Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Вось цяпер апынуліся не ў роўным становішчы: Янка змоўк, мне аднаму дыбаць трэба. He пагаджаюся ніяк. Усё хочацца азірнуцца на яго, паслухаць, параўняцца на ягоны крок. Нават каб ён нічога не рабіў цяпер, а проста быў. Каб ведаць, што ён тупае недзе на горадзе або размаўляе з кім-небудзь, як мы з табою! I тады б нам усім дружней было б. Ахватней бы рука па паперы хадзіла.
Таварыскасць жыла ў ім. Праз гэта многа тлуму яму парогі абівала! Сяброў сапраўдных не так многа было, а рэшта — так званыя прыхільнікі таленту, ахвотнікі кульнуць чарку. I Янка зводзіў на іх мноства часу. Дый здароўя таксама. Мы з ім на поўдні лячыліся. Ну, сядзеў бы ціхенька, хочаш пі тую ваду, хочаш палашчыся ў ёй. Дык не. Праз два дні аброс кампаніяй: адна душа цікавая, а дзесяць — чыстыя падсёрбвальнікі. I зглумілі яму адпачынак.
Я тады напісаў эпіграму: «Памыецца Янка ў нарзане...»
Янка спачатку нібы надзьмуўся крыху, але, прыехаўшы ў Мінск, смеючыся пераказваў вершык, калі дзе-небудзь у гасцях да яго чапляліся з пачастункамі. Наогул жа ён больш любіў частаваць, чым частавацца.
Сустрэнешся з ім, бывала: «Здароў, Янка!» — «Здароў, Якуб!» Часамі на гэтым і гаворка ўся. А дзень пройдзе весялей і зробіцца больш. Значыць, ён табе моўчкі паспагадаў, дабра пажадаў. Чалавек заўсёды чуе, што яму другі зычыць у нутрах. Такое зычлівасці Янка меў багата. He скажа, але ўсё роўна зразумееш, што ён душою хінецца да твае радасці або бяды.
Ад свае думкі ён не адступаўся, і з яго добры камуніст быў бы.
Коласавы падарункі
Пошукі нажа. Зноу «Новая зямля». Дзядзька Антось у постаці бога касы. Купала і Колас выпрабоўваюць струмант. Што падараваў Канстанцін Міхайлавгч.
— Ты маскоўскія магазіны, здаецца, ведаеш — купі мне нож.
Напярэдадні мы ехалі ў цягніку, і калі я папрасіў у правадніка начынне для перакускі, Колас пачаў кпіць. Маўляў, хто гэта выязджае з дому без нажа, і наогул, чаго варты чалавек, калі не мае такога струманту. Потым дастаў кішанёвы ножык, акуратна нарэзаў скрылькамі любовае і накроіў хлеба, падкідаючы па слоўцу ў адрас незапаслівых бесхацінцаў і спадцішка падсмейваючыся. Значыць, нож у яго быў, і ў вагоне мы, здаецца, нічога не забывалі.
— А хіба вы той згубілі?
— Згубіў не згубіў, а зрабі мне такую ласку — купі.— I дадаў: — Выбірай, каб быў з добрай сталі, не вялікі і не цяжкі, ды каб, зірнуўшы на яго, можна было сказаць, што гаспадар — прыстойная асоба.
Апошнія словы Канстанцін Міхайлавіч крыху падкрэслівае, нібы нагадвае штосьці, вядомае нам абодвум.
У магазінах, як на тое, трапляліся не лепшыя ўзоры шырспажыву, амаль пад адзін стандарт. Нарэшце, дзесьці ў камісіёнцы, знайшлося нешта болып-менш людскае:
складанчык зграбны, кішэні не адцягваў, і чаго-чаго ў ім не было! Два лязы, нажнічкі, відэлец, напільнічак, пінцэт, рэчаў сямнаццаць, калі не болей.
— Лоўкая штучка! — Канстанцін Міхайлавіч агледзеў пакупку з усіх бакоў, прымераў на ўжытак усе прыстасаванні, аднак у кішэню не паклаў. Нож паказваўся ўсім наведвальнікам: «О, бачыце, я разжыўся на старасці гадоў!»
Госці роблена і няроблена ахалі, гаспадар здаваўся здаволеным і відавочна цешыўся, выслухваючы экскурсы С. М. Гарадзецкага ў айчынную прамысловасць з імёнамі Кандрацьевых, Кузняцовых і другіх рускіх нажавікоў. А нож як ляжаў, так і заставаўся ляжаць на стале і ў пінжак не перабіраўся.
Канстанціну Міхайлавічу давялося затрымацца ў Маскве надаўжэй.
