Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
I ў «Паўлінкі» знайшліся сваякі — добрай вядомасці п’еса «Трыбунал»; думаецца — працяг класічных традыцый можна смела называць духоўным сваяцтвам. Многія тэатры ставяць гэты народны лубок, паводле аўтарскага азначэння, не адкідаючы трагічнага фіналу, якім драматург, паводле загаду мастацкай праўды, закончыў свой камедыйны твор.
Што ж было з аднаўленнем на сцэне «У пушчах Палесся»? Як і наказваў Канстанцін Міхайлавіч, першым зазімкам 1956 года я паехаў у Віцебск. Пачытаў коласаўцам новую рэдакцыю, наслухаўся запэўніванняў, што з’явілася, маўляў, аздоба рэпертуару, і ўсё. Святло рампы, як гавораць, на п’есу не пасвяціла. Напэўна ж, не вінен у гэтым аўтар, мусіць, рэдакцыя выйшла недасканалая.
Хацеў паглядзець, ды не пакінуў сабе ніводнага экземпляра. Аж неяк усцешыла знаходка-неспадзяванка: старонка з ухвалай Коласа, зборнік п’ес, па якім фармавалася сцэнічная рэдакцыя, і накіданыя па гарачых слядах тых гаворак нататкі.
Усё гэта дапамагло аднавіць і запісаць яшчэ некалькі гадзін з жыцця Якуба Коласа.
Канстанцін Міхайлавіч прыехаў на Нарач на некалькі дзён перад сесіяй Вярхоўнага Савета БССР.
Усё часцей задумваўся ён, адсоўваючы прыгубленую чарку віна на нашых супольных, крыху ўрачыстых з прычыны яго прыезду бяседах. Потым, прахапіўшыся ад забыцця, пераводзіў вочы з блакітнай нарачанскай вады на прысутных і як быццам вінавата ўсміхаўся. Адказваў толькі на звернутыя проста да яго запытанні і размову падтрымліваў толькі, каб не гасла.
А на беразе возера сядзеў доўга і ахвотна: увечары каля кастра і ранічкаю, пакуль яшчэ не прыпякала сонца. I тут хвалі агульнай гаворкі як бы перакочваліся цераз яго. Гэта было падобна да развітання, асабліва калі ён тужлівым і замілаваным поглядам праводзіў няўрымслівых Танкавых дачушак з мудрым разуменнем і прадбачаннем іх маладой дарогі ў будучае.
Тады мы апошні раз сумесна працавалі. Рыхтаваўся да друку зборнік публіцыстычных артыкулаў. Канстанцін Міхайлавіч папрасіў прагледзець яго. Я выказаў свае меркаванні пра пабудову кнігі і неабходныя скарачэнні. Тут, уласна кажучы, на Нарачы і была ўстаноўлена канчатковая рэдакцыя матэрыялаў. Канстанцін Міхайлавіч забраў зборнік з сабою і перадаў у выдавецтва.
У мяне былі прэтэнзіі моўнага парадку да некаторых артыкулаў. Канстанцін Міхайлавіч хутка прадыктаваў папраўкі, потым прыжмурыў вока:
— Ты нашы газеты чытаеш?
He разумеючы, у чым справа, ківаю галавой.
— Дык чаму ты іх не лаеш?
— За што?
— А хоць бы за такі загаловак. Чорнымі літарамі, праз усю паласу: «Сеў на цаліне». Забыліся пра слова сяўба. А што выходзіць? Хто сеў на цаліне? Для якой патрэбы сеў? Што з гэтага выйшла?
Канстанцін Міхайлавіч змаўкае і дадае:
— От бы ты такіх пісак і ўшчуваў.
Заўвага была невыпадковая. Яна ішла ад усё таго ж няўпыннага клопату пра мову і ад усведамлення, штб ўносіць у моўныя скарбы ён сам. Я вельмі выразна бачыў, як Колас свабодна абыходзіўся з мовай, але да слоў і выразаў іншамоўнага паходжання звяртаўся ў крайнім выпадку. I як звяртаўся. Гэты талент, адданы і прысвечаны цалкам новаму свету, усведамляючы нёкалішняе зліццё моў у адну, умеў адным толькі дотыкам сваім надаваць нацыянальную беларускую адменнасць любому слову, запазычанаму ім. Так беларуская казка, пэўней — яе невядомыя тварцы, малявала Бога:
не страшную ўсемагутную завоблачную істоту, а лагоднага дзядзьку ў шапцы-кучомцы, у лапцях з вераўчанымі аборамі і з пужкаю ў руках, якою ён абганяецца ад Майсеевых ці Аўраамавых сабак. Гэтае народнае ўмельства, пераходзячы з часу ў час, жыло ў Коласе, каб сёння цешыць і навучаць нас, а заўтра — усіх нашых наступнікаў...
