Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
— Я, браток,— кажа ён паэту,— чалавек паганскай веры. Дарэмна яе так зняважліва празвалі хрысціяне. Ці можа наша слова «паганец» грубейшае за рускае «язычнік»? Паганцы верылі толькі зямлі. У гэтым сэнсе я ім родны брат. Зямля — мая родная маці. Гэта, вядома, рэшткі сялянскай псіхалогіі...
Канстанцін Міхайлавіч, жмурачыся ад сонца, глядзіць на свайго суразмоўніка.
— Ты ж таксама мужыцкай косткі. Павінен разумець. Зямля карміла і корміць селяніна. А ён ёй пакланяецца за гэта... I наогул зямля, і наша — Беларусь...
Паэт успамінае радкі Коласа... Пра тое, што зямля аснова ўсяго... Але Канстанцін Міхайлавіч яшчэ не скончыў, не выказаў свае думкі.
— Я ў вайну столькі гаварыў пра Беларусь. Пісаў артыкулы, вершы друкаваў, выступаў на сходах у Маскве, у Ташкенце. Расказваў аб горы нашай зямлі ўсім знаёмым і незнаёмым. I што ты думаеш? Пасля вайны сюды вярнулася многа людзей, што былі ўжо адышлі ад Беларусі. I гавораць мне: гэта ты дапамог нам вярнуцца, бо шмат гаварыў аб харастве і болю нашай зямлі.
Канстанцін Міхайлавіч крыху нагінаецца і пазірае ў вочы паэту:
— Як бы ты сказаў? Гэта многа ці мала?
Усё часцей загаворвае аб смерці. Як чалавек мудрага розуму, што добра ведае: нельга ўнікнуць непазбежнага. I як дзіця, што на ўсю сілу непасрэднага пачуцця пратэсіуе супраць спрадвечнай несправядлівасці. I заўсёды пры такіх гаворках здаецца, што ён, нібы тое пакрыўджанае дзіця, хоча пачуць слова пярэчання, суцяшэння. Мы не дазвалялі паглыбляцца ў сумныя развагі, казалі, што ён будзе жыць, колькі мы захочам.
Падышоў да століка пад елкамі, дзе сядзелі Кандрат Крапіва, яшчэ нехта і я. Нахіліўся і сказаў на вуха:
— Ведаеш, што мне падумалася? Хутка я памру, і Кандрат будзе гаварыць прамову над труною... I каб ён таксама не маўчаў— Канстанцін Міхайлавіч кіўнуў галавою ў бок недалёкага балотца, адкуль аказваўся салавей.— Як тады, над Марусяй.
У голасе — расчуленасць. Гэта ён успамянуў, калі хавалі Марыю Дзмітраўну... Крапіў невялічкі дожджык, пасля пераціх. I ў хвоях над могілкамі пачаў спяваць салавей.
А напярэдадні Канстанцін Міхайлавіч званіў мне з Масквы.
— Выберы для магілы месца высокае, каб далёка відно было. I каб мне там лапінка засталася.
Надворна спакойны, толькі як быццам без мовы, быў ён у той цяжкі дзень. I толькі раз перасмыкнуліся плечы і задрыжала падбароддзе, калі сівагаловы, высокі, мажны прафесар абваліўся, як падбітае громам дрэва, на калені, кладучы зямны паклон нябожчыцы.
Жанчыны, жонкі сяброў, што адпачывалі разам з ім у Каралішчавічах, стараліся разнастаіць праснаватае домаадпачынкаўскае меню яго любімай страваю. Расшуквалі абабкі і сыраежкі, выпорвалі ў дубах па-над рэчкай раннія баравікі-каласавікі. Кухар Пеця ўсмажваў іх спецыяльна для Канстанціна Міхайлавіча.
Грыбоў атрымлівалася адна лыжка, але ён абавязкова хацеў участаваць імі ўсіх прысутных. Прасіў у сястры-гаспадыні чарку, выпіваў яе і падвясельваў вялікі стол, у галавах якога сядзеў. Расказваў пра свае грыбныя паходы ў маладосці, пра мікалаеўскія лясы, пра Балачанку — невялікі калгас за Пухавічамі. Там жылі яго сябры: цёзка Канстанцін Сцяпанавіч Дзятка з жонкай Марыяй Іванаўнай. Дзятка быў старшынёю калгаса, потым па гадах перайшоў на брыгадзірства, а як я помню яго — вельмі ж лоўка гнуу дугі для калгасных патрэб, бо ў продажы гэты тавар пачаў пакрысе знікаць.
