Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
— Няўжо ж ён і цяпер за коні?
Новая падрабязнасць з біяграфіі героя выклікала спакусны варыянт сюжэта. I вось ужо Канстанцін Міхайлавіч уголас разважае, праводзіць канакрада з таго часу ў сённяшні, пакідаючы нязменным толькі зладзейства ў ягонай натуры.
Да запісу справа не дайшла, вырашыў ашчадзіць каларытную постаць для трылогіі. Дый пераважаў іншы клопат: змест і ўпарадкаванне трэцяга тома.
Пад скарачэнне падпалі апавяданні 20-х гадоў: «Пракурор», «Крывавы вір», «Балаховец», нешта каля дзясятка.
Коласа не здавальняюць моўныя характарыстыкі персанажаў, сюжэтныя павароты, асобныя падрабязнасці.
— Тое-сёе падправім, а рэшта паляжыць, улёжыцца ды само сабою палепшае. I так бывае...
Іронія скіравана ў адрас колішніх занадта порсткіх крытыкаў з іх недарэчнымі прычэпкамі да лепшых яго твораў. Канстанцін Міхайлавіч нібыта сярдзіта хмурыцца і ківае ў бок рэдактароў, з кім ідзе размова:
— I вы недалёка адбегліся... Навалілі на старога чалавека гару работы і радзенькі.
Яго тон выкрывае, што сердаванне наўмыснае, найбольш радуецца гэтай рабоце ён сам і далёка не цураецца яе, хоча пабачыць усё зробленае «пад адным дахам», сабранае і дагледжанае.
Рэдагуючы першыя тамы новага выдання, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка і я стараліся не адбіраць у Канстанціна Міхайлавіча час на дробязі і выносілі на яго суд прапановы аб магчымых карэктывах, загадзя памеркаваўшы паміж сабою: толькі тое, што выглядала, на нашу думку, бясспрэчным. Канстанцін Міхайлавіч абавязкова пашыраў межы рэдагавання сам і, вядома, працы знаходзілася больш удвая, a то і ўтрая.
Колас не мінаў самай дробнай заўвагі. Аднойчы нехта з нас пазначыў рыскаю месца ў рукапісе, дакуль дачытаў, і забыўся сцерці. Канстанцін Міхайлавіч узяў твор на прагляд, а праз колькі дзён паскардзіўся:
— Ну і задалі ж вы мне турботы!
I разгарнуў папку. Старонка з рыскаю, да якой ні ў кога не ўзнікала ніякіх пярэчанняў, была моцна пакрэслена.
— I дакапаліся ж! — працягваў Канстанцін Міхайлавіч.— Я пачытаў, бачу: сапраўды, не тыя словы напісаны, абы-што людзі плятуць.
Выслухаўшы тлумачэнні і перапрошванні, Колас пачаў кпіць:
— Значыць, кепска глядзелі, калі нічога не прыкмецілі, добра што заўважыў. Эх, каб мне тады служылі тыя вочы, што цяпер маю, а колішняя сіла — зараз.
He пакрыўдзіўся, але ў далейшым, беручы што-небудзь чытаць, не забываў спытацца:
— А тут «птушкі» ўсе сапраўдныя?
Надыходзіў час здаваць том у выдавецтва, а канчатковы змест яго ўсё ніяк не мог вызначыцца. Рэдактары не падзялялі задумы складальнікаў наконт уключэння «Казак жыцця». Меркаванняў было шмат. Цыкл гэты, перш-наперш, не манціраваўся, як кажуць, у выданне: яно будавалася па профілі выбранага, крыху пашыранага. Па-другое, мела сэнс выдаць навелы спачатку асобнаю кніжкаю, паглядзець, як прыме і ўспрыме сённяшні чытач даўнія алегорыі, што знойдзе ў іх для сябе. Магчыма, спатрэбіцца разгорнуты каментарый.
Канстанцін Міхайлавіч выслухаў меркаванні і завагаўся. Ад растлумачэнняў, прадмоў і каментарыяў адмовіўся адразу ж.
— А хто будзе рабіць тыя заўвагі? Пачнуць у мяне пытацца. А я не скажу: не ведаю, не помню, што да чаго прывязваў пішучы. Дый навошта гэта? Па-мойму — марная фатыга.
Канстанцін Міхайлавіч прыгадвае стары хрэстаматыйны верш «Птнчка божня не знает нп заботы, нн труда...»
