Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Галоўны пачастунак чакаў нас пасля абеду. Канстанцін Міхайлавіч скончыў паэму «Адплата» і абяцаў пачытаць. Аднак ён падняўся і запрапанаваў спачатку прайсціся ў парк.
Так Колас пазнаёміў нас з дубамі, пазнаёміў літаральна, бо кожнае дрэва мела чалавечае імя. Канстанцін Міхайлавіч
ахрысціў іх так трапна, што, калі называў чарговае імя, здавалася, перад намі не дуб, а сапраўдны Рыгор, вясковы дзядзька ў лапціках і шапцы-аблавушцы. Наймагутнейшы і найстарэйшы ў гэтай сям’і называўся Сымон-дзядзя. Ён замацаваўся на жыццё ў Коласавым вершы «Вузкае». Падставы для пашаны і далікатнага абыходжання з дрэвам, безумоўна, былі. Мы паспрабавалі абняць Сымона: не стала рук. Да нас далучыўся Канстанцін Міхайлавіч. Ен пачаў клікаць у гурт і Марыю Дзмітраўну.
— Хопіць і вас, самі добрыя дубы,— пасміхнулася яна.
— He надта ўжо і дубы,— падхапіў жарт Броўка,— калі ўпяцёх аднаго не абдымем.
Канстанцін Міхайлавіч абіваў з паліто прыстаўшыя падчас «абдымкаў» парушынкі.
— 3 добрым чалавекам, хлопцы,— абазваўся ён,— ніколі не пашкодзіць абняцца. Вось вы і змацавалі дружбу з Сымонам-дзядзькам.
I павёў нас па прыцярушаных сняжком лясных сцежках, дзе хадзіў сам кожную раніцу і вечар, каб і мы пасябравалі з нагледжанымі і дапушчанымі ў сэрца мясцінамі.
Краявід быў падобны да беларускага. Тут Коласу лягчэй было ператрываць апошнія дні расстання з радзімаю. А ён нецярпліва рыхтаваўся да сустрэчы.
Вось і зараз, калі спыніліся мы на ўзлеску, як за магнітнаю стрэлкай, Колас павярнуўся ў бок Беларусі, нібыта мог разглядзець яе абрысы за плячыма вялізнага сусветнага горада, што, дыхаючы камінамі, запальваў перад намі вячэрнія агні.
— Баюся, сэрца разарвецца, калі ўбачу дом...
Сказаў і скінуў шапку. I болей не аказаўся. Сціхлі і мы, каб не парушаць яго размовы з тым, што было далёка і ў той жа час поруч, з чым ён быў разлучаны доўгія гады вайны і аглядаў кожную хвіліну, што магутна і ўладна ўваходзіла з яго істоты ў наіпы і, хоць мы маўчалі, само вымаўляла сваё светлае імя — бацькаўшчына.
Вярнуўшыся ў санаторый, мы атрымалі па дубовым кійку, якія Канстанцін Міхайлавіч уласнаручна выразаў у бліжэйшых гайках, а потым загінаў на цяпельцы кульбы.
Ён узяў рукапіс і гартаў яго, выбіраючы раздзелы для чытання. На нечым, нарэшце, спыніўся.
— Гэта я для абароны пакінуў,— прамовіў, падсоўваючы да сябе замашны, як бічык, кій.— Калі вельмі нападаць пачняце...
Канстанцін Міхайлавіч прачытаў нам тады амаль усе лірычныя адступленні. Зрабіў гэта, відаць, знарок, бо сюжэтныя раздзелы, будучы выхаплены з цэласці, патрабавалі б растлумачэнняў. А можа, проста хацеў паказаць самае лепшае.
«Успомню я лес Беларусі»,— пачулася ў пакоі. У горле цёпла заказытала горкая жальба па знішчаным лясным харастве, і зараз жа прачнулася радасная падзяка родным барам. За тое, што ўстоялі, што далі прытулак чалавеку ў чорныя дні.
Тут жа, не даючы апомніцца, дыхнула навальніца, нагадаўшы пра пачатак нашэсця. «Над полем, дзе спелі жыты і пшаніца»,— чытаў роўна, не павышаючы голасу, паэт, а мы, усхваляваныя, сачылі, як па чарзе змяняюцца тоны і фарбы, святлее неба, лягчэй робіцца жыту, і пачынае яно пакрысе падымаць калоссе, сагрэтае ўзышоўшым сонцам.
Недзе далёка перагукнуўшыся з Янкам Купалам, у тым жа народным ключы, але зусім па-свойму, вырасла афарыстычнае выслоўе, простае і ад гэтага яшчэ больш моцнае:
Наперад і толькі наперад,— Hi кроку назад.
