Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
— Тры.
— А якія?
Хлопец памацаў верхнюю бірку:
— Бог Айцец.
Пасля ўзяўся за друтую:
— Бог Сын...
I забыўся: трэцяй біркі не было.
— Ну, ну! — кажа здаволены non.— Дзве. А дзе трэцяя?
— А-а! — успамянуў хлопчык.— Бог Дух! Ён у мяне ў портках.
Канстанцін Міхайлавіч даў час пасмяяцца.
— Дык вось пра свята Тройцы, аб трох асобах Божых. Наогул, лік «тры» ў хрысціян сімвалічны. На трэці дзень нібыта ўваскрос Хрыстос. Калі кіт глынуў прарока Іёну, дык тры дні не мог ператравіць яго і быў вымушаны выплюнуць. Тройцу святкуюць на 50-ты дзень пасля Вялікадня. Часамі так і кажуць — Пяцідзесятніца, ці, яшчэ, Сёмуха, бо мінаецца сем тыдняў па ўваскрошанні Хрыста.
— Мне падабаецца назва «вялікдзень». Трэба разумець гэта слова літаральна: вясна кіруецца на лета, дзень робіцца вялікі. А што гаворыць «пасха»? Па-яўрэйску «пэйсах» — значыць, пераход, як тлумачылася ў Законе Божым, ад смерці да вечнага жыцця.
Тут недзе закладзена разуменне, падобнае да майго: пераход нрыроды ад зімовага здранцвення да цвету і выспявання. Так што Бог да гэтага свята мае такія ж адносіны, як я да ўтварэння Палескай нізіны.
Але паколькі людзі святкуюць, прымем падставы іх святкавання за нейкую ісціну. Я ў семінарыі вучыў, што Хрыстос, уваскросшы, зрабіў некалькі візітаў апосталам, каб даць ім
пэўнасць у сваім вечным існаванні. На саракавы дзень ён паказаўся народу і адбыў у нябесныя апартаменты. Як бачыш: саракавы дзень, пасля пяцідзясяты, а пэўнае лічбы для свят няма. Бо і Вялікдзень у розныя гады прыпадае на розны час. Аднак заўсёды ў тых самых межах: паміж 25 сакавіка і 25 красавіка па старым стылі.
У царкоўнікаў ёсць адмысловыя табліцы. Яны на многа год распрацаваны, там паказаны графік Вялікадняў. Графік, не раўнуючы, як у вытворчасці, рухомы. Але ёсць адна абавязковая ўмова: Вялікдзень павінен прыпадаць на першую маладзіковую нядзелю пасля вясновага раўнадзенства. Тут з хрысціянствам сутыкнуліся рэшткі паганства, вера ў аднаўленне вясновай сілы бога-сонца.
Вось і памяркуем. Каб той Хрыстос сапраўды існаваў, дык як можна, спісаўшы яго шлях ад калыскі да крыжа, забыцца на дату смерці? A то ўсё вядома: нарадзіўся — 25 снежня, хрысціўся — 6 студзеня, а калі памёр — справа цёмная. Вось і соваецца Вялікдзень з дня на дзень на працягу месяца.
Гэтым доказам, ён бы і Луначарскаму прыдаўся, я збіваў з капылоў не аднаго палескага бацюшку. Праўда, некаторыя з іх казалі, што Хрыстос хоць і меў выгляд чалавека, але заставаўся Богам, а таму не мог і памерці. А я жартаваў: «Дык што ж, выходзіць, ён прыкідваўся мёртвым? У Свяшчэнным Пісанні расказваецца, як яго здымалі з крыжа, абвіналі плашчаніцаю, бальзаміравалі і потым паклалі ў грабніцу, заваліўшы ўваход каменнем».
Бацюшкі слухалі мяне і ківалі галовамі ў знак згоды. Тады я пытаў: а калі ён быў Бог і мог усё зрабіць сам, нашто было пасылаць анёла, каб адсунуў той камень? I чаму ўваскрошанне адбывалася патайна? Апосталы прыйшлі, а грабніца пустая.
А як ён уваскрос? Употай ад вучняў, а сведкамі гэтага цуду была салдацкая варта пры труне. Мала што можа здацца вартаўніку з п’яных вачэй! Вось апосталы і не паверылі. Прыйшлося даводзіць, з’яўляцца перад імі. Апостал Хама, яго так і клікалі — Няверны, сумняваўся. Пасылаў усіх к чорту, пакуль Хрыстос не дазволіў яму памацаць раны. А адкуль ва ўваскросшага, ужо бясплотнага, узяліся раны?
Блытаніны колькі хочаш. Няйначай, пісары складалі гэтае Свяшчэннае Пісанне пад мухаю. От і не ўзгаднілі супярэчнасці розных рэлігій: іудзейскай, паганскай і хрысціянскай.
