Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
I паэтам было лёгка расці, і выскаквалі яны, сапраўды, як грыбы ў цёплую восень. Можна без памылкі сказаць: кожны пяты студэнт нешта пісаў; прынамсі, так было на маім курсе. Пісалі дзяўчаты і хлопцы: драмы і апавяданні, мовазнаўчыя доследы і юнкораўскія допісы. Іншая справа, што не з усіх шматлікіх намаганняў выраслі паэтычныя імёны, такія добрыя, як Трус. Пачыналі пісаць прыкладна на адным узроўні, і першыя вершы цяперашняга акадэміка, а тады дваццацігадовага студэнта з немалым папярэднім стажам работы ў сельсавеце, друкаваліся з дадаткам «піянер» да прозвішча. Гэта, вядома, было болып абумоўлена характарам часопіса, чым якасцю твораў, а яны, напэўна, не на шмат перасягалі зрыфмаваныя радкі сапраўдных піянераў.
He ўсе пачаткоўцы, тэхнікумскія і маладнякоўскія, сталі пісьменнікамі. Але затое колькі Коласавых вучняў выйшла на заслужаных і незаслужаных, тым не менш, добрых настаўнікаў, дырэктараў школ і інстытутаў, загадчыкаў кафедраў, колькі іх працуе на адказных дзяржаўных пасадах!
I Коласу было радасна сярод гэтай неспакойнай, поўнай зразумелага задзёру і не да канца ўсвядомленых імкненняў маладое паводкі. Моладзі ўжо не пагражаў лёс ягонага малога музыкі. Вырваўшыся «на прасторы жыцця», яна пагаспадарску бралася за работу, сцвярджала сябе ў вобразах шматлікіх Сцёпак і Алёнак.
Там жа, у тэхнікуме, на рабфаку, ва ўніверсітэце браў ён у новага, паднятага савецкім ладам пакалення рысы для сваіх новых герояў.
Успамінаць добрым словам тыя гады ў Канстанціна Міхайлавіча было многа прычын. I сярод іх адна...
Яна матэрыялізавалася ў аблічча такое тонкае, што, не прасвечвай на ім далікатны румянец, глядзеў бы не даючы веры: а ці не ажыло яно, высечанае некім са старажытных з найбялейшага каменю, і прыстыла да таксама дастойнай разца, зграбнай, як вытачанай, постаці. Калі, бывала, разыдзецца дзяўчына ў танцах, рабілася страшнавата: пераломіцца!
Мы звалі яе, скажам, Надзейка, а трэба было зваць іменем якой хочаш з міфалагічных красунь, каго называюць багінямі і каго вывеў чалавечы геній з небыцця, адабраў у так званых нябёс, каб абвясціць вечнымі ўзорамі земнага хараства. Аднак, хоць і прасілася на язык, але менш за ўсё пасавала да яе параўнанне з мадоннай. Хіба што з багдановічаўскай, той, што адчулася паэту ў вясковай дзяўчынцы, поўнай «шырокаю радзімаю красою». Праўда, следам за палясоўшчыкам Тарасам мы гаварылі пра сваю таварышку:
Узяушы хустачку, Венера
Пайшла «мяцеліцу» скакаць.
Так і думалася. Каб Венера магла ўплесці ў валасы ясны каснічок, прыбрацца ў каляровы андарак, дык і закружылася б
у завейным канцэрце студэнцкай самадзейнасці, акурат як наша Надзейка.
Але, трапіўшы на Парнас, дзядзька відавочна абеларушваў багіню і, дагаджаючы свайму палескаму густу, іранічна смакаваў іншыя падрабязнасці яе хараства:
Чырвона, тоўста, круглаліца, I вочы, як на калясе.
Гэта не падыходзіла да нашай сяброўкі і рашуча адкідалася.
Вочы ў Надзейкі былі вясёлыя і ў аправе валасоў, бліскучых, нібы перавітых залацістым праменнем, сінелі, як сапраўдныя валошкі на ўскрайку залітае сонцам наспелай нівы. Дый усмешкі на капрызныя і без падмалёўкі яркія губкі было не пазычаць дзяўчыне. А з акрас і ўбораў мела яна ўсяго рудзенькі паўкажушак і чырвоную хустачку. Так хадзілі амаль усе.
