Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
Згаданая ўжо, крыху старамодная галантнасць і ветлівасць ніколі не пакідалі Канстанціна Міхайлавіча абыякавым і да жаночага гора і да жаночай усмешкі. Іменна яны — гора і радасць — заўсёды моцна ўваходзілі ў душу Канстанціна Міхайлавіча. Пачыналася распытванне, спагаданне, пасля з’яўляліся лісты. Колас прывыкаў да чалавека, лічыў яго сваім, не адлучаў яго ад уласнага ўнутранага жыцця.
Усе, як ён сам, павінны рабіць па справядлівасці, так жа ставіцца да абавязкаў, прагнуць праўдалюбства, высока трымаць гонар.
Іначай Колас думаць не мог.
Часамі праз гэта ён рабіўся безабаронным, як дзіця. Бо не ўсе сустрэтыя ім падыходзілі пад вымаляваны ў думках хоць бы прыблізны ідэал чалавека.
Падмануўшыся на адной фалыныўцы, ён не паказваў і выгляду. Вонкава адносіны з такім чалавекам як быццам не змяняліся, унутрана ж — замыкаўся ў сабе. Аднак трымаць душу замкнутай для чалавека не мог, і з такою ж лёгкасцю ашукваўся на другой падманцы.
Душа ўсё роўна заставалася адкрытай. Гэтым і тлумачыцца гісторыя некаторых сяброўстваў і ліставання з жанчынамі.
I многае ў лістах патрабуе сапраўднага прачытання. «Абдымаю», «цалую», «хачу бачыць»,— пісаў ён знаёмай у Маскву. Здавалася б, тлумачэнняў не трэба. Наадварот, трэба. Бо ён ведаў адрасатку з яе малых год і амаль з таго часу не бачыў, ніколі не выказваў жадання пабачыць, калі здаралася магчымасць. А пісаць — пісаў!
Дык вось мы і збіраемся ў дарогу.
—	У цябе, відаць, справы знойдуцца ў Маскве,— не зусім упэўнена гаворыць Канстанцін Міхайлавіч.
— Асаблівых няма.
—	Ну, усё роўна завязі мяне. Застанешся там на колькі дзён, у тэатры паходзіш.
Яму рупіць, ці з ахвотаю я еду, ці не адрываюся ад якойнебудзь справы. Таму, вось ужо некалькі дзён запар, вяртаецца да паездкі, пачынае далікатны зандаж, пускае ў ход такія маскоўскія прывабы, як тэатр. Звычайна ён крыху выкпівае мае тэатральныя слабасці. На спектаклі ходзіць рэдка, хоць яго абавязвае да гэтага членства у Камітэце па дзяржаўных прэміях. He дазваляе здароўе: пераседзеўшы пару, усю ноч не можа заснуць, а назаўтра парушаецца працоўны рэжым. Аднак многіх акцёраў ведае і любіць, са здавальненнем выслухвае мае ўражанні ад новых пастановак. Калі дома з’явіўся тэлевізар, пачаў глядзець і фільмы і спектаклі, трохі наракаючы на драбнату постацей, невыразнасць твараў.
Дамовіўшыся канчаткова аб выездзе, пачынае аб тым, што яго найболей турбуе. Цяпер такіх рэчаў тры: мова і
дальнейшае развіццё культуры ў рэспубліцы; хуліганства і паводзіны моладзі; могілкі. Ужо другі месяц толькі і размаўляе аб гэтым. Падоўгу, хвалюючыся, пашыраючы і паглыбляючы з кожным разам свае памеры.
— Могілкі павінны быць агледжаны і абгароджаны. ElaBara да нябожчыкаў — павага да саміх сябе. А што ў вёсках? Цягаюцца каровы, свінні, козы... Ляпаюць проста на магілы, апошнюю зеляніну выцярэбліваюць.
Пачаўся гэты клопат з агледзін, які рэзрух на могілках у Мікалаеўшчыне, дзе пахаваны яго бацькі і сваякі. Паглядзеў і звярнуўся ў Савет Міністраў. Стаўляць агароджу вырашыў за свой кошт, але прасіў, каб быў вызначаны выканаўца работ — якая-небудзь будаўнічая арганізацыя. Справе быў дадзены рух, выдаткі ўзяла на сябе дзяржава, а Канстанцін Міхайлавіч стаў дбаць аб добраўпарадкаванні могілак ва ўсёй рэспубліцы.
Канстанцін Міхайлавіч кажа, што рыхтуе два лісты. Адзін — аб выкараненні хуліганства — мяркуе, папярэдне параіўшыся, адаслаць у Маскву.
