Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Колас не прыняў нярэчанняў і знайшоў канчатковы доказ.
— Помніце, у таго нашага грака была белая плямка на валляку? Гэта, мусіць, на пашкоджаным месцы іншая пярынка вырасла. I ў гэтага ёсць, бачыце?
Сапраўды, у грака на горле адсвечвала адно ці два белыя пёрцы. Гэта можна было лёгка разгледзець з лаўкі, куды мы паселі.
Г'ракова гасцяванне цягнулася з месяц, пакуль не стала добра цёпла. 3 мясцін зімовага бытавання паварочаліся ягоныя родзічы, зноў пачалі абсядаць сухаверхія сосны, выклікаючы Коласава нездавальненне. Да гэтай крыклівай
кампаніі прыхатні грак не далучаўся, хоць ахвотна дапускаў да пасыпанай яму ежы, праўду кажучы, тыя былі не вельмі жадны да яе. Спроб лётаць ён не рабіў, толькі задзіраў галаву, калі на верхавінах начлежнікі пачыналі перагаварвацца перад сном на сваёй, адным ім зразумелай мове.
I ўсё ж аднойчы, калі Колас выйшаў раніцаю пасыпаць зерня, птушка на голас не прыйшла. Глянуў на дрывотню — пуста.
Канстанцін Міхайлавіч выказаў надзею: можа, заляціць на абед. Дарма: грак не з’явіўся ні на вячэру, ні назаўтра. Колас пытаўся ў хатніх, у шафёра Сяргея,— і гэты нічога не дагледзеў.
Колас з усмешкаю разважьгў так: падужэўшы на трывалым хлебе, грак не вытрываў штовячэрняй птушынай балбатні над галавою і наняў недзе цішэйшы куток. Ці, можа, залётныя начлежнікі ўстыдзілі яго: што ж ты, браток? Маеш крылы, а бадзяешся па зямлі з куранятамі! Вось ён і паляцеў разам з усімі, а там знайшлася пад густ сяброўка, трэба было будавацца, пайшлі дзеткі: паспрабуй накармі ды навучы лётаць... Глядзіш, новы клопат: ці рыхтуйся да зімы, ці збірайся ў вырай.
...Вырай! Колас уздыхнуў, і пачалася адна з незабыўных размоў пра жыццё, прыроду і ўсё жывое ў ёй.
...Пахіснулася, калі не сказаць — парушылася, шматвяковае, прадыктаванае жыццём і ўмацаванае ім прызвычаенне: некаторыя птушкі перастаюць адлятаць у вырай, як рабілі раней, многа восеней і вёснаў запар, пакідаючы нас адных перабываць доўгую зіму, горача паліць у печы, насіць кажухі і ўсякую іншую цёплую водзеўку, піць чарку з марозу, а ліпавы цвет і маліну — ад застуды.
Вырай... Дарэчы, гэта не толькі цёплыя краіны, казачны земны рай (вы-рай), як вучаць славутыя мовазнаўцы на чале з Насовічам і Далем. Народ укладае ў гэтае слова многа больш шырыні, асвятляе яго смуткам ці радасцю, гледзячы ў якую пару года ідзе гаворка.
Вырай кажуць на адлёт або прылёт птушак, на доўгую птушыную дарогу — дапраўды, якую прастору трэба перамахаць крыламі! Чараду журавоў пакажуць, задраўшы галаву на
курлыканне іхніх ключоў у небе, і з грудзей як быццам выдыхнецца: вырай... Таксама называюць час, калі адбываецца вялікае птушынае рушэнне — вясновы вырай, асенні вырай.
Але ўсё роўна, калі б ні вымавілася гэтае слова, заўсёды востра адчуваеіп у ім старое вырь (вір) — водаварот, паварот, колазварот, словам, рух па замкнутым коле, як віруе вада наўкрута яміны або карча ў рацэ, як аблётвае вецер наўкруга лесу, ракета — наўкруга зямлі.
Найчасцей чамусьці гэта слова ахінае чалавека ў смутак. Сказаў ці пачуў — вырай! — і адразу павее ў душу: туга расставання з абжытай мясцінай дзе-небудзь пры лясным возеры, дзе падымаецца ранішні туманок над трыснягамі; журба адвітання цёплага чарнічнага лета; шчымлівая ростань з дарагім чалавекам, можа, сынам ці дачкою, што выбіраюцца на іншую аселасць...
Пасля даволі элегічных згадак і здагадак размова вярнулася на той самы троп.