— У маленстве бачылася мне ў гэтых словах адно, цяпер жа ўсплывуць на памяць — зусім іншае чую. А седзячы ў астрозе,— абы ўспомніў, так слязьмі і ўмыюся. Птушка рабілася для мяне вобразам волі, хоць я разумеў, што не вельмі ўжо бесклапотнае тое жыццё. I гняздо зві — ні адна птушка без гэтага не абыходзіцца,— і малых бог не выкарміць, як у вершы гаворыцца, і драпежніка сцеражыся, і ў вырай ляці. Але сваю птушыную работу робіць яна на волі, і таму — пяе!
Канстанцін Міхайлавіч хвіліну думае.
— Так амаль з усякім творам бывае: ты пісаў гэтак і гэтак, а кожны чытач вычытвае яшчэ нешта сваё, што яму пад настрой сёння, а заўтра зноў вышукае што-колечы.
У той адвячорак, як і заўсёды, Канстанцін Міхайлавіч быў гасцінным гаспадаром, многа расказваў, добра звяртаўся да кожнага з нас. Было відаць, аднак, што нешта яму няўпынна рупіць, не выходзіць з думкі. Нам было добра вядома, што азначае, калі прыпынкі паміж сказамі ў Коласа пачы-
наюць даўжэць, а вочы не-не дый спыняцца на акне. Думае, вырашае штосьці.
Пад канец размовы абвясціў:
— «Казкі» адкладзём.
I сказаў: даць як узор жанру ў томе толькі «У чым іх сіла». «Кажух старога Анісіма» і «На балоце» — друкаваць нароўні з іншымі апавяданнямі без падзагалоўка «казка».
— Гэта самыя звычайныя рэчы,— растлумачыў Канстанцін Міхайлавіч,— якая там у іх казачнасць. Потым у нас шмат чаго нестае: «Пад Новы год», «Салавей» дый «На сваім хлебе» да казак далучаецца. Паглядзець бы, ці няма чаго ў «Першых кроках» і ў другіх зборнічках. Словам, сабраць уместа ўсё, што просіцца ў «Казкі», каб паўнейшая кніга была. Вы праўду кажаце, хлопцы,— аддам яе ў друк асобна.
Першая чарнавая рэдакцыя навел была зроблена; адшукалі, чаго неставала, аднак выданне заставалася ў намеры. Збор твораў патрабаваў шмат увагі, да таго ж, дапісвалася і амаль услед нанава рэдагавалася для асобнага выдання «На ростанях». Час ад часу ўсё ж Канстанцін Міхайлавіч разгортваў рукапіс «Казак жыцця».
— Трэба пускаць у ход. Дзеля чаго ж мы з табою рукі трудзілі, шукалі, правілі? Рымскі закон асуджаў на смерць земляроба, які з’есць вала. Мы свайго вала з’есці не з’елі, але, лічы, працы ад яго няма. А па гэтай кнізе і араць, і ў свет ехаць можна. Давай яшчэ трохі паглядзім.
Так было некалькі разоў. Даставалі рукапіс, чыталі разам, браліся рабіць гэта паасобку. Прыдумваліся дзясяткі варыянтаў аднаго і таго ж сказа ці выразу, перавага аддавалася найбольш кароткім і дакладным.
Часамі здавалася, што аўтар здаволены, Канстанцін Міхайлавіч даваў сабе абяцанне, што зірне толькі зверху, апошні раз, і больш і вокам не павядзе. А праз дзень-два я заставаў яго за тою самай работай: стаўляў на старонках галачкі — сабе і мне, пачынаўся новы перагляд. Зноў узважваліся прынятыя і запісаныя варыянты, часамі справа вырашалася ў карысць самага першага, пачатковага, часцей — знаходзіўся зусім новы.
Відаць, ніводзін з Коласавых рукапісаў не перацярпеў столькі выкасоўванняў і аднаўленняў, замен і перайначванняў.
Нарэшце — ці вока ўжо не магло ні за што зачапіцца, ці Канстанціну Міхайлавічу проста надакучыла,— папка была адкладзена, пераехала са стала ў шуфлядку, і гаворак пра выданне чамусьці не ўзнікала.
Але гадзіна такі прабіла, ды, як на тое, зноў не абышлося без затрымкі. Самому быць тады не давялося, перакажу, што пачуў ад Канстанціна Міхайлавіча, калі гасцяваў ён астатні раз у нас на Нарачы.
Недзе раніцай на самым пачатку чэрвеня 1956 года Канстанцін Міхайлавіч дастаў папку з «Казкамі жыцця», «не чытаў, каб не спаткнуцца на чым», як ён казаў пазней, пагартаў толькі і блаславіў у дарогу: на машынку і ў друк.
