Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Яны сустракаліся з Твардоўскім не так часта і не так блізка, каб умацаваліся тыя чалавечыя адносіны, што звычайна называюць дружбай. Але, пабачыўшыся, гэтыя два, вельмі стрыманыя на выяўленне пачуццяў, чалавекі былі заўсёды рады. Ім лёгка гаварылася, часам маглі дазволіць сабе і памаўчаць.
Шэраватая снежаньская раніца ніяк не можа разгуляцца і асвятліць гасцінічны нумар. Перададліжны змрок нервуе Канстанціна Міхайлавіча.
Тэлефонны званок: «Есць патрэба параіцца!» — кажа Твардоўскі.
— Вось і добра, a то вельмі павольна час ідзе.— Колас задаволены з магчымасці адарвацца ад клопату,— Пагамонім з чалавекам. А ты куды збіраешся?
Адгаворваюся справамі: мала якая ў іх можа быць рада, хай застаюцца лепш вока на вока.
Вяртаюся, калі госць і гаспадар паспелі паснедаць, гавораць пра юбілейны вечар.
— Хочаце паслухаць маё выступленне?
Як звычайна, Твардоўскі чытае па памяці. Колас адказвае тым жа. Некаторы час трывае цішыня, відаць, яны моўчкі раяцца між сабою. Потым увагу Аляксандра Трыфанавіча прыцягвае вялікая сашчэпка, якая змацоўвае дзве старонкі Коласавага верша.
— А гэта нашто?
— Усё здараецца... Возьме падхопіцца вецер і панясе...— нібыта сур’ёзна тлумачыць Колас.
— Вецер, у Вялікім тэатры? — таксама нібыта сур’ёзна здзіўляецца Твардоўскі.— Наўрад ці ён будзе туды дапушчаны.
— Я не спадзяваўся б на памяць, Аляксандр Трыфанавіч. А што, калі раптам выйдзеце на трыбуну і забудзеце?
— Тады мне ўжо ніякая сіла не дапаможа.
Твардоўскі апранаецца, яму да твару ладны балгарскі кажух. Канстанцін Міхайлавіч шкадуе, што не ўзяў свайго кажушка.
— Можна было б куды-небудзь разам па дровы паехаць.
— У лес трэба ватовачку прызапашваць. Заўтра пабачымся!
Была і ў лесе сустрэча, як хацелася Канстанціну Міхайлавічу. Твардоўскі прыехаў у наш загарадны дом творчасці разам з А. Куляшовым. He заходзячы ў пакоі, яны пакіраваліся па лясной сцежцы і надоўга зніклі.
Па абедзе я выпадкам напаткаў іх каля жытняга поля. Ішлі, праз колькі крокаў спыняліся пастаяць, як быццам нешта даводзілі адзін аднаму: відаць, вілася даўно пачатая, толькі ім зразумелая размова.
Хутка ўсё растлумачылася: Твардоўскі піша новую рэч і пазнаёміў сябра з пачаткам работы.
— Ёсць прапанова пачытаць,— сказаў Аркадзь.— Колас вярнуўся з Мінска?
Мы пасядзелі крыху каля дома, Колас такою парою звычайна далучаўся да размоў пры вячорным вогнішчы. Далі знаць таму-сяму з насельнікаў дома, папрасіліся паслухаць і нашы жанкі.
Канстанцін Міхайлавіч запрасіў усіх да сябе, у крайні, аблюбаваны ім пакой. Туды паказвала дарогу шарэнга бронзавых хвой,— выйшлі з лесу і пасталі ўздоўж грудавой сцежкі: смялейшая наперадзе, здаецца, зробіць яшчэ крок і апынецца на ганку, а за ёю адразу ж падступяцца бліжэй і астатнія таварышкі.
— I зайсці не заходзяць,— сумнавата ўсміхаецца Колас,— і назад не вяртаюцца. Вось і разбяры, чаго яны хочуць. Ніяк не дапытаюся, мусіць, з сабою клічуць... Вось гэтыя лапатухі,— ён адчыняе фортку, адхінаючы рукою галлё маладых асінак,— праз цікаўнасць у хату плішчацца. Цікнўць у шыбіну і — чулі не чулі, бачылі не бачылі, давай раззвоньваць па ўсім лесе: «На свае вушы чулі, на свае вочы бачылі, так яно ўсё чысценька і было».
Колас вельмі падобна падрабляецца пад жаночую скорагаворку. Ад гэтага бяскрыўдныя дрэўцы за шыбамі веранды, дзе мы сядзім, на нейкі момант і сапраўды пачынаюць здавацца падобнымі да вясковых кумак-таечак, што аж млеюць ад жадання дазнацца што-небудзь патайнае.
