Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Канстанцін Міхайлавіч змоўк, відаць, аднаўляючы ў памяці старонкі «Калевалы». I вельмі маляўніча, нават у пэўным рытме, пераказаў, як слухаць Вейнемейнена прыплывала рыба, прыбягалі ваўкі і мядзведзі, прыляталі арлы і лебедзі, з’яўляліся гаспадыня лесу, гаспадыня вады, дачка сонца. Пасля пачалі плакаць расчуленыя людзі, і нават плакаў сам стары музыка, іх слёзы, падаючы ў мора, ператвараліся ў жомчуг.
— Тут мне давялося,— Канстанцін Міхайлавіч зрабіў рух рукою,— хапіцца за галаву. Гэта ж і я намагаўся так перадаць уплыў Сымонкавай ігры. «Нічога ты не ведаеш, Якуб, цёмны ты чалавек,— сказаў я сабе,— мала чытаў. Людзі ўжо без цябе ўсё добрае даўно напісалі». I намерыўся пакласці свайго «Музыку» за абразы, няхай на яго мухі ходзяць.
Але «Калевала» як пабунтавала мой спакой, так і падказала выхад. I шматлікія стваральнікі яе, і я — усе пілі з адной крыніцы, але фіны знайшлі яе на беразе мора, сярод скал, a мы — у сваіх барах і балотах. Нікому аднаму не належыць гэтая жывая вада, яна адкрыта многімі і для многіх. I ў нечым вельмі падобны радасць і гора ў кожнага народа. Значыць, могуць быць падобны і творы.
«Калевала» дала мне добры штуршок для работы. Вейнемейнен, разважыў я, памірае ад старасці і тады пакідае свае гуслі народу. Чаму ж мой Сымон павінен канаць, толькі ступіўшы на дарогу? Хай прынясе людзям радасць і пасля гэтага перадасць у другія рукі скрыпку.
Так пакрысе прыйшоў я да яснасці. Стала зразумела, што сіла музыкі стане куды большая, калі яна верне Ганю да
жыцця, парушыць яе часовае здранцвенне. I няхай хлопец і дзяўчына ідуць далей разам, музыка і яго будучыня. Нашто канчаць нечым пэўным іх шляхі? Народ жа вечны, вечнае яго мастацтва, вечныя і творцы песні і казкі.
У такім перакананні ўмацоўвала мяне і «Калевала». Я запомніў канец яе і добры кавалак пераклаў. Даўно было, але каб пагартаў кнігу, пэўна, нешта б і ўсплыло...
...I не даказаў, разварушыўшы цэлы рой неадчэпных пытанняў... Што яшчэ прынёс яму суровы эпас поўначы? Чаму, адлажыўшы неадкладнае, паэму, якая выгравалася ў пачуцці больш за дзесяцігоддзе, узяўся за пераклад? Можа, гэтага вымагаў сам твор, так рашуча непадобны ні да чога чытанага дасюль: узяў пад уладу і не выпускаў узрушанага паэта, усё глыбей акунаючы ў нязвычнае хараство душ і стыхій.
А можа, узнікла жаданне, перавёўшы ў склад роднай мовы, канчаткова замацаваць гэты твор за сабою, зрабіць яго назаўсёды сваім і тым самым — здабыткам свайго народа. I пасля: як доўга цягнулася праца, якія мясціны перакладаліся? Дзе шлях, каб дазнацца пра ўсё гэта?
Пытацца, мусіць, не варта, можа, Канстанцін Міхайлавіч спыніўся знарок. I хоць кідаць справу на паўдарозе вельмі не хацелася, я вырашыў чакаць...
Мы паехалі ў Маскву і забавіліся там. Ішлі падрыхтоўчыя пасяджэнні Камітэта па Дзяржаўных прэміях.
Некалькі раніц Канстанцін Міхайлавіч не адыходзіўся ад тэлефона. Званіў A. А. Фадзееву, у Саюз пісьменнікаў, на кватэру, усюды, куды ён мог заехаць. Аляксандру Аляксандравічу спаўнялася 50 год, і Колас хацеў пабачыцца, павіншаваць яго асабіста. Пасля доўгіх і бясплённых пошукаў была дадзена тэлеграма.
Папаўдні Канстанцін Міхайлавіч выбраўся на чарговае пасяджэнне Камітэта.
— Можа, на сходзе пабачымся,— меркаваў ён па дарозе.— Але імяніннік мае права не з’явіцца. Дый ён, мусіць, сумысля нідзе не паказваецца, не хоча віншавальнага тлуму.
