Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
Броўка пазваніў у бальніцу і пайшоў высвятляць, ці не трэба яшчэ якая дапамога. Неўзабаве адыходжу і я.
Усё ў тым жа бальнічным калідорчыку сустракаемся з Данілам Канстанцінавічам. Вырашана рабіць аперацыю. Калі хворы згодзіцца, будуць выклікаць хірурга з Масквы. Аднаго з нас могуць прапусціць да Канстанціна Міхайлавіча. Што параіць яму? I як раіць, калі не маюць пэўнасці самі дактары?
Дзяжурны ўрач гаворыць, што хворы даў згоду.
I гэтае «хворы» замест звычайнага светлага імені неяк асабліва ўзрушвае і прыгнечвае.
— Зайдзіце да яго хто-небудзь,— кажа ўрач.
Выбіраем пасланца — нявестку. Вярнуўшыся, яна перадае:
— Канстанцін Міхайлавіч спакойны, боль аціхае. Пытаў пра ўнукаў, прасіў не турбавацца.
На досвітку па тэлефоне дазнаюся ў дзяжурным пакоі: аперацыю зрабіў, узяўшы ўсю адказнасць на сябе, лепшы наш хірург Мікалай Іванавіч Бобрык. Становішча хворага цяжкое.
Помнячы наказ Канстанціна Міхайлавіча прыйсці да яго, кіруюся ў бальніцу. Там доўга пераконваю, што пабачыцца мне, канечне, патрэбна, ён прасіў, ён не забывае пра дамоўленае і, значыць, будзе трывожыцца. Гэты доказ дапамагае.
Па калідоры шнуруе з канца ў канец усхвалёваны М. I. Бобрык.
Ён абдымае мяне за плечы і ў адказ на бязгучнае запытанне — «як?» — шэпча:
— Кепска, ой кепска... Галоўнае, ён увесь час шчоўкае... Разумееш, іпто гэта значыць?
Стаю разгубіўшыся.
Бобрык штурхае мяне ў дзверы палаты:
— Ідзі. Але толькі на тры хвіліны. He больш. Я буду сачыць па гадзінніку і падам знак.
У невялічкай палатцы ён ляжыць каля сцяны насупраць акна, што выходзіць на Чырвонаармейскую. У нагах прыбор для ўлівання фізіялагічнага раствору, побач на тумбачцы — шклянка вады. ГІры хворым неадлучна дзяжураць медыцынская сястра і нявестка.
Смутныя вочы глядзяць проста перад сабою, але як быццам аднекуль здалёку, быццам праз туман ці марлевую заслону. Твар вельмі бледны, нават зямлісты, шчокі пазападалі. Грудзі раз-поразу падымаюцца ад няспыннай ікаўкі.
Усе падрыхтаваныя словы, з якімі я ішоў да яго, раптоўна знікаюць. На язык просіцца звычайнае: «Як вы сябе адчуваеце?» Але пра гэта пытаць нельга, Бобрык двойчы папярэдзіў і забараніў.
Кажу «дабрыдзень» і змаўкаю, не ведаючы, што вымавіць далей.
Канстанцін Міхайлавіч робіць спробу падаць руку.
— О, дык вы зусім маладзец,— кажу, баючыся, што ён зараз жа прыкмеціць робленую бадзёрасць тону,— Помніце, я тады дзён два паварушыцца не мог.
Нагадваю, як год назад ён зніжаў ціск у суседнім аддзяленні стацыянара і прыходзіў рана і ўвечар наведаць мяне пасля выдалення апендыкса.
— Дык ты ж не шчоўкаў...— слаба варушацца губы.
— Як гэта не шчоўкаў? — адважна маню я.— Насілу лімонам перабілі...
Але працягваць так цяжка. На выручку прыходзіць пераклад апавядання «Між дзвюх рэчак», прысланы з «Огонька» для аўтарызацыі. Меніп за ўсё я думаў у гэты час займацца справамі, але, сам не ведаю чаму, сунуў на адыходзе рукапіс у кішэню. Паказваю апавяданне, кажу, што зроблены невялікія купюры.
У вачах Канстанціна Міхайлавіча з'яўляецца цікавасць.
— Што ж там апушчана?
Апавяданне ён некалькі разоў перапісваў, дамагаючыся асаблівай выразнасці, яно блізка года ляжалгі ў партфелі і, знайшоўшы дарогу ў друк, усё яшчэ турбавала аўтарскае сэрца.
Аднак няўмольныя тры хвіліны канчаюцца. Тлумачыць даводзіцца спяшаючыся.
Канстанцін Міхайлавіч крыўдзіцца:
— Ты нешта гоніш, як на пажар,— гаворыць ён і раптам перастае ікаць. Слухае найбольш удалыя мясціны перакладу, ківае галавою ў знак згоды.