— Весялей было ўдваіх,— ён глядзіць, як я пакуюся ў дарогу,— ды ўжо ж дабуду як-небудзь. А за тое, што мы ў згодзе жылі,— трымай,— I падаў хвалёны нож.
Мне чамусьці няёмка, адмаўляюся, як магу, але Канстанцін Міхайлавіч і слухаць не хоча.
— Тады хай вам лепшы застанецца, а мне аддайце свой, памятка будзе.
— Я ж не ў музей дарую, а дзеля гаспадаркі. Сам жа ты ніяк не дадумаешся купіць. А ўсе сур’ёзныя людзі спрадвеку мелі і маюць нажы.
Выкрыўшы свае намеры, Колас канчаткова абяззбройвае мяне:
— Бяры, бяры! Толькі давай сюды грыўню. I не смейся. Кажуць, вострага дараваць нельга. Дык мы ашукаем прыкмету,— Тут ён не вытрымлівае сур’ёзнага тону, аднак хавае маю манету ў кашалёк,— Ну вось, будзем лічыць, што ты адкупіў у мяне. Дый ён больш маладому да твару — кавалерскі сцізорык...
Словы відавочна падфарбаваны іроніяй. Відаць, усё ж нож не зусім такі, каб яго ўласніка можна было прылічыць да «сур’ёзных людзей».
— Мне і гэты добра,— спрабую пажартаваць,— а вось вам, пэўна, адзін дзядзька Антось мог бы дагадзіць...
Сапраўды, любімы герой любімай паэмы Коласа расказваў казкі, варыў клёцкі з бярозавікам, а найлепей выбіраў і падганяў начынне для касьбы.
— Ты дзён тры шукаў, а ён бы тры тыдні хадзіў ды так і вярнуўся б у Мікалаўшчыну не купіўшы. Пераборлівы быў на гэты конт. Антось меў немалы талент,— Колас ужо гаворыць не пра героя, а пра ягонага прататыпа, свайго дзядзьку,— і вось які. Кожную работу з аднолькавай любасцю рабіў: малому свісцёлку скручваў і ўсёй Мікалаўшчыне косы выбіраў...
Колас расказвае, не шкадуючы свежых падрабязцасцей, фарбаў, адценняў, што засталіся па-за паэмай, але і дасюль жывуць ва ўяўленні.
...I ўлюбёны малюнак паэмы адкрываецца як быццам упершыню.
...Шуміць местачковы кірмаш. Бярэцца пад паўдня і, як на жнівеньскую пару, ніштавата прыпякае. Хвалямі наплывае чалавечы гоман, пах ігруш і кмену, водар прывялае асакі з фурманак. Гукаюць і нокаюць цыганы, выхваляючы спрыт і складнасць выведзеных на продаж кляч, сварацца перакупкі, вырываючы адна ў адной тлустую качку, вішчаць падсвінкі, мыкаюць каровы і выпусткі, кукірэкаюць здуру, спадзеючыся на лепшы лёс, маладыя пеўнікі ў клетках. У мучным і жытнім радзе — цішэй, тут пакупец сур’ёзны, торг ідзе спаважна. Далей — горы яблыкаў, гуркоў і сліў распіраюць палукашкі. Убаку, за цэлым лесам паднятых угору аглобляў,— сталы і яткі са свежай баранінай і кавалкамі леташняга, прыжоўклага сала.
Тыя, хто паспеў растаргаваць прывезенае дабро, перакусваюць тут жа, каля вазоў. На прыкрытай дзяружкай саломе — кватэрка «манаполькі», жытні хлеб з хатняй печы і крыху чаго тлусцейшага на заедку. Прылажыліся да кантовага кілішка раз-другі, і вось падвяселеныя сваты і кумы, цесці і зяці пачынаюць спрабаваць галасы.
Каля крамы з жалезным таварам, куды амаль не далятае ўвесь гэты галас і тлум, мружыць вока на сярпы, секачы і рыдлёўкі каржакаваты чалавек. Яму душна ў саматканай світцы і гаматных, запраўленых у юхтовыя боты портках. Але тая мэта, што прывяла яго сюды, вымагае і пэўнай
строгасці ўбрання. Дзядзька доўга прыглядаецца да выкладзеных на прылавак кос. Нарэшце аблюбаваў і хуценька выхапіў адну, быццам збаяўшыся, каб не перашкодзіла што, каб не перабег нехта дарогі. Перш зірнуў на кляймо — віленскае, там у майстроў добрыя рукі, агледзеў нос і пяту — усё ў меру, не даў браку; крануў кіпцем лязо — прудкае, ліха на яго, даў пстрычку па абушку — звініць!
