Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
Убачыўшы пусты пасудак, Канстанцін Міхайлавіч адразу выкрыў хітры манеўр і пакрыўдзіўся:
— Я разумею, што старых людзей можна скідаць з рахунку. Хай будзе так. Але ж мне трэба з Купалам чокнуцца. Як некалі, на гэтай лаве седзячы. Без гэтага я ў Мінск не паеду17.
Выратавала становішча кропля, якую, не выпіўшы, адставіла на акно гаспадыня.
Чокнуўшыся ў думках з Купалам, Канстанцін Міхайлавіч сабраўся ехаць:
— Яшчэ ў лесе спынімся. Сон зацвітае, трэба выкапаць колькі кусцікаў для саду.
Пастаялі ў лесе, напакавалі ў багажнік «сну», пахадзілі па леташнім верасе і чабароўі. Поблізу на абочыне стаяла нейчая машына. Гаспадар яе, мажны мужчына ў ботах з доўгімі, за калені, халявамі клыпаў, павольна перасоўваючы ногі, па даволі высокай балотнай вадзе.
Канстанцін Міхайлавіч прыгледзеўся.
— Здаецца, знаёмыя людзі.
Сапраўды, гэта быў работнік Акадэміі навук, які збіраў раннія раслінкі для навуковай працы.
— Маё шанаванне таварышу акадэмічнаму буслу! — гукнуў Канстанцін Міхайлавіч,— Як ваша паляванне?
Потым, адвітаўшыся, разважаў:
— Каб што-небудзь зрабіць, не цурайся ўлезці ў балота. Гэта не толькі для навукі, а і для літаратуры абавязкова. Чорная, самая цяжкая справа — найлепшая навука для чалавека.
Прывезеную гразь грэлі, Канстанцін Міхайлавіч па гадзіне трымаў у гарачай ванне рукі. Палёгкі не было.
— He таго мацунку гразь стала,— казаў ён доктару С. О. Ліяранцэвічу, з маўклівага дазволу якога было распачата гэтае « гразелячэнне ».
— Пашкодзіць не можа,— тонка ўсміхнуўся Ліяранцэвіч,— а часам возьме і паможацца. Табе ж памаглося,— ён хітра падміргнуў у мой бок.
А справа была такая. Пасля аперацыі апендыцыту я страціў сон і папрасіў у Сяргея Осіпавіча рады. Ён падняў на мяне вочы:
— He спіш? Будзеш спаць.
I даў шкляную тубачку фанадорму.
Праз тыдзень мы сустрэліся.
— Спіш? — было першае пытанне доктара.
— Сплю.
— А лякарства браў?
— Браў.
— А ведаеш, што ты прымаў? — I весела зарагатаў: — Вітамін С.
Разумны доктар цярпліва і паблажліва паставіўся да намераў Канстанціна Міхайлавіча і яго скаргі на страціўшую сілу гразь прымаў як штосьці зусім натуральнае.
— Так, вядома, усё вытыхаецца,— гаварыў Ліяранцэвіч.— А можа вы не ў тым месцы гразі набралі?
Колас пачуў у голасе доктара жарт.
— А чаму было адразу не сказаць, што ты не верыш у гэтую гразь,— панура буркнуў ён.
— Трэба, каб хто-небудзь адзін верыў, другому — не абавязкова,— адказаў Ліяранцэвіч з такімі яснымі вачыма, што яны абодва адразу ж заўсміхаліся...
Тым часам рукі балелі, і вітацца з Канстанцінам Міхайлавічам трэба было асцярожна. Малазнаёмых папярэджвалі
аб гэтым. Але аднойчы забыліся. Канстанціну Міхайлавічу як віцэ-прэзідэнту Акадэміі прадстаўлялі аспірантаў. Быў сярод іх высокі, плячысты здаравяк. Узрадаваўшыся,— Коласа зблізку ён бачыў ледзь не ўпершыню,— хлапчына павітаўся з усёй шчырасцю дужага чалавека.
Канстанцін Міхайлавіч у момант выхапіў хворую руку, памахаў ёю ў паветры і міжволі вылаяўся, салёна, па-мікалаеўску. Падзьмуўшы на адціснутыя пальцы, дадаў:
— I бяруць жа гэткіх бугаёў у навуку!
Заўважыўшы агульную збянтэжанасць (сярод прысутных былі жанчыны — хто пачырванеў ад нечаканасці, хто — ад прыглушанага смеху), Канстанцін Міхайлавіч перасіліў боль і пачаў распытваць аслупянеўшага аспіранта:
— Дык што парабляеце?
Я не быў пры гэтай гаворцы. Казалі, яна была цёплая. Але развітаўся Колас кіўнуўшы галавою, а хворую руку папярэдліва схаваў у кішэню...
