Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
Я атрымліваў яшчэ і значна большае, на што быў галаднаваты. Цёплай парадай і спагаданнем я не быў укрыўджаны дома, хацелася таго і за хатнімі сценамі: хоць бы крышку зацікаўленасці ў тваім лёсе ад добразычлівага літаратурнага чалавека.
Шчаслівы выпадак прыйшоў сам. He зусім сам. Канстанцін Міхайлавіч даволі доўга прымяраўся, перш чым прыехаць да мяне на Палярную з бутэлькай барышу, як у сваты. I амаль з дакорам глядзеў, калі я папрасіў даць час падумаць. Праз тыдзень, пачуўшы па тэлефоне маю згоду, сказаў зараз жа прыязджаць, загадаў гаспадыні рабіць «хуткую», без парэбрын, мачанку, цягнуць на стол усіх гаіункаў грыбы.
Як і калі прыглядаўся Канстанцін Міхайлавіч да мае асобы? Давядзецца перабраць звенчакі сустрэч, дарма, што мімаходзь закранецца і расказанае ўжо ў розных раздзелах кнігі.
Наўрад ці ён мог чым-небудзь вылучыць мяне са стракатай і шумнай пісьменніцкай моладзі падчас даваенных паездак у Полацк і на Асінбуд. Дома ў яго тады пабыць не здарылася, і гэтага нават не палічыш за пачатак знаёмства.
Першы раз даволі доўга і весела паразмаўлялі ў маскоўскай гасцініцы «Еўропа», дзе жыў наш агульны знаёмы. