Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Асабліва абурала Канстанціна Міхайлавіча закупка каменю ў Чарнігаўскай і Жытомірскай вобласцях і транспарціроўка яго ў Беларусь на будаўнічыя патрэбы.
— Гэтая аперацыя,— іранізаваў ён,— нагадвае мне паездку па чыгунцы з Брэста ў Мінск цераз Адэсу або Кіеў. А ў сябе пад носам не бяром. Каля самай сталіцы, на адной толькі Бягомлыпчыне ляжыць і просіць ужытку звыш пяці мільёнаў кубоў каменю.
Калі выказваліся пярэчанні, што прывезці кубаметр з Украіны танней, чым здабыць у сябе ў рэспубліцы, Колас пачынаў даводзіць:
— 3 пункту гледжання асобнага гаспадарніка гэта, мусіць, зусім правільна. Але трэба ўлічваць выгаду не толькі будаўнічых арганізацый, а ўсяе краіны. Тады высветліцца, што эканомія — нейкага паўрубля — выгада часовая, а глянуўшы глыбей — гэта пралік і пройгрыш. Вызвальце зямлю ад камення, і яна верне за гэты паўрубель у першы ж год чысты чырвонец. Я лічу, што ўрадлівасць нашага поля падымецца сама менш процантаў на пяцьдзясят.
Другі чырвонец верне наша сельскагаспадарчая тэхніка. Хто не ведае, што трактары, камбайны прастойваюць і ломяцца праз гэта самае праклятае каменне. А на камяністых глебах, скажам, у Маладзечаншчыне, і зусім адмаўляюцца хадзіць.
Вось вазьміце ды памножце гэтыя чырвонцы на ўсе доўгія гады, у якія наша зямля будзе даваць ураджаі нам, нашым унукам і праўнукам. Дадайце сюды вызваленне транспарту ад непатрэбных перавозак і абарочванне сродкаў унутры рэспублікі. Як тады будзе выглядаць гэтая эканомія ў паўрубля?
Канстанцін Міхайлавіч ужо бачыў, што з сабранага камення створаны велічэзныя фонды будаўнічых матэрыялаў для патрэб горада і для разбудовы калгаснага сяла.
— Тады можна будаваць розныя памяшканні для жывёлы і даць, нарэшце, хоць невялічкую перадышку нашым шматпакутным лясам. Каб падраслі трохі. I галоўнае — забрукаваць вясковыя вуліцы, дзе і людзі топяцца ў гразі і коні. Ды не забыць і ўсе дарогі селавыя апрануць у брук. Бо там жа «ні праехаць, ні прайсці, ні коніка правясці».
Прамова на XXII з’ездзе КПБ доўга пісалася і перапісвалася. Потым рабіліся ўстаўкі, дадаткі. Перад выступленнем Канстанцін Міхайлавіч хваляваўся, але прыехаў з пасяджэння ўзрадаваны: дэлегаты сустрэлі прыхільна.
— Асабліва добра заключэнне прынялі,— сказаў, дзелячыся ўражаннямі.
А ў заключэнні гаварылася:
«Дазвольце мне, таварышы, сысці з гэтай трыбуны ў добрай надзеі, што маё слова аб ачыстцы ад камення нашай зямлі не папала на бясплодны камяністы грунт».
Другую палавіну лютага Канстанцін Міхайлавіч правёў таксама ў Маскве. Ішлі пасяджэнні XX з’езда партыі. Вярнуўся змораны, але давольны. Некалькі дзён расказваў сябрам, гаварыў аб з’ездзе як аб выключнай падзеі.
— Пад вялікі кумір падбіты здаровыя кліны. Але ад гэтага ён не ўпадзе яшчэ. Трэба порах сыпаць.
Цяперашнюю паездку ў Маскву Канстанцін Міхайлавіч плануе так: чэрвень прабыць у санаторыі, а потым, падмацаваўшыся, адразу на сесію Вярхоўнага Савета.
— Тады ўжо раз’едземся з габою, будзем спакойна адпачываць. Трэба будзе папрацаваць восенню. I многа. «На шляхах волі» дакончу. Але ты завязі мяне ў Маскву. Яшчэ нацешышся з свае Нарачы.
Гэтак мы гаворым назаўтра пасля майго прыезду з дачы. Канстанцін Міхайлавіч ляжыць у ложку. Напярэдадні кепска спаў. Стаўлялі п’яўкі, каб знізіць ціск крыві,— лягчэй будзе ў дарозе. Ад’езд прызначаецца праз тры дні, на 10 чэрвеня.
— Прыедзем, Тукану пазвонім. Нешта ён маўчыць, не піша.