У Балачанку Канстанцін Міхайлавіч ездзіў з самага пачатку грыбнога сезона, калі пракідаліся першыя баравікі, a пад восень заставаўся ў Дзятак на некалькі дзён. Раніцай і ўвечары ён ішоў на раздабыткі і цягаў грыбы вялікімі кашамі, не даючы браку ніводнаму гатунку, пакуль Марыя Іванаўна не насольвала поўную кадушку. Гэты трафей з вялікай урачыстасцю перавозіўся ў Мінск. He марудзячы, склікаліся на дэгустацыю знаўцы, майстры і аматары грыбное справы.
— Гэта забабоны,— гаварыў гасцям Канстанцін Міхайлавіч ззяючы,— што кожны гатунак трэба трымаць у асобным посудзе. Глядзіце, я салю разам і таўстухі, і зялёнкі, і асавікі, і рыжыкі, і нават лісічкі. А, скажаце, нясмачна?
Грыбы, вядома, хвалілі, дый удаваліся яны такія, што маглі лічыцца ласункам.
«Грыбная» дружба — гэта невялічкі звянчак у тым моцным і сапраўдным сяброўстве, якое звязвала Канстанціна Міхайлавіча з балачанскімі калгаснікамі. У баку Пухавіч ён часта праводзіў лета яшчэ да вайны. Талька, Падбярэжжа, Вусце дый самі Пухавічы, дзе быў пісьменніцкі дом адпачынку,— усе гэтыя мясціны звязаны з яго імем, носяць сляды
яго прысутнасці, хоць пагарэлі многія з дамоў і пазарасталі пустазеллем шмат якія сядзібы.
Ураджай балачанскага калгаса быў, можна сказаць, найпершай, надзённай справай Коласа. Ён дапамог атрымаць балачанцам грузавік, а адразу пасля вайны гэта было не так лёгка, потым стараўся ўгнаенняў, самым гарачым чынам удзельнічаў у жыцці калгаса, хваляваўся за яго планы і поспехі. Вяртаўся адтуль заўсёды ўзбуджаны, з толькі што пачутай навіной, вось зараз убачаным малюнкам, трапным, падхопленым у сваіх калгасных сяброў словам.
Так узнікла апавяданне «Між дзвюх рэчак», па першым хрышчэнні — «Асірацелая хата». Поруч з сядзібаю Дзятак і стаяла акурат такая хата. Праз пыльны лядок расколатых шыбін з яе вылівалася сірочая цішыня спусташэння.
Колас слухаў, калі і як запуставала гэта будыніна. Часамі ён прыплюшчваў вочы, мусіць, каб выразней уявіць людзей, што апошні раз зачынілі тут за сабою дзверы.
Ішоў час. У хаце з’явіліся новыя гаспадары, падобныя да ранейшых клопатам, але зусім іншага лёсу і ўдачы людзі.
Трэба было брацца за другую палавіну гісторыі асірацелай і наноў заселенай хаты. Гэтае апавяданне ўжо ўсплывала асобнымі рысамі ў гаворцы, але так і не выхадзілася ў задуме...
У Балачанку звычайна ездзіў адзін, хіба што падвозіў на паляванне сына Міхася, ссаджваючы яго дзе-небудзь у палавіне дарогі на балотцы, дзе вадзіліся качкі.
— Грыб шуму не любіць,— гаварыў Канстанцін Міхайлавіч,— бо ён сам ціха расце. А людзі бяруць вялізныя кашы, нажы метровыя і, задзёршы галаву, швэндаюцца па дзесяцёх у лесе. Гу-га! Га-гу! Вось такія грыбнікі і вяртаюцца з пустымі кашалямі, бо грыбы пазашываюцца ў мох ад страху, сядзяць і калоцяцца там, бедныя. А ты рабі так: зрэзаў грыбок, абчысць, палажы ў кошык, нож складзі і схавай у кішэню, а кошык пастаў на зямлю. Грыбы цікаўныя. Захочацца ім зірнуць, што ж робіцца ў тваім кошыку, як жывецца там іхнім сваякам. Павысаджваюць галовы з гліцы, а ты іх паціхеньку і хапай.
Гэтыя для жарту прыдуманыя запаветы грыбнога збору насілі гучную назву: «Тастамент старога грыбніка»...
Выехалі мы ў Балачанку на світанні і да ўсходу сонца былі ўжо ў лесе. У загадзя нагледжаным і аблюбаваным месцы спыніліся і паснедалі.
— Я патупаю тут, каля машыны,сказаў Канстанцін Міхайлавіч,— а ты ідзі на той бок дарогі. Там слаўныя мясціны, але я не дапну, ногі кепска носяць.
