Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
...Стаяла восень 1944 года. Я дапазна затрымаўся ў рэдакцыі газеты «Звязда», здаваў апошні матэрыял на заўтра. У пакой зазірнуў дзяжурны па нумары.
— Прыехаў Твардоўскі, цябе пытае.
Гэта было неспадзявана, мы ніколі не сустракаліся, і раптам — «пытае». Але здзіўляцца асабліва не прыходзілася, ваенны час спрашчаў адносіны. У сакратарыяце высокі, русага воласу падпалкоўнік паціснуў руку і загаварыў, як з даўно знаёмым.
— Еду з фронту, вось ноч захапіла.
Гасцініцы ў горадзе яшчэ не было. Я жыў у маленькім пакойчыку, спаў амаль на голых дошках і, здаецца, без падушкі. Дзе прытуліць госця і, галоўнае, чым прыняць? Відаць, усё зразумеўшы, Твардоўскі спытаў:
— А можа, мы адшукалі б Аркадзя?
Я ўспомніў, дзе можна зараз пабачыць Куляшова. Якраз у той вечар нас абодвух запрашалі слухаць новую паэму. Я не мог трапіць туды на прызначаную гадзіну і запрапанаваў Твардоўскаму пад’ехаць разам.
— Вы думаеце, зручна?
Аднак іншага выхаду не было. У дом Аляксандр Трыфанавіч адразу не зайшоў, я выклікаў Куляшова, і яны ўдвух з гаспадаром кватэры запрасілі госця на агеньчык.
Бяседа была пры канцы, паэма даўно праслухана і, відаць, дружна пахвалена, але неўтаймоўны аўтар захацеў участаваць ёю і тых, што спазніліся. Астатнім давялося слухаць другі раз.
Крыху асалавелы празаік, з кім мы прыперліся сесці на нейкай калодачцы, раз-поразу штурхаў мяне пад бок:
— Моцна напісана, нічога не скажаш, моцна!
Захоплены сваім тварэннем, паэт чытаў з дрыготкаю ў голасе і, падбадзёрваючыся ўхвальнымі позіркамі прысутных, набіраў усё больш гарачнасці.
Напачатку Твардоўскі быў выказаў крыху цікавасці, але хутка зрабіўся безудзельным і сядзеў, пакручваючы ў руках трохзубы відэлец.
— Ну, як, добра? — з выглядам пераможцы спытаў аўтар, тым самым рыхтуючы сабе пахвальны водгук.
У такіх выпадках лягчэй за ўсё сказаць малазначнае слоўца ці зрабіць прыхільны рух. Твардоўскі маўчаў. Быццам не чуў пахвал, што сыпалі, падмацаваўшыся, госці. Пасля нягучна прамовіў:
— Я лічу твор добрым, калі магу ў ім хоць чаму пазайздросціць. А зараз, даруйце мне...
Кампанію апанавала збянтэжанне і, як ні дзіўна, пярэчанняў не пачулася. Толькі крыху ацвярожаны гаспадар пачаў нешта не вельмі далікатнае...
Твардоўскі падняўся.
— Прашу прабачэння. Я выпадкова трапіў сюды. Прыйшоў дзяркач на неба, дзе месці не трэба. (Літаральна была ўжыта ідыёма «Не каждому топору быть ко двору».) Значыць, бывайце здаровы, таварышы!
Следам за Твардоўскім выйшаў Куляшоў. Падняўся і я — не праз каго ж іншага здарылася непрыемнасць. Кінуліся на раздабыткі па горадзе: трэба закончыць вячэру і знайсці начлег.
Прачытаная рэч мне падабалася, мала таго, яе хвалілі Якуб Колас і Кузьма Чорны. Тады хто памыліўся? А можа, яны рабілі гэта па сяброўскай прыхільнасці, каб заахвоціць да далейшай работы?
У нейчай пустой кватэры пачалі, чым маглі, выпраўляць становішча, найбольш тым, што не закраналі ў гаворцы здарэння. Твардоўскі, здавалася, не прыняў нічога да сэрца і неўзабаве ўжо чытаў раздзелы з яшчэ незавершанай паэмы «Дом пры дарозе».
...Тут растлумачылася шмат чаго. Магчыма, у іншы час Твардоўскі быў бы мякчэйшы да нашага аўтара. Але патрабавальны майстар жыў у сваім творы, дзесьці спрачаўся сам з сабою, папраўляў і ўдакладняў сам сябе, не даруючы найменшае прамашкі і паспешнасці.
Усё гэта адчулася ў чытанні, калі паэт правяраў на нас, сваіх першых ці няпершых слухачах, што ўдалося, а што яшчэ і яшчэ трэба пускаць у пераплаўку. Чаго ж дзівіцца, калі ён патрабуе такой работы і ад іншых!
