Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
А ў Мінску жылі невялічкая злая Чутка, мала ваяўнічы Марс і легендарны Лахмач. I Колас, і ўсе сямейнікі ўспаміналі
гэтага сабаку з добрай усмешкаю. Мяшанец — сібірская лайка і дварняк, сумленны вартаўнік дома, добрага нораву пёс, Лахмач мог бы выступаць і ў цырку. Бегаў наўкруга, ловячы свой хвост, прыносіў кінутую рэч, «служыў», даваў лапу, па камандзе сядаў, уставаў, бег у паказаным кірунку. Нават па дрэвах лазіў, не так, вядома, як кот, але ўсё ж. Гэта і наклікала на яго сабачую галаву непрыемнасці.
Канстанцін Міхайлавіч прачнуўся ўначы з адчуваннем, што на панадворку ёсць нехта чужы. Сабачага брэху, аднак, не чулася. Колас пачаў апранацца і на жончына запытанне: «Куды ты?» адказаў старым жартам: «Злодзей у хаце, пайду сабаку будзіць».
На дварэ было ціха, усё пазачыняна, як было звечара, a сабака не з’явіўся і на голас. Колас устрывожьгўся: звёў нехта сабаку, каб сабе рукі развязаць. I не клаўся ўжо, а сеў пры акне, паглядаючы на варотцы і па плот... Калі стала днець, на адным з праслаў, дзе было ніжэй, з’явіліся сабачыя лапы, а потым і галава — Лахмач! Пералез цераз плот і ціхенька падаўся на сваё месца спаць.
Калі Колас выйшаў з дому, яго сустрэлі звычайны радасны віскат, падскокі і загляданне ў вочы. Толькі ад запытання: «А дзе ты бадзяўся ўначы, валацуга?» Лахмач як быццам крыху збянтэжыўся.
Пазней было высветлена, што, пажадаўшы гаспадарам добрай ночы, Лахмач пералазіў цераз плот і кіраваўся па сваіх кавалерскіх справах. Каб спыніць гэту «самаволку», паверх плота наўкасы набілі фанеру,— з таго часу сабаку давялося начаваць дома і выконваць усе абавязкі, якія ўскладала пасада вартаўніка.
На маёй памяці, пасля вайны, у Коласа жыла Муза, чорная з крэмавымі падпалінамі прыгожая аўчарка. Узялі яе шчанюком з гадавальніка, зноў жа на пасаду вартаўніка. Аднак хутка выявілася поўная неадпаведнасць сабакі такому прызначэнню. Муза была вельмі баязлівая, лашчылася да сваіх, ад чужых уцякала і хавалася. А нораў мела вясёлы і вельмі смешна хапала футбольны мяч, гуляла з ім.
Канстанцін Міхайлавіч цешыўся з гэтай забаўкі, нават сам падкідаў мяч да сабачай морды. А потым неяк пажартаваў,
што лепей бы перадаць гэтую Музу на стадыён, можа, падвучыцца каля футбалістаў і выб’ецца ў людзі.
Мне заўсёды здавалася, што для Канстанціна Міхайлавіча дзікая жывёла і птушка многа бліжэй, чым свойская, прыручаная, у нечым прыстасаваная, калі хочаце, прыняволеная чалавекам.
Назіраць, як нястомна шчыруе пара мухаловак над акном, сачыць за лётам ластавак,— калі лётаюць нізка, чакай дажджу, мошкі пайшлі ўніз,— падоўгу стаяць па беразе Балачанкі, вычэкваючы, ці не выплыве на паляванне вадзяная гадзюка, узняўшы бліскучую галоўку і з прысвістам рассякаючы ржавую ваду,— усё гэта давала яму відавочнае задавальненне, можна сказаць болып — прыносіла жыўленне для работы душы. Што так і было сапраўды, можна меркаваць хоць бы вось па чым: пра здабытае падчас назіранняў Колас не гаварыў не раскідаўся ўбачаным нават дзеля сяброў: сабе патрэбна, у нешта ж ды перапрацуецца. Хіба ўжо штосьці смешнае кідалася ў вока: дапраўды, не смяяцца ж аднаму, аднаму толькі плакаць можна.