Вось куды мы з табою ад кажуха і святога духа заехалі. Некаторыя папы, з кім даводзілася сустракацца, верылі ў Бога не больш за мяне. Айцец Уладзімір, я ў аповесці нічога не прылажыў, прыводзіў народ да прысягі на кнізе Пушкіна.
— Мужык ніколі не давяраў папу. А калі папу, значыць, і Богу. I меркаваў, каб як спрытней ашукаць і аднаго і другога.
У гэтай справе ў яўрэяў многа розных спосабаў практыкавалі. Субота ў іх святкавалася вельмі строга: нельга было нічога рабіць. Гасіць свечкі і то наймалі чалавека. Забаранялася ездзіць, нават па чыгунцы, толькі вадою можна. Дык пры пільнай патрэбе паехаць бралі бутэльку вады і падкладалі пад сябе на возе ці ў вагоне. Закон выкананы, і інтэрас не прайграў.
Пераносчыкамі атэізму былі розныя старцы і жабракі. Навыпрошваюць у імя Божае хлеба і скораму, a то і адзежыны. Памяняюць усё ў карчме на гарэлку, панапіваюцца і ў лужынах мызу мачаюць. Потым схопяцца біцца. Забудуцца, што прыкідваліся калекамі, пакідаюць мыліцы і месяць адзін аднаго. Сляпы, аказваецца, вельмі добра бачыць, куды ўцякаць, калі ў яго папусцяць дручком, а кульгавы ляціць мудрэй за стаеннага жарабца. Лаянка стаіць такая моцная «ў бога» і «ў багародзіцу», проста вушы вянуць.
Сярод гэтых валацуг былі свае арыстакраты, можна сказаць — паэты. Ім аддавалася асаблівая пашана. Я кажу пра лірнікаў.
He помню, дзе я першы раз такога бачыў. Пэўна, у Стоўбцах ці ў Нясвіжы. Сядзеў ён пры царкоўнай агароджы. Бельмы закочаны, перабірае струны і цягне на адной ноце песню пра святую Дароту. А шапка — поблізу. Лірніка саромеліся падарыць кавалкам хлеба. Давалі грошы: хто — капейку, а хто і тры. Медзякі сыплюцца, а сляпы цягне сабе пад нос:
Он, Дарота, Дарота, Пякней срэбра і злота.
He памогуць твае чары, Трэба даць табе кары.
Скажу дробна шкла набіць, Цябе босу па ім вадзіць.
Гэта кароль-цыган Дароту ўпадабаў, а дзяўчына ўпарцілася. Вось ён і пачаў здзекавацца, мучыў і марыў яе голадам. Песня мяне на слёзы пашыбала.
Дзядзька Антось толькі падсмейваецца: «Ты, дурань, плачаш, думаеш, можа, і лірнік святы, як тая Дарота. Да яго ж за гоні падступіцца нельга. 3 рота так патыхае, нібы там крама гарэлкі з сядзельцам і пітухамі. Дароту ён для жаласлівых баб заводзіць. А калі натоўпу няма ды яшчэ хто корак з кішэні пакажа, ён, брат, такое пачне...»
Дзядзька вельмі смешна перадражніў гугнявы голас лірніка і хрыплы тон яго інструмента:
— Цэ-элы ве-ек гару-ю, Бз-зы-нн!
3 аднае карчмы ў другую...
Бз-зы-нн!
Ва ўдавы начую, Бз-зы-нн!
А яна й не чуе...
Бз-зы-нн!
Канстанцін Міхайлавіч тонкім голасам перадаў спевы дзядзькі Антося пад лірніка.
— Мне стала смешна,— сказаў ён,— але песні пра Дароту я не забыў і са здавальненнем потым прачытаў недзе ў беларускім календары.
У Мінску быў цікавы лірнік. Сядзеў ён найчасцей каля мураванай сцяны, што ішла ад тэхнікума ўверх па Савецкай. На самым пад’ёме вуліцы. I ў гэтым, як мне здаецца, быў разлік. Людзі ідуць угору павальней, зморваюцца. Пакуль хто дойдзе да яго, абавязкова спыніцца. Спеў паслухае і падорыць капейчынай.
Маляўнічы дзед гэта быў. Як быццам з Купалавага «Кургана» выйшаў. Твар, як з абраза, сумны, выразны, барада вялікая. Яго фота ў часопісах давалі. А самога, здаецца, у
Маскву на выстаўку вазілі. Дэманстраваў там ігру на сваім інструменце.