He ведаю, ці было зроблена гэта. Але 15 чэрвеня 1956 года Канстанцін Міхайлавіч паведамляў з Барвіхі, што раіўся наконт ліста, што ліст гэты ўхвалены яго дарадцам і выказана пажаданне, каб ён паслужыў «...сігналам для прыняцця адпаведных захадаў па ўпарадкаванню непажаданых падзей і з’яў у нашым жыцці»19.
Ліст аб далейшым развіцці нашай мовы хоча напісаць і абмеркаваць больш грунтоўна на месцы.
Канстанцін Міхайлавіч звяртаецца да ўсіх бліжэйшых сяброў, каб дапамагалі фактамі. Каму паказваўся гэты ліст, невядома. Колас чакаў з адпачынку М. С. Патолічава, хацеў папярэдне пагаварыць з ім, пачытаць ліст аб мове яму, потым перадаць членам бюро ЦК КП Беларусі.
Старэйшы сын, Даніла Канстанцінавіч, расказвае, што ў дзень смерці Канстанцін Міхайлавіч паклаў у партфель нейкі ліст і паехаў у ЦК.
У Цэнтральны Камітэт Колас ездзіць часта і ахвотна. Патрэба ў гэтым бывае амаль кожны тыдзень: хадайнічае за людзей, здае матэрыялы, якія даводзіцца чытаць як члену ЦК. Апрача таго, рад сустрэцца з М. С. Патолічавым. Ставіцца
да яго з клопатам і апекаваннем старэйшага чалавека, якія відавочна перарастаюць у большае пачуццё. Цэніць у ім дзяржаўны размах, любоў да справы, энергію і ўмельства, з якімі Мікалай Сямёнавіч узяўся за станаўленне нашай прамысловасці.
Выбіраецца Канстанцін Міхайлавіч у ЦК, нікога не папярэджваючы. Такое права яму даў Мікалай Сямёнавіч:
— Заходзьце ў любы час. Калі што непакоіць, хай сабе самае малое, не трымайце пры сабе — расказвайце.
Летам 1953 года М. С. Патолічаў меўся ад’язджаць у Маскву на іншую работу. Адбыўся Пленум ЦК КП Беларусі.
Канстанцін Міхайлавіч, як ён расказваў крыху пазней, гаварыў там, як развіваць мову і культуру, рабіў прапановы ў гэтым кірунку. Скончыўшы прамову, не мог стрываць душэўнага парывання, пайшоў цераз увесь прэзідыум да Мікалая Сямёнавіча, паціснуў руку і падзякаваў яму за ўсё добрае, што ён зрабіў для рэспублікі. Пленум пачаў апладзіраваць, і ад’езд Мікалая Сямёнавіча быў адкладзены.
Праз год ці два зноў пайшлі чуткі, і небеспадстаўныя, што М. С. Патолічаў ад’язджае. Занепакоіўся і Канстанцін Міхайлавіч. Яму не хацелася разлучацца з чалавекам, сапраўдным другам краіны і яго асабістым.
— Мікалай Сямёнавіч добра правёў адну замежную паездку, будучы на чале савецкай дэлегацыі. Вось яго і забіраюць на дыпламатычную работу.
Перад ад’ездам Канстанцін Міхайлавіч запрасіў М. С. Патолічава да сябе.
— He хацелася яму выязджаць,— расказваў Колас пра адвітанне.— Выдатныя людзі ў нас у сакратарах былі: М. Ф. Гікала, хай яму будзе лёгкая зямля, П. К. Панамарэнка, згодна мы з ім жылі, і вось Мікалай Сямёнавіч. Малады і мяккі, здаецца, а ўмелы і далёка наперад глядзіць. Помніш, як аднойчы расказваў нам пра прамысловасць? Што было, што будзе, казаў. Так ніводзін паэт не патрапіць.
3 санаторыя Канстанцін Міхайлавіч двойчы пісаў мне. 15 чэрвеня пачаў і скончыў заўтра, апанаваны трывожнымі прадчуваннямі:
«Пісьмо гэта буду дапісваць заўтра: зараз буду слухаць радыё, затым вячэраць, а потым пайду глядзець кіно.
Рукі мае балелі, баляць і, напэўна, будуць балець: часу засталося мала, каб вылечыць іх... У галаве стаіць шум, сама яна кружыцца, і я не ведаю, ці то ад павышанага ціску крыві (210), ці ад лякарства (саліцылка, уратрапін). Праўда, мяне папярэдзілі, што ў галаве будзе шум. Ну, што ж. Няхай шуміць, балазе лес маўчыць, няма ветру.
Тут зараз сухмень, гарачыня. Першая дэкада чэрвеня ўжо забрала з грунту каля 60 % вільгаці. Калі не будзе папаўнення, дык прыйдзецца з пастом спазнацца...»
Да стану свайго Канстанцін Міхайлавіч ставіцца ўсё ж іранічна. Сапраўдны клопат, як і заўсёды, пра дождж, а значыць, і пра ўраджай.
