• Газеты, часопісы і г.д.
  • Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

    Колас расказвае пра сябе

    Максім Лужанін

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 429с.
    Мінск 2019
    112.53 МБ
    «Інспектарам» аказаўся вастравокі хлапчук гадоў дзесяці. Даўшы «дзень добры», ён стаў у парозе разглядаючыся.
    — Як маешся? — спытаў Канстанцін Міхайлавіч,— Рыбу ловіш? He ловіцца? Дык ты ў грыбы хадзі, мы унь колькі нарэзалі.
    — Я ўжо бачыў у машыне,— адказаў хлопец.
    — Ну, на тое ж ты ў нас інспектар. Вазьмі сабе цукерку.
    Калі за гасцём зачыніліся дзверы, высветлілася паходжанне ягонай мянушкі. «Інспектарам» яго празваў Канстанцін Міхайлавіч за надзвычайную цікаўнасць. Варта было толькі каму-небудзь заявіцца ў калгас, як хлопец бег туды і высвятляў: хто прыехаў, адкуль і па якой патрэбе.
    Гасцяванне наша ў Балачанцы закончылася кароткім апавяданнем Канстанціна Міхайлавіча.
    — Аднойчы, яшчэ падлеткам, натрапіў я ў Альбуцкім лесе на неруш. Hi да гэтага, ні пасля — ніколі такога не бачыў. Грыбы сядзелі так густа, што нагі не ўб’еш. Зрэжаш аднаго, а пад ім яшчэ два-тры меншанькія. Нарэзаў я повен кош, а грыбоў нічуць не паменшала. Скінуў тады кашулю, завязаў каля каўняра, нарыхтаваўся рэзаць, а тут чую — надыходзяць жанкі на маю паляну. Пабяруць. думаю, усе грыбы. Я скарэй — усё з сябе, нагнуў бярэзіну, узяў у рукі вяршок і падскакваю голы. Бабы мае ледзь не памлелі. Спачатку думалі — чорт. Пасля разгледзеліся, пазналі, але вырашылі, што я звар’яцеў.
    Едучы назад, стомлены даволі вялікаю пераходкаю, я задрамаў.
    — Тпру, прыехалі,— пабудзіў мяне Канстанцін Міхайлавіч.— Можа, піва хочаш?
    Машына стаяла каля «хамута», такую мянушку мела пухавіцкая чайная.
    Аднойчы, па дарозе ў Балачанку, Канстанцін Міхайлавіч убачыў тут каля ганка некалькі хамутоў.
    — Ці коні, змакрэўшы, сядзяць і піва п’юць, бо ў хамутах туды не пусцілі, ці людзі, ідучы запрагаць коней, надумаліся кульнуць па чарцы. Хутчэй за ўсё коні. П’юць з гора, бо іх моцна тэхніка выціскае...
    Успомнілася, як на адной з дарог бачылі мы чалавека, які спрытна каціў на веласіпедзе, а ззаду трухаў прывязаны за раму конь.
    Канстанцін Міхайлавіч паглядзеў услед і падзяліўся меркаваннямі:
    — Кіламетраў цераз дзесяць яны памяняюцца — дзядзька пабяжыць збоку, а конь пацісне на веласіпедзе, накручваючы капытамі педалі.
    Каля самага Мінска Канстанцін Міхайлавіч павярнуўся да мяне і зірнуу вачыма, перад якімі нельга было маніць:
    — Купіў?
    Я вырашыў не здавацца да апошняга.
    — Што, дзядзька Якуб?
    — Тыя першыя грыбы?
    — Навошта купляць, калі я добра збіраць умею.
    — А дзе ж ты іх сабраў?
    — Я ж вам казаў.
    — Па той бок дарогі?
    — Ага.
    — Дык там жа грыбы не растуць!
    — А нашто ж вы мяне туды пасылалі?
    — Дзівак ты, Максім! Які ж гэта паважны грыбнік аддасць другому сваю мясціну? — скончыў ён гаворку жартам.
    Я прызнаўся, як была справа...
    Вядома, не ад улюбёнай мясцінкі адводзіў ён мяне. Проста хацеў пабыць сам-насам з думкамі ў лясной адзіноце...
    Назаўтра пасля прыезду з Балачанкі ў нас адбылася літаратурная размова. Рэзкая, суровая, адкрытая. Ступень адкрытасці яе здзівіла. I ў той жа час узрадавала. Канстанцін Міхайлавіч беспамылкова адлучаў «авец ад козлішч», як ён гаварыў, талент ад бяздарнасці ці пасрэднасці, ведаў, чаго можна чакаць ад таго ці іншага літаратара, і не спыняўся на палавінчатых ацэнках твораў нават у дачыненні тых асоб, з кім быў звязаны даўняю дружбаю ці знаёмствам.
    Я забег да яго раніцай, на хвіліну, ды так і не здолеў адарвацца ад размовы да позняга вечара. Мы пачалі яе ў
    садзе, перайшлі ў дом, потым вярнуліся пад вяз, а закончылі ў кабінеце, запаліўшы святло.
