Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
У руках у яго зборнік вершаў паэта, мусіць, толькі што купіў у кіёску.
На гэтыя словы якраз і нахваціўся той, каго шукалі. Павітаўшыся, Колас падае кніжку:
— Падпішыце яшчэ аднаму прыхільніку вашага таленту.
Твардоўскі крыху сумеўся.
— Выбачайце, Канстанцін Міхайлавіч. He маю права падпісваць вам на хаду. Дазвольце ўзяць з сабою.
Звініць званок на пачатак пасяджэння.
Нарэшце адгаварыліся прамовы, выказаліся ўсе наказы і пажаданні, агаласіліся ўсе дружбацкія тосты — дэлегаты і госці пачынаюць раз’язджацца.
Канстанцін Міхайлавіч вырашыў і сабе даць спачын, паблукаць па лесе. Як і заўсёды перад дарогай, пачынае збірацца загадзя. Тупаючы па садзе, вызначае гадзіну ад’езду. Далей абмяркоўваецца праграма наведвання ўлюбёнай мясціны, дзе спыніцца на дарозе, з кім сустрэцца.
Клічуць да тэлефона. Канстанцін Міхайлавіч вяртаецца здаволены.
— Аляксандр Трыфанавіч! Гаворыць: «Хацеў бы пабачыцца, развітацца. А калі ўвалюся не адзін? «Збірайце, кажу, усіх, хто вам па сэрцу...» Рагоча ў трубку: «Галоўнае, каб вам да сэрца былі».
Канстанцін Міхайлавіч усміхаецца сам сабе:
— Мусіць, не забыўся-такі пра абяцанае.
Неўзабаве прыехалі Твардоўскі, Андрэй Малышка і Аркадзь Куляшоў. Проста каля брамы Аляксандр Трыфанавіч перадае гаспадару некалькі сваіх кніжак.
— Гэта ўсё, што знайшлося тут.— I стараецца папярэдзіць словы падзякі: — А тая, на якую вы патраціліся, хай застанецца ў мяне. На памяць. Як навочны ўрок павагі да старэйшых. Вы — умелы педагог, Канстанцін Міхайлавіч.
Колас перш за ўсё вядзе да клумбы з жытам. Участак засяваецца штогод, і па ўраджаі з яго гаспадар мяркуе, як зародзіць збожжа сёлета.
Твардоўскі робіцца вельмі ўважлівы і хвіліну як бы адсутнічае, відаць, замацоўвае штосьці ў памяці. Потым вяртаецца ў размову з жартам:
— У Беларусі ніколі не ўгадаеш, што цябе чакае: вось ехаў да паэта, а трапіў яшчэ і да агранома. Па-мойму, такою справаю не грэх бы і ўсёй Акадэміі заняцца, не толькі віцэпрэзідэнту.
Твардоўскаму тут усё падабаецца, а найболей, што сядзіба з высокімі хваінамі, рабінкамі і кустамі арэшніку нагадвае нячэпаны лясны куток.
Каля ягадных градак ён спыняецца і называе трускалкі суніцамі.
— Сапраўдныя садаводы толькі так і гавораць, ніколі не памыляцца. Таксама крыху маю дачыненне да гэтага племені. У мяне пад Масквою шпаковенька. Можа, завітаеце калі?
— Абавязкова,— хітравата дзякуе Колас,— для абмену вопытам. Напэўна ж, прыехаўшы да паэта, траплю і да садоўніка.— Размова робіцца яшчэ прастарнейшая і пераходзіць у дом.
Пасядзеўшы ў рабочым пакоі, госці заглядаюць і ў Коласаву спаленьку, дзе толькі і мэблі, што просты ложак і столік з прыёмнікам.
— Строга жывяце, Канстанцін Міхайлавіч,— з усмешкай кажа Твардоўскі,— чыстая манашая келля.
Раптам ён заўважае, што са спальні ёсць друтія дзверы (тады яны не былі замурованы), проста на сходы.
— Ага, разумею,— Твардоўскі паказвае на запасны выхад,— гэта для музы. Якую, так сказаць, пры выпадку і абняць можна. Што ж, усё акурат у духу манастырскіх традыцый.
Весялей за ўсіх смяецца Колас.
— Маладое вока! А я ўсё не мог ладу дабраць, каб гэтыя дзверы не гулялі.
Ен запрашае за стол.
— He адмаўляцца! Да цягніка далёка. Вы першы раз у мяне дома, гэта адно, а другое — чаму б нам не пагаварыць, працягнуць учарашні вечар.