Так неаднойчы расказвалася ім смешнае здарэнне з дачным сабакам па мянушцы Сівак. Гэты заўсёды галаднаваты вясковы дварняк не грэбаваў нічым з чалавечай ежы: буракі — давай буракі, капуста — хай будзе капуста, нават яблыкі еў, калі былі сопкія і салодкія. Праз гэту сваю ненаеднасць ён аднойчы ўвабраў выкінутыя з-пад настойкі вішні, а бутля была літраў на пяць. Ну, і ўпіўся, і трымаўся рыхтык п’яны чалавек: падскокваў, дурэючы, каля хлопцаў, вішчаў, лашчыўся да іх, гаўкаў без злосці на каня і на пеўня, потым кінуўся ў бойку з суседскім сабакам і нарэшце, хістаючыся, даківаўся да павеці, запоўз пад панарад і праспаў да белай раніцы.
Назаўтра на сабаку было шкада зірнуць, ён выглядаў вельмі няшчасным і нікому не глядзеў у вочы.
— Саромеўся, відаць,— жартліва заканчваў Колас,— бо адразу збег на пасту, выганяў са шкоды каровы, словам, акупаў правінку самай вернай службаю.
Пры кожным пераказе гісторыя абрастала падрабязнасцямі, падлягала, як кажуць, літаратурнай апрацоўцы і таму выслухоўвалася ўсімі і заўсёды з нязменнай цікавасцю.
Таксама сакавіта расказваў Колас і пра сініц,— гэтых вясёлых, зграбных, з густам апранутых франціх ён упадабаў яшчэ ў далёкім маленстве.
— Здалёк здаецца — птушка, а возьмеш у руку тую сініцу, дык яна нічога не важыць: адзін пух, а пад пухам — кволенькія костачкі. I нетрывалая гэта птушка. Я, малы, лавіў іх. Паставіш сіло на шчыгліка — хораша пяюць шчыглы раніцай і перад вечарам,— дык абавязкова сініца ўблытаецца. А ўнясеш яе ў хату, пражыве дзень і — лапкі ўгору. Вельмі яны чаду баяцца. А як вясковую варыстую печ выпаліш без чаду? Гаспадыні ж трэба, каб каша ўпрэла і крупеня на вячэру гарачая была, вось і засланяе, калі ў печы збольшага прагарыць. А засланка прылягае няшчыльна, дый дзіркі ў ёй ад часу выгараюць. Бывала, і чалавек, як надыхаецца ўночы такога паветра, дык у дзверы ніяк не ўцэліць. Стаіць потым голы на марозе, смокча лядзяк, а вушы мёрзлай калінай закладае.
Часта ўспаміналіся Канстанціну Міхайлавічу і тыя сінічкі, што тройчы на дзень, паводле распарадку дня, жывіліся на акне ягонага пакоя ў санаторыі «Вузкае», апошнім гасцінным прытулкам перад зваротам дадому. Успамінаў і смутнеў: гэта была зіма, астатняя для сяброўкі ягонага жыцця.
He абышлося без сініц і ў першы год пасляваеннага бытавання ў Мінску. Дом Коласу трапіўся халодны, мала прыстасаваны для работы. Галоўнае ж, быў ён неспарадкаваны яшчэ, не знаходзілася жаночай рукі, гаспадарку вёў сын, Даніла Канстанцінавіч, тады халасцяк. Даволі прасторная веранда была занята з сярэдзіны нечым накшталт фіранкі, падобнай да сеткі з буйнымі ячэйкамі. За фіранкаю ветраў куплены ў запас кумпячок: падсохне крыху, дык можна будзе і самім укусіць, і госця пачаставаць, балазе, турбацыі мала: адчыніў дзверы са сталовай — і пачастунак на стале.
Раней за людзей смачную спажыву пакаштавала сініца,— гэтыя птушкі вялікія ахвотніцы да сала: пакладзеш ім кілбасы, перш за ўсё павыклёўваюць белыя вочкі тлушчу. Дык вось, прыкмеціўшы кумпяк, сініца знайшла і дарогу да яго, трэба сказаць, не вельмі лёгкую. Яна ўлятала ў фортку, якую пакідалі адчыненай, каб вяндліна хутчэй падсушылася,
уплішчвалася паміж шыбкаю і фіранкай і пралазіла далей, чапляючыся лапкамі за тканіну. Кумпяк вісеў ад форткі даволі далёка, аднак вынаходлівая драпежніца хутка даставалася да аблюбаванага ласунку.
Пакуль гаспадары агледзеліся, маленькая птушынка выдзеўбла ў кумпяку такую дзірку, што ў яе хаваўся Данілаў кулак, а чалавек ён буйнога складу.
Пачаліся здагадкі: хто ўнадзіўся?
— На мышэй не падобна, яны пачапалі б у некалькіх месцах,— сказаў Канстанцін Міхайлавіч.— Ага, бачыце,— гэта ж знакі дзюбы. Птушкі ядуць.
