Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
членаў суда «начапіў» вусы гогалеўскага вінакура, падобныя на заціснутую над носам мыш.
— А як будзе з вусамі? — асцярожна спытаўся я, прачытаўшы раздзел.
— Хочаш сказаць — не маё? Ну, што ж. Я ж не вінаваты, што Гогаль раней жыў і ўзяў ды прыдумаў першы.
Патрымаўшыся на сваім з тыдзень, перад здачай рукапісу ў часопіс — «вусы» ўсё ж выкасаваў.
Зараз Канстанцін Міхайлавіч не хоча развітвацца з Караленкам.
Чытае з адгорнутай старонкі:
«...Руская думка ўжо не маўклівая і заяўляе сябе. Думка пераходзіць у слова. А слова — шукае таксама і свайго выражэння, якое называецца справаю.
Думка, слова і справа — гэта тры ступені, па якіх рухаецца гісторыя».
Памаўчаў, узважваючы прачытанае, і пачаў:
— Помніш справу вацякоў? Іх абвінавачвалі ва ўжыванні чалавечай крыві. Караленка не збаяўся стаць супраць усяе махіны царскага суда. Вялікі праўдалюб ён. I не толькі любіў праўду, а ўмеў і пастаяць за яе. Вось такі і павінен быць пісьменнік.
Сапраўдны.
Час патрабуе самай чыстай праўды.
Нядзеля.
У Тушыне павінен быць авіяцыйны парад. Радыё абвяшчае: з прычыны дрэннага надвор’я святкаванне адкладаецца. А надвор’е ўзяло і разгулялася.
Канстанцін Міхайлавіч пасмейваецца:
— Пагода адбылася, а вось прагноз, нават у межах адных сутак, падкачаў.
I нечакана перайшоў на літаратуру:
— Няма ў нас майстроў на прагнозы. Крытыка аднабаковая, без мыслі, без святога агню. Зараз палепшала, малавата, праўда. Хіба што моладзь паможа. А да вайны! Які артыкул ні разгарні, адусюль вытыркае аблуплены носік аднаго і таго ж
крытыка. У меру асцярожненькі, у меру падхалімны або нахрапісты. Былі і гібрыды — заядла ціхманыя. А можа герой Ільфа і Пятрова не знайшоў другога жыцця ў «Залатым цяляці», уваскрос і падаўся ў крытыку! 3 Астапа стаў Лукою і ўкараціў на адну літару прозвішча. Трываласць зайздросная! Пасля нас заснаваў павуцінне ў новым месцы. Так і глядзі, зноў пачне таптацца па літаратуры. Яго ж напарнікі аджываюць пакрысе.
Самае паганае — крытыка з аглядкай на асобу. Тое самае, за што цябе, скажам, абняславяць на ўвесь свет, мне прынясе лаўры. Цяпер «Новая зямля» — і філасофія, і энцыклапедыя, і выключнае майстэрства... А не так даўно: кулацкая мара, прыземлены бытавізм, дзеяслоўныя рыфмы — і ўся гаворка.
Тады за ўзор лічылі п’есу адну, сшытак дрэнных рыфмаў Праўда, пачатак лоўкі ў яе быў, уголас не вымавіш: адразу ж з лаянкі. Тут знаходзілі: глыбіннае раскрыццё сучаснасці і найноўшае светаадчуванне. I каб жа не ведалі, што за смак, ведалі... А ніводная душа не адважвалася сказаць праўду. Аўтар быў недатыкальны. Праз гэту бяду і застой. 3 нашай паэзіі апошняга дзесяцігоддзя перад вайною многа можна смела выкасаваць.
Паэзія не даруе слоўнай разбэшчанасці. А мы зноў маўчым, і цяпер зноў пільнуемся недатыкальнасці. Для некаторых. Іх хваляць, а яны пэўным і цвёрдым крокам ідуць усё далей, уніз.
Гаворка пра недатыкальнасць аднавілася ў Мінску амаль перад канцом года.
— Чытаў? — сустрэў мяне Канстанцін Міхайлавіч, падаючы нумар газеты з вершаванымі слупкамі,— Прынёс дахаты рукапіс, прысвячэнне мне паставіў. Усё водгуку чакаў, бо пра лес напісана. А што яму сказаць? Па-першае, так наслядуе мне, што чытаць няёмка. Лёгка ў яго пячэцца...
Прыкмеціўшы ў мяне ўсмешку, Канстанцін Міхайлавіч раптам угневаўся:
— I няма чаго лыбіцца. Хочаш сказаць, што я за яго слова закідаў?.. Дык хай бы рабіў найлепей.
