Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
— Так проста я цябе не выпушчу... I што гэта за ліха? Пэўныя асобы, у тым ліку і я, карыстаюцца правам недатыкальнасці: што ні зрабі, усё добра. Нават калі рэч адно пад селядцы прыдатна. Дый тады высмакчуць з пальца кучу розных вартасцей. Бачу па табе — не ўпадабаў. I маўчыш. А мне круці галаву: недадаў ці перадаў што-небудзь. Давай умовімся, Максім: будзем гаварыць адзін аднаму толькі праўду. I не крыўдзіцца. Згодзен? А цяпер кажы ўсё, што думаў.
Зробленае пагадненне мала паляпшала маё становішча. Умова ўсё ж была аднабаковая: і без яе Колас, па праву першаадкрывальніка, пад чыім доглядам узгадавалася не адно пакаленне літаратараў, быў абавязаны гаварыць кожнаму проста ў вочы, чаго сапраўды варта яго работа.
Але хто з нас мог патыкацца з заўвагамі да яго, спадзеючыся на такую не зусім пэўную рэч, як асабісты густ? Як можна было з аднаго чытання, на слых, сцвярджаць свой погляд, абвяргаючы аўтарскі вопыт, дальнабачнасць, наўздзіўную чуласць да праўды, і асабліва мастацкай? Груз на шалях ляжаў відавочна няроўны! Але марудзіць з адказам было нельга...
Цярпліва выслухаўшы ўсё, Канстанцін Міхайлавіч заўважыў:
— А табе не здаецца, што пасля здзеку, учыненага ў судзе, здзек у камеры яшчэ мацней уразіць Лабановіча? Хіба ж гэта не праходзіць цераз духоўныя вочы героя, не стасуецца да яго разваг? Трэба памеркаваць. Я прыкідваў ужо, ці не вельмі павёў мяне ўбок матэрыял. Мы некалі гаварылі аб гэтым, чытаючы Гогаля. Толькі наконт натуралізму — памыляешся. He можа не набыць верагоднасці твая выдумка, калі ёсць у ёй і жывая акалічнасць, хоць сабе і разнатуралістычная...
Канстанцін Міхайлавіч спыніў самога сябе:
— Чакай... Хіба ж тут ёсць выдумка? Я пісаў, як было. Можа, вымыслу і малавата...
Разрэзаў вялікую наліваную антонаўку, палавіну падаў мне.
— He спяшайся... у мяне тут трохі «ад прастуды» ёсць. Прыхаваў ад Данілавага вока. Ён з дактарамі ў адну дудку іграе, парашкамі лечыць. А я, калі забаляць часам грудзі, усе сульфадзімізіны вераб’ям на дах высыпаю: хай дзяўбуць, каб не чхалі. Вазьму чарачку на ноч, і як рукою здыме...
Канстанцін Міхайлавіч наліў у паходную стопачку каньяку.
— Выбачай, я сабе няпоўную. Мы — з адной, як дзяды рабілі. He хочацца гаспадыням фатыгі задаваць. Дый пачыналі мы размову сам-насам. Так будзем і канчаць. Каб нам заўсёды так гаварылася, як сёння. Будзь здаровы!
Перадаў чарку мне.
— Трымай! Табе, відаць, і яшчэ адна накапаецца.
Глядзеў вясёлымі вачыма і гаварыў:
— Адкрытасць яшчэ нікому ніколі не пашкодзіла. Асабліва ў мастацтве. Бо яно ўжо сутнасцю сваёю выкрывае няпраўду. I калі мы кінем паказваць адны рэчы лепшымі, чым яны ёсць, а другія — горшымі? На літаратуру ад гэтага прыходзіць звод...
I раптам вярнуўся да пачатку гаворкі:
— «Пілавання дуба» не выкіну. Лыка, браток, не аддам.
Для растлумачэння гэтай прымаўкі знойдзецца час і месца пазней.
Выйшаўшы на сходы, ён доўга гаварыў на развітанне:
— Вось так. Таіцца можна толькі ад хворых, і цяжка хворых. Яны не павінны ведаць лішняга пра свой стан. A наогул — сячы манюку розгамі. Так сказаў бы мой Тукала, выкарыстаўшы для выпадку мудрасць Заратустры.
На гэтым скончыўся, калі можна так назваць, адзін з шматлікіх урокаў адкрытасці, якія, дарэчы сказаць, даваліся не аднаму мне. Хай сведкі і ўдзельнікі іх успамянуць самі.