    — Ну вось, замацавалі ўсё на належных месцах. А ты робіш якія-небудзь нататкі пасля нашых размоў? — раптам запытаў у мяне Канстанцін Міхайлавіч.
    Я не прызнаўся, мяркуючы, што ён шкадуе, навошта гэтак адкрыта гаварыў.
    — Дарма,— сказаў Канстанцін Міхайлавіч,— Калі нават памылішся ў чым ці лішняе занатуеш, час усё спарадкуе і паправіць. Я вось знайшоў тваё прысвячэнне. Гэта схематычная гісторыя нашага знаёмства. Вазьмі. Можа, апублікуеш калі.
    Гаворка ішла пра верш, напісаны да дня нараджэння, калі ён, хвараваты, ляжаў у стацыянары — невялікім флігельку на вуліцы Кірава. Верш гэты адначасна адказваў і на ягонае прысвячэнне мне, дзе кідаліся папрокі ў бок фінансавых органаў, якія не дазвалялі ўстанавіць мне людскі аклад у Акадэміі навук з той прычыны, што я не меў кандыдацкай ступені.
    Якубу Коласу
    Удзень 3/Х 1948 г.
    Я пішу да Вас не першы. Вы раней сказалі, Добрым хлопцам добрых вершаў Шмат Вы прысвячалі.
    Там жа шмат традыцый слаўных
    I вясёлых часам, А вось з Вамі мы нядаўна Стрэліся сам-насам.
    Помню... Студзень, дзень пагодны. Роем ходзяць думы.
    У вагоне міжнародным Прыбылі ў Маскву мы.
    Заімчаў нас ліфт адразу На паверх дзясяты, I туды штовечар лазіў Ваш сябрук цыбаты.
    Ён трашчаў, як малатарка, Ды нацэльваў вока, Ці няма часамі чаркі Дзе навідавоку.
    Вось ад гэтае часіны, Ад тае дарогі Стаў я ў Вашае хаціны Абіваць парогі.
    Хай жа пойдуць яны пылам, Стаўкі кандыдатаў!
    Вельмі крыўдна, дзядзька мілы, Што вы хвараваты.
    У зацішнай Вашай хаце Так прасторна марам. He ўпыняюся гукаць я:
    — Дзе вы, гаспадару!
    Што з іх выссеш, з лечкамісій? — Банькі ды прыпаркі...
    Сульфідзін з пеніцылінам He заменяць скваркі.
    Кіньце прэч з лякарствам сподак. Сэрца не нявольце!
    Ёсць адзін цудоўны сродак, Прапісаць дазвольце.
    Будзе верасень, як шклянка, Добрая дарога, Клікне ў госці Балачанка Караля грыбнога.
    Пагалоска пойдзе, пошчак Вандраваць па лесе, I пішчом да дзядзькі ў кошык Баравік палезе.
    I запоўняць кош прасторны — Без адной лісічкі! —
    Тыя хлопцы ў шапках чорных, Белых чаравічках.
    Вось рэцэпты для паэта, Як адужаць скора, Акрыліцца думкай гэтай I адкінуць хворасць.
    А пакуль — прыміце хвалу 3 Вашым нараджэннем. Выбачайце на няўдалым Гэтым прысвячэнні.
    Чытаючы верш, я страшэнна бянтэжыўся, бо Канстанцін Міхайлавіч увесь час варочаўся на ложку і чырванеў. Мне здавалася, што я нечым пакрыўдзіў яго, а можа, паставіў у няёмкае становішча. Крыху пазней ён вытлумачыў:
    — Гэта мяне душыў кашаль, а я стрымліваўся, баяўся, каб не пакрыўдзіць цябе...
    У клопаце дзень пры дні
    Здарэнне з наведвальнікам. Размарынаў. Гаворка з карэспандэнтам «Правды». He шкадуйце на людзей добрага слова.
    — Размарынаў? Няўжо ў яго такое аперэтачнае прозвішча?
    Колас нічога не адказвае: так ён толькі што назваў аднаго з сваіх наведвальнікаў. Але ў вачах праблісквае ледзь прыкметная іскрынка, значыць, у думках ён падсмейваецца і зараз нешта раскажа.
    Шумных і дакучлівых людзей Канстанцін Міхайлавіч не любіў. Можа, гэта замоцнае слова — не любіў, бо хоць яму і было цяжка з надаядамі, як ён ахрысціў асоб такога заводу, але ж не адмяжоўваўся ад іх. Ен ніякавеў і губляўся перад бесцырымоннасцю некаторых просьбітаў, аднак выслухваў іх. Ды не толькі выслухваў і дапамагаў праз прыроджаную далікатнасць, а вышукваў у кожным зернетка сапраўднага, чалавечага. Праўда, вочы не абміналі нічога ў суразмоўніку: памяць адкладала ў запас смешныя рысы, дробязныя звычкі, драпежныя ўхваткі.
    Адзін усяго раз за наша знаёмства Колас так зірнуў на занадта настырнага карэспандэнта, што той паспяшаўся зачыніць дзверы гасцінічнага нумара — знік, як быццам і не з’яўляўся.
