Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
можна было, зрэшты, абагнацца, аджартавацца, што і рабіў ён у адступленнях. А як быць з поглядамі тых, чыім словам даражыўся?
Паэма была заяўлена амаль следам за «Новаю зямлёю» і «Сымонам-музыкам». I ўсе кінуліся шукаць у ёй не меншай раскошы ў малюнках прыроды, мяккага гумару, сціплага глыбіннага пачуцця.
— Твор атрымліваўся скупейшы за тыя,— пашырае думку Колас.— Другая ў яго была задача. I час я збіраўся ахапіць адменны. Гэта вымагала іншай абстаноўкі. Ды было не цыркаць па кроплі. Хіба што вельмі цярплівы ахвотнік да паэзіі мог гэта вытрымаць. Прачытай кавалачак у снежні і чакай да наступнага снежня, дый то калі аўтар зробіць ласку разрадзіцца... Адкуль жа таму чытачу здагадацца, што і як задумана? Вось і нашкодзіў: і сабе і твору.
— Але ж «Новую зямлю» і «Сымона» вы таксама доўга пісалі...
— Скажы лепей — доўга не пісаў. Затое, як узяўся, дык раздзел за раздзелам... Быццам арэхі лузаў. А тут неяк не ўсё ахоплівалася вокам. Схопішся, бывала,— нечага не ўлічыў, ды позна — надрукавана. Вось і кланяйся чытачу: выбачайце, шаноўны! Вам давялося спачатку чытаць другі раздзел, а погым першы, ды, ведаеце, і дванаццаты раздзельчык напісаўся пасля шаснаццатага. Рабіў-рабіў я дапіскі на хаду, думаў — распішуся, і ўсё стане на цвёрды грунт...21
Між брывей у Канстанціна Міхайлавіча збіраецца зморшчка. I ўсё ж — нічога не даруе сабе, нічога не забывае: менавіта такія накладкі былі ў палымянскай публікацыі.
— Відаць, ператаміўся на ранейшых вялікіх работах. Пачаў пісаць не вельмі гатовы. He быў пэўны, што якраз пра гэтыя падзеі, пра грамадзянскую, мне трэба гаварыць. Вось і не клеілася. Маё пісанне не станавілася наперад іншага клопату і таму бясконца адкладалася.
Канстанцін Міхайлавіч гаворыць яшчэ павольней, сказы карацеюць, большаюць паўзы.
— Так і завёўся халадок... Да твора... Ва мне самім...
Невясёлая ўсмешка ўзнікае на момант і зараз жа сціраецца...
— Ды яшчэ: не тое ўпісаў у пашпарт свайму Барысу. Такія прозвішчы толькі Цішка Гартны вышукваў на Капыльшчыне. Дый то не заўсёды мог да месца падагнаць, а ў мяне зусім не да рэчы выйшла: Дзяжа! Каб гэта гумарыстычны твор быў, тады насі здароў, браце, і такое прозвішча. I ў гераіні імя не надта для вершаў: Насця — шчасце — напасці — адно што рыфмаваць лёгка.
Колас загінае на пальцах яшчэ некалькі сугуччаў. 3 жартам, мусіць, лягчэй вымавіць непрыемнае, можа самае цяжкое.
— Пачала мяне тачыць здрадная думка: памыліўся ў жанры. Было пісаць у прозе, малы разгон у вершаваным радку. Зірну наперад: не магу пераступіць цераз Лабановіча: ён жа застаўся на раздарожжы, дык можа сам у Кастрычнік датупае? Тады нашто Дзяжу весці? А як прыкіну, колькі трэба пастарацца каля напісанага, душа вяне. Ці раз намерваўся,— збяру, думаю, усе цыдулы ды ў грубку, балазе ў нашым доме добра ў печах цягнула. Потым — сам сябе за руку: от жа мне Гогаль знайшоўся! Пачата, дык пішы! А не можаш — прыпні каня да другога пня.
Канстанцін Міхайлавіч усё болып нервуецца, але адцягнуць яго ўвагу на іншае не ўдаецца.
— Ты, пэўна, лічыш — нагаворваю лішняга на сябе, на таго сябе, колішняга. He! Калі адскочыў ад зямлі на корх, уважай — на цябе людзі глядзяць. He ашукай іхніх вачэй. Вось так, пасля доўгіх згрызот, я вырашыў: дапішу, чаго б яно ні каштавала. Потым усім агрэхам рады дам. Шмат я рабіў тады на Вайсковым.