За дзвярыма з’яўляецца постаць Бобрыка, ён паказвае рукою: «Сядзі!» Праходзіць чвэртка гадзіны.
— Мусіць, я падрамлю,— кажа Канстанцін Міхайлавіч,— Ноччу ж не далі. Усе кішкі пабунтавалі. Пераклад, я думаю, неблагі.
Каб даць яму магчымасць заснуць, мы ўсе пакідаем палату.
У калідоры Мікалай Іванавіч цісне руку:
— Я цябе і заўтра пушчу. Але ні слова аб хваробе, хай яго думкі адцягваюцца на старонняе.
Толькі дзён праз тры лягчэй уздыхнулі і мы і дактары: Канстанцін Міхайлавіч стала пайшоў на попраўку.
— Падзяка табе ад Бобрыка,— сустрэў мяне Канстанцін Міхайлавіч перад выпіскай з бальніцы,— Ён вельмі рагатаў і забраў твой верш.
Гаворка ішла пра некалькі складзеных па дарозе ў бальніцу радкоў для развагі хвораму:
Добры доктар Бобрык,
Але страшны ножык: Выража апендыкс, Пакладзе на ложак.
He чапні рукою.
He мяльні нагою, Покуль каля пупа Дзіркі не загоіш.
Гэта ўсё мінецца, Час усё заліжа... Дзякуй, дзядзька Бобрык, Што не рэзаў ніжай.
Жартоўныя прысвячэнні дактарам, усхваляючы іх цудадзейную моц і высмейваючы сваю нядужасць, Канстанцін Міхайлавіч пісаў часта. Асабліва шанцавала С. О. Ліяранцэвічу, які ў вершаваных коласаўскіх пасланнях іменаваўся «мітрапалітам Сергіем».
Таму і мой зварот да доктара-хірурга не пакінуў хворага безудзельным, тым болып што быў напісаны нібы ад яго імя. Выслухаўшы верш, Канстанцін Міхайлавіч папрасіў запісаць яго, а пачытаўшы сам, падвастрыў два радкі ў заканчэнні.
— Гэтаму майму збавіцелю, дый твайму, не зашкодзіла б прысвяціць і паэму. Ведаеш, калі прыехалі тады дактары, я сказаў сам сабе: «Бывай, Якуб! З’явілася трое архангелаў па тваю грэшную душу».
Канстанцін Міхайлавіч вярнуўся з стацыянара, паабедаў у кухні каля пліты, паджартоўваючы з сястры.
— Ты мне цяпер, Міхалінка, хоць каменне давай есці, усё страўлю. Тое, што чалавеку не трэба, дактары выразалі...
Перад гэтым ён пахадзіў па дварэ, агледзеў увесь дом, пакрэктваючы ад задавалення, адчыняў кожныя дзверы. Па сваёй палавіне некалькі разоў глыбока дыхнуў і прылёг на ложак. Уключыў радыё і пасміхнуўся. Слаўна, столькі пакачаўшыся ў бальніцы, апынуцца ў сваёй хаце, на сваім ложку! Загаварыў:
— Добра, калі чалавек сам сабе гаспадар. Захацеў музыкі, уключыў і грае. Некалі Марыя Дзмітраўна, Міхасёк і я жылі
каля Ташкента ў Чымгане. Маруся пачынала хварэць, і мы пад восень 1943 года ўладзіліся там на дачы. Гэта слаўная курортная мясціна, у гарах раскідана некалькі санаторыяў. Але калі заходзіла сонца, уся шыкоўнасць гублялася: Чымган рабіўся пануры, як стары сівы дзед.
Мне было па душы жыць там, хоць пачынаў непакоіць ціск крыві, і на высокім месцы я пачуваў сябе не вельмі добра. Нашчапаю трэсак, каб снеданне згатаваць, і змаруся. Але Марыя Дзмітраўна была здаволена, ён стала лепш. Міхасёк таксама быў рады, хадзіў на паляванне, прыносіў курапатак, збіраў у гарах яблыкі і алычу.
Мы доўга збіраліся ў Чымган, ніяк не ладзілася: спярша з пуцёўкай, пасля з машынай. Калі ж, нарэшце, выехалі, недалёка ад горада машына стала. Нешта з падшыпнікамі здарылася. Дзякуй богу, блізка аўтабаза была. А там загадчык, добры дзядзька, беларус. Буц яго прозвішча. Сустрэў ветліва і дапамог.
Канстанцін Міхайлавіч пакруціў рычажок прыёмніка, пашукаў іншае станцыі.
