Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
Заключаў гэту скаргу толькі што прыведзены сказ пра адклад друкавання «Казак...». Прачытайце разам усё, і ход думкі Канстанціна Міхайлавіча стане зусім ясны: пісаць не пішацца, хацеў убачыць напісанае ў друку, і то не выходзіць, як думалася.
Вонкава ўсё асветлена ўсмешкай, гаркаватай, праўда. Канстанцін Міхайлавіч нібыта проста дае знаць: не турбуйся, маўляў, знойдзецца яшчэ час зазірнуць у рукапіс, дарабіць. Толькі і ўсяго.
А часу ўжо амаль не заставалася. Але Колас знайшоў у сабе сілы і на іранічную ўсмешку. Хоць і падпісаўся ў лісце «Інвалід», а зірнуў зверху на сваё засмучэнне, і яно стала маленькае, думкаю пра ўраджай перабіў замахі хворасці і журлівы настрой. I прыслаў нам, тагачасным нарачанцам, бацькоўскі пацалунак, пажадаў: «Усяго добрага». Апошні раз...
Здадзены ў выдавецтва рукапіс застаўся не прагледжаны, а самы першы, той, што быў згубіўся, даваў прастор для разважанняў і, калі хго хацеў, для домыслаў. Сапраўды: наслаенне шматлікіх этапаў праўкі, рознае чарніла, выкрэсліванні і аднаўленні, пераробкі аднаго і таго ж па некалькі разоў. Як было не ўпасці ў зман каментатарам і складальнікам дванаццацітомнага выдання!
I незавершаны перанос праўкі з таго «згубленага» рукапіса (машынапіс № 1) у новы (машынапіс № 2), часткова перапісаны з кніжкі, палічылі за апошняе выяўленне волі пісьменніка. Як быццам аўтар, устанавіўшы і любоўна дасканаліўшы рэдакцыю «Казак жыцця» праз усе свае чатыры апошнія гады, раптам узяў ды адхрысціўся і адмежаваўся ад яе.
Каб гэта было так, калі б Колас з чым не згадзіўся або зусім адрокся ад тое, робленай разам работы, дык ці з’явілася б у яго патрэба паведамляць мне ў лісце пра лёс рукапісу? Разважым: навошта, дзеля якой мэты? Дапусцім, раздумаўся, збракаваў і адкінуў усё. Дык так бы і сказаў, як і заўсёды рабіў, не тоячыся.
А ў лісце — зусім не тое! Канстанцін Міхайлавіч палічыў неабходным дакончыць нарачанскую размову аб выданні, папярэдзіць: бачыш, увесь наш клопат пакуль што без
карысці. Падзяліўся нечаканкаю, хоць і непрыемнаю, як гавораць людзям, з кім ёсць супольны інтэрас, каму неабыякава, куды пакіруюцца справы.
Тым часам выдавецкі рукапіс прынялі за галоўную крыніцу. Пралік даў сябе знаць адразу. Лепшыя і болып дакладныя варыянты трапілі не ў асноўны, а ў дапаможны тэкст, у каментарыі. Давялося складаць доўгі спіс паправак (т. V, стар. 682—683) — тры дзясяткі з гакам! — уносіць іх, карыстаючыся нічым іншым, як непрызнаным за асноўны — рукапісам, па якім увесь час ішло Коласава рэдагаванне і якому не ў пару собіла знікнуць з вачэй.
Іншыя слоўныя змены і замены ў спісе паправак — на ўзроўні відавочных апісак і памылак друку (пацешыць — пацешаць, тым жа — там жа), якія прынята выпраўляць не агаворваючы, нават калі яны дапушчаны ці прапушчаны аўтарам.
Зрэшты, што ж пра гэта! Уважлівы чытач, маючы каментарый, без намагання зробіць выбар у карысць болып дакладных, лагічных, мацнейшых у мастацкім сэнсе варыянтаў. Праўда, каментарый атрымаўся складаны, калі не сказаць — заблытаны і шматступянёвы, з рымскімі лічбамі.
Можна не сумнявацца, што тэксталагічная работа ў нас уздымецца да ўзроўню навуковага, абапрэцца на шырэйшую практыку выдання поўных збораў, тады будзе выбраны і выдадзены найбольш удалы, ухвалены аўтарам тэкст «Казак жыцця». Цяпер жа мы вымушаны ўзнаўляць і складаць яго самі, кожную хвіліну адрываючыся ад старонкі, каб зазірнуць у заўвагі, у самы канец таўшчэразнага тома.