Канстанцін Міхайлавіч сядзіць, успёршы галаву на рукі і, здаецца, нічога не бачыць і не чуе. Вымавіў назву завулка, дзе жыў да вайны, і няйначай уявіў... Прытульны дом, ёмка паляцца печы, за стол збіраецца ўся непарушаная яшчэ сям’я. I хораша пішацца, спорна! Як было не выспець рашучасці падымаць сябе на новую работу.
He звычайнае самалюбства, не боязь страціць нешта ў людскіх вачах будзіла яго на штодзённую працу — проста не ўмеў адступаць і адступацца ад таго, што думаў, ад таго, што пастанаўляў для сябе ці абяцаў каму іншаму.
Быў выпадак...
Колас любіў Дастаеўскага. I ўспамянуў пра яго ў холе гасцініцы перад даволі вялікім колам добра знаёмых. Успамянуў, а потым загаварыў, шырока і свабодна: першы пісьменнік свету, сэрца, адкрытае для народа, з верхам поўнае любові да чалавека, адданае сваёй бацькаўшчыне.
Чалавек пяць, у кім Колас бачыў здольнасць да самастойнай развагі, слухала не абзываючыся. I ён спыніўся ўражаны, зразумеў: яго думкі не адпавядалі тагачаснаму тону крытыкі. Як быць слухачам: падтрымаць Коласа ці спрачацца з ім?
Канстанцін Міхайлавіч акінуў усіх вачыма, невыразна прамовіў «Бывайце!» — і пайшоў па калідоры да сябе.
Адчуваў, што не памыляецца. I выйшла на ягонае, толькі не дачакаў часіны, калі погляды, якіх ён трымаўся, гучалі поўна і выразна ў час усенароднага ўшанавання Дастаеўскага.
Маючы пэўнасць, што некалі выйдзе на ягонае, што няма тае няўдачы, якое, добра папрацаваўшы, нельга было б не зрабіць удачаю, Колас не пакідаў думак пра паэму.
I працаваў. Хацеў хутчэй прыйсці да заканчэння, убачыць, як атрымаецца ўсё цалкам. Спяшаўся, пакідаў без увагі многае, чаго звычайна не дараваў сабе: няправільныя канчаткі ў склонах («у цішыне»), неўласцівыя мове формы («паўно», «дзіўно»). He зважаў, штоў адзін час «гараць півоны, веаргіні», пагаджаўся з невыразнымі па сэнсу радкамі — «...Барыс у марах дзеўчых дзесь павіс» — і нават цэлымі строфамі:
Схапіўся, кінуўся ў кусты,
А следам гнаўся смех пусты, Гарохам сыпаўся над гмахам, Дзе косці, змешаныя з прахам, Паклалі скрытыя масты.
Цяпер Колас падкрэсліваў такія мясціны пасміхаючыся, але відаць было: яны балелі, ранілі — як дапусціў да друку!
Канстанцін Міхайлавіч сядзіць, не змяняючы паставы. А сапраўды, ці справядліва вінаваціць ён толькі сябе ў маруднасці, а з другога боку — у паспешнасці пісання? Былі ж людзі і абставіны...
Якраз ён пачынае пра гэта сам:
— Можа, і не гэтак крыху думалася, як гавару. Настрой перабіваўся, шмат разоў і шмат чым. У 1929 годзе цвёрда думалася: вось-вось закончу. Раздзелаў сем напісаў, калі не болып. Далей кульгаючы пайшло: то ўгору, то, найчасцей, уніз. Добра прыгледзеўшыся, па датах пад раздзеламі можна вычарціць крывую майго настрою. I растлумачыць усе пікі і спады яго... Ну, гэта так сабе... Што ні выдумляй, а рукавы закасваць трэба. Пакуль што твая прапанова лічыць паэму закончанай ставіцца на абмеркаванне. Ану, знойдзецца што лепшае ддя канца. Паходзім спярша сякерай па старонках. Кахання там хапае, а на хваляванне яно не пашыбае. Без «жывой вады» не абыдзешся.
На тым і перапынілася размова. Пачаліся зборы. Па «жывую ваду», такое духоўнае, святло і цеплыню, каб раптам сагрэлася і залілася віднатою рэч звонку і з сярэдзіны. Падобна да таго, як адзін сонечны прамень, прабіўшыся праз мокры шарачак хмар, раптоўна ператварае дажджысты адвячорак у светлае асенняе свята. Што ні кропля — брыльянцістае дзіва, што ні куст — халодны пажар барвы і золата, што ні бярэзіна — красуня ў познім і трапяткім харастве кранутай бурштынам зеляніны.