Прычапіцца, каб і хацеў, няма да чаго, значыць, з такою касою можна і загаварыць. Ен яшчэ больш паглыбляецца ў сябе. I ўжо не сярэдніх год чалавек у кашулі з вышыванай грудзінаю выбірае сабе надзейную памочніцу для самай цяжкой работы, а нібыта слуга алтара свяшчэннадзейнічае, чакаючы таемнага голасу з неба.
Шапка заціснута ў каленях, вецер абвявае прыпацелыя валасы, аблічча набывае ўсё болей урачыстасці. Ён сапраўды чакае голасу: скажа — «Каса!», і яна павінна адгукнуцца. О, падала-такі голас! Дзядзькаў твар святлее: добрая!
Антось стаіць на ўтоптаным рыначным пляцы — акурат бог ва ўяўленні старажытных. Амаль што антычны, бог працы, мясцовы, мікалаеўскі, які робіць пульхным няўдзячны загон, вершыць стагі па сенажаці, ганяе плыты з Нёмана аж у мора і пры выпадку не размінаецца з чаркай і песняй.
Малюнак, рассунуўшы сцены гасцінічнага пакоя, некаторы час трымаецца перад вачыма, як раптоўна спынены, нерухомы, так званы стоп-кадр у кіно. Пад голас Канстанціна Міхайлавіча экран памяці паволі цьмяніцца і зноў набывае поўную сілу люстра пад столлю.
— Антось казаў, касу трэба адкасіўшыся выбіраць, не спяшаючы. I рабіў гэта мудрэй, чым маскоўскі патрыярх велікодную ютрань служыць...
Колас змаўкае. Відаць, не хоча разлучацца з тымі даўнімі, ім самім выкліканымі вобразамі. He адступаецца кірмашовае відовішча і ад мяне. Hi па дарозе на вакзал пад плюханне машыны праз шэрую калатушку мокрага снегу, ні на вагоннай паліцы, калі ў шырокае акно лепяцца бухматыя адліжныя сняжыны, а пасля палявая завея з подсвістам сыпле жменямі дробную крупку.
Рупіць і рупіць не ўціхаючы: ці толькі зараз падняло і павяло мяне за сабою Коласава ўяўленне? А ці не быў я некалі раней саўдзельнікам чагосьці вельмі падобнага да выбару касы, ці не прысутнічаў пры такой цырымоніі асабіста?
Шукаючы адказу, слухаю завею, і ў ёй ажываюць развітальныя словы Канстанціна Міхайлавіча:
— Каб давялося складаць беларускую міфалогію, я перш-наперш абвясціў бы Антося богам касы. А Міхала, свайго бацьку, богам лесу. Ты думаеш, яны з неба падалі, розныя багі? У Пісаніі сказана, нібыта бог стварыў чалавека па сваім вобразе, на свой кшталт. He, усё наадварот: чалавек падганяў па сабе бога. 3 тых, што былі старэйшыя ў доме, каго хатнія паважалі і баяліся. Пярэйдзе такі старэйшына ў кола нябожчыкаў, аддаліцца ад жывых на адлегласць прапрадзеда, і гатова: паданні аб спрыце, сіле, адважнасці, німб вакол галавы.
Бог касы і бог лесу! Колас надзяляе створаныя вобразы дакладнымі імёнамі, нібыта сапраўды робіць подпісы пад іх партрэты ў міфалагічнай хрэстаматыі. I сам аказваецца ў найбліжэйшым сваяцтве з імі, у такой самай постаці, за такой самай працай.
Успамінаю Канстанціна Міхайлавіча з касой каля свайго дома. Ён сіліцца выкасіць траву між кустоў, але немаведама дзе ўзятая каса не бярэ, пахістваецца на коссі і не паддаецца ні мянташцы, ні асаджванню малатком. «Падосак!» кідае зняважліва змакрэлы касец і сядае пакурыць.
Завея гоніцца за мной усю ноч, стараецца не астацца ад цягніка. I ў ранішнім сутонні на чыгуначным мосце каля Барысава дагнала, закруціла, закурыла, засланіла белай пацярухай далечы. I раптам апала доле і разам з познім сонцам выгарнулася са снежнага кужалю і лёгкага прадзіва ўспамінаў такая самая калючая і вятрыстая раніца...
Год дзесяць назад... Таксама — Масква. У квадратовым вялікім пакоі два чалавекі. Добрыя і зацятыя, усмешлівыя і крыху ўгневаныя, яны ўпарта адстойвалі кожны сваё. Размова ішла горача, але і ў самыя вострыя моманты яны не