Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Канстанцін Міхайлавіч на нейкі час зноў паглыбляецца ў жоўценькую кніжачку. He перапыняю роздуму, хоць і хочацца папытаць... Ен папярэджвае пытанне:
— Часамі я ўжо схіляўся пакінуць усё так, як тут,— ён загортвае кніжачку, адкладае яе на стол,— Тады з’яўлялася пытанне: які ж змест улажыць у Сымонаву ігру? Для мяне было ясна.
Але не так думалі мае крытыкі. Пачыталі, там некалькі разоў «Бог» і «Божы» ўспамінаецца, і спалохаліся. Мала таго, абвясцілі гэты раздзельчык ледзь не Бібліяй, а мяне самога — ледзь не мітрапалітам Філарэтам.
Ад нечаканага прыпадабнення ў калючай шчотачцы нізка падстрыжаных вусоў апавядальніка на момант завісае ўсмешка. Гэта чамусьці прымушае ўявіць восень, халаднаваты адвячорак, незааранае ржышча. На лагодным ветры трапечацца няйначай прылепленая да шорсткай саломы адным-адненькая, асветленая сонцам, асабліва белая на густа падсіненым прызем’і неба — павуцінка!
Я ўсміхаюся следам... He адказаць на тую ледзь улоўную ўсмешку-павуцінку нельга.
— Праўда,— дадае Канстанцін Міхайлавіч,— так і пісалася, што ў паэме «ярка рэлігійныя настроі». А якая ў мяне была цяжкасць пры пісанні? Каб жа я здагадаўся ўкласці песню не ў Сымонавы вусны, а аддаць яе скрыпцы! Зусім іншыя паперы былі б! А я ўзяў і напісаў вось як... Глядзі...
Кніжачка разгортваецца, і я чытаю страфу, у якую ўпёрся тыльны бок алоўка:
Скрыпка штораз галаснее, Прыямней гудзе струна. Скрыпка плача, скрыпка млее, Выгаварвае яна
I раптоўна ажывае.
Ей Сымонка падпявае.
— Трэба было пасля «яна» ставіць двукроп’е, а далейшыя два радкі — побаку! А я ўзяў ды пайшоў за імі. Што можа спяваць Сымонка? Толькі тое, што яму даступна, зразумела.
Аловак Канстанціна Міхайлавіча зноў упіраецца ў радкі:
I таксама, па заказу,
Граў Сымон па вечарох, Дзе дух творчасці ні разу Крыл сваіх узняць не мог.
— Вось што я меў на ўвазе ў Сымонкавай імправізацыі. Але гэта было вышэй ягонага разумення. Што мог чуць і ведаць такі хлапчук аб творчым духу? Вось я і пачаў усюды ляпіць «Божы дух». Думаў, бліжэй будзе сялянскаму дзіцяці. Тым болып у школе пра гэта казалі. Я табе калі-небудзь раскажу пра хлапчука са святым духам у портачках...
Жартлівы ўспамін праходзіць мімалётна, не затрымаўшы ўвагі Канстанціна Міхайлавіча. Ен нават сур’ёзнее.
— Сымонаў спеў — не малітва Богу, а маленне свету, прыродзе. А больш за ўсё — сілам прыроды, якія не стамляюцца тварыць. Для Сымона ўсе тыя сілы злучаюцца ў адну з таемным іменем — Бог.
Каб хлопец умеў выказаць сваё адчуванне, ён сказаў бы: Бог — гэта імя таго, што хочацца пазнаць чалавеку. I ў Сымона быў прымітыўны сялянскі пантэізм. Такі самы, як у майго дзеда і ў дзядзькі Антося. He забыўся, як дзядзька маліўся ў лесе, а дзед сам сабе выдумляў пацеры?
У такім нарыхтаванні перапрацоўваў я паэму. I ўсё больш заходзіў у тупік са сцэнаю ў карчме. Добра ўсё разумею, а зрабіць выразна не магу. Круціў-круціў і выкінуў увесь раздзельчык. He здолеў вызваліць Сымонку ад Бога. А Бог быў яму ні да чога, як гузік на носе. I мне гэтаксама: крытыка дзяўбла, і сам я — педагог, моладзь вучу...
Вось і ўся гісторыя...
Канстанцін Міхайлавіч нагінаецца над сталом, барабаніць пальцамі па шкле.
— I ў чым я зблытаўся? — нібы разважае ён сам з сабою.— Цяпер, як падумаю, тут зусім лёгка рады даць.