Учора была сяброўская вечарына ў гонар гасцей і дэлегатаў з’езда. Недзе ў сярэдзіне бяседы прапанавалі пачытаць вершы, балазе сабраліся паэты амаль з усіх братніх рэспублік.
Твардоўскі размаўляў з заслужаным ваенным. Перад гэтым паэта доўга не адпускала вялікая аўдыторыя ў Доме афіцэраў,— ён, відаць, змарыўся і цяпер разлічваў правесці вечар без клопату. А тут зноў выклікалі на чытанне.
Твардоўскі падняўся бледны. Ці то ад нечаканасці, ці то не ўспаміналіся патрэбныя радкі, але ён маўчаў. Гамана аціхла, усе вочы скіраваліся на яго. Паўза відавочна зацягвалася.
Колас нахіліўся да суседа:
— Нічога, зацішак бывае перад добрым дажджом.
Сказана гэта было напаўголасу, але Твардоўскі пачуў, пасміхнуўся Канстанціну Міхайлавічу аднымі вачыма.
— «Пераправа»,— абвясціў ён.
Цэлы раздзел з Васіля Цёркіна! Ці не рызыкоўны крыху выбар для банкетнай залы?
Мне пашчасціла слухаць Качалава і Яхантава, па цэлым тыдні я хадзіў пад уражаннем вершаў Маякоўскага, пачутых з яго вуснаў.
Тут было нешта зусім адменнае. Паэма не чыталася, а як бы імправізавалася на нашых вачах. Уладаю таленту паэт зноў выклікаў сваё першапачатковае перажыванне, уключыў у яго слухачоў. Доўгі стол пад беласнежным абрусам, застаўлены кветкамі, што яшчэ дыхалі сонцам, раптоўна змяніў выгляд, стаў свінцоваю плынню асенняй ракі. I ў ёй — рускія хлопцы, стрыжаныя,— як поўна і горка ўдарыла гэта слова стратай непражытай маладосці. Бо каб былі нястрыжаныя, дык аралі б поле ці танцавалі на вечарынках. А так «цёплыя, жывыя ішлі на дно, на дно, на дно»...
Уздыхнулася ўсім нядаўнім салдатам, спыніўся на момант і чытальнік. Прыглушыў хваляванне ў голасе і павёў нас далей. Чорная кропка на рацэ, што вось-вось схваціцца лёдам, і трывожныя здагадкі дазорных: можа, разведчык ці ўсплыў хто-небудзь з тых, са дна?.. А кропка вырасла ў байца, і адубелы Цёркін вылазіць на бераг. Яму няёмка крыху: за што такі клопат — кладуць на ложак, расціраюць спіртам. Ці не лепш ужыць уратоўчую кроплю па простым прызначэнні?
Уважылі: глынуў і адразу ж акрыяў. Далажыў, як і што, і гатоў вяртацца назад, цераз тую самую сцюдзёную глыбіню, ад аднаго позірку на якую ў чалавека замлявае сэрца. А калі ўжо хваліце салдата, дык ці нельга паўтарыць порцыю агравальнага, не «таму, што маладзец», дарога ж у два канцы!
Бой выйграў не адзін герой. Напэўна, у такіх выпадках старажытныя вянчалі паэтаў лаўрамі. А мы, узрушаныя, доўга не наважваліся ўдарыць у далоні, а калі ўдарылі, не маглі спыніцца.
Ваенная паэма, а ваюе супраць вайны! — гаворыць хтосьці поруч.
Мяне турбуе іншае. He, няма, мусібыць, болыпай магутнасці за гэту чартоўскую магутнасць, сотні разоў адмоўленую і тысячы разоў сцверджаную — натхненне! Вось зараз яна выхапіла з рэальнага існавання, з шумнай бяседы, дзясяткі розных інтарэсаў і характараў, прыхільнікаў і непрыхільнікаў зрабіла іх суадчувальнікамі і перанесла няма знаць куды, не скажу ў зусім нябытае, у бытае, але такое, што ніколі б не ўявілася гэтак поўна, не сфармавалася б у жывы свет без яго, паэтавага, сэрца, без яго, паэтавай, рукі.
Недзе чыталася, што Адам Міцкевіч пасля сваіх натхнёных імправізацый ледзь не падаў у непрытомнасці. А як жа той, хто вось зараз не проста даваў адчуць дотык ледзяной хвалі, а бязлітасна акунаў нас у забіваўшую духі халадэчу, аж пачыналі паляскваць зубы, і потым шчодра абаграваў паходнаю стопкай, як жа ён?