Панаглядаўшы з хатняга акна на веранду, сініцу злавілі, што называецца, на гарачым, падсачылі, як яна дапінае па фіранцы да ежы і тым жа шляхам выкіроўваецца назад.
Колас сказаў птушкі не палохаць і форткі не зачыняць:
— Дазнаемся, колькі душ у мяне на ўтрыманні.
Канстанцін Міхайлавіч ніяк не хацеў верыць, што сініца прылятае амаль у адзін час і адна, ніякай хеўры за сабою не прыводзіць.
— He можа быць, яны — птушкі кампанейскія. Счакайце крыху, зараз з паўгорада наляцяць.
Аднак новых сталаўнікоў не прыбывала. За кумпяк узяліся людзі. Прыйшлі госці, і Колас расказаў ім пра птушыныя хітрыкі. Раптам сумеўся, нібы асветлены здагадкаю:
— Гэта яны, д’яблы, вінаваты, фашысты. Тужыліся адвучыць ад хаўрусавання людзей, а гэта і на птушках абазвалася. Жыві, бачыце, адзін, што ні зарвеш — тваё, на аднаго, дужэй можна на свеце трымацца. Што казаць, гуртавання і чалавецкай таварыскасці яны баяліся... Дык, можа, даруем, хлопцы, нашай сінічцы міжвольны індывідуалізм. Людзі не мелі чаго есці, дык перасталі і птушак карміць. Яна ўсё ж — птушка: магла і не дазнацца, што ў горадзе — свае. Трэба даць ёй зразумець гэта. Ахрысціць яе можна — Падпольшчыца, па-мойму, пасуе. He крыўдна будзе?
Каля форткі прыстроілі фанерку з набітымі па краях планкамі, і Колас, на першы раз сам, насыпаўтуды сланечніку, паклаў некалькі скрылёчкаў сала.
Сінічка з’явілася ў сваю пару, агледзела кармушку — ці няма якога падвоху? — але паколькі кумпяк перавесілі, узялася за прызначаны ёй пачастунак. Таго ж дня, крыху пазней, на дошчачцы балявала ўжо цэлая кампанія сініц і нават верабей. Агледзелі яны самі ці тая сініца запрасіла сябровак на вячэру — засталося невядомым.
А Колас хадзіў задаволены:
— Ну вось, цяпер усе ведаюць: часы змяніліся, можна гуртам жыць.
Яшчэ адно здарэнне — сумнае, але не хочацца абмінаць яго.
Мы здавалі ў друк нумар «Вожыка» і заседзеліся ў рэдакцыі дапазна. Адна з палос ніяк не вярсталася па-людску, я круціў галаву, а выйсце ўсё не знаходзілася. Задумаўся і не заўважыў, як у пакоі прачыніліся дзверы і пачуўся знаёмы голас:
— Здароў! Паказвай, што тут у вас нарабілася.
He дачакаўшыся майго прыходу, Канстанцін Міхайлавіч пазваніў мне дадому і падаўся расшукваць на рабоце. Тым болып — нецярплівілася дазнацца падрабязнасці аварыі, пра што я расказваў яму напярэдадні.
Пасля вайны ўсе мінскія газеты і часопісы ды яшчэ і выдавецтва жылі пад адным дахам — у будынку Дома друку. Вялізнае акно нашай рэдакцыі глядзела на двор друкарні, a сцяна ўпіралася проста ў друкарскі корпус. Няўпынны шум друкарскіх машын не дазваляў адчыняць вокны нават улетку. Да таго ж вібрыравалі шыбы, лёгка пазвоньвалі шклянкі, прыпёртыя да графіна з вадою.
I вось на сцяне, поруч з нашым акном, надумаліся забудавацца дзве пары ластавак. 3 зайздроснай стараннасцю птушкі завіхаліся да позняга вечара, пакуль не былі скончаны хацінкі, падобныя на сырыя, неапаленыя гаршчэчкі. Нанасі пуху і мяккіх бадылінак, вымасці ўсярэдзіне ды бярыся адкладаць яечкі.
Тут здарылася нечаканка, больш — гора, ніяк не меншае і не лягчэйшае, чым у сем’яў, якія трацяць дах падчас раптоўнага землятрусу. Ад няўлоўнага для вока няспыннага трымцення сцен гнёзды пачалі адставаць ад атынкоўкі.
Ластаўкі абвясцілі аўрал і кінуліся кітаваць, залепліваць расколіну паміж сцяною і гняздом. Але рады так і не далі, пад вечар абодва гняздзечкі ссунуліся на асфальт.