А словы вернасці радзіме і партыі злажыліся ў ёмкую лаканічную формулу:
Мы тым, браты, жывы і дужы I поўны бясстрашша, Што маем такое аружжа, Як партыя наша\
Колас даўно скончыў чытаць, а мы ўсё маўчалі, удзячныя яму за часіну чыстага і глыбокага перажывання.
У той вечар, вярнуўшыся ў Маскву, мы яшчэ няхутка развіталіся. To словам, то думкай радаваліся, што можам у
кожную хвіліну папытацца рады ў Коласа, a то і проста, без патрэбы, падысці да яго, адчуць на сабе ягоны позірк.
Пра нешта падобнае ў адчуванні гаворыць і Канстанцін Міхайлавіч зараз, больш чым праз дзесяць год пасля сустрэчы ў Вузкім.
— Вы пайшлі тады, а мы з Марусяю — услед. Дапазна хадзілі па парку. I што кожны з вас гаварыў і як трымаўся — усё перабралі. I сышліся зрэшты на адным: вялікае гора — вайна, і яна ўмацавала ў людзей пачуццё сям’і. Нават далёкія людзі пачалі адзін у адным сваякоў адчуваць. Няўжо ж яно страціцца, з такою мукай і крывёй народжанае пачуццё? — гадалі мы з Марусяй. Выходзіць, нашы сумняванні мелі падставу. Магло зноў да вялікай бяды дайсці, каб...
Канстанцін Міхайлавіч на трохі змаўкае.
— Каб... не просты і мудры закон прыроды, якому падпарадкуюцца нават усеўладныя. А колькі мы яму паклонаў палажылі! I я... У той самай «Адплаце»...
Ен глыбока ўздыхае і задумваецца. Далейшыя словы тлумачаць аб чым. Аб Вузкім, аб той пары, калі не быў яшчэ адзін.
— Нябожчыца праўду думала. Марыя Дзмітраўна не любіла яго. Казала: у такіх людзей не ўтадаеш, дабро табе зробіць ці злое. Нездарма ў народзе пра нізенькіх асоб кажуць: палавіна на зямлі. а палавіна — пад зямлёю. He даходзілі гэтыя Марусіны словы да майго сэрца. Толькі ў Ташкенце аднекуль узялася адна думка. Запомніў яе для аповесці.
Мы часамі лішняе ўтлумачваем самі сабе пра чалавека. A страціўшы крытычныя адносіны, надзяляем яго звышнатуральнымі рысамі, надаём уяўнага бляску. I тым самым прыніжаем сябе, падпадаем пад яго магічную сілу.
Навеялася гэта думка, пахадзіла яна са мною з тыдзень і адступілася.
Пад восень 1943 года пачалося наша шырокае наступленне. Я страшэнна чакаў кожнай перадачы, ведаў на памяць усе загады, лічыў салюты. Удзячнасць за гэта перавысіла мае сумненні. Яны забыліся, і з гэткім настроем пісаў я «Адплату». Цяжка і доўга пісалася яна, дый засталася неацэненай.
Тут адзін мой знаёмы прычыніўся. Я яму даў па-сяброўску рукапіс пачытаць. Дык ён спачатку мне ў вочы рознае гарадзіў, а пасля ганіў, дзе толькі мог. Стварылася вакол паэмы нездаровая абстаноўка... Ну, і досыць!
Аб гэтым даводзіцца чуць не першы раз. У голасе Канстанціна Міхайлавіча ўздрыгвае па-дзіцячы горкая крыўда. Пры ўсёй дальнабачнасці і спрактыкаванасці ён падзяляе лёс многіх аўтараў — памыляцца ў ацэнцы сваіх твораў — і схілен ставіць «Адплату» ледзь не на адзін узровень з «Новаю зямлёю». Аднак сёння ў яго няма настрою паглыбляцца ў далейшыя меркаванні на гэтую тэму.
Канстанцін Міхайлавіч гаворыць, што спадарожнічала напісанню «Адплаты».
— У той час усё прыбывала добрых спраў і вестак. Мы гналі немцаў, забіралі свае землі і гарады. На кожную падзею хацелася адгукнуцца. Але змясціць у паэму ўсё, што чулася і думалася, не было змогі. А пісаць верш — пераб’ецца настрой, і страціш смак да работы. Вось і знайшоў я продухавіну. Пачаў пісаць лірычныя ўстаўкі. Яны ўвязваліся ў агульную тканіну паэмы, але маглі ісці ў свет асобна, адны...
Тут адкрывалася магчымасць яшчэ раз зазірнуць у патайнае. У свет фармавання твораў.