Канстанцін Міхайлавіч прыгадвае адзін выпадак і рагоча.
Некалі мы пілі піва ў часовай драўлянай будыніне на Купалаўскай вуліцы, дзе зараз стаіць цырк. Колас жаліўся:
— He далі сёлета ніводнай прэміі на Беларусь. Я вельмі хацеў, каб наш кандыдат атрымаў. Агітаваў усіх і творы яго ўголас чытаў...
— А не спявалі часам, дзядзька Якуб? — жартліва спытаўся Танк.
-Лоўка падсек мяне Максім,— смяецца Колас ад прыгадкі,— Так і трэба, не распінайся за абы-што. Ну, бог з ім, хто колькі мае, так і грае. А наогул — хлопец вясёлы і не дурны той мой пратэжэ. I дружыць з ім можна, асабліва калі ты яму патрэбен.
Шматгадовае знаёмства і раптам — горкія словы, у першую чаргу для самога сябе. Частыя паўзы разрываюць нашу гаворку. Аднак у расчараванні ён прызнаецца мужна: было? было!..
Канстанцін Міхайлавіч пераходзіць на паэзію, бярэцца за асобныя творы.
— Чытаў адну рэч. Чакаў, можа чалавек з’явіцца, хоць няўдаленькі. Няма. Значыць, і твора няма.
Аўтара Канстанцін Міхайлавіч не назваў. Паказаў на бакавы столік, куды адкладаліся прачытаныя кнігі, там ляжала некалькі нумароў «Полымя» за мінулыя гады.
Часопіс разгарнуўся якраз на назве твора, выходзіла, што гэтая рэч не так даўно чыталася.
Канстанцін Міхайлавіч пацвердзіў здагадку:
— Так кепска ўсё, што нават нічога не падкрэсліў.
Колас ведаў вагу свайго слова і дарэмна не кідаў пахвалы ці асуджэння.
— А думаеш добра, што мне ніхто не гаворыць праўды ў вочы. Нават ты.
Канстанцін Міхайлавіч меў рацыю. Я нясмела запярэчыў, што стараюся сумленна выконваць нашу ўмову на гэты конт.
У адказ пачулася катэгарычнае пытанне:
— А як ты мяркуеш пра маю «Адплату»? Маўчыш? Значыць, ухіляешся ад адказу. Я ж цябе не першы дзень ведаю.
Ты ні разу не загаварыў пра гэтую паэму. He падабаецца. Што б гэтак і сказаць. He, недатыкальнасць!
Канстанцін Міхайлавіч пачаў збірацца да знаёмых на сямейную ўрачыстасць.
Надзеў капялюш і вярнуўся з парога:
— He сатвары сабе куміра. Хоць гэта і бог з Маісеем прыдумалі, а сказана ўдала. А мы стварылі. I духу ягонага яшчэ выдыхаць не можам. Самі пнёмся ў большыя і меншыя кумірчыкі. Але папомніш маё слова: вялікая праўда недзе каля дзвярэй.
Ды не глядзі на мяне вялікімі вачыма. Раздзярэцца заслона, якая адлучае праўду ад няпраўды, учарашняе ад сягонняшняга, а сёння ад заўтра. Можа, я не дачакаю, дык ты ўбачыш.
м
V
Дождж, ураджай і паэзія
Малітва аб дажджы. Сяўба жыта старадаўнім спосабам. Паэма, напісаная на зямлі. Навука пісаць вершы. Два варыянты страфы. Рэцэнзія для сябе. Мядзяныя бляшкі і залатыя аздобы. След кроплі на пяску.
— А ведаеш, што ў мяне самае асноўнае ў творчасці? Гэта прага да вады, проста малітва аб дажджы. Я ўсё жыццё клічу ўраджай на наша поле.
Усміхнуўся, памаўчаў.
— Праўда, ён мала палепшаў. Але не таму, што я кепска прасіў. Я зрабіў для гэтага ўсё, што мог.
Вясною 1952 года ён пазваніў мне:
— Прыязджай, будзем жыта сеяць.
— Хто ж цяпер жыта сее? Хіба яравое?
— He яравое, а самае сапраўднае...
Жыта Канстанцін Міхайлавіч сеяў у сябе пад вокнамі кожны год на ўчастачку велічынёй з клумбу пад кветкі. Глеба ў садзе пясчаная, ураблялася і гнаілася яна прыкладна так, як у калгасах сярэдняга дастатку. Сабраўшы зерне з свае клумбы, Канстанцін Міхайлавіч прыкідваў, як выглядае ўраджай года наогул. Жыта сеялі звычайна ўвосені... Што ж будзе цяпер?
