Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
Намагаўся заснуць адзін Піліп Пестрак, чалавек трывалы і, як ён казаў, звыкшы да ўсялякіх жыццёвых невыгод. У сярэдзіне ночы ён вылез, цярэбячыся, са спальнага купэ:
— Проста за лысіну тнуць. Пусцілі кроў... Як вам той крытык некалі...
Колас паехаў у Кіславодск і перахварэў на запаленне лёгкіх, вяртацца з курорту звычайным парадкам было рызыкоўна. Пайшоў па яго такі ж вагон, толькі без непрыемнасцей. Дакторка, сястра, правадніца, яна ахвотна гатавала есці, Даніла Канстанцінавіч і я: «Каб дзядзьку весялейшым гуртам ехалася».
Засталі Канстанціна Міхайлавіча здаровага, але знецярпліўленага: цягнуліся мы даўжэй, як абяцала тэлеграма, асабліва з Мінеральных Водаў.
Выехаць назад адразу не ўдалося: вагон маглі прычапіць назаўтра, дый то пад вечар. Мы мелі час і пайшлі паблукаць. Я даўно не бачыўся з горадам і рад быў паказаць Данілу Канстанцінавічу знаёмыя мясціны. Пабылі каля нарзанных крыніц, падняліся на Храм Паветра і ледзь не трапілі ў няласку.
Акуратны ў ад’язных справах, Канстанцін Міхайлавіч устаў удосвітку і быў гатовы пакінуць свой часовы дах. Насілу
дачакаўшыся снедання, пачаў развітвацца. Мы прыйшлі ў самы разгар гэтай цырымоніі. Дактары, сёстры, знаёмыя нават з суседніх санаторыяў — дзверы ў пакой не зачыняліся.
3 усмешкай, як бы цешачыся ўражаннем ад рэкамендацыі, называе сябе доктар, які апекаваўся над Коласам:
— Калінін, Міхаіл Іванавіч.
Акуляры ў металічнай аправе, клінаватая бародка,— даволі мажны, сівы стары. Відаць крыху падганяў выгляд пад усесаюзнага старасту.
Даўшы апошнія парады ў дарогу і дадому, Міхаіл Іванавіч не адмовіўся змацаваць знаёмства шклянкай віна. Данскі казак з паходжання, ён да вядомых нам «пасашковага» і «тарбавога» дадаў «страмяннога» — назву развітальнага, пераддарожнага кілішка.
He зважаючы на ўсе запрашэнні паабедаць, Канстанцін Міхайлавіч перабраўся ў вагон:
— Усё ж дахаты бліжэй!
Чакалі добрага паўдня, і калі, нарэшце, загрукаталі колы, ён не адрываўся ад акна. За вячэрай пахваліў стары зборнік народных прыкмет аб надвор’і. I ўспомніў нашы — палескія і мікалаеўскія.
— Толькі я думаў,— позірк у мой бок,— у цябе рука ўломіцца, калі аддаваў кнігу мне. Сам жа над рознай старызнай калоцішся.
Сапраўды, расставацца з набытай падчас агледзін горада кнігаю мне не вельмі хацелася, але Канстанцін Міхайлавіч заўважыў яе і зірнуў цікаўным вокам. Цяпер ён памяркоўна ўлагоджвае мяне:
— Будзем карыстацца разам.
Значныя ці нязначныя былі гэтыя звенчакі ва ўстанаўленні нашага знаёмства, меркаваць цяжка. Да запрашэння мяне ў дом прывёў, відаць, адзін, у поўным сэнсе гэтага слова, выпадак.
Быў люты 1948 года.
— Таксама ў Маскву? — спытаў Даніла Канстанцінавіч на мінскім вакзале,— I бацька едзе, перабірайся да яго, весялей будзе.
Памянялі білет, і я першы раз у жыцці ступіў у міжнародны вагон, яшчэ старога ўзору, ашалёваны звонку жоўтымі лёстачкамі. Купэ Канстанціну Міхайлавічу звычайна браніравалі з Брэста, і ён ехаў адзін. Сказаў не шукаць свайго месца, а заставацца ў яго. Яно і сапраўды было прасторна: адна канапа, падымаючыся, станавілася ўпоперак купэ, і гэта дазваляла хадзіць не ўгінаючы галавы.
Падарожжа ў Маскву тады цягнулася суткі, калі не паўтара, даводзілася браць з сабою «ў торбу». Абедаць пайшлі ў рэстаран, а месца там — ніводнага. Нашы ваенныя, хто адслужыўшы, хто ў адпачынак, ехалі з Германіі і шумна адзначалі зварот на радзіму. Мы памкнуліся назад, але два старэйшыя афіцэры падняліся і, дамешваючы ў гаворку беларускія словы, так хораша прасілі «дзядзьку Якуба» за столік, што Колас сеў.
