на траве. Бор, як пчаліны вулей, гамоніць, гудзе, але з кожнаю хвіляю цішэе і цішэе ў адвячорку. Цішыня, як быццам згода ў існаванні, а істоту на крык парывае.
Калі гэткае дабро ёсць на свеце, мімаволі думалася людзям, дык чаму яно павінна належаць толькі Радзівілу або таму самаму Міколку з дзвюма палачкамі?
Пэўнага закону тут, відаць, няма, але ўплыў мастацтва супярэчлівы. He менш, чым чалавечая душа, дзе яно нараджаецца. Што сутыкненне процілеглага можа быць мастацкім сродкам, я ўжо дайшоў у мыслях раней. У турме толькі ўсё больш пераконваўся, як гэта ў адных раскатурхвае, а ў другіх абвастрае свядомасць.
У такім сэнсе я ўскладаў немалыя надзеі на свайго «Сымона», чакаў выпадку вярнуцца да яго. Вярнуўся так. Пабыўшы пасля вызвалення ў Вільні, 19 верасня я падаўся ў Смольню з пачуццём выкінутага з жыцця чалавека. Дзверы на работу замкнуты, падтрымкі няма, кожны абабягае пры сустрэчы, каб і самому не падпасці над падазрэнне. Тут я пачуў, нібыта трапіў у новае кола, нічым не лепшае за астрог.
Тады канчаткова ўжо абдумаў «Сымона». Уявіў усе колы пакут, праз якія ён павінен прайсці, каб духоўна спачыць у апошнім, зрабіцца звычайным хлебаедам з дарэмна змарнаванымі здольнасцямі.
Накідаўшы збольшага запеўку, зразумеў, што гэтая работа цяпер будзе для мяне стрыжнем. Утрымаюся за яго,— значыць, не звар’яцею, не сап’юся, наогул, не пайду наніз, у падонкі, у паслугачы.
Крыху акрыяўшы і ў надзеі мець заробак, на пачатку зімы ў Лунінцы я за некалькі тыдняў сабраў уместа ўсе чарнавікі і напісаў першую частку. Другую частку пісаў прыхваткамі, у розных месцах, дзе прыпруся, там і пішу. На гэтым спыніўся, але не закінуў!
Назаўтра ж на стале ў Канстанціна Міхайлавіча з’явілася першае выданне «Сымона-музыкі». У кніжачцы было некалькі папяровых закладак. Чырвоны аловак размашыста, буйнымі літарамі, выціснуў на няроўна разарваным паўаркушыку словы: «Дух творчасці» і «Адступленні». Гэта ўсцешыла: відаць, намер «убірацца ў крытычныя рызы» зычыў працяг і паглыбленне размовы. Канстанцін Міхайлавіч пачаў так, як быццам яна і не перапынялася.
— Перабіла работу нетрываласць майго становішча: давялося доўга старацца сталага месца. А калі выстараўся, трымаўся за яго і рукамі і нагамі. Пісаў драбнейшае, а «Новая зямля» і «Музыка» стаялі горкім напамінкам убаку, чакаючы лепшых часаў. Падышлі яны цераз многа год, пасля рэвалюцыі.
«Цяпер, Сымон, табе ніхто не заступіць дарогі. Тупай, брат, пакрысе!» — вырашыў я і засеў за пісанне. Задума выхадзілася, і я месяцы за два пабачыў заканчэнне. Пакуль
«Музыка» друкаваўся часткамі, я ўжо аб ім мала думаў, і тут вырвалася наперад «Новая зямля». Такім чынам, «Сымон» зноў занядбаўся і, хоць быў скончаны друкаваннем недзе ўвосень 1921 года, далейшага руху не меў. Затое стала відно, чаго я не ўлічыў на Куршчыне, хапаючыся, каб хутчэй усё дакончыць.
Я тады пакінуў Сымона ў сне каля Ганнінай магілы. Мусіць, трымалі мяне пад уладаю астрожныя сцены. Але самто я з іх выбавіўся, а герой застаўся ў зачараваным коле.
Прывязвала да такога канчатку вось што. Сіла музыкі нібыта дзейнічала больш магутна: заіграў Сымон, і Ганна паднялася з труны. Але тым самым ужо і касавалася музычная моц. Я не браў пад увагу, што, як скончылася гранне, дзяўчына вярнулася ў зямлю, а Сымона агарнуў сон.