I цяжка было не загубіцца сярод неагляднага кветніка тэхнікумскіх дзяўчат, хутчэй не кветніка, бо не траплялася там надзіманых руж і пышных півонь, а прырэчнага лугу, дзе з затопаў выглядаюць белыя гарлачыкі, а ў мураве шчодра рассыпаны рамонкі, званочкі і «ганначкі», як гавораць на дзікія браткі. Але паміж усяго гэтага вясновага паўнаквецця Ганначак, Алесек, Марылек і Волечак, такіх самых харошых рагатух, спявачак, танцорак да самазабыцця, адну яе, дзяўчыну крыху «ўзвей-вецер», адшукала і вылучыла Коласава вока.
Тут не можа быць і гаворкі аб нейкім запозненым памкненні сталага чалавека пабегчы наўздагон за маладой радасцю, што абмінула яго ў свой час, а зараз зноў мільгнула на даляглядзе. Гэта было любаванне, захапленне — здалёк! — хараством і дасканаласцю формаў, у якія, гады ў рады, адліваецца жывая істота. Таму ўсё абышлося без патайных сустрэч, любоўнага ліставання, без сарамлівага абмінання адзін аднаго на людзях.
Канстанцін Міхайлавіч затрымліваў яе пагаварыць на калідоры, жартаваў на лекцыях, а болып за ўсё размаўляў у вестыбюлі, дзе яна часцяком пакручвалася перад лю-
стэркам, можа, і назнарок падпільноўваючы, калі пачнуць разыходзіцца настаўнікі.
Усе ведалі гэта і, галоўнае, бачылі. Падабаецца? Так, падабаецца. Але ж тут і блізка не патыхала ні танным заляцаннем, ні благім «раманам» вучаніцы з настаўнікам. Таму і ўсе ўспаміны яшчэ даражэйшыя.
Аблічча Канстанціна Міхайлавіча святлее.
— А Надзейку помніш? — і называе прозвішча. — Я многа думаў пра яе. I цяпер бачу... А не напісалася ніводнага радка. Вось, каб умеў, намаляваў бы.
Ён гаворыць, як несправядліва і крыўдна абыходзіцца час з найлепшымі тварэннямі прыроды. Хараство — мімалётнае, не замацуй яго на палатне ці ў радках — знікне без следу...
Аднойчы трапілі мне на вочы апублікаваныя за рубяжом, ледзь-ледзь змацаваныя рыфмай радкі. Яны і блізка не стаялі да верша, і калі цікавыя, дык толькі тым, што выйшлі з-пад пяра Булак-Балаховіча.
Як? Балаховіч і вершы? Балаховіч жа збіраў у свой час нацыяналістычнае «беларускае» войска, вадзіў бандыцкія шайкі на Палессі, значачы шляхі пагромамі, пажарамі і экзекуцыямі.
Так, так, усё правільна, тым не менш...
Дададзім яшчэ крыху з біяграфіі: сам сябе назваў генералам, потым адседжваўся за мяжой, яго прыграваў і падкармліваў Пілсудскі.
Варушыць бандыцкую вершатворчасць — занятак не дужа прыемны. Але найлепшыя выкрываўчыя пёры праз сотні памфлетаў наўрад ці выхапілі б з цемры забыцця і паказалі б так ёмка, на ўвесь плюгавы рост, крывавай няславы ваяку Булак-Балаховіча, чым зрабіў гэта ён сам ва ўласнаручна накрэмзаных, ліслівых і ў той жа час запененых ад прыглушанай лютасці, радках. Зараз яны, апрача смеху, нічога не выклікаюць: зубы — выбіты і заціснуты ў жмені — злосць бяссільная. А чытаць — і дасюль прыкра. I мы ніколі б не браліся за такую работу, каб не меркаванні Коласа, выказаныя з гэтай дый яшчэ з адной прычыны, аб чым — у свой час.
Набяромся цярплівасці і пройдзем па гэтым, не пазбаўленым цікавасці жыццёпісе з вельмі выразнай палітычнай афарбоўкай і малаграматнай назвай «Белавежская тыгра».
Сябе самога цаню я ў меру, Кажу ад сэрца: не тыгр, не рысь, Я больш падобны сабацы вернай, Што называюць Шарак ці Брысь.
Другім сабакам — другая доля:
Як пан абедаць — ім кіне штосьці. Аб іх заслугах пісалі многа, На іх глядзелі з-за мора госці.
Як можна болей сабакаў трэба, Падобных Брысю, пры боку мець. He біць, не лаяць, а даць ім хлеба, Слабых бо зломіць стары Мядзведзь.
Напісана, як заўсёды ў графаманаў, многа і доўга. Было б марнатраўствам падаваць усю пісаніну цалкам. I з прыведзенага відаць, што намеры і «майстэрства» аўтара не выклікаюць дзвюх думак...