Італьянец Гваніньі, праслужыўшы дзесяць год ротмістрам у Віцебскім замку пакінуў пасля сябе хроніку, выдадзеную ў 1578 годзе на лацінскай, а ў 1611 годзе — на польскай мове.
Дазнаўшыся з пераказу хронікі, як сеялі жыта віцябляне ў канцы XVI стагоддзя, Канстанцін Міхайлавіч вырашыў праверыць той стары спосаб, паставіць дослед.
Ён пасеяў вясною зерневую сумесь: дзве часткі ячменю і адну частку жыта. Дослед удаўся, і Колас, які пачаў у жарт называць сябе «аграномам-вопытнікам», надрукаваў у цэнтральнай і мясцовай прэсе артыкул аб выніках сваіх спроб пад назвай «Справа якая заслугоўвае ўвагі».
Вось што пісалася там:
«Ячмень падняўся добры, але радкаваты, жыта тулілася ўнізе. Пасля таго як быў зжаты ячмень, жыта пачало моцна расці і ў канцы верасня стала вышэй калена, яго давялося скасіць... Вясною 1953 года... дзялянку пабаранавалі... Жыта падскочыла ўгору, пасля нармальна выкаласілася, адкрасавала і налілося.
Кожнае зерне дало куст да 20—25 сцяблін па 160—170 сантыметраў вышынёй, каласы былі сярэдняй даўжыні — 12— 14 сантыметраў. 3 дзяляпкі 40 квадратных метраў сабрана 8 кілаграмаў жыта».
Гэта паведамленне абудзіла значную цікавасць даследчыкаў, калгаснікаў, аграномаў. Пошта Канстанціна Міхайлавіча стала куды больш важкая. 3 усіх бакоў Савецкага Саюза пачалі ісці лісты, запытанні, просьбы ўдакладніць апісаны спосаб сяўбы. Адпаведны дослед быў закладзены на ферме Акадэміі навук.
Справа сапраўды заслугоўвала ўвагі: з аднае дзялянкі зямлі пры тых жа самых затратах працы атрымлівалася два ўраджаі і ўкос руні на корм ці на сілас.
Апроч таго — і жыта і ячмень былі чыстыя, пустазелле не магло прабіцца наверх і гінула.
Пачатак свае гісторыі жытняя клумба брала з ваенных гадоў.
— Вярнуўшыся з Ташкента ў Клязьму, пачаў я сельскай гаспадаркай займацца,— успамінаў Канстанцін Міхайлавіч.— Пасеяў грэчку. Расла яна спачатку ў пакоі, а пад канец красавіка — высадзіў у грунт. Так я пасля паездкі ў Гомель надумаўся. Там людзям не было як сеяцца,— вайна блізка, дай, думаю,
хоць я зерне ўкіну. Пра гэты клопат нельга забывацца. Дзе б ты ні быў, як бы скрутна ні прыходзілася — усё роўна сей... Дык у Мінску і пачаў я засяваць гэты палетак пад вокнамі.
Канстанцін Міхайлавіч пажартаваў і зараз жа дадаў зусім сур’ёзна:
— Усе свае паэмы я пісаў на паперы, а вось адну паспрабаваў — проста на зямлі. Хто яго ведае, што лепш? Праўда, сюжэт запазычаны, але ў народа, а гэта не забараняецца...
Канстанцін Міхайлавіч заўсёды радаваўся, даведваючыся з ліста ці з размовы, што прапанаваны ім спосаб сяўбы знайшоў дзе-небудзь яшчэ аднаго прыхільніка.
Такім чынам, павышаная цікавасць да прагнозаў надвор’я па радыё (ён слухаў іх рэгулярна, два, a то і тры разы на дзень — мясцовыя і з Масквы), да народных прыкмет, якія паказваюць на змену надвор’я (дым сцелецца, сонца заходзіць за хмару, гракі і вароны аблепліваюць дрэвы на сядзібе), штодзённыя размовы з барометрам, пагрозы ўтапіць яго, гада печанага, вершаваныя прысвячэнні гэтай свавольнай прыладзе, усё, што старонняму воку магло здацца шматгадовай прывычкай ці нават дзівацтвам, паўстае перад намі ў праўдзівым жыццёвым святле.
У лістападзе 1947 года мы з Данілам Канстанцінавічам, прыехаўшы ў Кіславодск, дзе Канстанцін Міхайлавіч захварэў, падаравалі яму кнігу «Народное погодоведенне». Крыху паспешліва, з патугаю на гумар, быў зроблены і надпіс:
Паміж кіслых він і водаў
Гэтым слаўнае зямлі Гэту кніжку пра пагоду Для цябе мы здабылі.