Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Птушкі заклапочана лёталі сюд-туд і крычалі, быццам аплаквалі страту і ў той жа час раіліся: што ж будзем рабіць? I ўзяліся зранку ляпіць новае жытло.
Выслухаўшы гэту навіну, Колас прысеў:
— Няшчасце нікога не мінае. Але ж я табе казаў учора: пачнуць усё нанова рабіць. У гэтым яны да чалавека падобны.
Мы адчынілі бакавінку акна, і Колас паглядзеў, як ідзе работа: гнёзды былі ўжо амаль у палавіне.
— I гэта яны паспелі за сённяшні дзень? Такога тэмпу і сабе мець не пашкодзіла б. Але за вынікі, праўду кажу, страшнавата.
Цяпер нашы сустрэчы з Канстанцінам Міхайлавічам пачыналіся з распытвання: «Як там будаўніцы?» і канчаліся наказам: «Глядзі ж там ластавак!»
Каб жа хто ўмеў дапамагчы ім! Як гэта зрабіць, як паказаць бяспечнае месца, адгаварыць ад марнай патраты часу і сілы?
Даўно ўжо не даводзілася бачыць Коласа ў такім узрушэнні!
Другая спроба забудавацца скончылася гэтак жа сумна, як і першая. Гняздо пратрымалася на дзень ці два болып, дый то таму, што друкарня стаяла ўначы.
Зноў паплакаўшы над руінамі сваіх неабжытых хатак, ластаўкі не адступіліся ад намеру застацца жыць у суседстве з друкарамі і аўтарамі кніг. Птушкі, здавалася, шпарчэй лёталі, часцей з’яўляліся пакласці на месца кропельку мокрай гліны, працавалі ледзь не ў змроку.
Глядзець на ўсё гэта было немагчыма, ды ва ўсіх нас былі кепскія прадчуванні...
На птушак нізрынулася трэцяя няўдача. Тады ластаўкі, відаць, вырашылі, калі далей так павядзецца, дык можна без дзяцей застацца, і зніклі.
Неўзабаве, ідучы да Коласа, я заўважыў, як дзве пары ластавак майструюць гняздзечкі пад гзымсам аднаго з будынкаў Акадэміі навук. Там усе ўчасткі былі ўжо размеркаваны,
будаўніцтва, па ўсім відаць, даўно скончылася, і праца запозненых навасёлаў мімаволі кідалася ў вочы.
— Пойдзем глядзець!
Канстанцін Міхайлавіч пажвавеў, апрануўся, узяў уласнаручна зроблены яблыневы кіёк.
— Пэўна, тыя самыя, домадрукаўскія,— сказаў ён крыху паназіраўшы,— I перабраліся недалёка, толькі вуліцу пераляцець, і працуюць учатырох. Тут ім будзе ціха. I звонку, і ўсярэдзіне: навука ніколі не была надта порсткая.
Дадому ён ішоў пасвятлеўшы, але маўчаў. I вярнуўся да здарэння праз некаторы час:
— А хто здолеў бы перажыць, каб у яго тры дамы разбурылі?
Адказ прыйшоў з тых самых вуснаў, што пыталіся:
— Скажаш, не ластаўка вайну запыніла? Чалавек-то чалавек гэта зрабіў, але ж іх раўняць нельга: у ластаўкі ўсяго дзюба ды пара крыл. Але...
Што павінна было сказацца пасля «але», так і не сказалася, перабіў тэлефонны званок. Аднак, думаецца мне, паўстала ў яго перад духоўнымі вачыма неймаверная трываласць народа, чыю зямлю складалі ў прысак страшныя навалы і спаленні. He раз і не двойчы...
Апошнія дні апошняга года
Цудадзейная гразь. На родных мясцгнах. Матчына песня пра Нёман. Чоканне з Купалам. Акадэмічны бусел. Зборы ў Маскву Поле без камення. Дэлегат XX з’езда КПСС. Былінка. Галантнасць і даверлівасць. Лісты пра выхаванне і мову.
Ад новага года яму не даюць спакою рукі. Спецыяльна лячылі ў стацыянары. Аглядалі і прыезджыя маскоўскія дактары.
Канстанцін Міхайлавіч жаліцца:
— Усе ў адзін голас: пройдзе, пройдзе. А яно не праходзіць.
Вырашыў лячыцца сам. Успамянуў, што ў Мікалаеўшчыне розныя рэўматычныя хворасці выганялі з дапамогай мясцовай гразі.
— Там, каля вёскі, тарфяныя канавы, і гэтага дабра — хоць новую Мацэсту адкрывай.
