Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
3 падручнікамі было яшчэ горш. «Геаграфіяй Беларусі» і «Гісторыяй беларускай літаратуры» ўладаў толькі наш настаўнік. Ен выкладаў павольна, і мы слова ў слова запісвалі ў сшыткі. Перад сканчэннем школы цераз старэйшага брата разжыўся на тыя самыя кніжкі і я. Гэта было сапраўднае свята для ўсяго класа, ці, як тады казалі, групы.
Са слуцкіх настаўніцкіх курсаў, дзе выкладаў, як вядома, і Якуб Колас, наш настаўнік прывёз два віленскія выданні: «Вянок» Максіма Багдановіча і «У палескай глушы».
Трохі пазней мы пазнаёміліся з «Веснаходам». У кнізе быў партрэт Міхася Чарота. Тонкае прыгожае аблічча ў пышных кудзерах і ў дадатак некалькі хораша напісаных апавяданняў пра жанчын збілі школьнікаў з панталыку. Мы сур’ёзна думалі і даводзілі, што аўтар «Веснахода» — жанчына, нават называлі самімі ж прыдуманае імя — Мар’я Чарот.
Прачытаць прывезеныя нашым настаўнікам кнігі паасобку мы, зразумела, не маглі. Цераз тыдзень ад іх засталіся б шкуматы. Як мог пайсці на гэта ўласнік такога каштоўнага скарбу! На Коласавай аповесці быў даравальны надпіс, зроблены ўласнай рукою аўтара.
Пасля ўрокаў мы беглі абедаць, хапаючыся рыхтавалі зададзенае на заўтра і вярталіся ў школу. Запальвалі лямпувасьмілінейку (на газу загадзя складаліся), выбіралі чарговага чытальніка і сцішваліся.
Абраннік, трымаючы ў руках кнігу, да якой датыкаўся «сам Колас», займаў настаўніцкае месца і аж свяціўся ад радасці, робячыся адразу паважным і нязвыкла ўрачыстым.
Цішыня. He дай божа каму-небудзь рыпнуць лаўкаю ці кашлянуць!
Летуценна мяккія выразы на тварах у хлопцаў, асабліва глыбокія павільгатнеўшыя вочы дзяўчат.
Ператварыўся ў зрок і ў слых нават ленаваты сын мясцовага ветэрынара, падлетак, які часта драмаў на лекцыях. Яго будзіў шустры, задзірлівы вучань з мянушкаю Белка, падколваючы іголкай-шаршаткаю ззаду. Ад болю і нечаканасці соня імгненна ўзвіваўся ўгару з шумам і грукатам, ледзь не зрываючы з завесак адкідное века парты. Бедака так зняверылі гэтай шаршаткаю, што, каб выклікаць дзівосны падскок і спадарожнае яму выдаленне «за дзверы», даволі было лёгка даткнуцца алоўкам да нагавіц засоні.
Зараз і жорсткі жартаўнік і цюхцеяваты паджартоўны сядзяць, падпёршы далонямі падбароддзе, і слухаюць...
Першы малады роздум, першае юнацкае засмучэнне авалодваюць намі...
...Ядвіся крадзецца на пальчыках, каб забраць сваю неасцярожную пісульку з настаўнікавай кнігі... На парозе Лабановіч... I пачынаецца тая гарэзлівая — ад узаемнага збянтэжання, трагічная — ад усведамлення цяжкасці лёсу, светлая — ад нахлынуўшага пачуцця — размова, што скончылася раптоўным пацалункам і зрабіла Лабановіча шчаслівым...
Усё гэта перажываем і мы, прымяраючы прачытанае да сябе, думаючы кожны пра дзяўчо, якое пачынала здавацца любым, мяркуючы, а ці падобна хоць крышачку яна да Ядвісі.
Праз некаторы час мы весела смяёмся.
...Драўляная цэрквачка... Штурхаюцца і наступаюць адзін аднаму на ногі палешукі, падыходзячы да прычасця. Увальваецца мокры Мікіта, лаецца з папом і паварочваецца да яго спінаю, а той вяртае дзядзьку назад, перапрошвае, прычашчае і давяральна пытаецца не як строгі выканаўца абраду, a як рыбак у рыбака: «Ці злавіў жа хоць рыбы?»
Мы гатовы былі праседзець ноч навылёт, каб не выводзіў з салодкага захаплення загадчык школы, напамінаючы, што заўтра на занятках «будзеце кляваць носам».
Моцна абавязаны я гэтаму чытанню! У жніўні 1924 года дзвесце дзяўчат і хлопцаў, у тым ліку і я, штурмавалі дзверы ў навуку, здавалі экзамен у адну з нешматлікіх тады навучальных устаноў сталіцы — педагагічны тэхнікум. Для пісьмовай работы нам прапанавалі некалькі тэм. Уздыхнулася лягчэй, сярод іх стаяла добра знаёмая «Вобраз Лабановіча»...