Тукан — сяброўская мянушка паэта Гарадзецкага. Колас выводзіць яе ад імені птушкі з ніштаватага памеру носам. Гісторыя адносін з С. Гарадзецкім доўгая і не заўсёды для мяне зразумелая. Назваць гэтыя адносіны дружбай цяжкавата, аднак нейкае сябраванне бясспрэчна ёсць, праўда, са шматлікімі спадамі і затуханнямі.
Звычайна, уладзіўшыся ў гасцініцы «Масква», Канстанцін Міхайлавіч здымае тэлефонную трубку.
— Сяргей! Ну, здароў! Дык я ў.„— тут называўся нумар гасцінічнага пакоя.
3 гасця часамі падкпівае, але дабрадушліва і прыходу яго чакае з прыкметнай нецярплівасцю. Усмешліва слухае навіны, на якія не скупы сябар, нібы адпачывае пад несціханую гаману, не прымаючы глыбока ў свядомасць. Быццам слухае шапаценне лісця на ветры, а думае сваё.
Аднойчы, калі запрошаны прыпазняўся, чаго, як ужо даводзілася гаварыць, Канстанцін Міхайлавіч не любіў, ён сказаў нечакана жорстка:
— Каб ён меў маё становішча ці хаця б зарабляў столькі, як я, ён са мною і не гаварыў бы...
На твар набегла сумнаватая ўсмешка: ён бачыць за вонкавай абалонай сапраўдную сутнасць людзей і тым не менш даруе ім вольныя і нявольныя чалавечыя слабасці. Але ад слоў патыхае гаркотай:
— На пачатку вайны, калі ў мяне не было ні кала ні fleapa, Сярожа не пусціў да сябе ў кватэру. Мусіць, баяўся, што завалю яму хату сям’ёю. Ды яшчэ і карміць нас прыйдзецца.
«Сярожа» вымаўляецца іранічна і ў той жа час журботна. Сумна, куды як сумна, сустракаць пацверджанне старой ісціны, што гора — асялок сяброўства.
Даніла Канстанцінавіч дадае некаторыя падрабязнасці той сустрэчы. Колас прыехаў з разбітага бамбёжкай Мінска і не меў дзе прыхіліць галаву. I той, што ўчора раскрываў абдымкі, дзяліў хлеб-соль, цяпер гаварыў з ім, як з надакучыўшым жабраком: стоячы на парозе, цераз прачыненыя дзверы.
Відаць, Сяргею Мітрафанавічу хацелася б забыць гэта... Колас жа прывеціў яго і зноў, як госця і друга, пасадзіў за
свой стол у Ташкенце, калі Гарадзецкага звеялі з жытла ваенныя вятры.
Шмат іншага даруецца ў імя даўняй дружбы, нават кепскі пераклад раздзелаў «Новай зямлі». Колас зрабіў заўвагі, прасіў паправіць хоць бы асабліва благія мясціны.
У адказ прыйшоў абразлівы, калі не сказаць менш далікатна, ліст.
На час адносіны далі прыкметную расколіну. Рэдагаваць пераклад быў запрошаны П. А. Сямынін. Рэдагаваць, бадай, не тое слова. Ен проста перапісаў нанава болылую частку некаторых раздзелаў. Пераклад выйшаў з друку, Сяргей Мітрафанавіч хутка забыўся на крыўду, якое ў сапраўднасці і не было, а Канстанцін Міхайлавіч зрабіў выгляд, што не заўважыў нетактоўнасці.
Усё пайшло па-ранейшаму. Відаць, таму, што яны — людзі прыкладна аднаго ўзросту, абодва адзінокія, рана страцілі сваіх сябровак, і, як ніяк, Гарадзецкі адзін з першых перакладчыкаў Коласавай паэзіі. Да таго ж ён быў цікавы Канстанціну Міхайлавічу як асоба, дыхаў паветрам некалькіх літаратурных эпох.
Зараз Канстанцін Міхайлавіч успамінае Гарадзецкага перад недалёкай сустрэчай з ім у Маскве.
— Усё ж ён многа каго ведаў і чуў. I Блока, і Аляксея Максімавіча...
Ен пераходзіць да іншых маскоўскіх знаёмых:
— Маку пабачым, дый яшчэ хто-небудзь, відаць, адзавецца...
Мака... Канстанцін Міхайлавіч ведаў яе дзяўчынкай, калі сябравала з малымі сынамі. Ад тых часоў і яе дзіцячае імя — Мака. Цяпер гэта маці дачкі і сына, высокая, чарнакосая і чарнавокая жанчына. Гаворкі з ёю, відаць, нагадваюць пару, калі сям’я была ў поўным складзе: з Марыяй Дзмітраўнай і сярэднім сынам Юркам. Вось чаму Мака (Маргарыта Мікалаеўна) заўсёды запрашаецца ў госці. Канстанцін Міхайлавіч глядзіць на яе з добрай бацькоўскай любасцю, стараецца дагадзіць ласункамі яе дзецям.