Прачытаны «Дзве кузні» і «Сем тысяч рэк». Нам робіцца хораша і святочна і трохі боязна, каб не спудзіла настрой лішняе слова. Усе маўчаць. Аднымі вачыма ўсміхаецца Куляшоў, нібыта гаворачы: «А што?»
— Калі альпініст падымаецца на які-небудзь пік, не трэба, мусіць, ні падпіхаць, ні цягнуць за пяты ўніз. Сам узыдзе. Вось і мы скажам: шчасліва, на самую вяршыню.— Колас паціскае руку госцю.— Многа трэба сказаць вам, Аляксандр Трыфанавіч, за адзін раз не ўправішся.
I сапраўды, Канстанцін Міхайлавіч яшчэ вярнуўся да гэтага чытання. Яму запомніўся хлопчык, на чыіх вачах адбываўся цуд ператварэння метала ў прылады працы: чалавек рабіўся тварцом. I ва ўмельстве «тым жа малатком кавальскім скаваць падобны малаток» бачыўся ўжо зародак майстэрства паэтычнага.
— Па зямлі трэба хадзіць асцярожна, прыглядаючыся. Бо возьмеш і стопчаш каліўца, а яно з паэтычнага роду. Што мы, вясковай кузнічкі не бачылі?.. Бачылі і ведалі, а праміналі без увагі. А паэт кінуў вокам туды і пачуў малаты галоўнай нашай кузні, уральскай. Вось гэтаму б і вучыўся...
Колас называе прозвішча і засмучаецца. На ад’ездзе з Дома творчасці да Твардоўскага прысукаўся літаратар, пачаў з амікашонства, а скончыў тым, што нагаварыў грубасцей.
Абарвалі, паспрабавалі ўшчуць, і тут за грубіяна заступіўся сам Аляксандр Трыфанавіч.
— He чапайце, чалавек мае права гаварыць, што хоча: ён тут гаспадар.
Гэта дайшло і да затуманеных мазгоў, іх уласнік сышоў і доўга пасля баяўся паказацца на вочы Коласу. А Канстанцін Міхайлавіч, хоць нічога не сказаў яму, але выпадак запомніў: ён трымаўся старых звычаяў, і парушэння гасціннасці не дараваў нікому.
Нават праз некалькі год, пасылаючы Твардоўскаму збор твораў, зноў затрывожыўся, быццам сам быў у чым вінаваты. Прыдзірліва адбіраў лепшыя экзэмпляры, доўга прымерваўся пяром перш чым пачаць падпісваць.
Потым дагаварыў усё, што не змясцілася ў даравальным надпісе, што было навеяна яшчэ тым, аўтарскім, чытаннем паэмы «За даллю даль».
— «Сем тысяч рэк». I ўсе збягаюцца ў Волгу. He адна рака набіраецца сілы і на нашых прасторах... У каго іншага гэта магло б прагучаць, як даведка з падручніка. Відаць, і паэзія, каб стаць Волгай, павінна ўвабраць у сябе не менш ручаін і рэчак. Вось ён — і ёсць такая рака. I я чую дзесьці ў ягонай плыні беларускія крыніцы. Так і скажы яму...
Відаць, славутыя радкі аб тым, як чаргуюцца далі, як за адной узнікае другая, нагадвалі Коласу ўласныя развагі, што турбавалі яго гадоў трыццаць перад гэтым, калі пісаў ён у апавяданні «Даль»:
«— А ці скора будзе тая даль, мілы вецер?
— Мы даўно мінулі яе, а цяпер новая даль перад намі».
Пазней, калі збярэцца наш трэці пісьменніцкі з’езд, Колас скажа:
— Помніш наш «ляскоўскі» вечар? Вось табе яшчэ адзін прыклад, што ў добрага пісьменніка нічога не прападае. Твардоўскі тады ўжо ў новым творы думкамі быў— Ён гаворыць пра нядаўна прачытаныя раздзелы паэмы «За даллю даль». Здавалася б, усе нашы тыя смешкі і жарты павінен быў паўз вуха пускаць. А ён выхапіў кавалачак золата: сярод пасажыраў едзе «поп с медалью восьмнсотлетня Москвы».
He кажы, што мог убачыць у вагоне такую асобу з узнагародай, не пагаджуся. Убачыць і напісаць — малая заслуга, усе ўмеюць. А гэта паэт не з такіх, не можа ён проста ўзяць чутае. Іншая справа — абаперціся на яго, скарыстаць прынцып кантрасту і стварыць сваё. Бацюшка ў вагоне мог быць, веру, а што медаля яму Твардоўскі пачапіў — даю галаву наадрэз...
Мне не ўдалося перадаць сямітомнік у рукі адрасату. He паспеў нічога больш сказаць яму Канстанцін Міхайлавіч, не пачуў і таго, што думалася аб ім Твардоўскаму.