Мы вярталіся ўжо з двума новымі знаёмымі. Ад іх расслухаліся і іншыя: едзе Колас. У нас перавярнулася мноства людзей. Ішлі зірнуць, павітацца, паціснуць руку, калі ўдасца, ды падараваць якую замежную драбязу або ўчаставаць чымнебудзь.
Канстанцін Міхайлавіч адмаўляўся, як мог, ад усялякіх знакаў увагі, але цёпла размаўляў, хораша прывячаў усіх. Яму было добра сярод гэтых адкрытых здараўцоў, радых, як малыя дзеці, недалёкай сустрэчы з блізкімі і сябрамі, родным ялінкам і бярозам за акном.
He магло вытрымаць, любуючыся на тых людзей, сэрца, і Колас сказаў, хутчэй здзіўляючыся, чым сцвярджаючы:
— Ну і асілкі ж вы, хлопцы! 3 вамі і я Гітлера раскалашмаціў бы!
Нейкім чынам з гэтых слоў перайшлі на ўлюбёную забаву Канстанціна Міхайлавіча: хто чыю руку перагне, прыцісне да стала. I можа толькі адзін ці два з усяго тлуму саракагадовых палкоўнікаў і падпалкоўнікаў пераборалі.
Колас смяяўся, падахвочваў:
— Толькі не махляваць, не паддавацца!
А раніцаю забыўся пра спаборніцтва і ўсё не мог дабраць ладу: як быццам цяжкае работы не рабіў, а правая рука нешта пабольвае.
Спыняўся ён звычайна ў гасцініцы «Масква».
— А ты дзе будзеш жыць?
— Паспрабую ў іншым месцы папытаць.
Канстанцін Міхайлавіч хвіліну падумаў:
— A то — давай разам. Згодзен?
Нумар быў не дужа вялікі і душны. Канстанцін Міхайлавіч пайшоў у цырульню, наказаўшы:
— Абед — у гадзіну. He пазніся.
Еў ён мала, не перабіраючы і, як высветлілася пазней, болып за ўсё падабаў снедаць і вячэраць у нумары: сядзі пахатняму і размаўляй, не трэба ўлазіць у пінжак і завязваць гальштук, глуміць час на чаканне. Вяртаючыся з горада, я заходзіў у магазін, пакаёўка прыносіла кіпень і заварку — і па ўсёй турбоце.
Але раз на дзень Канстанцін Міхайлавіч кіраваўся на рэстараннае свяшчэннадзейства, пры крухмальных сурвэтках і крышталёвым посудзе. Пачцівы метрдатэль Васіль Іванавіч, схіліўшы галаву, прымаў заказ, раіў, чаго варта пакаштаваць, сам раскладаў салат і наліваў чарачку з запацелага графінчыка.
Гэта была праходка, а больш забава, і хоць стамляла, але ж і відавочна падабалася. Як і няўпынная гамана знаёмага літаратара, звычайнага яго спадарожніка на абедах, які лічыў сябе, ды, мусіць, і быў такі, неблагім знаўцам кухні.
У адзін з бліжэйшых дзён высокі гурман абвясціў: «Сёння частую я!» Заказваў усё адменнае, ушчуваў афіцыянта, загадваў дадаць такіх і такіх прысмакаў у рыбу, такіх і такіх у соус, нават чай зажадаў піць з самавара. Словам, людзкаваўся, на поўную губу дэманстраваў кулінарны густ і асвечанасць. Так ён і трымаўся як гаспадар стала, пакуль не падышла грозная часіна расплаты. He разгубіўся і тут: зірнуў на рахунак і зрабіў паўзу, каб афіцыянт адышоўся, тады сказаў Коласу, колькі трэба плаціць, папрасіўшы даць грошы яму: ён сам разлічыцца!
Такое частаванне Коласу, відаць, было не ўпершыню, вочы яго праз усю гэту даволі працяглую працэдуру не трацілі вясёлых іскрынак.
Пасля першага нашага абеду, ведаючы чуткі пра ашчаднасць Канстанціна Міхайлавіча, я хацеў заплаціць ці хоць бы
дакласці сваю долю. Гэта было адхілена, мякка і някрыўдна, але рашуча. На самым ад’ездзе я папрасіў прынесці абед у нумар, падгадаўшы, калі Колас вернецца з пасяджэння.