— Турботы былі ў мяне з гэтым радыё ў Чымгане. Ніяк не мог паслухаць з раніцы апошніх вестак. А тады якраз нашы войскі занялі ад Арла і паперлі немцаў. Далей пайшлі Таганрог, Ельня, пачаліся баі каля Смаленска. Калі быў узяты Бранск, я сказаў сваім: гэта вароты ў Беларусь. Тады хацелася ведаць, як і што, а радыё возьме знямее з ночы і раскатурхаецца, калі пачнуць перадаваць музыку.
Пайшоў я да дырэктара санаторыя. Пытаюся, у чым перашкода? Кажа: «Напружанне слабое». А тут не ў току справа! Радыст — пляменнік дырэктара і яму робяцца палёгкі, каб не напружваўся. Сабраўся я і пайшоў раненька шукаць таго радыста. Зайшоў у хату: спіць, хвост адкінуўшы. Яму сямнаццаць гадоў, а маладому раніцаю вельмі ж спіцца. Прабраў я яго, і радыё пачало гаварыць больш акуратна.
Крыху пазней радыст перабраўся ў санаторый, і мне ўжо не трэба было хадзіць будзіць яго. Так што і я крыху майстар. Mary рамантаваць, калі не прыёмнікі, дык людзям сёе-тое падкручваць. А наогул, даўно я ніякім майстэрствам не займаўся. Зрабіў у Чымгане вешалку для ручнікоў, вось і ўсё на тым.
Тастамент старога грыбніка
Нашто чалавеку хвост? Чалавек паганскай веры. Думкг аб смерці. Грыбная навука. Дружба з балачанцамі. Куплёныя грыбы. «Інспектар». Коні у чайной. Першае прысвячэнне.
Чэрвень. Горача, бязвоблачна. Канстанцін Міхайлавіч падоўгу сядзіць на ганку каралішчавіцкага дома. Цярпліва адганяе свежавыламанай галінкай камароў, якія ў тое лета літаральна заядалі тутэйшае насельніцтва.
Перад змрокам гукае Міхася Лынькова:
— На работу, Міхале!
Лынькоў быў «загадчыкам» кастра. Паліў яго са смакам, умела, то даводзячы да вялікага полымя, то абкурваючы ўсіх сінім дымком ад знарок накіданых сырых яловых лапак.
Камары кусаліся ўсё гэтак жа злосна, не зважаючы ні на якія захады. Тады Канстанцін Міхайлавіч паўтараў вострае слоўца, якое пусціў у абыходак Кандрат Крапіва: усе, хто едзе ў Каралішчавічы на адпачынак, павінны атрымліваць у Літфондзе дармова, у дадатак да пуцёўкі, хвост — абмахвацца ад камароў.
На лаўцы пад высокай разлапістай ялінаю ён размаўляе з маладым, па-маладому ружовенькім паэтам. Дрэва — на паўдарозе ад Дома творчасці, дзе ўсе мы жывём, да сталоўкі. Дарогі ўсяе тут метраў трыста, але Канстанцін Міхайлавіч, ідучы туды і назад, абавязкова робіць прывал. He заўсёды ад
зморы. Проста яму прыемна пасядзець на лясной сцежцы, паслухаць птушак, перакінуцца словам з сябрамі. I яшчэ. Тут ён штодня падпякае калючым слоўцам не так густы падлесак, што не дапускае ветру пад наш дом, як нядбалых гаспадароў лесу. Асабліва хвалюе Канстанціна Міхайлавіча, што асіннік, вербалоз і іншая лясная дробязь глушаць мілыя яго сэрцу дубкі...
Некалькі разоў прабіраў ён леснікоў і лясніцтва. Потым недзе пажаліўся. Лес працерабілі, пачалі гэта рабіць рэгулярна, і тоненькія хлысцінкі дубоў паразрасталіся ў дужыя высокія дрэвы.
Ноччу ішоў дождж. Каля лаўкі стаяць лужынкі вады. Яшчэ зусім рана, але ў паветры парыць. Усё паказвае на навальніцу.
Канстанцін Міхайлавіч скінуў лёгкія хадакі і сядзіць босы. Час ад часу акунае пальцы ў цёплую лужынку. Ногі ў яго, нечакана для магутнага леснікоўскага заводу, вельмі малыя, як дзіцячыя. На ўсе ўгаворы абуцца толькі махае рукою.
— От вы, дзівакі-людзі! Трэба ж мне босаю нагою зямлі даткнуцца! Хоць раз на год. Сілы набрацца, паспрабаваць, ці моцна стаю на ёй. А можа, і яна падалася, пачала гойдацца на восі.
Канстанцін Міхайлавіч увесь час усміхаецца. Добры настрой падмацоўвае начная навальніца і тое, што дождж збіраецца зноў. Ён добра спаў, толькі што гладка пагаліўся і выглядае зусім маладым.