6 чэрвеня 1956. Прыехаўшы з Нарачы, першым чынам званю да Канстанціна Міхайлавіча. Адказваюць: дома, тупае па садзе, прасіў прыязджаць. Застаю яго на звычайным месцы, пад вязам.
Збіраецца ехаць у санаторый. Як заўсёды ў апошнія гады, пад Маскву, у Барвіху. Моцна наракае на рукі:
— Баляць, праклятыя! Мусіць, на там-тым свеце перастануць...
Сустрэчы з Масквою, як і зазвычай, ён рад. А ездзіць, відаць, на свае гады мнагавата. Быў у снежні 1955 пасля даволі працяглай, так і нявысветленай да канца, хваробы. Але не ехаць не мог.
Чаму кажу — хваробы нявысветленай? He ведаю дакладна і як яна пачалася. Колас у лістах называе яе «нервовым узрушэннем».
Быў кастрычнік 1955 года. Прыехаўшы з Чэхаславакіі, я паспяшаўся да Коласа. Даўнавата не бачыліся, падымала радасць сустрэчы і літаральна распірала ад навін.
Прынёс бутэлечку чэшскай слівавіцы. Дзядзька сядзеў каля стала ў звычайнай рабочай паставе. Слухаў і не слухаў,
глядзеў і не глядзеў на мяне. Нібыта гневаўся за невашта. Падарунак узяў, амаль не абазваўшыся.
Ведаючы, як лёгка змяняецца ў чалавека настрой, а ў яго асабліва, уражлівага і кволага ў душэўных узрушэннях, я палічыў за лепшае зараз жа пайсці. Колас не затрымліваў.
Літаральна праз некалькі гадзін мне расказалі, што Канстанцін Міхайлавіч выказваў нездавальненне. Колькасцю часу, якую я аддаю яму, работай, якую быццам бы раблю і не раблю.
Кінуцца высвятляць адносіны? Нельга! Толькі што быў. Мяркуючы па сустрэчы, Колас ці сапраўды нездаволены, ці заняты нечым у думках. А слоў і пачуццяў не ўтрымаць: напісаў ліст.
Праз дзень-два — на лісце дата 27 кастрычніка 1955 года — пайшоў туды, каб, павітаўшыся, быццам нічога не здарылася, пакінуць напісанае на стале. 3 парога быў папярэджаны: бацька захварэў, слаба пазнае людзей, ні з кім не гаворыць.
Гэта ўдарыла, як громам. Усё ж на правах чалавека, каму дазвалялася часамі многа больш, чым хатнім, падняўся наверх.
Канстанцін Міхайлавіч ляжаў у ложку. Ледзь падаў слабую нядужую руку. Уся мая гаркота, выказаная ў лісце, цяжар, што заставаўся ў пачуццях, развеялася — захаваў ліст глыбей у кішэню: як было хваляваць і без таго перахваляванага чалавека!
У дом двойчы прыязджаў М. С. Патолічаў. Ён любіў Коласа, дзверы ягонага кабінета былі заўсёды адчынены для Канстанціна Міхайлавіча. Зараз, відаць, сам асабіста хацеў дазнацца пра стан хворага.
Канстанцін Міхайлавіч насцярожыўся і захваляваўся. Яму стала блажэй. Жаліўся сам-насам свайму доктару С. О. Ліяранцэвічу: «Не хачу жыць, хачу памерці».
Калі нам здараецца застацца ўдвух, Канстанцін Міхайлавіч добра, спакойна гаворыць. Больш пра смерць. I ўсё пытае:
— Чаму да мяне спакой не прыходзіць?
3 лістапада, у дзень нараджэння Канстанціна Міхайлавіча, прыйшоў павіншаваць М. С. Патолічаў а разам з ім таксама
наведалі тагачасныя Старшыня Савета Міністраў і сакратар ЦК па прапагандзе. Быў і доктар С. О. Ліяранцэвіч.
Канстанцін Міхайлавіч ляжаў светлы, улагоджаны. Папрасіў прабачэння, што не можа ўстаць, што не напісаў, як заўсёды ў гэты дзень, вершаванага павіншавання. Потым гаворка зайшла пра ўраджай, перакінулася на дарогі. Тут яны гаварылі ў адзін голас з Патолічавым, што ў нашай рэспубліцы з дарогамі справы моцна паправіліся.
Госці паціскалі плячыма, слухаючы мудрыя і жартлівыя заўвагі Канстанціна Міхайлавіча: дзе ж тут і хто ж тут хворы?