Пачаліся гаворкі. Добра было б апублікаваць хоць урывак з гэтай рэчы ў нас! Упершыню, не чакаючы маскоўскіх выданняў. Твардоўскі завагаўся і нечакана даў згоду.
Калі было пагашана святло, паэт прамовіў, умошчваючыся на мулкай канапе: «Но еслн no дороге — куст встает...» Я ведаў гэтыя радкі Марыны Цвятаевай і ў думках дакончыў: «Особенно — рябнна». Няцяжка было здагадацца: паэт занудзіўся па доме і цяпер, едучы туды, радуецца недалёкай сустрэчы з роднай Смаленшчынай...
Раніцаю паехалі ў Дом друку, пазнаёмілі Твардоўскага з адным работнікам рэдакцыі. Дамовіліся хутка, паэма ідзе ў бліжэйшы нумар, з бухгалтэрыі прынеслі невялікі аванс.
Твардоўскі падняўся ісці дыктаваць урывак машыністцы і раптам спыніўся, відаць, праз далікатнасць:
— Давайце, пачытаю спачатку вам. А можа, не ўпадабаецца, нашто тады машынку ганяць.
Ходзячы ўздоўж сцяны, ён добрыя паўгадзіны чытаў на памяць напісанае. Гаспадар кабінета сядзеў у паставе каменнага ідала, нарэшце літасціва пасміхнуўся:
— Надрукуем.
— Тады, каб не траціць часу, я не буду дыктаваць зараз. Куляшоў перадасць вам рукапіс, блакнот у яго на кватэры.
He ацаніўшы гэтага добразычлівага кроку — да права першай публікацыі дадаваўся яшчэ і аўтограф,— супрацоўнік насцярожыўся: ці не даў ён якое прамашкі? Падняўся з крэсла і працадзіў:
— А ўсё ж, таварыш Твардоўскі, дазвольце вашы дакументы.
Мы ўкамянелі.
Твардоўскі змяніўся з твару і абвёў нас вачыма:
— Ваша праўда, безумоўна, і ваша права!
He выпускаючы з рук, ён паказаў рэдактару ваеннае пасведчанне, паклаў на стол аванс і хутка выйшаў.
Тут ужо не вытрымалі мы, Такі паэт робіць табе ласку, дае выдатную рэч, а ты! Пад гарачую руку нагаварылі многа чаго.
Ен ні кроплі не пакрыўдзіўся, толькі ляніва адмахнуўся рукою.
— Адкуль я ведаю, мала розных прайдзісветаў цяпер валочыцца? Трэба правяраць.
He сваімі нагамі выходзілі мы на вуліцу, думаючы, што Твардоўскага ўжо следу няма. Нічога падобнага! Аляксандр Трыфанавіч стаяў пры «газіку» і весела расказваў пра здарэнне свайму шафёру.
— Шанцуе мне ў вас! Сустрэчы — на ўсё жыццё. Каб хто расказаў, дык хоць бажыся і кляніся ён, не даў бы веры.
У голасе Твардоўскага не чуваць нават маленькага засмучэння: падхапіў каларытны выпадак і цешыцца ім як мастак — смешна і цікава, ёсць што людзям расказаць, а каму якая справа, з кім гэта здарылася.
Нам робіцца многа лягчэй. Просім даць урывак — перакладзём і надрукуем.
Тут усіх апаноўвае смех. Несутрымны, раскацісты, калі рагоча ўся істота, высмейваючы з сябе няёмкасць ці ўяўную трывогу, як толькі павернецца яна другім, нечаканым і таму вясёлым бокам.
Мы рагочам у машыне, рагочам у магазіне. Зірнуўшы на нас, пачынае смяяцца прадаўшчыца і пытае, як у дуроннікаўпадлеткаў:
— А што вы смешнае з’елі, ці не жабу?
— Была такая закуска,— кідае нехта з нас.
Гэта дае новую спажыву весялосці. Дабіраемся ў драўляны дамок на ўскраіне, там наразаюцца скваркі і пячэцца вялізная патэльня яечні. Гаворка плыве ў трывалых берагах франтавое і ўсякай іншай турботы.
Неўзаметку перайшло за паўдня: трэба развітвацца, віднага часу толькі-толькі стане даехаць да Смаленска. Твардоўскі помніць абяцанне і перадае старонкі з запісной кніжкі — невялічкія, у клетку, густа запісаныя ліловым атрамантам, яны ад таго часу перахоўваюцца ў мяне.
Гэта гісторыя стала крылатай. He паспее хто-небудзь прачытаць новы верш сябрам, як адразу чуецца: «А дазвольце вашы дакументы».
У той вечар Канстанцін Міхайлавіч давяршае нявыдуманую навелу нявыдуманай канцоўкай:
— Гэты работнік неўзабаве апынуўся на Палессі, здаецца, у зямельным аддзеле.