I тут — рукапіс знік. Перавярнулі іпуфляды, абшукалі кніжныя шафы, зазірнулі ва ўсе магчымыя і немагчымыя сховішчы — няма!
— Я засмуціўся,— расказваў Канстанцін Міхайлавіч.— Няўжо такая няўдача, як некалі з «Сымонам»? Але тады на чамадан паквапіліся, і справа на вакзале была. А то ў сваёй хаце: трымаў у руках і раптам — растала, нідзе ніякага следу!
Каб не адкладаць задуманага, Канстанцін Міхайлавіч узяў кніжку, дзе правіў, перачытваючы, асобныя мясціны. Пасядзеў над ёю вечар, дадаў, што ўспомніў, і — хай друкуецца. Знойдзецца прапажа, можна будзе перанесці адтуль і астатнюю праўку.
Рукапіс адшукаўся хутка і да смешнага проста. Напярэдадні, выпраўляючыся да машыністкі, Канстанцін Міхайлавіч спыніўся каля вешалкі надзець плашч. Папку прыпёр на бар’ерчык дубовай панэлі, апрануўся, хацеў рушыць, а ўвагу перабілі: тэлефонны званок, пасля нечаканы наведвальнік.
Выйшлі ў сад пагаварыць, тым часам — абед, гадзіна адпачынку. Клопат з перадрукам адсунуўся, забыўся, а калі прыгадаўся — пачаліся пошукі.
— Дапамог мне, як і заўсёды чалавеку, дождж,— пасмейваецца Канстанцін Міхайлавіч.— Нехта з хатніх прыйшоў на абед, ускінуў дажджавік на крук і завесіў папку. Так яна і ляжала б, каб зноў не нахмарыла, a то давялося ўзяць адзежыну... Нарабілі мне турботы, дасюль з рук не збуду.
Машыністка пастаралася як для Коласа: ведаючы яго нецярплівы характар, перастукала з кніжкі даволі шмат. Перанос праўкі са знойдзенага экзэмпляра ў новы даваўся не так лёгка. Работы было шмат, і на такую — поўзай па радках ды звярай іх! — не хапала цярплівасці. Калі вырывалася вольная часіна, не ставала сілы: рукі балелі ўсё горай, дактары загадвалі класціся ў ложак.
Глядзіш зараз на рукапіс, і адразу відаць, у якім стане працаваў аўтар: нават калі здаровілася больш-менш, почырк толькі набліжаўся да знаёмага ўсім, цвёрдага, разборлівага. A найбольш — нечытэльныя амаль словы, часам недапісаныя, літары — рознай велічыні, стаяць адвярнуўшыся адна ад другой. Пра славутую коласаўскую дысцыпліну і ахайнасць пісання і гаворкі няма.
На гэта і жаліўся Канстанцін Міхайлавіч, седзячы ліпеньскім адвячоркам каля прыазёрнага вогнішча на Нарачы.
— Што ўбачу і змагу, дараблю сам. Калі не палавіну, дык хоць чвэрць. А ты ж, відаць тут, векаваць не збіраешся? Будзеш дома, тады і паглядзім. Спатрэбіцца — тое-сёе перадрукуем, а можа гэта ў выдавецтве зробяць. Я ім пакажу, прыехаўшы, рукапіс, высветлю, як будзе з друкаваннем. Добра было б хутчэй патрымаць у руках кніжачку.
Гаварыў нібы падганяючы сам сябе, нібы прадчуваў штосьці і спяшаўся зрабіць усе захады з рукапісамі артыкулаў і навел.
Неўзабаве прыйшоў ліст, апошні да мяне. I ў ім — пачутае ў выдавецтве наконт «Казак жыцця»: «Сёлета друкаваць не буду, налета будзем друкаваць». Адказ узяты ў двукоссе: Колас гэтым падкрэсліў дакладнасць перадачы. Відаць, стала горка ад самадзяржаўнага «не буду», ад боязі паварушыць зацверджаныя планы: яшчэ толькі-толькі пачынаўся жнівень, варта было трохі завінуцца, і чалавек цешыўся б з новае кніжачкі.
А як яна да часу была б, хоць маленькая ўцеха! Бо вось што яшчэ гаварылася ў тым самым лісце:
«Ляжу ў пасцелі. Тваё запытанне — над чым я зараз працую, балюча кальнула мяне ў сэрца. Аб якой працы можа быць гутарка, калі мне цяжка напісаць пісьмо» (т. XII. С. 415).