Пахадзіў з гадзіну ў паказаным мне кірунку, а там былі завалы і густы падлесак, страціў надзею ўбачыць хоць што-небудзь падобнае на баравіка і вырашыў змяніць месца. Каб не забягаць наперад Канстанціну Міхайлавічу, пачаў абыходзіць яго, мерачыся падацца ў глыбіню лесу. Выбіўшыся на дарогу, убачыў, што Канстанцін Міхайлавіч ходзіць удоўж і ўпоперак па тым самым хвойніку, дзе я пакінуў яго, і даволі часта нагінаецца. Значыць, ёсць-такі баравікі!
Адышоўшы метраў трыста ад Канстанціна Міхайлавіча, сустрэў і я ўдачу. Донца кошыка пакрысе закрывалася ладнымі крамянымі грыбкамі. Аднак іх было вельмі і вельмі мала. Прадчуваючы кпіны са свайго няўмельства, я гарачыўся, бегаў і, вядома, прапускаў добрыя мясціны неагледжанымі.
Лёс паслаў на выручку цётку-калгасніцу. Кош у яе быў ужо амаль поўны, яна кіравалася дамоў. Пасля кароткага, a галоўнае — бязгучнага торгу (у лесе далёка чуваць) цётчыны баравікі перабраліся да мяне ў кошык, а мая дваццацьпятка завязалася ў вузельчык яе хусткі.
Я вярнуўся «на той бок дарогі», а адтуль пайшоў проста насустрач Канстанціну Міхайлавічу.
— Ну, як? — весела гукнуў ён.
— Слаба,— адказаў я, робячы нездаволены і расчараваны выгляд.
— А ў мяне нішто сабе.
Канстанцін Міхайлавіч паказаў дзясяткі два белых і, зазірнуўшы ў мой вышэй паловы насыпаны кош, абсекся і спахмурнеў.
— Дзе ж ты быў? Па той бок дарогі?
— Так, пакруціўся там, дзе вы паказалі.
— Цікава...
Грыбнікоўскае самалюбства Канстанціна Міхайлавіча было моцна ўражана. Ён надумаўся ехаць на Вусцянскі груд.
— Там болей набяром.
На новым месцы, пакінуўшы яго абшукваць даўно аблюбаваныя хвойныя ўзгорачкі, я падаўся сцежкаю ўніз, на верасы.
— Там нічога не будзе,— папярэдзіў Канстанцін Міхайлавіч,— Давай лепей хадзіць разам тут, браток.
Мне не хацелася замінаць яму, дый чамусьці выбраны маршрут жывіў надзею тое-сёе знайсці. Нарэшце, тут да мяне прываліла сапраўднае грыбное шчасце. Верас паабапал сцежкі стаяў высокі. Махнуўшы кашом, я зрушыў верасовы куст і ўкамянеў. Баравікі сядзелі адзін пры адным: вялізныя, са здаравеннымі рудымі капелюшамі, сярэдняга росту, як быццам падглянцаваныя ваксаю, і зусім маленькія, што ледзь вытыркалі з зямлі, нейкага дзіўнага, ліловага адцення.
Я пачаў падымаць куст за кустам: усюды было такое ж багацце. He паснеў я падабраць і палавіны натрапленай нерушы, як пачуў клаксон: клікалі з машыны. Я ведаў, што Канстанцін Міхайлавіч не любіць чакаць, але не мог перабароць паляўнічае прагавітасці і азарту і, не слухаючы працяглага воклічу «ту-ту», не адгукаўся, пакуль не нарэзаў кошык пад самую ручку. Бег да машыны, мімаходзь адгортваючы верас: грыбы стаялі строем на сонечным баку сцежкі.
— Дзе ты бавішся? — нецярпліва кінуў Канстанцін Міхайлавіч, ён ужо сядзеў на месцы,— Паедзем абедаць...
— Ды вось,— толькі і мог вымавіць я, задыхаўшыся ад шпаркай хады.
— Ты, мусіць, варажбіт. Іграеш на дудачцы, а грыбы самі ў кош лезуць.
I ніяк не хацеў даць веры, што яны сабраны поруч, на верасовай далінцы. Потым усё ж вырашыў праверыць і са здавальненнем рэзаў самыя маладыя і здаровыя:
— Глядзі ты, як высыпалі!
На абедзе ў Дзяткавай хаце паскардзіўся гаспадарам:
— Закасаваў мяне сёння Максім. Трэба аддаваць свае грыбніцкія медалі.
Увага адцягнулася стукам у дзверы.
— О, мусіць, інспектар ідзе.
— Ён самы,— пацвердзіў гаспадар, адчыняючы.