Канстанцін Міхайлавіч перадаў рукапіс у часопіс амаль без змен. Затое, рыхтуючы трылогію да асобнага выдання, перайначыў заканчэнне, зрабіў багата ўставак, пашырыў усе
эпізоды, звязаныя з настаўніцкім з’ездам, з астрожным побытам Лабановіча. Дый сам герой стаў выглядаць іначай. З’явіўся даволі значны ўнутраны маналог яго адразу пасля прыходу ў камеру з суда, змястоўнейшыя сталі гаворкі з таварышамі па зняволенню.
Рабілася гэта ўпотай ад дактароў, калі Канстанцін Міхайлавіч быў на чарговай «прафілактыцы» ў стацыянары.
—	У рукапісе правіць цяжка,— сказаў ён, даючы мне чытаць папраўленыя раздзелы,— Сваё вока бачыла, свая рука пісала. А друкаванае, як чужое: адразу відаць, дзе вытыркае, дзе закарочана.
Я спачатку быў збольшага падсеяў «Цені мінулага». He ўлічыў, што гэта ўспаміны і я пісаў іх ад свайго імя. Зразумела, асцерагаўся, каб не перабраць меры, не высунуць сябе наперад як вялікага пакутніка. Сам-то я ведаю, што думаў і як перажываў першыя дні турмы. Вось і засталося гэта ў сабе, не перайшло ў твор. А Лабановіч жа — нешта іншае. Яму дадзена права і пахістацца і паразважаць. Я так і стараўся правіць цяпер.
Канстанцін Міхайлавіч пасядзеў моўчкі.
Паказаў двойчы перакрэсленую старонку, дзе расказвалася пра «пілаванне дуба». Прыжмурыўся на мяне, даючы зразумець, што не забыў нядаўнюю гаворку.
—	Цяпер-то нейчая душа будзе давольна. Бачыш, усе мы не надта вялікія ахвотнікі правіць, хоць часамі хто толкам заўважае. Мне некалі Марыя Дзмітраўна гаварыла: трэба прыслухвацца, калі і малое дзіця запярэчыць.
Праз некалькі хвілін гучыць старое славянскае выслоўе:
—	«Устамі младзенцаў глаголет ісціна».
Добрая ўсмешка асвятляе і ўздых і крыху перабольшаны смутак:
—	Пайшло-такі маё лыка ў дзялёж.
«Лыка не аддам» узнікла і стала ўмоўным выразам для азначэння недатыкальнасці, нечым накшталт палінезійскага «табу» ці старапольскага «не пазвалям», у часе выдання сямітомніка Якуба Коласа. Перад пачаткам гэтай работы
Канстанцін Міхайлавіч паклікаў да сябе рэдактараў першых чатырох тамоў: П. Броўку, П. Глебку і мяне. Ен выказаў жаданне, каб мова пачатковых твораў па магчымасці падраўнялася да ўзроўню сучаснай.
Беручыся за падрыхтаваны да друку твор, Колас прыдумваў новыя варыянты сказаў, знаходзіў замену для слоў небеларускага паходжання, вызваляў рукапіс ад дыялектызмаў, падтрымліваючы амаль усе нашы прапановы ў гэтым кірунку. Аднак рашуча адстойваў ужыванне слоў: «громка», «трудна» і «крэпка». У адказ на пярэчанні расказаў, як два браты дзяліліся, разбіралі бацькаву спадчыну. Адзін вельмі памяркоўна пераступіў другому кабылу з жарабём, цялушку-выпустка, авечак і лепшы панарад. А дайшло да скрутка лазовай кары, што вісеў над страхою, узяў і ўпёрся: «Лыка маё, лыка не аддам».
3 таго часу мы ведалі: вымавіў Канстанцін Міхайлавіч, хоць і з адценнем жарту, сваё запаветнае «Лыка, браткі, не аддам», значыць, усе доказы намарна, і не спадзявайся, што погляд яго можа змяніцца.
Праўда, да гэтай ахоўчай прымаўкі Колас амаль не звяртаўся. Хіба што лічаныя выпадкі ўспамянуцца за ўсе гады, калі мне даводзілася бачыць, як ён працуе над творамі, або так ці іначай браць удзел у іх рэдагаванні.
Што ж гэта была за работа?
На першую чаргу, па аб’ёму і працягласці, вылучаецца парадкаванне трылогіі «На ростанях» для першага асобнага выдання.
Выдавецкую прапанову перагледзець рукапіс перад здачай у набор Канстанцін Міхайлавіч спачатку сустрэў не вельмі прыхільна:
— А што тут рэдагаваць? Усё чытана-перачытана, слуханапераслухана.