Зімою і летам, у дождж і ў мароз сядзеў каля педтэхнікума, з голай галавой. Ідзеш, бывала, ліра тромкае, голас чуваць нягромкі, шчымлівы крыху. Потым ён перайшоў на чыста беларускі рэпертуар. Спяваў не духоўныя вершы, а «Чаму ж мне не пець» і «Чарнаморца». Відаць, наслухаўся, як тэхнікумскі хор на спеўках заводзіў. Далятала туды цераз адчыненыя вокны...
Другі такі мастак хадзіў па рынках. Вельмі ж удала свістаў салаўём. У 30-я гады яны абодва раптам зніклі. Гаварылі, што англійскія шпіёны былі... Бядуля, небарак, усё трывожыўся: «А нам нічога не будзе, што мы іх слухалі?» Дзядоў, вядома, шкада. Але ўсё забываецца. Вось нават і я ўжо амаль забыў вобраз той галечы і бяды ў краіне, які неслі ў сабе ўсе гэтыя старцы і лірнікі.
Канстанцін Міхайлавіч працягвае вандраванне па Мінску і па рэспубліцы, па палях, якія яму хочацца найхутчэй вызваліць ад камення, аб чым ён гаварыў на партыйным з’ездзе. Гэта абуджае ў памяці дарагое яму падарожжа...
...Вясна падхапілася дружна, і ў полі снегу ўжо зусім няма. Набрынялыя чорныя камякі, наскрозь папранізваныя праменнямі сонца, засталіся толькі ў кюветах. Усюды чутна цуркатлівая вада.
Пагоркі Міншчыны засталіся ззаду. Як можна абняць вокам, жаўцеюць рана скінуўшыя зімовую апону руні. Гэта — вядомая сваёй урадлівасцю слуцкая даліна, чарназём, суглінкі. Канстанцін Міхайлавіч паказвае на гумны ў прыдарожных паселішчах. ГІрасторныя, з высокімі стрэхамі.
— Будавалі людзі з разлікам. Ведалі, чаго можна ад гэтай зямлі чакаць.
Даўнейшыя разгатыя прысады ўздоўж сіняўскай гравійкі змяняюцца стройнымі таполямі і ліпамі. На даляглядзе цямнее яшчэ па-зімоваму рудаваты хвойнік.
Мы кіруемся ў Баранавічы. Ужо другі раз працоўныя вобласці вылучаюць кандыдатуру народнага паэта, свайго земляка, у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР.
— Добра было б за адну кнігу ўзяцца,— гаворыць Канстанцін Міхайлавіч,— 3 маладосці рупіць мне гэта. У першыя гады настаўніцтва я збіраў грошы на фотаапарат. Куплю, думалася, і пайду на ўсё лета па Беларусі. А назбіраецца запісаў, здымкаў — складу даведнічак... Цяпер ён яшчэ болып трэба. Добрае ілюстраванае апісанне краіны, з гістарычнымі весткамі, з цікавымі падзеямі ў нашым жыцці, каб праца народа была чутна. Расказаць пра ўсіх, з кім пачыналася рэспубліка, хто цяпер ёй стаўляе дамы і сее лён. A то возьмеш старое выданне, чытаеш, напрыклад, пра Слуцак. I што ж дазнаўся? Захоўваюцца мошчы нейкага мучаніка, і ўсё. Добра, калі пра слуцкія бэры будзе ўспамянута. А мы ж пражылі больш за 30 год у новым ладзе. Што зрабілі, на што мерымся? Пра гэта трэба. Ды не забыць прыроду: добрыя азёры і лясы. Асабліва тыя, дзе баравікоў многа,— падсмейваецца ён са свае прыхільнасці.
За шараватай імглою і не заўважылася, як наперадзе выраслі Баранавічы. Адзін з першых нашых гарадоў, пад якім, нібы разрэзаўшы драцяною сеткай прастору паміж небам і зямлёю, разляглося чужое, варожае завыванне матора. I людзі, прывыкшыя за многа год спакойна пазіраць угору — ці высока сонца? — глядзелі на неба з жахам — куды бегчы?
— Такія раны адразу не гояцца,— кажа Канстанцін Міхайлавіч,— Але ўжо добра жыццём пахне. He гэтак, як у сорак шостым. Я быў тады. I раўняць нельга.
Сярод сцен, абваленых да падмуркаў, незабудаваных пляцоў, паўсыхаўшых ад агню дрэў — аглядаецца адміністрацыйны будынак: ці хутка стане поруч такі ж светлы шматпавярховы паплечнік. Ажыўленасці спрыяе вялікі чыгуначны вузел. Ад яго ў горадзе прыбывае руху, клопату, людзей, грузаў. Рэпрадуктары на скрыжаваннях дзеляцца маскоўскімі і мінскімі навінамі, афішы кінатэатраў клічуць на тыя ж фільмы, што ідуць у сталіцы.