— Мусіць, Міхаська тады праўду казаў: дзе харчы, там і жывёліна. Помніш, мы з Масквы ехалі, у снежні ці ў лютым. Я хадзіў у вагоне ад акна да акна, глядзеў: паабапал дарогі вароны пасвяцца, а паміж імі і гракі. 3 ласкі пасажыраў жыруюць на тым, што з вагонаў выкідаецца. А ў дарогу, сам ведаеш, набіраюць больш, чым можна з’есці. Значыцца, хапае, птушкі могуць пракарміцца. Напэўна, не ў марозе справа... Цяпер вось у Мінску здаецца ж, і ваеннае ліха не ўсё перабылося, а людзі не саромеюцца хлеб у памыйніцу кідаць, дый іншых недаедкаў поўна. Таму і гракоў усё часцей бачыш. Гэта ж не ластаўка, ёй мошкі трэба, а гракі — памыйнікі. Мароз — градусаў за дваццаць, а яны тупаюць сабе па снезе і не дбаюць пра абутак. Хоць бы лапці з саломы паплялі. Як некалі немцы ў вайну...
Сказаў і пасміхнуўся сам сабе. Тады ўспомнілі, што каля прысталічнага Дома творчасці ў незаплыўшым яшчэ тванню азерцы да студзеня амаль трымаліся качкі. 3 берагоў — лёд, чалавека трымае, а на сярэдзіне — продухавіна. Балацянае цяпло агравае ваду, і качкі плаваюць сабе хвастом угору! Відаць, можна нешта дзюбаю дастаць, не галодныя.
Давялося расказаць, што зімуюць у нас і курапаткі. Іх ці раз прыходзілася бачыць зусім недалёка ад горада, праў-
да, на тэрыторыі бліжэйшых калгасаў. Жыруюць вялікімі чародкамі, выбіраюць зерне, балазе, ад палявых сціртаў да фермаў цягнуцца засланыя ў калена растрэсенай саломай трактарныя дарогі. А часам курапаткі бегаюць каля кар'ераў, адкуль возяць пясок на будоўлі.
— I там нешта знаходзяць?
— Відаць, знаходзяць, не ведаю...
— Ведаеіп, ведаеш,— засмяяуся Колас.— А чым яны ежу пераціраюць,— зубоў жа няма. Вось і ляцяць на чысты пясок, назбірваюць каменьчыкаў у волле.
Прысарамаціўшы мяне за недасведчанасць у такой простай справе, Колас працягваў:
— Паіначылася цяпер усё, моцна час змяніўся. He толькі тыя, што лёталі за свет па цяпло, цяпер зімы не шманаюць. Тыя, што лавілі рыбу і розную вадзяную дробязь, узяліся не за сваю работу. Ехаў я аднаго разу пад Заслаўе, там ваду ў Мінскае мора напускалі. А поблізу трактарыст уздзіраў нізавы поплаў плугамі. Гляджу, што за ліха? He чорныя скібы адгорнуты, а белыя, уся ўзараная прастора нібыта снегам пасыпана. Спыніліся. Аж гэта столькі кнігавак на раллю насела, чарвей выбіраюць. Пазлётваліся адусюль, прачуліся, мабыць, пра наша мора, аж тут есці няма чаго. Мора-то мора, а рыбы не нагадавалася, вось і ўзяліся за чарвей. Давялося гракам пасунуцца, даць месца за сталом.
Скончылася тая гаворка не сказаць каб нечакана, а паколасаўску: з выхадам ад грака, як і заўсёды, на чалавека, на гаспадарчы клопат.
— Хочаш дазнацца, якія паперы ў калгасе, прыязджай туды восенню. He ў кантору, а на поле, дзе ўжо ўсё зжалі і абмалацілі. Калі блізка дарогі і па разорах чорна ад сытых шпакоў, а побач перавальваюцца спасныя, вялікія, як гусі, гракі,— няма тут гаспадара. Бо палавіна намалочанага парасцярушвана, а што пасеялі, кепска забаранавалі. Каб быў у тым калгасе гаспадар, ён бы рабіў іначай. Надумаў бы, перш чым хваліцца ў раёне і ў вобласці: так і так, маўляў, засёўная плошча павялічана з перавыкананнем. Сеяў бы, колькі можа прыбраць, каб усё, да апошняга зернетка ў засек. Пасля такое вайны людзей адразу не нарасце і машын для ўсіх
не наробішся. Бог з неба анёлаў не скіне вязаць ячмень ці выбіраць бульбу. Спадзявайся болып на сваю сілу: узваж, колькі падымеш. Іншая справа — разжыўшыся на людзей, на трактары, тады можна і новыя разлогі разорваць...