Паглыбіўшыся ў пісанне, а націскаць трэба было на ўсе застаўкі (пяць асоб прэтэндавала на адно месца), я не адразу пачуў настойлівы шэпт і, нарэшце, даволі моцны штурханец у бок.
— Глянь адно! — падміргнуў Янка, таксама выпускнік чырвонаслабодскай сямігодкі.
За настаўніцкім столікам сядзеў ужо іншы чалавек, не той, што даваў нам тэмы. У руках у яго быў нумар «Савецкай Беларусі».
He паспеў я ізноў унурыцца ў паперу, як шэпт паўтарыўся.
— Колас! Мне старыя студэнты паказалі...
Відаць, бліжэй за ўсё перадае той воблік, што захавала памяць ад першага позірку, партрэт у раннім выданні «Сымонамузыкі». Худое, крыху хваравітае аблічча, сакратаўскі лоб, павялічаны дужаватаю на яго ўзрост лысінай, цёмныя пышнаватыя вусы і невялічкі шматок барады — эспаньёлка, быццам прылепленая пад ніжняй губою. Здавалася, далёкі, ад нашых трывог і хваляванняў, ён нічога не заўважаў, апрача аркуша друкаванай паперы перад сабою. Што Колас працуе ў тэхнікуме, мы не ведалі. Ці не закліканы ён сюды ў якасці найвышэйшага кантролю над намі і над экзаменатарамі? Што ж будзе? Возьме ўсе гэтыя работы, зганіць і ўсіх чыста «парэжа».
3 галавы даастатку выдзьмулася ўсё, што меўся напісаць. Ад стараннасці змакрэлі рукі, я стаўляў кляксы, бясконца крэсліў, быў блізкі да плачу. I ўжо глядзеў не ў сшытак, а толькі на яго, быццам просячы літасці.
I злітаванне прыйшло. Колас адклаў газету, устаў, зірнуў на панадворак цераз адчыненае акно і зрабіў да яго некалькі крокаў. Пасля прайшоўся паміж партамі.
— Толькі не трэба спяшацца! — пачуўся нягучны голас.— Добра падумайце, складзіце чарнавік. I ўважліва перапісвайце.
Чамусьці я адразу супакоіўся. За простым зваротам выразна прабівалася добразычлівасць і гучала яшчэ болып «Не бойцеся, дзівакі! Я ж сам перажыў такую турботу, я ведаю, што творыцца ў вашай істоце. Зазірніце, калі хочаце, у кніжку: я нічога не бачу...»
Сам не ведаю як, з падглядам ці без падгляду, але работа напісалася добра, і толькі гэта адно паставіла маё прозвішча ў спіс прынятых, бо па матэматыцы я адказаў так дрэнна, што пачаў ужо збіраць клункі, каб вяртацца дамоў.
Канстанцін Міхайлавіч загаварыў. Ен жартліва ахалоджвае ўсхваляванасць юнацкай пары, што, раптоўна прыплыўшы, змушае на цікавыя, мусіць, толькі самому апавядальніку акалічнасці і падрабязнасці.
— А я і не ведаў, што ты, можна сказаць, ці не першы даследчык мае аповесці. Каюся, больш не буду сварыцца з такім заслужаным рэдактарам. Як гэта мы не пазнаёміліся тады? Ты ж ужо, напэўна, друкаваўся.
Запомніць усіх сваіх вучняў яму было не пад сілу. Раз ці два на год мы падыходзілі да класнага стала, і Колас стаўляў у заліковыя кніжкі «здавальняюча», амаль нічога не пытаючыся. Нам толькі здавалася, што ён помніць і ведае ўсіх, бо неяк па-хатняму цёпла і прытульна было на яго лекцыях, быццам вёў іх не настаўнік, а калі не бацька, дык нехта вельмі прыветлівы са старэйшых сваякоў. Дый Канстанцін Міхайлавіч ахвотна замяняў лекцыі чытаннем толькі што напісаных твораў. Затое мы вучылі методыку мовы найбольш старанна, каб не ашукаць і яго і саміх сябе. Ен ведаў гэта і таму падпісваў заліковыя кніжкі не вагаючыся, без асаблівага апытвання.
Я не мог забыцца пра літаратурны суд, на які студэнты прыцягнулі Лабановіча за яго грамадскія ўчынкі. Доўга тлела ў прыску памяці і яшчэ нешта, тады вельмі горкае...