У праездзе Мастацкага тэатра, каля шчыта з выклеенымі газетамі, здалёку кідаецца ў вочы: высокі стройны чалавек стаіць павярнуўшыся тварам да сцяны. Каўнер лёгкага паліто прыўзняты, і гэта падкрэслівае, як хораша, па-юнацку, пасаджана галава. Усе, хто ні ідзе міма, глядзяць на яго і, нібыта нешта ўспомніўшы, абавязкова азіраюцца. Памылкі не можа быць — Фадзееў!
Пайшлі шпарчэй. Дзясятак крокаў, і вось ужо мы каля газетнага шчыта. Фадзееў нешта вычытвае з апошняй паласы.
Колас шумна пераводзіць дыханне і кажа яму амаль на вуха:
— Дзякуй богу, злавіўся няўлоўны!
Аляксандр Аляксандравіч паварочваецца. I тут жа крыжуюцца дзве выключныя ўсмешкі: шырокая, здольная адразу выклікаць на шчырасць, павесці за сабою,— фадзееўская, і мяккая, як быццам не з вуснаў, а недзе з унутраных глыбінь — коласаўская. Яшчэ болып радуюцца іх вочы: я хацеў цябе ўбачыць і бачу,— гавораць адны; я ведаю, я вельмі ўсцешан,— адказваюць другія...
— Ну дык, Алесь!
Размова вачэй парушаецца. 3 беларускім іменем Колас звяртаецца толькі да двух Аляксандраў — Фадзеева і Пракоф’ева — у хвіліны найбольшай сардэчнасці.
— Добра, што сустрэліся сам-насам...
Аляксандр Аляксандравіч не можа ўтрымацца і рагоча, паказваючы на патоку машын і пешаходаў:
— Нішто сабе — сам-насам! — I дадае ціха, крыху сарамяжліва: — Ну, дапраўды ж, усё сказана. I нашто ж болей...
Яны абдымаюцца...
Развітаўшыся каля ўваходу ў Мастацкі тэатр, падаюся на раздабыткі ў букіністычныя магазіны. На гэты раз шчасціць: дастаў Нікіфароўскага і «Калевалу» ў выданні «Academia». Ці трэба тлумачыць, якой надзеяй сагрэла мяне апошняя знаходка.
Вярнуўшыся ў гасцініцу, палажыў кнігу на тумбачку каля ложка. Але Канстанцін Міхайлавіч нават не дакрануўся да яе. Апрача таго, што: «Такая самая і ў мяне была да вайны»,— я нічога не пачуў.
Набліжаўся дзень ад’езду. Канстанцін Міхайлавіч знудзіўся па перарванай рабоце, часта званіў дадому, неадменна пытаючыся ў першую чаргу: «А як там надвор’е?» «Зводкі» іпілі добрыя, і гэта адпаведным чынам падымала настрой.
Людзей заходзіць заўсёды многа. Ён здаволены гэтым, сядзіць дапазна, не зморваючыся, спадцііпка жартуе з усімі, хто б ні завітаў адведаць. Сябры-літаратары, работнікі беларускага прадстаўніцтва, выдаўцы, карэспандэнты вядуць неўціханыя размовы. I абавязкова пра ўраджай.
— Каб беларускія пяскі радзілі, трэба навазіць на іх торфу. He менш як на метр. I каб дождж не ленаваўся, а паліваў хоць цераз дзень.
Тут жа выкладаюцца прыкметы, што паказваюць на ўраджайны год, перавагі ранняй сяўбы. Аб гэтым ён спрачаецца так горача, нібыта сам толькі што з поля, дзе добра такі папахадзіў і няйначай як мацаў рукою падсохшыя на сонцы ўзгоркі.
...Перадад’язны вечар.
Канстанцін Міхайлавіч недзе гасцюе ў С. Гарадзецкага. Я паглядзеў спектакль «Мёртвыя душы», кіруюся вячэраць. Сустракаемся каля століка дзяжурнай па паверху. Ён прапануе заказаць вячэру ў нумар.
— Можа, яшчэ зойдзе хто, каб не чакаў дарма... Добра, што мы ўжо заўтра ў адлёт. I Фадзееў казаў: «Хачу ў Беларусь. Хораша мне ў вашым доме...» Любка ў яго — агонь у сукенцы. Каб так напісаць, трэба самому хоць на крыху жанчынай стаць. I наогул — ён асілак-чалавек. Увойдзе, абзавецца і адразу прывяжа да сябе. Hi на кога больш глядзець не хочацца.
