Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Спробы пакрыць унутраное надворным — справа марная. Нястачу розуму і сэрца нічым не заменіш. Як бы ўмела ні
выгінаў чалавек хрыбет, расчышчаў сабе дарогу, забягаў наперад. Як бы ні кляўся ўсімі існуючымі і неіснуючымі багамі і рабіў выгляд, што цягне воз на ўсе лапаткі, у той час, калі пастронкі целяпаюцца.
Прырода мудра ўсё прадугледжвае. Атрымаў, скажам, салавей шэрае пер’е, на табе за тое срэбраны голас! А ўдод дастаў таленту на адну ноту: ут-ут-ут! Таму, удодзе, каб і табе крыўды не было, насі стракатую вопратку.
Канстанцін Міхайлавіч памаўчаў і пасміхнуўся сваім думкам:
— Відаць, памылковая мая здагадка. Прырода ўмее берагчы свае скарбы. Вось і прыхавала салаўіны голас у ненаглядную адзежыну. Каб драпежніку на вока не кідалася. Гэта, мусіць, больш правільна. Заўваж, папугаі — вялікія моднікі, ніводная кабета так прыбрацца не натрапіць. А каторы здальнейшы, дык і вопратку сціплейшую мае. Самы здатны да размовы і пераймання так і называецца — шэры папугай. Я ў старым часопісе чытаў, што такі жако песні высвістваў, гаспадара «татам» клікаў і гасцям «дабрыдзень» даваў.
Але прырода бароніць не толькі талент, а і хараство. На таго самага ўдода нават агаладалы коршак глядзець не хоча. Бо да яго падступіцца нельга, ад смуроду нос зрывае. Наша Тэпця ў Альбуці неяк хапіла ўдадзяня, яно з гнязда выпала. Каб ты бачыў, што з сучкай рабілася. Плакала, нос лапамі дзерла, потым у ручайку абмывацца кінулася.
Багата яшчэ ўдодаў у пільчаку і пры галыптуку каля нас сноўдаецца. Песень у іх мала, а смуроду хоць адбаўляй.
Канстанцін Міхайлавіч нештаўспомніў глянуў на гадзіннік.
— Пара! Я цябе падвязу дамоў, а сам у Вярхоўны Савет. Прасілі, каб абавязкова быў.
Назаўтра я знайшоў яго ў гамаку пад хвоямі на ценевым баку дома.
— Бачыш, гняздзечка. Там мухаловачкі жывуць. 3 гадзіну гляджу, яны паспелі трыццаць рэйсаў зрабіць. To туды, то назад. Чуеш, які піск у гняздзе? Тут лішняга моманту не пасядзіш. У малых дзюбкі разяўлены, трэба ў кожную хоць па мошцы ўкінуць. Каб чалавек мог столькі працаваць, свет бы моцна забагацеў.
Канстанцін Міхайлавіч падняўся.
— Мая работа на лета зусім занепадае. Узяўся яшчэ адну казку жыцця напісаць. Пяты дзень сяджу, а вынік слабы.
— Можа, пачытаеце?
— He пакуль што. Давай паходзім, хворы дубок адведаем, на хмары зірнём.
«Хвароба» дубка перажывалася Канстанцінам Міхайлавічам вельмі востра. У некаторай ступені ён адчуваў сябе вінаватым: папырскаў дрэўца нейкай «хіміяй», не разлічыўшы канцэнтрацыі раствору. Праўда, адразу ж пачалі абмываць глебу чыстаю вадою са шланга. Аднак дубок стаяў, скамячыўшы ніжняе лісце ў сухія кулачкі.
— Як быццам прымаразкам хапіла,— Канстанцін Міхайлавіч адарваў загінуўшую лісцінку,— Але павінен жыць. Гэта, вядома, толькі налета высветліцца.
Так яно і здарылася. У выніку многіх турбот дубок ажыў і наступнаю вясною добра развіўся, хоць і з пэўным спазненнем. Яшчэ цераз год дрэўца выперадзіла ў росце ўсіх сваіх лясных таварышаў, што прыжыліся на паэтавай сядзібе.
Канец дня мы праседзелі ў кабінеце. Канстанцін Міхайлавіч сам вярнуўся да ўчарашняй размовы:
— Пачалі мы з табой пра Купалу, але гаворка неяк сышла ўбок. А я прачнуўся ўночы і думаў аб ім. I пра ўсё гэтае дзейканне аб першынстве, спаборніцтве. Недзе ў Паўла Тычыны добрыя радкі ёсць.
Паглядзеў на шафу, дзе стаялі падараваныя яму кнігі, але не адчыніў. Успомніў:
Товарпство, яке мені діло, чн я першнй поет, чн останній?