Пасля аднаго са студэнцкіх спектакляў Колас прыйшоў у аўдыторыю і з парога запытаў:
— Хто гэта ўчора іграў хлопца? Хораша выходзіла... Як быццам сапраўды цалавацца не ўмее.
Усе галовы павярнуліся да мяне. Mae вушы загарэліся. Чырванець падстаў хапала. Акцёр, нават самадзейны, быў з мяне незайздросны. Да таго ж у пары са мною іграла дзяўчына. Хоць і часта я праводзіў яе дадому, але ніяк не асмельваўся на тое, што мусіў выканаць перад поўнай залай. Аднак выканаў калоцячыся, бо не спыніла дрыжыкаў і паўшклянка партвейну, які «для храбрасці» мне прынёс за кулісы Паўлюк Трус.
А Колас адразу пацэліў у балючае месца... Бунтавалася і самалюбства. Пасля пастаноўкі мы з хлопцамі чыталі вершы. На мой погляд, яны былі сама менш выдатнымі. I вось маеш! Колас зусім не прыкмеціў іх. Мусіць, хоча падкрэсліць, што пішу яшчэ бездапаможней, чым вымаўляў ролю са сцэны.
Гэта хваляванне магло быць зразумелым толькі самому. Таварышы прынялі Коласаву пахвалу як нешта належнае і віншавалі мяне. Ды ён і ў думках не трымаў пакрыўдзіць непаўналетняга вершапісца, хоць, мусіць, даволі насцярожана ставіўся да пачынаючых «зорак» праз неразумнае маладнякоўскае задзіранне са «старымі» і змушаны быў адбівацца кплівымі фельетонамі ў адрас задзірак. Рабіў гэта ў артыкулах і выступленнях і Цішка Гартны. Змітрок Бядуля ўратаваўся ад нападаў, перабраўшыся ў «Маладняк». А Янка Купала ўсе выбрыкі і нетактоўнасці пераходжваў моўчкі.
Коласу было нялёгка. Яго, прысутнага ў зале, не запрасілі ў прэзідыум першага з’езда «Маладняка». Прабавалі кампраметаваць, дакаралі «застарэласцю формы». А ён пісаў, выкладаў, выступаў, ведаючы, што працаю пераможа...
I цяпер жа не ведаюць спачынку гэтыя дужыя рукі. Ен выстаўляе іх супраць сонца, седзячы на балконе пры сваім кабінеце. Грэе... Пачынаюць ныць уначы...
Але не горыч перажытага ўладае ім цяпер. Выслухвае смешныя прыгоды з студэнцкага жыцця-быцця, як мы ліквідавалі непісьменнасць у чырвонаармейскіх часцях, як хлопцы рабілі паходы на «Юраўку», так скарочана іменаваўся дзявочы інтэрнат на Юраўскай вуліцы, прыгадвае тое-сёе сам і заўважае:
— Па-мойму, дзяўчат вучылася там болей, чым хлопцаў. Цэлая касыначнае царства... I што ж далей?
Мімаволі ён выкрывае сябе. Можа, і не так хочацца яму слухаць, як добра ўспамінаць тую, здавалася б, недалёкую пару, тую прысадзістую двухпавярховую тэхнікумскую камянічку, што з дасвецця, у перапынках паміж двума званкамі, гула, рагатала, спрачалася. I раптоўна аціхала: рукі хапаліся за канспекты — пабольш запомніць, пабольш прыгарнуць у думкі. А вечарамі ў парадзеўшых аўдыторыях чыталі, малявалі, рыхтавалі насценныя і вусныя газеты, пісалі вершы.
Тут былі найлепшыя — на студэнцкі ўзровень, быць пэўна! — знаўцы гісторыі, матэматыкі, педагогікі і, перш за ўсё, літаратуры, дакладней сказаць, паэзіі. Яны ведалі на памяць не толькі Купалу, Коласа і Багдановіча, не толькі тых, што перад імі праторвалі дарогу ў беларускае слова, а і ўсіх, хто сёння гаварыў на поўную сілу, як Чарот і Крапіва, не мінаючы ўвагаю пачаткоўцаў, падымаўшых голас у гэтых жа мілых сценах. Моладзь прыхільна ставілася да «сваіх» паэтаў і, хоць смяялася, знаходзячы падабенства іх мудрагельных радкоў да высмеянага Коласам у фельетоне «Трыумф», «п’яны вецер носам клёвае, а з стрэх віснуць смаркачы», але ў нейкай меры і ганарылася, калі ў свежым нумары часопіса з’яўляўся твор «нашага». Бо «наш» разам еў нішчымнаватую кашу ў падвальнай сталоўцы, жыў у цесным пакоі агульнага памяшкання, выбіраў бульбу на прыгараднай тэхнікумскай ферме, даваў практычныя лекцыі ў паказальнай школе.