Трэцяя асоба, каго хоча пабачыць ён у Маскве,— былое ташкенцкае захапленне.
Пасля пераезду Коласа ў Мінск яна пачала падаваць голас даволі часта: пісьмы прыходзілі кожны тыдзень. Але не сустракалі ўжо водгуку.
Аднойчы ў Маскве я на цэлы дзень накіраваўся па справах. Неспадзявана вярнуўся раней часу і застаў у гасцях у Канстанціна Міхайлавіча жанчыну. На стале стаяў няскончаны абед, сухое віно. Канстанцін Міхайлавіч пазнаёміў нас. Госця пасядзела, пасля, паабяцаўшы пазваніць, пайшла.
Канстанцін Міхайлавіч прылёг на канапу.
— Яна цяпер кажа: «Баялася, каб вам сям’і не разбіць». He, нецікава ёй было. Кожны дзень па вершу ёй пісаў. I сам насіў, замест паштальёна. Зараз усё званіла, званіла, пабачыцца дамагалася.
Канстанцін Міхайлавіч выпіў віна.
— Марна жыве яна. Муж пакінуў. Трэба дзяцей гадаваць. Абяцала даць перапісаць мае ташкенцкія вершы.
На гэтым, здаецца, і скончылася шматгадовае і, калі меркаваць па вершах і дзённікавых запісах, моцнае захапленне. Аднак мінулася яно не само...
Канстанцін Міхайлавіч скончыў казку «Як птушкі дуб ратавалі». Рэч доўга не ўдавалася, шмат правіў, даў вылежацца. Перад чытаннем ён папярэдзіў:
— Прысвячэнне ты не ведаеш каму.
Казка здалася мне напісанай адным дыханнем.
— Можа яно і не так добра, як ты гаворыш.
— Натхненне моцнае чуваць, дзядзька Якуб. Ад прысвячэння, пэўна.
Ён моўчкі скасавурыўся:
— Здагадаўся?
Здагадцы дапамог сам Канстанцін Міхайлавіч.
— Укінь у скрынку пісьмо Былінцы,— папрасіў ён аднойчы.
Знаёмых з такім прозвішчам не ўспаміналася. На канверце стаяла імя адной мінчанкі. Іх знаёмства пачалося ў рэдакцыі газеты, куды зазвалі групу пісьменнікаў параіцца аб далейшым супрацоўніцтве. Пілі чай. Былінка, мусіць, адзіная прадстаўніца «прыгожага полу» на гэтым прыёме, частавала
старэйшага і найбольш паважнага госця — Канстанціна Міхайлавіча, а разам з ім і Сяргея Гарадзецкага. Як далікатныя кавалеры старога выхавання, яны гаварылі гаспадыні стала прыемныя рэчы. Яна хораша пасміхалася і выглядала яшчэ лепш, як гэта бывае з жанчынамі, калі трапляюць яны ў кола добрай увагі.
Галантнасць у адносінах да жанчын ніколі не пакідала Канстанціна Міхайлавіча. Ен скідаў з сябе змору сямі дзясяткаў, рабіўся гаваркі, абыходлівы, не забываўся пацалаваць ручку, падкінуць, як гэта гаворыцца, камплімент. Аднойчы зусім сур’ёзна пакрыўдзіўся, што наша выпадковая спадарожніца, суседка па купэ, болып размаўляла са мною. Пакрыўдзіўся, але толькі на хвіліну. Зараз жа пасміхнуўся і сказаў: «Я, здаецца, раўную. Дай божа і табе, Максім, адчуць гэта ў 70 гадоў».
Вернемся да Былінкі. Праз некаторы час яна пачала заходзіць у Коласаў дом. У вузкім коле знаёмых, следам за Канстанцінам Міхайлавічам, яе пачалі клікаць Алеська. Імя Былінка, мусіць, было дадзена за невялічкі рост і кволасць. Адным словам, расшыфраваць літары А. Б. у прысвячэнні не складала вялікіх цяжкасцей18.
3 лістоў Канстанціна Міхайлавіча да жанчын,— а лістоў гэтых знойдзецца вельмі і вельмі шмат,— некалі вырастуць цікавыя творы. Зараз даводзіцца гаварыць сцісла, не называючы прозвішчаў пакідаючы за тэкстам развіццё і згасанне той ці іншай сустрэчы ці перапіскі.