Прачытаў і адразу ж злавіў мяне на нявыказанай думцы:
— He ўсміхайся! Я сапраўды нездарма прыгадаў Тычыну. Вось і на Украіне два прозвішчы вымаўляюцца поруч. Дый багата дзе. А хто першы? Лягчэй за ўсё тут паглыбіцца ў мудраванні. Але карысці з іх на макавае зерне. Пабольш бы ў літаратуры спаборніцтваў было: без злосці, без падкусвання, без закасоўвання работы паплечніка. Рабілі б людзі, пра адно гэта толькі дбалі, і годзе.
А што такое тое першае месца? Чыё прозвішча першым называюць? Мы з Янкам першыя пачалі пісаць, у адзін час, бадай, у друк выйшлі. Праўда. пісалі, можа, болей за іншых, але ні адзін аднаму і нікому іншаму дарогі не перабягалі. I дарэмна зусім вакол Купалы і Коласа робяць голае месца: яны, бачыце, усю парў дарэвалюцыйную паднялі.
Нас пара падняла. Калі гэтак насыпаць курганы заслуг, дык абавязкова побач яміну выкапаеш. Завядуць катрынку, тут табе мы і «асілкі», і «волаты», і «баяны», чытаць няёмка.
А Максім Багдановіч куды падзеўся? Яго ж, каб і хацеў з першага месца ніякай вагаю не зрушыш. У Купалы і Коласа амаль кожны радок вынюхалі і выслухалі на мацунак і смак. Дык зрабіце тое самае і з Багдановічам. Колькі ў яго добрай думкі, паглыблення ў лёсы краіны. «Ты крыкнуць не можаш «ратуйце!», і мусіш ты «дзякуй» крычаць». Дай бог кожнаму так пра народ сказаць. Шкада, вельмі рана ён выйшаў са спаборніцтва, калі называць гэта слова. 3 яго магчымасцямі можна было багата здабыць у народнай долі. Такога, што толькі яго вочы бачылі, а не мае і не Янкавы.
Цяжка рабілі мы пачатковыя крокі. Цесна ў друку было, аднак хапала месца ўсім, чыім пяром душа вадзіла. У «Нашай ніве» густы параснік падымаўся. Каб не было яго, і мы з Янкам пасохлі б. А так яшчэ і Гартны загаварыў, Бядуля, Максім Гарэцкі. Гэта таксама немалы талент, трохі навуковая работа прысушыла. Я чуў, Гарэцкі перад вайною прыязджаў у Мінск і пакінуў рукапіс рамана. Каму, не помню. Цяпер не знойдзеш, а страта, відаць, вялікая. Першая яго кніжка «Рунь» вельмі цікавая. Думка расце з глыбіні. Апісанні такія, што нібы навобмацак рэч бярэш. Каб усе гэтыя людзі жылі, галасней гаманіла б літаратура. Выкасавала іх смерць, а людзі ж не павінны забываць... Асабліва Янку.
Мне пры апошніх сустрэчах здавалася, што Купала восьвось разгорнецца ў шырокім творы. Перагарыць яго сэрца, перагаруе ваенную бяду і абзавецца нечым незвычайным. Чымсьці накшталт «Песні аб паходзе Ігара». Вялікім помнікам, на доўгія гады. Нездарма некалі Купалу на пераклад гэтай рэчы павяло.
Зараз у яго за плячыма было б чатыры вайны.
Купалава гэта тэма, яму, як нікому, падатная. He выдзіраць асобныя лапінкі з ваеннага часу, не маляваць падзеі з мурашынымі высілкамі людзей, а знайсці такую дарогу, дзе б змясціўся ўвесь народ. Каб відзён быў увесь агромністы рух ад перавалу да перавалу, праз вайну да міру. Такога твора я чакаю, сам смуткую па ім. А найболып па тым, што не пашчасціў лёс, не даў узяцца за яго Янку. Ён умеў, а можа, гэта не ўмельства, а ўласцівасць, патрэба ў адным радку даць вобраз з’явы. Сказаць аб ёй канкрэтна і ў той жа час перанесці на тысячы душ і на тысячы выпадкаў.
Табе здаралася чуць Купалавы вершы адразу ж пасля напісання? У мяне так бывала: паслухаеш і не задаволішся — слабавата як быццам. Потым трапіцца табе тое ж самае ў часопісе або ў кнізе. I здзівішся: проста і хораша! А ты не ўбачыў. Значыць, адразу не ўсё выгарнуў для сябе з твора, не прытуліў яго да душы цалкам. А мінуў час, павярнуўся твор да цябе іншым бокам і як бы выпусціў з сярэдзіны яшчэ трошкі святла.