Перабіраючы камплекты старых часопісаў16 у бібліятэцы Літоўскай акадэміі навук, я знайшоў гэты перл і спецыяльна перапісаў для Канстанціна Міхайлавіча. Успомніліся яго апавяданні «Балаховец» і «Адзін», здавалася, што знаходка павінна быць яму цікавая. Сапраўды, тры ці чатыры вечары Колас гаварыў не ўпыняючыся, з нязвыклай гарачнасцю. Як замілавана глядзеў ён тады ў наш дзень! Яго трэсла нават пры ўспаміне аб вялікіх і малых праявах здрады; ён ніяк не мог, не хацеў дараваць хоць бы выпадковага сыходу з шляхоў, у бок ад народа.
— «Правадыр», дый не абы-які, а «незалежнага беларускага воінства»! — Канстанцін Міхайлавіч раздражнёна прайшоў па пакоі,— I, не чырванеючы, прызнаецца, што ён цюцька. I гатовы каму хочаш перарваць горла за скарынку, кінутую з падваротні чужой дзяржавы. Праўда, «свае» дзяржавы, такой, як яму хацелася, не было. I быць не магло. Беларус дружна прагаласаваў за Саветы.
Колас трымае старонку школьнага сшытка з перапісанай там «Белавежскаю тыграю» двума пальцамі, за самы ражок, і так асцярожна, нібыта гэта калі не футра ўсурыйскага драпежніка, дык халодная скурка хатняй жывёліны, тая самая, у якую ўбіраўся аўтар, каб выгаўкаць свой верш.
— Споведзь, калі бандыт можа спавядацца. Ва ўсякім разе, размова, як кажуць, па шчырасці, зноў жа калі бандыт здольны на такую рэч. Крыніца яго «натхнення» цурчыць па паверхні. Перш за ўсё скарга на непавагу да былых «заслуг». Сабаку трэба карміць. I аб гэтым самазваны генерал вымушан нагадваць. Нават палохаць «старым мядзведзем», ад якога можа быць крута і сабаку і ўсім, каму ён служыць. Сабаку давалі есці да пары да часу, пакуль... Як там пішацца?
Канстанцін Міхайлавіч паднёс да вачэй акуляры і, не надзяваючы іх, прачытаў:
— «Авечак гнаў ён, да птушак краўся». Што ж гэта значыць? Дробныя вылазкі і наскокі на нашы сялібы. Гаспадарам заманулася большага. Сабаку абмалілі рацыён. Яму стала скрутна, захацелася паскавытаць. Але не на месяц, а на яснае панскае аблічча. I цюцьку пацягнула на вершы. А можа, удасца расчуліць каго...
Канстанцін Міхайлавіч спыняецца, зноў падымае са стала старонку.
— Паўтарыў народнае слоўца: «сабака воўчае натуры». Гэта вельмі трапна прылеплена да яго пысы. Так гаварылі ўсюды, дзе людзі наспытваліся гора ад балахоўшчыны. I на Случчыне і на Мазыршчыне. Вёска ненавідзела гэтую набрыдзь страшэнна. Яна жыла няпісанай мараллю: ці балаховец, ці гадзюка — усё роўна. Сустрэў — забі: сем грахоў даруецца. Але банды сышлі наніц, «бацьку» не заставалася нічога іншага, як уцячы і цешыцца вершыкамі. I яны не засталіся, як і трэба было чакаць, без водгуку...
А наогул, параўнаннем з сабой пакрыўдзіў нягоднік, сабаку!
Нагадаўшы гэта, Колас пытаецца, ці помню верш, дзе пішацца, як стары сабака і хлопчык адкусвалі на чарзе кавалачкі ад акрайца, «іш капелькн друг другом не погребав».
Думка развіваецца. У нашай паэзіі, хутчэй — у рыфмацтве 20-х гадоў табунамі ірзалі жарабяты, мэкалі авечкі, імчаліся ў
санях коні, гаўкалі сабакі, блішчалі косы і плугі. Але худоба і сельскагаспадарчы інвентар і ў малой меры не належалі аўтарам так званых сялянскіх вершаў — бралі напракат у суседзяў. Тым часам імкненне да свайго ў паэзіі — адзіны перажытак уласніцтва, які трэба вітаць. У вершах буйнога паэта жывёла была жывая. У пераймальнікаў «меньшне братья» ператварыліся ў пудалы, літаратурныя даспехі, у сродкі пафарсіць, прыняць позу: ах-ах, бяда — конь саступае дарогу трактару...