Напярэдадні 1 Мая Канстанцін Міхайлавіч са старэйшым сынам паклікалі мяне ехаць разам у раздабыткі цудадзейнага сродку.
Яшчэ дзе тая Мікалаеўшчына, а наш хворы палепшаў. Павярнуўшыся з пярэдняга сядзення машыны, Канстанцін Міхайлавіч падымае ўгору рукі.
— От ліха на іх! Сціхлі! Затое я цяпер ведаю, як ратавацца ад болю. Абы пачало круціць, буду ездзіць сюды, на 757 кіламетр. Акурат тут балець перастала. Гэта ж заўсёды так:
прыйдзе хворы да доктара і не ведае, на што скардзіцца: адпусціла раптам. Нервы ўсё гэта робяць.
Ён гаворыць ужо амаль не ўпыняючыся. Хоча абавязкова зазірнуць у стаўбцоўскую сталоўку. Калі тое было, а не забыўся... Аднойчы, едучы з Навагрудка, мы заходзілі туды падсілкавацца і елі цяжкі, глеўкі хлеб. Аб гэтым была размова з работнікамі райкама: «Чым жа вы, хлопцы, людзей корміце? Хлеб для рабочага чалавека першая страва...» Пасля Канстанціна Міхайлавіча запрашалі пад’ехаць, пакаштаваць і ўпэўніцца, што выпечка палепшала.
Павярнулі на Мікалаеўшчыну. Цераз Акінчыцы едзем паволі, з правага боку вуліцы хата, дзе ён упершыню ўсміхнуўся маці, злева, на ўзгорку,— камора, дом ляснічага, пад які звычайна сыходзіліся леснікі на чарговую праборку.
За вёскай, на ўзлеску, Канстанцін Міхайлавіч просіць спыніцца.
— Я адсюль баравікі цягаў кашамі. He можа быць, каб зараз хоць смаржка не знайшоў.
Смаржок сапраўды знаходзіцца. Аднак болып нікому з падарожных не шчасціць.
Старэйшы грыбнік велікадушна не дае адчуць свае перавагі ў гэтым складаным майстэрстве. Дый раўняцца цяжка: калі яму нават у Кіславодску пашанцавала выкалупаць грыб, дык што казаць пра свае, сотні разоў выхаджаныя, выгледжаныя мясціны.
Канстанцін Міхайлавіч дапамагае нам арыентавацца.
— Налева пойдзе дарога на Ласток, вось туды,— ён паказвае рукою ў глыбіню лесу,— Альбуць застанецца правей. A гэтак вось — можна прайсці на Прыстаньку, дзе мы свой настаўніцкі з’езд збіралі...
...Свержанская града, Смалярня, Елава... Адно за адным вымаўляе Колас імёны і назвы.
Гэтак іх ніколі не вымавіш сам, мусіць, не закрануць яны і сышоўшы з вуснаў другога чалавека. А ў яго — аджываюць, раскрываюць свой першародны сэнс і значэнне, ператвараюцца ў малюнкі, замацаваныя ў душы дзіцячым замілаваннем, ці раз уяўленыя з-за астрожных крат, паглыбленыя разлукаю
вайны і бежанства, на многа год адсечаныя праведзенай па самым сэрцы мяжою, на кароткі час знойдзеныя, але зноў страчаныя праз крывавае тэўтонскае нашэсце, і, нарэшце, здабытыя назаўсёды.
Так можа адчувацца яму аднаму.
Гэтых карцін мы не маглі ведаць і ў той жа час ведалі, ніколі не бачылі іх і тым не менш заўсёды трымалі перад вачыма. Бо рупліваю працаю мастака, яго натхненнем і клопатам усе яны з’яднаны ў свет, які называецца «Новаю зямлёю». Акунуўшыся ў яго, мы наноў перажываем маленства і ўсхватваемся з ложкаў на звон патэльні, мажам верашчакаю лаву, шчабятлівай чародкаю ідзём за мілым дзядзькам Антосем варыць клёцкі ў бярозавым саку і пускаць на ваду стары човен, разам з ім клянём аб’ездчыкаў і ляснічых, таргуем у Хадыкі зямлю, едзем у Вільню, глытаем слязу каля смяротнага ложка Міхала...
Гэты свет абступае нас з такой сілай верагоднасці, як быццам колы машыны не адарваліся гадзіну назад ад сталічнага праспекта, не шархацелі паўз кіламетровыя слупкі па асфальтаванай шашы і, пашаптаўшыся са жвірам прасёлка, не спыніліся перад узгоркам, цераз які перавальваецца трактар з баронамі, гатовы выканаць якую хочаш каманду трактарыста, хлопца з мікалаеўскага калгаса.