I колькі ні перачытвай добрую кнігу, яна ўсё лепшае. Здаецца, усё ведаеш ад лаўкі да лаўкі, а перагарнуў — і знойдзеш нешта некранутае. Значыць, навырост пашыта, з добрым запасам.
Калі расце твая душа, дык і ў кнізе кожны раз знойдзецца новы прастор для яе. Па-мойму, кнігі жывуць да таго часу; пакуль іх не толькі чытаюць, а перачытваюць.
Кнігарні нашы нагадваюць мне магазін гатовай вопраткі. Што ні памерае чытач, цесна, не па ім. Уся бяда — крой аднастайны, хоць ніткі, можа, і розныя сустракаіоцца. А трэба кроіць, каб на ўсе ўзросты і да кожнага росту пасавала!
Канстанцін Міхайлавіч запытальна падняў вочы:
— Табе здаралася перачытваць што-небудзь з майго?
Я назваў «Новую зямлю» і «У палескай глушы».
— Ад пачатку да канца?
— Як калі. Часцей за ўсё «Агляд зямлі», «Дзядзька ў Вільні». А другім разам «Воўк», «Смерць Міхала». Або толькі малюнкі прыроды з розных раздзелаў.
— Я думаў, «Сымона-музыку» ўспамянеш. У мяне з Янкам такая размова была. Ен падараваў мне новы том. Я і ўзяўся за кнігу. Засланіў «Курган» мне ўсю работу: хаджу, паўтараю.
Дацягнуў да вечара і не ўтрываў: дай схаджу да Купалы, скажу яму, што вельмі гэта добры твор. Аж тут сам Купала на маім панадворку.
Янка гаворыць: «Ведаеш, Каласок, якое здарэнне? Я ўвесь дзень твайго «Сымона» чытаў. Прыбіліся да мяне спачатку радкі: «Восень прала кужаль тонкі — павуціння белы лён». Пачаў шукаць той раздзел, ды неўзаметку ўсю кніжку прачытаў. Вось прыйшоў табе сказаць». Я паказваю на кіёк, кажу, што з тым самым намерам выбіраўся да яго. Пасмяяліся мы і замачылі крыху ўзаемнае прызнанне...
Канстанціну Міхайлавічу пара прымаць лякарства. 3 неахвотай глытае нясмачны парашок і расказвае, як некалі аглядаў яго прафесар С. М. Мялкіх.
Сжончыўшы выслухванне, Сяргей Міхеевіч запытаў:
— А што вы прымаеце?
Канстанцін Міхайлавіч паказаў рукою на столік каля ложка з бутэлечкамі і парашкамі.
Мялкіх пакруціў галавою:
— Я думаю, трымайцеся звычайнага распарадку. Тое, што ўхутвацца кінулі, добра. Асабліва дыеты пільнавацца няма сэнсу. Можаце за абедам чарачку каньяку выпіць. А ўсе гэтыя мікстуры — убок, мы іх з прафесарам Трусевічам спажывём.
Гэты выпадак потым Канстанцін Міхайлавіч расказваў многа каму з сяброў і дактарам, якія не скупіліся на рэцэпты.
— Доктар доктара па почырку пазнае. Сапраўды, напярэдадні ў мяне быў Трусевіч і навыпісваў лекаў не шкадуючы. Дык вось пра почырк.
— Мы з Купалам думалі з першых сваіх крокаў пра адно: каб як мацней народ на ногі стаў. Пра гэта і гаварылі, і пісалі ж, вядома. Але падыходзілі да пісання кожны з іншага боку: што каму больш на вока ўпадала.
Янка не вельмі любіў слухаць заўвагі, асабліва пра свежанапісанае. Аднак, калі слова гучала напаўгубы, згаджаўся і правіў. Мы з ім адзін у аднаго па радках не поўзалі, а раіцца — раіліся. Напэўна, нейкая частка яго працы ўзмацняе маю. Але не спарышы мы з ім, як малюецца ў крытыцы. Спеюць
жа два яблыкі на адной галіне, сядзяць усутыч, а не зрастаюцца. Магчыма, дзе-небудзь далёка і думаюць пра нас як пра адну істоту, злепленую з дзвюх палавінак. Можа гэта і нядрэнна. Злажыўшы разам усё, што напісалася адным і другім, паўнейшы вобраз нашага краю ўяўляецца. Каб бог меў розум і ў часе адумаўся ды злучыў нас у цэласць, пэўна, громкі голас бы атрымаўся. I ніхто б пра «спаборніцтва» языком не мяльнуў.