Аляксандр Трыфанавіч загаварыў пра Коласа, калі мы сустрэліся ў A. А. Пракоф’ева пад час III Усесаюзнага з’езда пісьменнікаў.
— Цяжка вам будзе, хлопцы, без старых. Вось апошні адышоў. Яго смерць страта не толькі вашай літаратуры. Баюся, што зараз вы пачняце дадаваць ёй вагі штучна. Нашто? Ёсць жа сапраўдная вага — Колас і Купала. Іх не на адзін ваш век хопіць, каб падтрымаць славу Беларусі. А там, глядзіш, калі не штурхацца локцямі і дапамагаць усім, хто прабівае дарогу да слова, дык і наступнік з’явіцца. Дастойны.
Лірычныя адступленні
Вузкае. Абдымкі з дубамі. Колас чытае «Адплату». Пачуццё сям’і. Думка аб уяўным бляску. Ташкенцкш захапленне. Дзённік расказвае пра паэму. Аўтар зноў у крытычных рызах. Загублены раздзел «Сымонамузыкі». Што гаварыла Сымонкава ігра. Імправізацыя. Новае аблічча героя.
Трохі падшорхла зямля. Насустрач адна адной пачалі расці крохкія шкляныя стрэлачкі на лужынах. I ад гэтага берагі іх сталі выразаныя, быццам у кляновым лісці, толькі празрыстыя.
Так было звечара. А на раніцу за вільгатнаватым заходнім ветрам прыляцела і ўдарылася ў шыбы зімовая птушка.
Белае пер’е пасыпалася ўсюды, і адразу ж зрабілася вельмі светла, чыста і крыху пуставата: увесь будзённы клопат заслаўся снегам.
Пачала класціся зіма.
Як заўсёды, уяўленне прапануе на гэтыя словы дзіцячы малюнак. Вялізны пушысты звер умошчваецца на зімоўку. Дужыя лапы разграбаюць лагавішча ў сухім лісці да мяккага і цёплага моху. Пакруціўшыся і паскавытаўшы, звер кладзецца і, уздрыгваючы, засынае. А зверху на белае футра цярусіцца белы снег, і вось яшчэ адзін белы курган вырастае на соннай зямлі...
Такім надвор’ем цяжка ўседзець у хаце, і мы паехалі ў Каралішчавічы. Канстанцін Міхайлавіч пахадзіў па не руша-
ным ніводным полазам, не топтаным ніводнай нагою снезе. Потым пастукаў у нейчы пакой, і туды адразу ж сышліся ўсе зімовыя жыхары Дома творчасці.
— Даволі, хлопцы, тварыць, пасядзім. пагаворым,— кажа Канстанцін Міхайлавіч,— Адарву вас ад работы.
Хтосьці кідае дзяжурны жарт, што ад гэтага літаратура толькі выйграе. Робіцца весела, але Канстанцін Міхайлавіч раптоўна выключаецца з гаворкі. Ён маўчыць, паглядаючы, як за акном шпарка цямнее, і ад гэтага, здаецца, бліжэй і хмурней падступаюцца пад дом спічастыя яліны.
— Вузкае ўспомнілася,— растлумачыў ён мне назаўтра.
Вузкае — гэта падмаскоўны санаторый, дзе Канстанцін Міхайлавіч адпачываў у канцы 1944 г. Там мы — ГІ. Броўка, Даніла Канстанцінавіч і я — віншавалі яго з днём нараджэння. Ехалі цераз усю Маскву трамваем да апошняга прыпынку. ГІотым даволі доўга ішлі палявой дарогаю, па хмызняках на вострым сіверы. Добра такі памерзлі...
У пакоі, дзе жылі Канстанцін Міхайлавіч і Марыя Дзмітраўна, на акне паміж рамамі была зроблена кармушка для птушак.
— Харчуюцца па маім раскладзе,— тлумачыў Канстанцін Міхайлавіч, пакуль мы распраналіся і хукалі на рукі.— Дакладна пільнуюцца санаторнага раскладу. Ведаюць, калі нас кормяць.
Сапраўды, як толькі надышоў час абеду, зляцелася неверагодная колькасць сініц. Ім паміж дубэльтамі, нам з гаспадарамі ў маленькім пакойчыку было цеснавата, але затое не нудна. Сініцы ціўкалі, дзеўбучы крошкі, мы агалошвалі тосты за новы творчы год, за сустрэчу ў Мінску, адкуль не так даўно папрыязджалі. Пасля вызвалення ў сталіцы не быў толькі Канстанцін Міхайлавіч, дый ён, як кажуць, сядзеў ужо на спакаваных чамаданах.