Мне ўсё здавалася — так будзе мацней, болей сувязі з першай часткай. Зноў гудзе і звоніць стары звон, які так уразіў хлопчыка ў маленстве, граюць дудары, што абудзілі ў ім жаданне стаць музыкам самому. Словам, успаміналіся ўсе папярэднія акалічнасці і збіраліся разам хлопцавы прыяцелі: дзед — мінулае краіны і Ганна — будучае. Як быццам атрымлівалася завершана, а ўвогуле выглядала даволі цьмяна.
Галоўнае, будучыня клалася ў дамавіну. Так думаць я мог у турме, але ўсё роўна мусіў бы напісаць іначай, бо творчасць не павінна пакідаць чалавека ў цемры.
Сам ведаеш, прыбіўшыся да якога-небудзь берага, цяжка адапхнуцца. Я вырашыў, не вельмі бурачы малюнак на могілках, ажывіць Ганну, каб яна пайшла разам з Сымонам. Зрабіў. Перачытаў як зусім чужое. Сымон выглядаў смешным цудатворцам, а ўвесь твор адкідаўся на паўстагоддзя назад.
Вось і стаў я на раздарожжы: зробленае збракаваў, а лепшае не траплялася. Заўсёды так бывае: ходзіць гэта лепшае поруч, а за хвост не ўхопіш.
— 3 вялікімі ваганнямі і выехаў я ўлетку 1924 года на Каўказ, падлячыцца ў Кіславодску. Былі там цікавыя людзі, пісьменнікі, вучоныя і наш мінчанін Шукевіч-Траццякоў, рэдактар «Беларускай вёскі». Але я кампаніі трымаўся мала, рупела, як скончыць работу, а гэтага я ўсё яшчэ не ведаў. Таму
болып чытаў і, выйшаўшы куды-небудзь за межы санаторыя на бліжэйшую гару, падсмажваў плечы на сонцы.
Самае дзіўнае з маіх паходаў — знайшоў на Сасновай горцы грыб. Спачатку не паверыў сам сабе. Я вельмі сумаваў па нашым лесе і ноччу сніў, быццам у хвойніку рэжу цэлыя нерушы баравікоў. Вось і падумалася: зноў сон. Але вакол ходзяць людзі, жанчыны смяюцца, унізе ішак крычыць. Для пэўнасці пацягнуў сябе за нос: прачніся, Якуб! He, сапраўды сядзіць грыб на схіле, паміж хвойкай і бярэзінай, крэпкі, непаточаны. Падняў сваю знаходку, разгледзеў: нешта сярэдняе паміж абабкам і белым.
Круціўся я на гэтым месцы з гадзіну, нічога больш не знайшоў. Панёс свой грыб у санаторый, як святыню, у дзвюх руках.
Мясцовая жанчына-прыбіральшчыца сказала, што гэта дзіва для Кіславодска. Наогул жа гэтыя грыбы ядуць, добра выварыўшы, і сустракаюцца яны ў дажджлівы год у лясках каля Мінеральных Водаў Гэта падняло мяне ў сваіх вачах як грыбніка. Але ні заўтра, ні паслязаўтра, а хадзіў я на тое месца да канца лячэння, на ўдачу так і не надыбаў. Толькі і заставалася чытаць.
У Шукевіча я браў Тагора і надоўга прыляпіўся да яго душою. Цешыў мяне таксама Джэк Лондан. Пасля чытання на некалькі дзён заставалася такое ўражанне. Быццам вакол гарачыня, а ты глынуў халоднай вады і ходзіш ціхенька, каб не разбоўтаць часамі.
Чытаў і «Фаўста», але, відаць, трапіла да мяне кніга не пад настрой і, як і раней, не разварушыла да таго захаплення, што выклікае гэты твор. Затое з Вейнемейненам мне не хацелася разлучацца. Чытаў яго прыгоды ў нейкім старым выданні, добра помню друк з цвёрдымі знакамі. Хацеў дастаць кніжку дадому, але не мог і купіў ужо недзе ў трыццатых гадах падноўлены пераклад і, як мне здалося, падпсаваны. Я быў гатоў пакланіцца Лёнроту ў ногі.
Нешта падобнае да «Калевалы» можна скласці і з беларускіх казак. Падабраць іх у парадак, пералажыць, магчыма, у вершы і звязаць адным героем, якім-небудзь кавалём, ці што.
Шмат якія руны відавочна маюць сляды апрацоўкі, але зроблена яна тонка. He так, як апрацоўваюцца нашы народныя песні. Звычайную «Вярбу» ці «Калініцу» знівечаць так, што не пазнаеш. Слухаць цераз сілу слухаеш, а заспяваць і калом не прымусіш. Народны дух выветрыўся, усмешка знікла, якая ж гэта песня?
Дык вось дачытаўся я да месца, дзе Вейнемейнен іграе на кантэле...