Канстанцін Міхайлавіч зірнуў з-пад акуляраў:
— Глядзі ты... Баішся, каб хаця чыё не перайшло... Ну, няхай сабе... А падвячорак усё ж за мною.
Сказаў зноў-такі някрыўдна, па-бацькоўску: і ўшчуваючы, і з ноткай здавальнення: правільна робіш, чалавеча,— шануй людзей і шануй сябе.
Нашы «хатнія» падвячоркі былі радаснаю нечаканасцю: тут, уласна кажучы, і пачаў «расказвацца» мне Якуб Колас. Піў чай, часамі піва, і не спяшаючыся гаварыў. 3 велізарным ахопам прасторы і часу: уласнае маленства і тут жа вайна ў Карэі, думкі пра твор, вылучаны на прэмію, і прагнозы, колькі збяром збожжа.
Адкрываўся яшчэ адзін, зусім новы, Колас, не падобны на крыху халаднаватую постаць са школьных падручнікаў, прадмоў і бясконцых крытычных артыкулаў, не падобны нават на тую мудрую, усмешлівую і дапытлівую асобу, якая малявалася пры чытанні яго кніг.
Ва ўсіх разважаннях ясна і незнарочыста, а можа і насуперак волі апавядальніка, было відаць фармаванне яго асобы, цвет і завязь думкі, мужанне і сталасць душы.
Так і праседзеў я на мілых падвячорках, слухаючы, радуючыся і здзіўляючыся адкрыццю, усе свае маскоўскія вечары. I хоць ускладаліся на іх іншыя надзеі, не шкадаваў. Думалася паглядзець добры спектакль, каб перабіць несмач банальных пастановак, абавязкова дыхнуць паветрам мастацтва дзенебудзь у музеі, каб не сыходзілі з вачэй эталоны сапраўднага, каб не здаліся часам залацінкамі бліскучыя падманкі. Адскрэбаць густ ад выпадковага і наноснага, вывяраць меру патрабавальнасці, у першую чаргу да самога сябе, трэба абавязкова і рэгулярна. Моцна дапамагалі тут, хоць і не вельмі частыя, паездкі ў Маскву.
Зараз толькі аднойчы давялося адскочыць у Мастацкі тэатр. Тым часам аднаўленне мер і густаў неўзаметку адбывалася ў гарачаватым пакоі з таннымі акварэлямі на сценах. Перада
мною быў чалавек — эталон і ўзор чаго ні возьмеш: працавітасці, адказнасці за намер і ператварэнне яго ў мастацкую каштоўнасць ці грамадскае пачынанне, нарэшце, а можа не нарэшце, а перш за ўсё — прыклад маральнай чысціні. Ды яшчэ ж — жыццёвай мудрасці, гранічнай патрабавальнасці да ўсяго, што гаворыцца і робіцца, шчодрай любові да бліжняга і далейшага чалавека.
Яшчэ не ўсведамляючы цалкам таго, што адбываецца, я на многа забагацеў. Шукаючы ўзораў на піках і ў памкненнях мастацтва інпіых народаў, мы не так, як трэба, глыбока пранікаем у магчымасці роднай глебы. Ажно капані раз-другі — і вось табе нафта або соль. А колькі вякоў безуважна папахадзілі па гэтых скарбах босыя і абутыя ногі на Случчыне і Гомельшчыне!
Няхай сабе гэта ўсё са сферы матэрыяльнага. А ў духоўным жыцці народу хіба да канца раскрыта яго казка і песня, шматвяковы подзвіг пратэсту, праз які мы прыйшлі да Кастрычніка, партызанскі подзвіг краіны і працоўны — здабыча той самай солі і нафты?
Колас абдараў менавіта глыбіннасцю свайго народу, з ёю і праз яе ён выходзіў у свет і браў ад свету ўсё, што дыктавалася глыбіннасцю і цэльнасцю ўласнай натуры. Тое ж самае бачыў ён у Купалу — страта сябра ў працы і ў думцы моцна балела яму.
У тыя дні хавалі Міхоэлса. Колас паехаў на пахаванне, нават быў гатовы сказаць слова, але не здолеў прабіцца праз натоўп у памяшканне тэатра. У вячорнай размове ён ад трагічнай смерці акцёра перайшоў да смерці паэта.
— На нашым паверсе ёсць пакаёўка. Яна бачыла, як з Янкам было... Казала ўчора. Мусіць, і мне хутка — следам за дзедам.
Гаворка мімаволі афарбавалася ў змрочныя таны — Канстанцін Міхайлавіч у той год часта хварэў. Ён адчуваў сябе слаба, баяўся чарговага запалення ў лёгкіх.