Уважліва слухаю, як мяркуе Канстанцін Міхайлавіч даваць гэтай рады. Перш-наперш, ён казаў ужо гэта, але паўтарае зноў,— апусціць два радкі, дзе гаворыцца, што Сымон падпявае скрыпцы. Тады пачуццё і сэнс імправізацыі, занадта складаныя для хлопца, будуць вылівацца з музыкі, як бы абмінаючы яго самога.
Канстанцін Міхайлавіч настроіўся ваяўніча і вызначае ўсё большыя скарачэнні. Выкасаваць у імправізацыі ўсе звароты-прыпевы пасля кожнага пяцірадкоўя.
Яны, праўда, ствараюць урачысты тон, але, па сутнасці, замінаюць успрыяццю. Мусіць, вінавата форма зваротаў, запазычаная з велічальных царкоўных песнапенняў.
Гэта ўсё гаворыцца ў якасці доказаў, чаму трэба выкрэсліваць радкі, а не правіць, як быў падаў думку я.
Астатняе, гэта ўжо вынікае з усяе нашай размовы,— слова «дух» усюды паставіць з азначэннем — творчы.
Я папрасіў дазволу ўзяць з сабою кніжку... Хацелася прачытаць паэму тымі вачыма, як бачыў яе аўтар зараз, без лішняга, непатрэбнага. За вечар я перапісаў увесь раздзел, як думалася Коласу, а раніцаю ўзяўся чытаць...
Усё паўстала ў зіхаткім і трывожным святле: узнік магутны, нават у сціплым зародку сваім, талент. Здалося, у нечым, хай сабе далёка-далёка, ён даводзіцца сваяком тым, хто абдарваў нас «Апасіянатай», «Дэманам», «Курганам». I самае галоўнае: знікла назаляўшае раней адчуванне, нібы аўтар упэўняе цябе ў выключнасці свайго героя, ты як быццам дзеля павагі згаджаешся, але недзе ў глыбіні душы не можаш перамагчы нязгоды і абыякавасці.
Сымон раптоўна набыў рысы сапраўднага існавання. Трэба сказаць праўду: аўтар і раней даваў даволі глыбокіх падстаў, каб мы трывожыліся, хваляваліся за Сымона ва ўсіх яго прыгодах і няўдачах.
Але зараз мне стала шкада яго не як нешчаслівага, мілага, па-дзіцячы здольнага хлопчыка.
He! Я стаў бедаваць аб марна загубленым таленце, які заявіў аб сабе не аўтарскімі — хай сабе і самымі майстэрскімі — запэўненнямі, а сваёю адзінай талентавай справай — творам! I адразу ва ўсім пераканаў: у рэальнасці ўласнай асобы, у здольнасці бачыць за звычайным дзівоснае, у неабходнасці мець для ўжытку, апрача прыроджанай, яшчэ і мову музыкі.
I мы паверылі ва ўсё гэта, гатовыя на пратэст і болып актыўныя дзеянні супраць несправядлівага свету, які люта вызвяраецца на мастацтва і яго стваральнікаў, калі толькі яны не выказваюць жадання надзяваць ярмо ці хадзіць на задніх лапках...
Пад гэткім уражаннем я перапісаў яшчэ раз карчомны эпізод, каб пры выпадку даць магчымасць аўтару паглядзець і паправіць, як ён знойдзе патрэбным.
На маё здзіўленне, Канстанцін Міхайлавіч даволі ахвотна ўзяўся за перагляд гэтай даўно напісанай рэчы. Пакінуў у сябе рукапіс і прыкладна праз тыдзень пайшоў далей сваіх першапачатковых планаў.
Апрача намечаных радкоў-прыпеваў былі выкраслены чацвёртая, пятая і сёмая строфы імправізацыі.
Пасля, некалькі дзён запар, Канстанцін Міхайлавіч вяртаўся да гэтай работы: прасіў запісваць папраўкі стылістычнага парадку, моўныя і гукавыя палепшанні ў радках.
Ён пачаў прызвычайвацца думаць і нават складаць радкі ў прысутнасці другога чалавека — была практыка сумеснай работы над сямітомнікам і трылогіяй.
Пісаць самому рабілася ўсё цяжэй: неадчэпна балелі рукі.
Болыпасць сённяшніх чытачоў, відаць, мае прыблізнае ўяўленне аб прадмеце гэтай гаворкі. Першае выданне «Сымона-музыкі» стала ўнікальным, папраўлены аўтарам IV раздзел трэцяй часткі нават не трапіў у варыянты апошняга Збору твораў Якуба Коласа. А будучы пераробленым і пераасэнсованым, гэты раздзел, на маю думку, прымушае другімі вачыма глядзець на ўсю паэму.
Паспрабуйце прачытаць (гл. Дадатак).
Маладыя шляхі і старыя краты
Дзень нараджэння. Тры гады турмы ці хвіліна подласці. З’езд і суд. Кухар Пішчалінскага замка. Новае кола пакут. «Сымон-музыка» ратуе ад тугі. Вясельнае падарожжа. Сакрэтная кніжачка. Вайна і чалавек, які мог адхімць яе. Прапаршчык Міцкевіч. Каманда дэзерціраў. Беспартыйны сакратар партыйнай ячэйкі.
Да дня нараджэння — 3 лістапада — Канстанцін Міхайлавіч часта пісаў усмешлівыя прысвячэнні самому сабе. Агалошваліся яны пры таварыскай бяседзе, у невялічкім дружбацкім гурце. На працягу многіх год кола гэтае не змянялася. Усё яно амаль цалкам, калі дадаць незарыфмаваныя прозвішчы A. А. Куляшова і М. Я. Мацапуры, пералічана ў вершы пад назвай «66», які да апошніх часаў заставаўся ў аўтографе.
Ёсць яшчэ людзі, сябры і сяброўкі,
Што ўспомняць мяне:
Танк і Лужанін, Глебка і Броўка, I Маўр зазірне.
Прыязным вокам Кандрат непаўторны
Акіне мой дом,
Лынь, у машыне агледзеўшы шворны, Прымчыцца арлом.
Выгляд мой будзе, нібы маладзею
Дзясяткі на два...
Тут няма перабольшання. Можа, нават і тры дзясяткі скідаў з плячэй Канстанцін Міхайлавіч на сваіх вечарынах. Ен перасягаў маладзейшых і ў жартах, і ў экспромтах, і ва ўдалых тостах. He дазваляў рана падымацца з-за стала.
— Сядзіце, хлопцы. Сёння пісаць усё роўна не будзеце, дзеці вашы без вас не пажэняцца.
I заключаў прымаўкай:
— А розуму мы не прап’ём, бо яго ў нас няма.
I сіваватыя «хлопцы» з вялікай ахвотай заставаліся дапазна, зноў пачыналі спяваць песні, расказваць смешныя здарэнні. Бо і самі былі рады пасядзець даўжэй, а пайсці намерваліся толькі праз далікатнасць, каб лішне не зморваць яго. А ён тады не ведаў зморы. I ад гэтага яшчэ нязмушаней, прытульней, весялей рабілася ў доме.
Зрэдку на такіх вечарах прысутнічаў... хіба так і назавём яго — Шматкроп’е. Прысутнічаў, бо запрашалі яго, калі нельга было абмінуць, калі нагадваў пра сябе тэлефонным віншаваннем. Асоба — не сказаць каб далёкая ад літаратуры, але і не блізкая з прычыны даволі меркантыльных адносін да пісьменніцкай работы. He сказаць, каб без прыроджанага розуму быў гэты чалавек, але адзнакі такту меў мізэрныя, «сляды», як гавораць хімікі пра нязначныя дамешкі серы ці фосфару ў метале.
Аднойчы нейк асабліва добра гаварылася і гасцявалася ў Канстанціна Міхайлавіча. Хтосьці, жадаючы «нараджэнніку» здароўя, напамянуў яму пра астрожныя гады... I тут пачуўся востры паўшапаток. Шматкроп’е нахіліўся да суседкі і хіхікнуў:
— А сядзеў ён праз сваё глупства... За кагосьці... Чужую віну прыняў.
Гэта гаварылася пра лістоўку, аўтарства якой было прыпісана Коласу і паслужыла фармальнай прычынай для зняволення яго ў крэпасці. Напісаў жа тую адозву настаўнік Жук.
З’еддівыя слоўцы даляцелі да Канстанціна Міхайлавіча. Толькі на момант падціснуліся ў яго губы, але і выгляду не падаў, што чуе. Кінуў нават жарт, засмяяўся, як быццам нічога і не здарылася.
Аднак пакрыўдзіўся, больш не за сябе, а за чалавека, што мімаволі і ненаглядна раскрыў сваю істоту. I не забыўся назаўтра:
— Чуў, як гэты слімак сказаў? А я так мяркую. Лепш тры гады праз дурноту ў турме адседзець, чым хвіліну на волі падлюгам быць. Што ж я мусіў зрабіць? Выказаць таварыша, на здраду пайсці? I сам Шматкроп’е, быўшы на маім месцы, не кінуўся б на такую рэч.
He стрымліваюся, гавару нешта рэзкае. Чаго чакаць ад чалавека, калі ён разважае гэтак груба і цынічна.