Я пацікавіўся, з чаго і як узнікла задума, і заадно спытаў, ці даводзілася яе змяняць і што цяжэй за ўсё ўдавалася.
— Ад задумы амаль не адступаў. Усплывала сёе-тое пішучы, як заўсёды. Але гэта нязначныя рэчы. Ішоў строга па плану. Вось пацікаўся.
I даў мне даволі тоўсты вучнёўскі сшытак з надпісам: «Кніга ташкенцкага быція». Гэта быў дзённік! Што такі ёсць, думка ў мяне ўзнікала неаднойчы, але на магчымасць зазірнуць у яго я не спадзяваўся.
Канстанцін Міхайлавіч няголасна прамовіў:
— Бяры дамоў. Але не паказвай нікому. I сам пастарайся чытаць толькі тое, што напісана пра «Адплату». А калі не ўтрываеш, дык памаўчы. Тут ёсць адна гісторыя, а ёй рана яшчэ з’яўляцца на свет.
Прызнаюся шчыра: я не ўтрываў! Прачытаў дзённік ад лаўкі да лаўкі і з радасцю пераканаўся, што, не зважаючы на той цяжкі час і шэсць дзясяткаў гадоў з гакам, сэрца Канстанціна Міхайлавіча змагло раскрыцца перад раптоўным пачуццём. Яно нарадзіла смутныя і светлыя радкі, змушала аўтара іх пісаць і самога ж насіць лісты, рабіць крук, каб хоць здалёк зірнуць на вокны адрасата, шукаць сустрэч...
Але, помнячы яго просьбу, буду расказваць толькі тое, што тычыцца паэмы.
Першы запіс, з якога пачынаецца гісторыя «Адплаты», у «Кнізе ташкенцкага быція» (будзем далей называць яе — дзённік) з’явіўся 2 красавіка 1943 года:
«Прабаваў напісаць верш. Тэма — здраднік паслужыў прычынаю вялікага гора чалавечага. Праз яго маці страціла сына. Яна плача, прычытае па ім. Здраднік праходзіць і ўсё гэта чуе. Як успрымае ён вынікі свае здрадніцкай чыннасці.
Верш не даваўся. Патрабуе выношвання. Тэма мяне займае. Напісаў некалькі строф на другую тэму, якая яшчэ зусім неакрэслена. Можа, з часам з гэтага выйдзе невялікая паэма».
Цераз два дні Канстанцін Міхайлавіч робіць запіс: «Вечарам прабаваў пісаць на «неакрэсленую» тэму».
Да 12 красавіка работа значна пасунулася наперад. Паэма выйшла са стадыі задумы, страціла неакрэсленасць, ужо ўпамінаецца ў запісах з азначэннем «новая» і мае назву «Адплата».
«Закончан першы раздзел — 100 радкоў»,— натуе Канстанцін Міхайлавіч у дзённіку.
Звярнуўшыся да напісанага, мы можам зрабіць некалькі вывадаў. Пачаты верш аб здрадніку, а магчыма, толькі задума яго, зліліся з накідамі «неакрэсленай» паэмы, паслужылі стрыжнем першага раздзела «Адплаты». Туды ж увайшло і галошанне маці па страчаным сыне (трэці падраздзел).
13 красавіка «...работа не надта паддавалася», зазначае Колас і назаўтра дадае: «...з напісанага ўчора амаль не ўзяў нічога, апроч адной страфы». Затое 17-га, адзначаючы працу па перапісцы і праўцы зробленага, аўтар мог спадзявацца: «Можа, вечарам скончу другі раздзел».
Трэба думаць, што гэта ўдалося, бо назаўтра Канстанцін Міхайлавіч даў сабе адпачынак. Наступны дзень прайшоў у турботах: выклікалі на 3-ці Усеславянскі мітынг. 20-га з раніцы быў на прыёме ў СНК Узбекістана, а «ўвесь вечар прасядзеў каля акна», любаваўся навальніцай. Толькі 21-га ўспамінаецца пра паэму. Раніцай яму нядужылася: «у вачах з’явіліся плямы», але ўдзень усё ж «прысеў за работу». Відаць, гэты дзень быў плённы, бо запіс ад 22-га гаворыць: «Раніцою скончыў раздзел — пахаванне».
Паводле нумарацыі раздзелаў у канчатковым варыянце гэта быў трэці раздзел, але няпоўны, толькі дзве яго часткі, дзе апісваецца пахаванне Івана. Нататка ад 25 красавіка сведчыць аб намерах больш падрабязна звярнуцца да вобраза Цімоха. Як відаць, гэта і было зроблена ў дзвюх частках, што завяршылі раздзел.