Праз многа гадоў, пераводзячы на паперу тагачасныя накіды і запісы гаворак з Якубам Коласам, прачытаў я выдатныя нарысы. Пра бульбу, пра сельскую гаспадарку ў Літве. Захоплена, з любоўю да справы і з адменным веданнем яе піша Юрый Чарнічэнка. Напісалі, вельмі ў пару, удала, і пра яго самога, адзначыўшы, што ён працуе, «...неаднойчы паказваючы, што, да прыкладу, любою цаною пашыраць пасевы шкодна» і падмацоўваецца выказваннем акадэміка Бараева: «Стараемся сеяць болей, каб збіраць менш...» («Наш современннк». 1979. № 8. С. 179.)
У гэтым сэнсе можна спасылацца і на прыведзеныя вышэй словы Коласа — далёка і шырока бачыў народны паэт. Шкада толькі, што і дасюль даводзіцца заклікаць да разумнага і дбайнага гаспадарання на калгасных палетках.
Любоў Коласа да прыроды, лесу і ўсіх жывых стварэнняў найлепей і найбольш поўна пералілася ў ягоныя творы. Гэтыя эпізоды ўзнаўляюцца для таго толькі, каб паказаць адносіны з жывёлай і птушкаю, хатняй, асабіста «знаёмай» яму, калі можна так сказаць.
У папярэдніх раздзелах кнігі расказвалася пра падсвінка, якога Канстанцін Міхайлавіч выпусціў з хлеўчука: «Ідзі, уцякай, Белы». Успомніў пра жывую душу, затрымаў машыну і вярнуўся ў двор. А трэба было спяшацца: Мінск гарэў пад нямецкай бамбёжкай і полымя пагражала пакінутаму дому паэта.
He ўсё сказалася, аднак, пра каня, на якім да яго прыехалі выхаванцы дзіцячага дома. Дакладней сказаць — не прыехалі, а прыйшлі, бо драбіны былі загружаны падарункамі Коласу: яблыкамі, морквай і нават буракамі,— самі ў сваім агародзе сеялі, даглядалі, вось і прывезлі.
Канстанцін Міхайлавіч, праводзячы багата часу з дзецьмі, не забываўся і пра каня. Накасіў яму — колькі сілы стала —
атавы ў садзе і, каб не бачылі госці, ціхенька падкормліваў коніка прывезенымі моркваю і буракамі. Конь хутка ацаніў гэта і, згледзеўшы Коласа, радасна падраготваў.
Да вайны была ў ягонай гаспадарцы карова. Летавала яна ў Банцараўшчыне каля Ждановіч, дзе Колас жыў з сям’ёю, a ўзімку пераганялася ў хлеў пры доме на Вайсковым завулку і паіла ўсіх сырадоем. Канстанцін Міхайлавіч тады хварэў, былі патрэбны свежыя малочныя прадукты. Цёплы сырадой падабалі ўсе, крывіліся толькі старэйшыя сыны — Юрка і Даніла,— ім даводзілася пасвіць жывёліну. Але нічога не зробіів: прыклад паказваў бацька, ён са здавальненнем тупаў ранічкай па беразе рэчкі, пакуль падласая спаганяла ахвоту, ходзячы па роснай траве. Ну, вядома, шкадаваў будзіць сыноў-падлеткаў: хай паспяць, растуць жа.
Як цяпер успамінаецца, Колас пайшоў на такі крок не таму, што змушала канечная патрэба. Прынамсі, я так зразумеў яго: ад жывога стварэння пры доме цягнуліся невідочныя ніцінкі да сям’і лесніка Міхала Міцкевіча, да маці і братоў, нарэшце да самога сябе — малога Костуся. Таго хлапчука, што пасвіў жывёлу і чытаў уголас пад чыстым небам ці ў лесе байкі Крылова і вершы Пушкіна: закладалася паэтычная завязь у душы.
Мясціны, дзе пражыў Колас гады маленства, адрэзала мяжа. Пабачыць іх вельмі хацелася, тым больш — ва ўяўленні канчаткова выспяваў вобраз Сымона-музыкі, недзе ў глыбіні істоты аказваўся малады настаўнік Лабановіч.
1 Колас узнаўляў вакол сябе, колькі мог, сялянскі побыт і клімат тагачаснага Наднямоння. Hi на хвіліну не завагаўся, як гэта будзе выглядаць, як пачнуцца смешкі: «Чулі? Колас купіў карову!» Няхай сабе выскаляецца мешчанін, яму няма да гэтага справы. Купіў, бо так хацеў, і не без патрэбы. I ў доме былі карова, парсюк, хатняе птаства, дрозд, пра якога напісаўся верш «Дронік», і цэлая дынастыя сабак. Гэтыя чатырохлапыя сябры нагадвалі зноў жа бацькава леснікоўства, тую таксу Тэпцю, што спрытна знаходзіла норы тхароў, хату, пабудаваную за іхнія шкуркі, так і звалі — «Тэпціна хата».