Пакуль што ў дванаццацітомніку не ўдалося падаць як належыць нават тыя навелы, друкаванне якіх не вымагала карпатлівай работы з некалькімі рукапісамі,— перад вачыма былі першадрукі. Зверым «Залаты прамень» паводле часопіса «Узвышша» (1927, № 5, с. 97—100).
Колас прысвяціў казку вялікаму святу: «Да дзясятае гадавіны Кастрычніка». Дзе падзелася гэта прысвячэнне, цікавае і важнае для чытача і даследчыка?
У часопісе чытаем: «Калі ж малая зорка захоча стаць вялікаю, я палю яе пякучым агнём, а бліскучы след ад яе, што блісне на адзін толькі міг, ёсць знак мае кары» (с. 99).
У томе: «Калі малая зорка захоча стаць вялікаю, я налью яе пякучым агнём...» (т. V, с. 532)27.
Страціў сэнс і другі сказ: «Гэтая радасць снавалася і ў тонкарунных хмарках... (с. 99), бо ў томе надрукавана «стваралася» (с. 533).
I так далей. Замест «Доўгія вякі блукаў ён у міжпланетных прасторах... (с. 99) атрымалася зноў бяссэнсіца: «Даўгія вякі блукаў ён між планетных прастораў...» (с. 532—533) «неасяжныя прасторы» (у сэнсе — неабсяжныя) ператварыліся ў «недасяжныя», «галовы» ў «голавы» і г. д.
Колас высмейваў сваё прызвычаенне пісаць не «комін», a «коміна», па-мікалаеўску, але адвыкнуць не мог — пісаў зноў і выпраўляў услед. У томе чамусьці спатрэбілася аднавіць гэта напісанне, увесці «коміну» ў норму. Як быццам у цяперашніх публікацыях хто-небудзь адважыцца паўтараць «пожалуста» і «выграл», хоць менавіта так пісаў Чэхаў з маленства і ў сталым веку28.
Пералічваць пахібы выдання, хоць бы яны і самі кідаліся ў вочы, аспрэчваць хісткія крытэрыі ўстанаўлення «кананічных тэкстаў» адабрала б лішні час і месца, дый не мая гэта задача.
Што сказалася, сказалася да слова, бо зноў успомніўся не раз прыгадваны тут апошні Коласаў ліст. Яшчэ адзін наказ расчытаў я ў яго радках, толькі многа пазней: кніга будзе выдавацца аж «налета», можа я ўжо не здолею паклапаціцца пра яе, дык не забудзься...
Вось, уласна кажучы, дзеля чаго і напісаны гэтыя радкі.
Хочацца звярнуць увагу на ўцешныя захады ў публікацыях.
Апошні раздзел у другім томе выдання 1962 і асабліва 1972 года складаюць творы, дасюль невядомыя чытачу,— пераважна: прысвячэнні, жарты, экспромты — з архіваў паэта і прыватных збораў. Адкрываецца новая магчымасць меркаваць пра адносіны пісьменніка з людзьмі, пра літаратурнае асяроддзе, дазнацца тое-сёе з асабістага жыцця.
Тут перад усім прыцягвае Коласава ўсмешка, што, асвятліўшы яго маладыя радкі, не пагасла за астрожнымі кратамі, не згубілася на доўгіх і няроўных дарогах.
Найболып цікавае, на маю думку, з аддадзеных у агульны ўжытак здабыткаў — лірыка, яна, як відаць, здавалася паэту надмерна асабістай і таму была замкнута ў шуфлядах стала.
Такога Коласа, якім паказваецца ён з гэтых вершаў, мы ведаем мала. Поруч з добра знаёмай па мудрасці развагай пра свет, пра нетрываласць чалавецкага існавання ў ім то тут, то там абзываецца зусім маладое ўзрушэнне сэрца. Нешта падобнае да таго, што было назначылася ў лірыцы пісьменніка 20-х гадоў і — яшчэ раней — у вершах з той страчанай кніжачкі, куды запісваліся радкі аб толькі-толькі прыведзенай з-пад вянца сяброўцы жыцця, але хаваліся нават ад яе: здавалася нясціплым вынесці пачуццё на людскія вочы.
Хаваліся і гэтыя радкі, і па тых самых прычынах.