Люблю слухаць яго. Помніш, у нас на пленуме гаварыў доўгую прамову без падрыхтоўкі, без цыдулак. Потым, не спачыўшы, у мяне дома спяваў, давідна чытаў вершы. Усё дзевятнаццатае стагоддзе перабраў. Хоць бы дзе запнуўся! Памяццю каго хочаш закасуе.
А ў мяне яна пачала здаваць. Каб не падсунуў ты кнігі,— Канстанцін Міхайлавіч падымае на момант акуляры
над пераносіцай і глядзіць на мяне,— так бы я нічога і не ўспомніў.
Ён бярэ «Калевалу» і чытае проста са старонкі, але па-беларуску:
He пяе пясняр вялікі
Усіх песень даастатку — Куды лепей запыніць іх, Перарваць у палавіне...
— Вось што пэўным чынам паўплывала на Сымонаў лёс.
Кніга разгортваецца ў другім месцы. Словы сыходзяць з яго вуснаў лёгка, як быццам і думка працуе без напружання. Гэта робіць яго падобным да складальніка казацкіх дум — бандурыста і да мінскага лірніка, аб якім ён часта прыгадвае. I яшчэ нешта, зусім незнаёмае, пракідаецца ў абліччы, можа, ад таго самага фінскага спевака, чые словы зараз гучаць, упершыню для мяне, на беларускай мове. Хапаюся за аловак, але паспяваю запісаць толькі асобныя строфы:
He далі мяне ў навуку, Я не чуў людзей разумных, Мудрых слоў не раздабыў я, He прынёс з другога краю...
Я вучыўся толькі ў хаце, Пад сваёю роднай стрэшкай, Там, дзе маці кужаль прала, Дзе кійкі абстругваў брат мой.
Так было яно, аднак жа Спевакам шлях паказаў я, Свет адкрыў я перад імі, Адагнуўшы дрэў макушы. Скінуў голькі са сцяжыны, Даў у будучыню выйсце.
Гэтак сцежка разляглася Для майстроў куды здатнейшых, Спевакоў куды грамчэйшых I на руны багацейшых Паміж моладзі, узросшай У наступным пакаленні.
Ён скончыў чытанне і ўсё яшчэ ўслухоўваецца ў выдыхнутую патоку прарочых слоў і музыкі.
— Можаш сабе не паверыць, але прысвячэнне да «Сымона» я напісаў, не выязджаючы з Мінска, калі яшчэ не ведаў гэтага. Заключэнне — іншая рэч. Там уплыў выразны. He саромеюся, хоць гавару першы раз. I з якіх бакоў ні браліся за майго «Музыку», ніхто не злавіў мяне за руку, не дайшоў, куды яна акунулася. А цяпер, можа, і пабаліць твая кніжная душа, будзем лічыць, што ты падараваў мне «Калевалу».
«Калевала» перайшла ва ўладанне Канстанціна Міхайлавіча. Пераехаўшы ў Мінск, пралежала з месяц на пісьмовым стале. У самым блізкім суседстве з «Сымонам-музыкам», адкуль вытыркалі закладкі. Мяне непакоіла толькі адна з даволі загадкавымі запісамі: «Дух творчасці» і «Лірычныя адступленні». Але неўзабаве абедзве кнігі перабраліся ў шафу. Заставалася зноў чакаць іпчаслівага выпадку, які памог бы адгадаць: а што ж меў на ўвазе Канстанцін Міхайлавіч.
Пабрацімства
Прыхільнік таленту А. Твардоускага. Паэт і аграном. Дзверы для музы. «Дазвольце вашы дакументы». Твардоускі чытае паэму. «А ці скора будзе тая даль, мілы вецер?»
У клуб імя Дзяржынскага не даступіцца. Ідзе пісьменніцкі з’езд, першы пасляваенны.
Аляксандр Твардоўскі гаворыць аб нашай літаратуры. 3 добрай увагаю, мерае творы вялікаю мераю: не на дзень, не на тыдзень хады, а на ўвесь поступ народа. I ні ў чым не адступаецца ад свайго строгага густу. Па прыклады лепшага і горшага не трэба далёка хадзіць,— ён рэдагуе анталогію нашай паэзіі і зазірнуў у яе аблічча зблізку.
Такая гаворка не можа не абудзіць, хоць бы яно і прыснула ў каго, добрага нездавальнення сваёю работай.
Відаць па ўсім, гэта падабаецца Коласу. Калі прамоўца вяртаецца на месца, Канстанцін Міхайлавіч перасаджваецца бліжэй і цісне яму руку, дзякуе.
Назаўтра Колас спыніў мяне каля ўваходу ў залу:
— He бачыў Аляксандра Трыфанавіча?