Так сапраўды і было. «Верхань» і «На крыжовых дарогах», абедзве заключныя часткі трылогіі, папярэдне, як расказвалася ўжо, былі правераны на слых, а перад друкаваннем у часопісе «Полымя» яшчэ дадаткова прачытваліся мною па раздзелах.
Аднак даволі тоўстыя папкі чысценька перапісанага на машынцы рукапісу прывабілі, пацягнулі яго паглядзець, як жа выглядае ўвесь твор у цэласці.
Канстанцін Міхайлавіч пачаў чытаць асобныя старонкі, разгортваючы рукапіс то ў пачатку, то ў канцы. Адлажыў убок акуляры.
— Прыйдзецца папабіваць на гэтым пальцы. Усё сабралася ўместа,— ён любіць гэтае слова і ў гаворцы амаль не ўжывае «разам».— I ўжо ясна, што ў мяне як быццам нарадзілася два дзіцяці: адно да вайны, а другое зараз. Злучаюцца ў розны час напісаныя творы, а чытацца павінны, як адна кніга. I не толькі Лабановіч павінен аб’ядноўваць іх. Трэба засыпаць роў трыццацігадовай глыбіні паміж канцом і пачаткам. Я амаль не пераглядаў даваенных аповесцей. А мова наша моцна вырвалася наперад.
Перш за ўсё яе трэба габляваць, асабліва аўтарскую. Героі хай сабе гавораць, як хочуць. I так прамашак багата: у адным месцы Лабановіч — Андрэй Міхайлавіч, а ў другім — Пятровіч... Давай пачнём хіба. Гавораць, адклад не ідзе на лад. Чытай уголас і папраўляй, а я буду сачыць па кнізе.
Чытка першай паўсотні старонак «У палескай глушы» заняла больш за тыдзень. Зрэшты, цяжка было і спадзявацца на лёгкі рэдактарскі хлеб, як бывае пры выданні твораў такіх буйных пісьменнікаў: прачытаў з задаваленнем, злавіў колькі ўдасца стылістычных «скочак» і з палёгкаю накіроўвай у набор.
Колас патрабаваў работы, і не толькі ад сябе. Мы працавалі па чатыры-пяць гадзін штодня, і ён з дакорам паглядаў на ўсё яшчэ тоненькую стопку прачытаных лісткоў. Наракаў на мяне за маруднасць, а тым часам не ў яе ўпіралася справа. Мы памяняліся ролямі: Канстанцін Міхайлавіч прыняў на сябе абавязкі самага прыдзірлівага рэдактара, а я бараніў ад ягоных нападаў яго ж уласны тэкст.
Усё тлумачылася проста. Коласаўская манера пісаць зрабілася куды сціслейшая, карацейшы стаў сказ, змянілася яго пабудова, паменшала пабочных слоў і выразаў. Пісьменнік амаль адмовіўся ад выказнікаў, што складаліся з двух дзеясловаў, не выносіў іх у канец сказа.
Жаданне «засыпаць роў» паміж першай і апошняй кнігамі было нястрымнае, і даводзілася захоўваць пэўную асцярожнасць, каб не закасаваць і не прыгладзіць моўныя і стылістычныя асаблівасці пачатку трылогіі.
Рукапіс быў адкладзены, для зручнасці работа працягвалася па пятым томе Збору твораў. Там не засталося ніводнай, літаральна ніводнай старонкі, якую б абмінула, не зачапіўшы, патрабавальнае аўтарскае вока.
Строга кажучы, абедзве палескія аповесці былі перапісаны. Як жа лічыць проста «праўленай» старонку, калі на ёй добры дзясятак, a то і два змен, удакладненняў, перастановак, дапісак. I так усюды, дзе б ні разгарнуўся том. Вось, да прыкладу, мы чыталі:
«У працілежным баку характар гэтай роўнядзі захоўваўся на далёкай адлегласці, і чуць-чуць чырванеўся збоку каля яе дамок трэцяй будкі. 3 таго боку чуць значна пасоўвалася чалавечая постаць. I трудна было прымеціць, куды яна ідзе: сюды ці ў другі бок...
—	Пайду на спатканне гэтай фігурцы,— рашыў Лабановіч і пайшоў»8.
Колас правіў:
«У працілежным баку дарога ішла роўна на далёкай адлегласці. Было нават відаць, як выступаў з далёчы дамок трэцяй будкі. Адтуль ледзь прыметна пасоўвалася чалавечая постаць. I трудна было вызначыць, куды яна ідзе: сюды ці ў другі бок...