Мне давялося быць першым, дакладней — другім пасля адрасаткі, чытачом новага любоўнага сшытка. Пачаты ваеннай парой у Ташкенце, гэты сшытак па звароце паэта дадому не прыбавіўся ў колькасці старонак, хоць і застаўся ў тых самых руках.
Адрасатка — чарнявая, невысокая, тугое паставы кабета, не так удалага крою, як моцнага шытва, здалося мне, не абдарвала абаяльнасцю, што хіне да сябе з першага позірку. He тое, відаць, бачылася ў свой час складальніку сшытка, бо адкуль узялося б тады натхненне!
Але мінуў час, следам знікла і зачараванне. Дый не ўзбекскае неба сінела зараз у шыбах, над вуліцай імглілася парнасць маскоўскага лета, а перад намі сядзела знябытая, нялёгкага жыцця жанчына, ужо адлучаная ад паэта і яго першага прысвячэння не сталом, а прорвай у добры дзясятак гадоў.
Аддаць, хоць бы і не назусім, вершы яна не выказвала жадання, відавочна здагадваючыся, што гэта — белавік, адзіны экзэмпляр.
Ці то было паабяцана нічога не публікаваць да пары да часу, ці якім іншым сродкам дайшлося да згоды, словам, рукапіс апынуўся ў Коласа, ненадоўга, літаральна на некалькі дзён.
Сшытак быў таўставаты, але ні пра дапамогу, ні пра машыністку Колас і слухаць не захацеў, сеў перапісваць сам.
Дазволіў, праўда, пагартаць крыху старонкі і зараз жа забраў: «Потым».
Гэтае «потым» прыйшло няхутка: не мог перасіліць сябе, паказаць на святле даастатку абнажанае перажыванне.
Ва ўсёй той лірыцы, што пасля часопісаў сабралася нарэшце разам, у адным будынку, вычытваецца багата. На малюнкі родных палёў і лясоў, асабістыя хваляванні, скаргі адзіноты, смутак па далёкім недасяжным другу як бы ўзліваецца хваля не хваля, хутчэй — палоса святла. He дрыготкага і мігатлівага, а роўнага, па-асенняму цёплага святла апошніх дзён чалавека, які добра развітваецца з усім жывым, шырока ўбіраючы ў сябе ўсё, што выпадае яму ўжо на лічаныя гадзіны. I настрой яго пераходзіць у словы таксама натуральна, як шуміць бор, плыве ручаіна па каменьчыках, спявае, славячы сонца, птушка.
Вялікім пранікненнем у свет, у дзень, у чалавецкія памкненні горнуць да сябе тыя вершы з паэтавых спратаў. Чытаеш, і шчымліва сціскаецца, аж заходзіцца ўсярэдзіне, як заўсёды, калі пашчасціць дакрануцца да таго дзіва, што не называецца паэзіяй, а сапраўды ёю ёсць.
I вялікі Колас становіцца яшчэ болып вялікім, больш поўным і цэласным. Неўзабаве многія з твораў апошніх год стануць упоравень з даўно вядомымі, моцна ўпадабанымі, завучанымі на памяць.
Першая спроба «пашырыць» хрэстаматыйнага Коласа зроблена ў зусім малым зборніку «Мой дом» (Масква, 1972). Можа дзясятак усяго новых і ўпершыню перакладзеных рэчаў, а як выйграла, пасвяжэла праз гэта кніга!
Раздзел, якога не магло не быць
Першыя звенчакі знаёмства з Якубам Коласам.
Чаму, калі, якім чынам я трапіў у дом да Коласа? Як сталася, што ён даверыў рукапісы і перапіску, абавязваў браць удзел у падрыхтоўцы артыкулаў, у выданні кніг29. Ды яшчэ: перадаючы для друку напісанае ў апошнія гады жыцця, хацеў чуць маю, часта не згодную з ягонай, думку?
Пра самую складаную з гэтых работ — рэдагаванне «На ростанях», ужо расказана. А былі ж і «Адшчапенец», «П'есы», «Казкі жыцця» і сямітомнік.
А можа і не трэба тлумачыць усё гэта? Адказ жа гатовы, ляжыць на паверхні. Коласу патрэбен быў памочнік: граматны — гэтай умове я адпавядаў; з пэўным літаратурным густам — у ім мне таксама не адмаўлялі; гаспадар свайму слову: сказана — зроблена; апошнюю якасць дапамог развіць Канстанцін Міхайлавіч.