У Мікалаеўшчыне адведалі пляменніка Канстанціна Міхайлавіча, настаўніка мясцовай школы, і сястру, Міхаліну Міхайлаўну.
Добрыя сустрэчы не засланілі мэты нашага прыезду: перш-наперш было набрана поўнае вядро гаючае гразі. За гаворкай не агледзеліся, што машына, якую шафёр паставіў на непрасохшай лугавіне, угразла.
Мы з Данілам Канстанцінавічам паспрабавалі падпіхаць. Колы пракручваліся, далёка распырскваючы гразь, а машына не рушылася з месца. Падышлі калгаснікі. I гэтай сілы было мала. Нехта надумаўся паслаць па каня.
Канстанцін Міхайлавіч наглядаў за нашымі захадамі збоку. Калі да машыны прыпрэглі каня, здаравеннага, добра кормленага, што палыскаваўся бліскучай шэрсцю, Канстанцін Міхайлавіч падышоў, паклаў руку на крыло:
— Ho, малы!
Конь прылёг у пастронкі, і машына выскачыла на сухое.
— Ну, і чаго вы ўсе варты,— падсмейваўся Канстанцін Міхайлавіч,— А я толькі адным пальцам дакрануўся.
Далейшы шлях ляжаў на Смольню, да брата, Язэпа Міхайлавіча. Нёман яшчэ быўу вясновай паводцы. Канстанцін Міхайлавіч глядзеў на залітыя вадою лугавіны. Рака падступала пад самыя могілкі, дзе пахаваны яго бацька і маці.
Спыніліся. Канстанцін Міхайлавіч пайшоў на бацькоўскія магілы адзін. Павольна падняўся на засаджаны бярозамі грудок, моўчкі пастаяў каля надтрунніц, потым павярнуўся тварам да ракі. Паклікаў нас, паказаў рукою на разводдзе.
— Яны,— было зразумела, што Канстанцін Міхайлавіч думае пра бацькоў,— ведалі Нёман толькі такім. I на маёй памяці ён быў шырэйшы. Глумяцца лясы, гінуць і рэкі.
Помніш, я табе казаў, ніяк не магу прыгадаць матчыну песню пра Нёман. А зараз усплыў змест яе і прыпеў: «Нёман, браток мой!» Дзяўчына просіць раку аддаць ёй хлопца. Як пайшоў ён на сплаў, так і не вярнуўся, хоць яны згаварыліся ісці пад вянец. Нёман адказвае: «Я ж і так багата дару людзям. Зямлю абмываю, паю сцюдзёнаю вадою і жыўлю смачнай рыбаю, плыты ганяю, жывёлу кармлю». I хлопца таго, сказаў, не аддасць, бо прыняў яго навечна. Дык, калі дзяўчына хоча, хай ідзе сама да нарачонага. Паслухалася няшчасніца, патужыла і кінулася з высокага берага ў ваду. Толькі паспела гукнуць: «Іду, Нёман, браток мой!»
Па смольнінскай сядзібе Канстанцін Міхайлавіч хадзіў асцярожна, нібыта баючыся, каб не патрывожыць уяўленняў, што ўзнікалі на кожным кроку ў дарагой сэрцу мясціне.
Спыніўся і ўважліва зазірнуў у гумно, нібы прадчуваючы, што яно неўзабаве будзе разабрана на дровы праз меру дбайнымі мясцовымі адміністратарамі. А гэта ж будыніна, калі стаяла яшчэ ў сяле, бачыла настаўнікаў, што паз’язджаліся на свой з’езд. Ці мала сумных і вясёлых разваг чулі яе сцены ад самога Костуся Міцкевіча і ад яго таварышаў, бесхацінцаў, пазбаўленых настаўніцкіх пасад.
Ён спрабаваў адстойваць гуменца перад раённымі ўладамі, але ў іх не хапіла кемлівасці не дапусціць разбурэння. Быццам так канечне трэба былі калгасу тыя некалькі дзясяткаў напаўструхлелых бярвенняў.
Стоячы каля хаты, Канстанцін Міхайлавіч падлічыў, колькі год пасаджаным яго рукамі дрэвам.
— Я паўтыкаў іх зусім тонкімі тычкамі. Можа зім па пяць ім было ўсяго. Зараз, відаць, па пяцьдзясят адстоялі.
I звярнуўся да брата:
— Я да цябе, Юзік, паміраць прыеду. Сяду тут, у цяньку, на Нёман буду пазіраць.
У хаце чакаў накрыты стол. Даніла Канстанцінавіч паспяшаўся паналіваць усім чаркі і хутчэй чокнуцца, каб асцерагчы бацьку ад спакусы, балазе ён загаварыўся з братам.