Ен ужо не быў голасам пачуцця ў постаці высокага бледнага чалавека, які меў сілу на цуд ператварэння попелу ў залаты пясок і нядужых — у асілкаў. Ен стаў такім, як усе наўкола, трохі падвяселеным, такім, як быў нейкіх паўгадзіны таму, Аляксандрам Трыфанавічам са знаёмай усмешкай у вачах.
Як бы ў нечым крыху вінаваты, сядае, вось адказаў лёгкім паклонам на прывітанне Коласа і па-ранейшаму загаварыў з сваім ваенным суседам. А той правёў рукою па вачах, наліў два бакалы з контурам і ўстаў:
— За здароўе і да дна!
— Мнагавата!
— А за тое, што — маладзец!
Канстанцін Міхайлавіч вярнуўся з вечара ўзрушаны, узяўся гартаць Цёркіна і цяпер рад павіншаваць свайго госця.
— За тое, што — маладзец! — паўтарае ён учарашнія словы.
— У першую чаргу за вас, Канстанцін Міхайлавіч,— у тон адказвае Твардоўскі,— За ўсіх малайцоў, што падняліся тут, у Беларусі. Я нядаўна чытаў вершы тых, каго ведаў раней, і многае — упершыню. Уражанне такое, як быццам увесь час дакранаешся да жыцця народа. I расказваецца дастойна.
Гэта — пра «Анталогію беларускай паэзіі». Па ўсім відаць, што рэдагаваў кнігу Твардоўскі не без задавальнення, хоць меў шмат клопату з адсевам тэкстаў.
— Хочацца, каб кніга служыла не адзін год,— дадае ён.— Магчыма, спіс аўтараў шыракаваты, але складалі вы самі...
— Магчыма,— згаджаецца Колас.— Але ж і ў жыцці цэлых краін усяляк здараецца. Адна старонка сто год жыве, а другая — не паспела напісацца, а ўжо не расчытаеш. Тут мы нічога не паправім.
— Дык што б вы параілі? — асцярожна запытаўся відавочна нязгодны Твардоўскі.
— Я не шукаю паслаблення, Аляксандр Трыфанавіч. Дый, мусіць, яно і не патрэбна. Уважыўшы нешта аднаму, можна ўсю літаратуру пакрыўдзіць. Я думаю пра маладых,— працягвае Канстанцін Міхайлавіч.— Напэўна, дзе хто з іх будзе слабой старонкай у нашай агульнай кнізе. А праз колькі год — выблісне.
— У маладых ёсць адна перавага: яны некалі самі сябе паправяць,— заўважае Твардоўскі.— Тут часам трэба і пахвала...
У той вечар яшчэ паспявалі песень. На беларускую, дзе расказваецца, як маладзіца будзіла «маладога абдымаючы, a старога ды штурхаючы», Твардоўскі адказаў падобнага зместу сваёю, відаць, улюбёнаю, дзе гаварылася, як старому клалі пад галаву трысцё.
Колас не можа наслухацца. Кожная народная песня яму дарагая. I не ў сольным ці харавым выкананні праслаўленых майстроў, а так проста за сталом, калі спевакі не вызначаюцца ні галасамі, ні слыхам, а вядуць мелодыю, як загадвае capita. Нездарма аднойчы ён на запытанне, што лепей уключыць у канцэрт на ягоным юбілеі, параіў: «Папрасіце маіх сяброўпісьменнікаў, хай паспяваюць “Валачобную”».
Госці пачынаюць збірацца на вакзал, а Канстанцін Міхайлавіч і слухаць не хоча. Прапануе заснуць гадзінку і заўтра ў поўным складзе падацца ў Балачанку.
Твардоўскі расчулены, просіць адкласці беларускі лес на другі раз:
— Вы дапусцілі нас у сваё сэрца, Канстанцін Міхайлавіч, вось мы і пабылі ўсюды, дзе вам люба. Дазвольце развітацца. Вы — магутны на сваёй зямлі чалавек, але чыгуначнікі прывыклі трымацца рэек, і цягніка нам сюды не пададуць...
Назаўтра ў Балачанцы, седзячы на баравой паляне, Колас пачынае як бы сам сабе:
— Дзівак! He паехаў сюды, а сам казаў — зямлі пакланіцца трэба. Пахадзіў бы па лесе, яшчэ б сілы прыбавілася. Як у былінных асілкаў. Есць, ёсць у яго ад гэтай пароды, і нямала.
He трэба пытацца, пра каго гэта.
У гасцях у Канстанціна Міхайлавіча Твардоўскі і яго сябры расказвалі былі ваенных гадоў. I ўспомнілі адну, болып падобную да небыліцы.