Канстанцін Міхайлавіч папрасіў сысці ў гасцёўню і перакусіць, як заўсёды рабілася ў гэты дзень. Тым часам пад’ехалі Танк і Броўка, бяседа пакрысе збіралася.
Я не хацеў пакідаць Коласа аднаго і застаўся ў спальні. Ен бліснуў вачыма: «Ідзі ўніз, зараз жа! А сюды пашлі Міхася, ён са мной пабудзе».
Унізе — першая чарка за Канстанціна Міхайлавіча. Потым мы агалашалі тосты за гасцей, госці за нас. М. С. Патолічаў сказаў і пра мяне, пажадаў спорнай работы. Пра хваробу — ніхто ні гуку.
Пасля гэтага дня рэжым доктарскіх абмежаванняў у доме быў паслаблены. Колас пайшоў на попраўку. Я чуў па тэлефоне ягоны голас, прыязджаў у дом разам разбіраць пошту, парадкаваць рукапісы.
Так прайшоў лістапад. У канцы снежня Канстанціну Міхайлавічу трэба было ехаць у Маскву. Паедзе жонка малодшага сына, яна дагледзіць і ўсё зробіць для бацькі. Арганізуе кансультацыю, можа хворага пакладуць на некаторы час у адпаведную бальніцу — адпачыць і праверыцца.
Колас усё ж сказаў збірацца і мне.
У вагон да Канстанціна Міхайлавіча зайшлі С. О. Прытыцкі і Ф. А. Баранаў — ён працаваў у Бабруйску. Мусіць, знарок расказвалі шмат смешнага. Пра цыганоў, што атрымалі пазыку для арганізацыі калгаса і грэчку на насенне, нарабілі з яе круп, усю зіму елі грэцкую кашу, а пасеялі грэцкае шалупінне. Прытыцкі ўспамінаў, як ён пасвіў кароў у скупога кулака і прыносіў з пасты назад няз’едзенае ёлкае сала, што яму давалася ў торбу на ўвесь дзень. Кулак быў рад такой
ашчаднасці пастуха, не ведаючы, што той напярэдадні набірае з курыных гнёздаў свежых яек. Дык на чорта тым старым салам душыцца!
Колас смяяўся і аджываў на вачах. Паслугі медыцыны былі адхілены.
Вярнуўшыся з Масквы, Канстанцін Міхайлавіч па-сапраўднаму падбадзёрыўся. Помнячы ўмову нічога не ўтойваць, я аддаў-такі свой даўно напісаны ліст. Паклаў, адыходзячы, на папку з паперамі і развітаўся.
Ледзь паспеў увайсці ў дом — званок.
— Еду да цябе! — голас у Канстанціна Міхайлавіча неспакойны.
I зараз жа прыехаў. Зачыніў за сабою дзверы ў мой пакой, паклаў на стол ліст, а сам не сеў.
— Я часамі думаў пра цябе ўсяк. Потым выходзіла — не на маё. Можа што лішняе і сарвалася з языка. Быў я вельмі знерваваны тады, помніш? Ліст твой я знішчыць не маю права, а пакінуць у сябе — чужым вачам аддаць. Пачнуць качаць на языках. Дый неасцярожнае слова цаляе і ў таго, хто яго кажа. Вазьмі,— ён падняў са стала канверт,— прыхавай. А ў печ не кідай. Калі мяне не будзе...
He дагаварыў, сеў на канапу, пасадзіў мяне поруч, узяў за руку:
— Калі можаш, выбачай: дай мне спакойна памерці...
He даў мне ні заплакаць, ні стаць перад ім на калені, чаго вымагаў той стан узаемнай узбуджанасці. Шырока расчыніў дзверы:
— Гаспадынька! Жоўтыя рыжкі не звяліся? Дык давайце іх сюды. I цыбулькі не забудзьце!.. А слівавіцы ў цябе няма? — гэта ўжо да мяне.
Пачуўшы адмоўны адказ, пахваліў тую слівавіцу, што прывёз яму з Прагі, і паўтарыў здагадку:
— Прага — гэта ад прагал, прагалак, западзіна паміж гор. Што ж, запоўнім наш прагал не слівавіцай, дык іншым чым...
Пасля Новага года пачалася партыйная канферэнцыя. Ён прысутнічаў там ад пачатку да канца з усёй уласцівай яму акуратнасцю да выканання партыйных абавязкаў і даручэнняў.
Адначасова рыхтаваўся выступаць. Меўся падняць на партыйным з’ездзе справу, што турбавала не адзін год.
Ачыстка палёў рэспублікі ад камення! Таму асабліва старанна чыталіся матэрыялы, ішлі гаворкі з раённымі работнікамі, браліся з інстытутаў і іншых устаноў лічбы, весткі аб засмечанасці нашых палёў каменнем.