— Давай яму Бог,— заўважае Твардоўскі,— чалавеку ніколі не пашкодзіць пакланіцца зямлі.
— Так, калі зямля яму што-небудзь дала. Але, магчыма, і гэты навучыцца пазнаваць, дзе авёс, дзе бульба. Па праўдзе сказаць, рэдакцыйнае крэсла даўно ўжо сумавала па іншым чалавеку. Граматы меў мала. Казалі, дадуць яму гранкі, дык ён, бядак, сядзіць-сядзіць з чырвоным алоўкам, а потым кліча суседа: «Ідзі сюды! Я, ліха матары, зноў забыў, як гэту закрутку ў мяккім знаку ставіць: у правы бок ці ў левы?»
— Такую рэч, Канстанцін Міхайлавіч, вы маглі б і Ляскову падараваць.
— Падабаеце яго? — Колас не чакае адказу— Па-мойму, нельга не любіць. Са словам цуды рабіў, а гумар! Для яго ў Беларусі знайшлося б не адно цікавае здарэнне з духоўным саслоўем. Некалі мне расказвалі, вось. Прыехаў у адзін павет, у глыбінку, архірэй, суровага звычаю чалавек. Сабраў сваіх даўгакосых і даўгакрысых і пачаў: пастоў не трымаецеся, у карты рэжаце, злога духа цешыце. А наперадзе самае страшнае: трэба падыходзіць пад благаславенне. Папы дрыжаць:
благаславіць ці не, чаго добрага, наложыць епіцім’ю, а там і сан страціш. Але грозны пастыр быў у добрым настроі, і ўсё абышлося лёгкім ушчункам. Дайшла чарга да дзячка, ён не вытыкаўся на вочы і больш за ўсіх перакалаціўся, стоячы ў кутку, баяўся, каб не выгналі за чарку. Нідзе не дзенешся, ступіў наперад, злажыў далоні накрыж, схіліў над імі галаву:
— Благаславі, уладыка!
Той глянуў і адвярнуўся: што ж гэта за свяшчэннаслужыцель, брудны, абшарпаны, учарашняй гары не выдыхаў, уся бяда па носе відаць.
— Ваша прэасвяшчэнства! — узмаліўся няшчаснік,— Злітуйцеся! Успомніце, мы з вамі ў бурсе на адной лаўцы сядзелі.
— He помню, не помню.
— Ваша прэасвяшчэнства, вы ж у мяне задачкі спісвалі...
— He помню, не помню.
— Ваша прэасвяшчэнства,— дзячок зашаптаў, выкладаючы апошні козыр: — А як цераз сцяну лазілі, поначы, да малочніцы Насці?..
— Багаяўленскі! Ах! — ва ўладыкі вырвалася бурсацкае слоўца.— Помню, помню! Благаслаўляю і дарую. Ідзі з мірам!
Апавядальніку робіцца смешна самому. Перадыхнуўшы, ён дадае:
— Папы зрабілі выгляд, нібыта нічога не чулі, але архірэю ўсё ж давялося перабрацца ў другую епархію.
— Ваша апавяданне,— кажа Твардоўскі,— Ляскоў у чыстым выглядзе. Mary прапанаваць штосьці падобнае. Праваслаўе заўсёды асіміліравала іншыя рэлігіі... Так і цяпер, дакладней, зусім нядаўна...
Мы слухаем новую гісторыю. Попік з далёкага раёна прыехаў да ўладыкі са скаргай: прыход бедны, сям’я вялікая, а ён атрымлівае харчовую картачку літар Б.
Архірэй зняў тэлефонную трубку:
— Аддзел забеспячэння? Да вас бацюшка прыйдзе. Айцец Сулейман, дай яму літар А.
Канстанцін Міхайлавіч прыняў усю бяседу на сябе, успомніў яшчэ тое-сёе і вымагае ад кожнага расказаць што-небудзь «ляскоўскае».
— Хіба што і я ўспомню,— згаджаецца ўкраінскі госць,— але з бліжэйшага часу.
Андрэй Малышка маляўніча расказвае, як да іх прыехаў архірэй не архірэй, аднак асоба высокая. Сабраў пісьменнікаў, вылажыў праграму: што ў літаратуры — пад неба, a што — пад зямлю. Гаворкі не атрымлівалася. Тады пачаў падкідаць ліслівыя слоўцы, звяртацца да кожнага паасобку, называць паймённа: «Што ж вы маўчыце? Я ж вас яшчэ з камсамола помню». Зноў цішыня. Толькі чуваць, як ён пастуквае пальцамі па стале і кулакі пачынае камячыць. Слухайце і разумейце! Дый гэта не дапамагло. Давялося яму таксама змяніць епархію.