Сядзім пры возеры. Міхась Лынькоў робіць некалькі здымкаў. Поблізу пачынае няўцешна плакаць дзіця. Вусны Канстанціна Міхайлавіча рассоўваюцца ледзь улоўнай усмешкай.
— Адна маладзіца была ў царкве з дзіцем. Пачалі крыж цалаваць, хацела і яна падысці, а малое спалохалася і раве, ніякай рады не дасі. Кабета суцяшала-суцяшала дый кажа нарэшце: «От каб бацюшка не быў дурань ды даў табе крыжам па азадку...»
Ад гэтага чутага, але ўсё роўна смешнага апавядання, a больш ад яго ўсмешкі нам робіцца весялей. Але Канстанцін Міхайлавіч задумваецца.
— Заўтра па мяне машына прыйдзе,— кажа ён цераз некаторы час,— можа хто ў Мінск?
На ўгаворы яшчэ пагасціць цвёрда адказвае:
— He, браткі, дзякуй! Даволі. От зараз будзе сесія, а мне яшчэ трэба аднаго чалавека правесці. Добры работнік выязджае з Беларусі. Ды работа галоўнае. «На шляхах волі» да зімы хачу скончыць. А потым за прозу. Трэба ўсё паспець. У вас часу болей.
Назаўтра ён выязджаў, маўклівы больш як звычайна. Я паехаў правесці яго крыху. Каля Кабыльніка развіталіся. Ён асцярожна затрымаў руку хворымі пальцамі:
— Напішы мне. А можа, падскочыш у Мінск дзён цераз колькі?
У гэтай просьбе чулася нейкая настойлівая патрэба. У мяне зашчымела ў грудзях...
На мае скаргі, што ідуць дажджы і мы прымушаны сядзець пры газніцах у хаце, Канстанцін Міхайлавіч 6 жніўня 1956 года адпісваў:
«Першае, што магу сказаць у адказ на пісьмо,— глыбока спачуваю ўсім вам, нарачанцам, што змушаны туліцца каля малалікага агню...
Аб сабе што скажу?..
Паехаць, скажам, у Балачанку па баравікі не адважваюся: лягчэй Міхалу-адміралу праехаць над нарачанскімі бязодніцамі, чым Якубу Коласу па гравійцы Магілёўскае шасэ — Пухавічы...»
Адпусціўшы чарговы і не вельмі далікатны камплімент у адрас дарожнікаў і гаспадарнікаў, ахвочых да выхваляння і прыпісак, Канстанцін Міхайлавіч зазначае:
«Адбой. Хто рупіцца і працуе, ураджай збярэ. Хачу думаць, што такая руплівасць агорне нас з ног да галавы.
Цалую вас, нарачанцы, абнімаю і ўсё ж такі заўсёды жыць на Нарачы не згодзен.
Якуб, якому сыходзіць тэрмін жыць на гэтым свеце».
Гэта былі апошнія словы да мяне. Неўзабаве, у смутны і цяжкі ад тых часаў адвячорак 13 жніўня даляцела вестка...
Праз некалькі гадзін я ўбачыў яго аднаго ў кутку вялікай гасцёўні.
На стале...
А ў рабочым пакоі ляжала асадка і пачаты ліст да маскоўскага сябра. Тут ён апошні раз сядзеў, апошні раз еў свой сціплы полудзень, прыехаўшы з ляска, апошні раз падняў вочы на сына, што звярнуўся з запытаннем і, не пачуўшы адказу, кінуўся ратаваць, званіць, клікаць на дапамогу.
Было пасля поўначы. У доме дыхала нясцерпная цішыня. Ва ўсіх пакоях гарэла сліпуча яркае святло. Я глядзеў на непарушны і вельмі спакойны твар, як быццам суцешаны нечаканым і поўным адпачынкам, бясхмарнаю адсутнасцю турбот. I ўжо нічога больш не ўбачылі несухія вочы. Пахілілася галава ў стаяўшага поплеч таварыша, бязгучна заплакалі прыехаўшыя з намі жанкі.
He зварухнуўшыся стаялі ў садзе яго маладыя дубы — першая і нязменная варта родных лясоў каля прыдрамаўшага Чалавека.
Тады і выплылі развітальныя радкі:
He хацелася дзядзьку ў гэты вырай збірацца...