    Канстанцін Міхайлавіч нездаволена пачмыхаў, а праз паўгадзіны, калі мінулася змора і адышлася ад вачэй сумятня цяжкога пасяджэння, адкуль ён вярнуўся, пачаў каяцца.
    — Паказаў, называецца, характар, стары пень...— Зневажальныя звароты да ўласнай асобы заўсёды выкрываюць ягонае хваляванне.— Выгнаў чалавека, а за што? Яго ж справа ў карак штурхае...
    Памаўчаў і ўзяўся за мяне:
    — Дый ты —добрая цаца. Няма, каб спыніць, асцерагчы...
    — Тады б і я апынуўся за дзвярыма...
    Колас лёгка адгукаецца на жарт:
    — Але ж выпарыўся ён хутка. Быццам нячысты дух. Няўжо я страшны такі, га?
    Пагаварыўшы пра заўтрашнія турботы, здалёк пачынае падступацца да таго, што не пакідае яго ў спакоі.
    — А можа б пазваніць яму? He магу ж я пісаць тут, у гасцініцы. He атрымаецца. Прыеду дадому, тады раздумаюся, будзе ім артыкул. Як ты мяркуеш?
    Запытанне гучыць так: давай пазвонім, растлумачым, скінем з сэрца цяжар.
    Бяруся за тэлефонную кнігу, званю ў бюро даведак, нарэшце дашукваюся патрэбнага нумара.
    — Дык як яму казаць, дзядзька Якуб?
    — Відаць, мне давядзецца...
    Пакуль ён падыходзіць, тэлефон абзываецца сам. Рэдактар перапрашае за свайго супрацоўніка — аператыўнасць прымушае! — просіць не ламаць з імі дружбы на далейшае: што здолееце і калі здолееце — усё роўна, толькі прысылайце.
    Коласа гэта кранула.
    — He пакрыўдуйце і вы... I хлопцу свайму скажыце, няхай... Ну, адным словам, хай даруе. Я з ім хацеў бы пабачыцца. Калі? А хоць і заўтра.
    Паклаў трубку, таймуе ўзрушанасць: ходзіць ад акна ў парог і назад.
    — Бачыш,— голас у яго цяплее,— колькі нас, беларускіх капшукоў, вучыць трэба. Хто вінаваты, а хто першы прабачэння просіць...
    Ён сядае за стол і, уздыхаючы, бярэцца за асадку.
    — Нічога не зробіш, нічога не зробіш...
    Крыху падумаўшы, глядзіць цераз плячо вясёлымі вачыма:
    — Я ўжо ведаю, як пісаць. Зробім ім артыкулец. Заўтра ён прыйдзе — атрымай, дружа! Тады паглядзім, чый верх будзе.— I зусім весела дадае: — У аператыўнасці і ў далікатнасці.
    3 чалавекам, якога Колас назваў Размарынавым, спаборнічаць у далікацтве не даводзілася. Па зусім простай прычыне: гэтай якасці той не меў. Унадзіўся хадзіць кожны дзень, з’яўляўся зусім па дробязях, якімі было брыдка турбаваць Коласа, нават каб у яго пракідалася вольная часіна.
    Канстанцін Міхайлавіч раз ці два перагаварыў, паслаў хадайніцтвы, і большасць просьбаў была задаволена. Аднак знаходзіліся новыя, і наведвальнік трымаў дом у аблозе: раніцай адмануцца, нібыта гаспадара няма дома,— прыходзіць у абед ці ўвечары.
    Так здарылася і ў гэты адвячорак. Канстанцін Міхайлавіч закончыў навелу з «Казак жыцця» і меўся пачытаць. Мы сядзелі ў садзе. Нехта з хатніх прыстрашыў: «Хавайцеся лепш у дом, візіцёр можа наскочыць». Тады Канстанцін Міхайлавіч і вымавіў дзіўнае прозвішча — Размарынаў. I ледзь паспеў гэта зрабіць, лёгкі на ўспамін і на нагу чалавек быў на падыходзе.
    Колас махнуў рукою:
    — Паслухай яго. Я ўжо рады не дам: ён і за сябе і за мяне гаворыць,— I накіраваўся ў глыбіню саду, а пасля праз бакавыя дзверы — у дом.
    Задача выпала не з лёгкіх. Чалавек сыпаў словы чэргамі з аўтамата — цэлы дыск за раз. Паўхвіліны на замену — і новы дыск. А гаварыў ён выключна пра сябе, пра свае поспехі, што маглі быць яшчэ большыя, каб не заміналі нейкія непрыхільнікі, нядобразычліўцы, зайздроснікі. Сам у сябе пытаўся, сам сабе адказваў, нават спрачаўся сам з сабою і смешна заядаўся, быццам шматаў на кавалкі ўсіх, хто стаяў яму на дарозе. Спружына была накручана туга, завод не сыходзіў, чалавек ніяк не мог выгаварыцца — наадварот, чым больш гаварыў, тым болып заводзіўся на гаворку.