«Сымона-музыку», казаў аўтар, паставілі на ногі лірычныя адступленні. Такая ж рада давалася і «Адплаце». Што знойдзе Колас зараз?
Заставалася чакаць, разважаючы пра пачутае з яго вуснаў, ды перачытваць паэму.
Уласна кажучы, нічога дзіўнага не адбылося. Ці адзін вялікі майстар шукаў, адкідаў, зноў шукаў, калі твор не ўдаваўся, як хацелася. А не выходзіла — убок канчаткова, і ўсё па ўсім!
Колас быў блізкі да таго, каб знішчыць паэму, зрачыся яе, і ўсё ж не рабіў гэтага — нешта замінала, прывязвала да яе.
Перш за ўсё, відаць, уяўлялася свая жыццёвая дарога ў вайне і рэвалюцыі. У гэтым сэнсе пісьменнік заставаўся куды багацейшы: герой менш паблукаў і пабачыў свету, а галоўнае — менш узяў адтуль для сябе, не ўзняўся на ўзровень аўтарскага духоўнага вопыту.
Унутранае ўзбагачэнне героя магло стаць адной з кропель «жывой вады». Ен ужо дазнаўся, чым ёсць у патоку вайны:
Я — ліст сарваны, і не болей.
Ад такога асэнсавання, падкрэсліўшы яго літаратурнае паходжанне, паэт, малодшы сучаснік Коласа, прывёў чалавека ў подзвіг, даў нам паглядзець і прасачыць сталенне героя на прасторах апошняй вайны.
Гэта не ў дакор Барысу Дзяжы, ён, чалавек часу першай імперыялістычнай, яшчэ стаіць перад вялікім гістарычным перавалам. Аднак шмат чаго разумее і разважае не абы-як:
I я з нявольніцкай пакорай, Адвыкшы быць самім сабой, Іду на масавы убой
У імя Молаха-пражоры, Пратэст зацяўшы і дакоры, I сам апраўдваю разбой... Дык што жыццё? Адна хвіліна! К чаму развага і журба?
Грымі ж, ваяцкая труба! Жыві, вайна і трасяніна, Бо патрабуе так айчына I... псіхалогія раба!
Герой, гэты «працягнуты» Лабановіч, мяркуе шырэй і аб’ёмней за свайго папярэдніка. I ўсё ж канфлікт палескага настаўніка з асяроддзем больш прадметны: адносіны з сялянамі, сутыкненні з мяшчанскім балотам, з усімі, хто быў народу сябрам ці ворагам, не выклікаюць пытанняў і не патрабуюць растлумачэнняў.
Прапаршчык Дзяжа бунтуецца супроць царскага ладу, пралівання крыві, асабістых і грамадскіх нягод. Бунтуецца, але наогул. Носьбіты варожых герою праяў, настрояў прысутнічаюць у паэме, гавораць больш і менш рэзкія рэчы, робяць выпады і абмінаюць яго, ён не бярэцца, груба кажучы, з імі загрудкі, не ўступае ў супрацьборства.
На пачатку работы гэта акалічнасць заставалася па-за ўвагай аўтара. Уладаючы шырокім дасведчаннем у пазнанні навакольнага, ён бачыў такім жа спрактыкаваным і героя. Бачанне не супадала з рэалізацыяй, але Колас лічыў, што тут справу можна паправіць.
Кінулася яму зараз у вочы і перагрузка любоўнай лініі: Дзяжа — Насця, Дзяжа — Галя, Чэх — Насця. За гэты кошт
лепей пашырыць і ўзмацніць франтавыя малюнкі, эпізоды з салдатамі і афіцэрамі. Твор даваў падставы. Начное дзяжурства Дзяжы, шпіталь, паездка на Дон, тылавая муштра, зварот на фронт патыхаюць шырокім эпасам, пераносяць у тлум і паветра той пары. Па краіне шумуе нястрымны салдацкі паток:
Плыве саматугам, гарласты і прагны, Дарогамі і без дарог.
Прастор адчыняе бяздонныя багны, Вялікі расійскі разлог.
Паток увальецца ў драўляныя хаты, Прастор застанецца, як быў: Раўнінны, гарысты, лясамі багаты22, Дзе ж спыніцца грозны разліў?
Іншая зборня знайшла сабе прытулак на ціхім Доне:
Вядомы Савінкаў, Радзянка, Графы, бароны і князі, Падонкі рускае гразі, Патрыятычная трасянка Ад кулака і да паўпанка Шукала страчанай «стезп».