«Пішы, як выглядаюць нашы палі»,— наказвае Колас і ўспамінае пра Нарач, куды ён раіць заехаць добраму знаёмаму, «пабыць у гасцях у... Міхала-адмірала, Максіма Танка, для якога возера Нарач — калыханка, і ў Аркадзя Куляшова, што жыццё пачынае нанова...»
У пазнейшым лісце Канстанцін Міхайлавіч болып жартуе: адпачыў, палепшала здароўе, а галоўнае: «24 чэрвеня была вялікая навальніца. За ўсю вясну і лета налюбаваўся я хмарамі, маланкамі, громамі і улеўным дажджом».
Далей ён смуткуе з прычыны смерці I. А. Ліхачова, з якім пазнаёміўся ў санаторыі, ведаў і цаніў за дапамогу ў пабудове аўтастрады Масква — Брэст. Аднак у лісце патыхае і радасцю ад блізкай сустрэчы з домам і з Нараччу.
Перад расстаннем
Як адказваць на лісты. пушчах Палесся». «Паўлінка» з Нараччу.
Госці з Віцебска. Сцэнічная рэдакцыя «У і як яе заручалі. Сакаліны век. Развітанне
Ліпень пакіраваўся на другую палавіну. Канстанцін Міхайлавіч вярнуўся з Барвіхі, ходзіць лягчэй, толькі жаліцца, што не далі рады рукам і маскоўскія дактары. Болып за месяц не быў дома, сабралася мноства неадказаных лістоў, ён гэтага моцна не любіць і ўшчувае ўсіх нават перад староннімі. Каб не выклікаць нездавальнення, я прапанаваў хоць бы на лета, калі выязджаю з горада, перадаць перапіску разам з маёю зарплатаю добрай машыністцы, а ўсё астатняе, як было, так і будзе за мною, на так званых грамадскіх пачатках.
Згоды на гэта Канстанцін Міхайлавіч не даў.
—	Чалавечую бяду і патрэбу сам праз сэрца прапускай. А як можа адказаць машыністка, самая лепшая? «Паважаны таварыш! Паведамляю, што па вашай справе...»
Дакончыўшы імправізаваць уяўны ліст з трафарэтнымі канцылярскімі аздобамі, Канстанцін Міхайлавіч кпліва дадае:
—	I «з прывітаннем», так сказаць... А ў лісце, каму б ты ні пісаў, павінна і душэўнае слова прабіцца. Давай, нечага, бу-
дзем цягнуць да канца.
I нядужы, у паважных гадах чалавек, ледзь трымаючы ў руках пяро, сядаў дапамагаць, адказваў просьбітам, даваў парады, разбіраў вершы.
Ведаючы ўсё гэта, я загадзя прыехаў з Нарачы падцерабіць пошту без яго. Цераблю і сёння з раніцы, але зараз праца ідзе няроўна: аддаў Канстанціну Міхайлавічу глядзець адну работу, а яна была мне ўпершыню, хвалююся. Пад вечар гара лістоў заносіцца ў паштовую скрынку, настрой у Коласа відавочна лепшае, і ён запрашае падняцца ў кабінет, дзе праседзеў амаль увесь дзень.
На стале рукапіс. Шырокі, на паўстаронкі, надпіс: «3 сцэнічнай рэдакцыяй Максіма Лужаніна згодзен. Якуб Колас. 17.VII.1956 г.».
Гэта — п’еса «У пушчах Палесся». Неяк вясною завіталі былі госці з Віцебскага тэатра. Узаемны абмен далікатнымі словамі — і за справу: так і так, хочам аднаўляць пастаноўку «У ггушчах Палесся». Дык ці нельга было б крыху падправіць п’есу? Няма часу, не можаце? Калі ласка, мы прывезлі накіды, дайце візу...
Канстанцін Міхайлавіч папрасіў пакінуць: пачытаю, маўляў, падумаю. Падумаў і адхіліў прапанову. Відаць, адштурхнула не столькі выразнае жаданне пераробшчыка паставіць на афішы поруч з Коласавым уласнае імя, як бесцырымоннасць у абыходжанні з творам.
— Гвалтоўна нейчая ручка пахадзіла,— казаў ён,— ды каб жа хоць умеючы. А чаго яны заварушыліся? Няйначай, нехта сказаў — які ж гэта коласаўскі тэатр без Коласа? Што мне яшчэ правіць? I так гэта п’еса быццам не мая. Чаго я не падапісваў некалі! To рэжысёру дагадзі, то акцёрам: аднаму слоў дадай, другому перайнач, бо вымавіць не можа. А не зробіш, горш будзе, самі папрыдумляюць абы-чаго. Я ўжо па гэтым млыне быў, ведаю: мелеш-мелеш, а блінцы не падходзяць.