Толькі вось нарадзіўся, як быццам хвіліна прайшла: У нястачах — маленства, па астрогах — юнацтва, Сталасць войны скрышылі...
А смерць нібы тут і была.
He хацелася дзядзьку ў гэты вырай збірацца!
Сама ў сілу ўвабраўся, у ясную поўню гадоў.
А табе — ні сяброў, ні абвыклае працы, Hi сардэчнай размовы,
ні мілых, над Нёмнам, дубоў.
КНІГА HE СКОНЧАНА
«Твая кніга — не дапісана, не палохайся, гэта яе перавага. Адно ты яшчэ ўспомніш і дапішаш сам, тое пра Коласа, аб чым хацелася б ведаць больш, у цябе выпатрабуюць, прымусяць дадаць чытачы, яны ж раскрыюць і невядомае табе самому. Такога парадку лісты можна будзе проста далучыць да новых выданняў».
Гэтак адгукнуўся на аповесць мой сябар, рускі пісьменнік. Ён першы прыслаў некалькі невядомых выказванняў Я. Коласа. Следам пайшлі лісты ад чытачоў, з пажаданнямі, з пераказам уражанняў аб сустрэчах.
Прыгадак сваіх і чужых прыбывала, а я ўсё не мог пачаць новыя раздзелы: вельмі блізка і горка абзывалася расстанне з Коласам, расказваць пра яго апошнія дні яшчэ не ставала змогі.
Толькі ў нядаўні, юбілейны год удалося вывесці на паперу крыху з таго, што захавалася ў накідах і нататках і не выветрае з памяці.
Так у кнізе з’явіліся новыя старонкі. А з часам можа і яшчэ што знойдзецца для друку.
«На шляхах волі»
Творчая гісторыя. Паручык Дзяжа і яго каханне. Новае ў манеры Коласа. Як аўтар думаў закончыць твор?
Гэта была яго апошняя вясна. Ставала задум і намераў, а рука ўжо не бралася за новае: хто яго ведае, ці давядзецца скончыць. Рупіла выдаць «Казкі жыцця», спарадкаваць публіцыстыку і, можа паспеецца, давесці да ладу паэму «На шляхах волі».
Ваўзбярэжнай хаціне, у добрым спакоі паслянавальнічнага возера, разам перагледзелі рукапісы і злажылі ў кнігу артыкулы.
Пагаварылі пра «Казкі жыцця». Цяпер перавыданне кнігі стала на цвёрды грунт, заставалася перачытаць рукапіс пасля машынкі і — у выдавецтва. Праўда, не абышлося без непаразумення, аб ім Колас расказваў доўга і смешна. Але пра гэта скажацца пазней.
I яшчэ гаворка адбылася на Нарачы. Шкада, не вельмі працяглая,— ён амаль не заставаўся адзін. Усе ведалі, што прыехаў на дзень-два, і кожнаму з тамтэйшых насельнікаў хацелася як найлепей і сардэчней прывеціць гасця.
Аднак гаворка тая нібы завяршыла цыкл некалькіх папярэдніх, калі пакрысе высвятлялася, як пісалася паэма «На шляхах волі». Чатыры дзесяцігоддзі адна работа змяняла другую, а гэта ўсё не выкіроўвалася на апошнюю кропку.
Аўтар, зазвычай акуратны і настойлівы ў завяршэнні пачатых работ, на гэты раз задавольваўся публікацыяй рэчы на кавалках — колькі напішацца.
Пакуль так марудна ішло друкаванне, стражнікі павялі пад канвоем Лабановіча («У глыбі Палесся»), пайшоў блукаць па свеце «Адшчапенец», узяўся за стрэльбу дзед Талаш («Дрыгва»). Што ж, такая гвардыя магла і засланіць сціплую постаць прапаршчыка Дзяжы, галоўнага героя паэмы.
Ваенныя і пасляваенныя гады шчыравалі не менш: «Суд у лесе», «Адплата», «Рыбакова хата». Падзеі твораў, іх героі, перахваляваўшы Коласа, набылі тую ці іншую форму і адступіліся ад ягонага ўяўлення.
Пісьменнікаў стол папрастарнеў, тым часам паэма не зрушвалася з месца. Толькі пасля заканчэння апошняй кнігі «На ростанях» пачала пракідацца ў размовах і гэта рэч.
I вось чаму.
3 трылогіі ў паэму вілася нітка: героі ад першай рускай рэвалюцыі ішлі праз вайну ў Кастрычнік. Раскрываўся нячэпаны пяром этап у біяграфіі беларускай інтэлігенцыі.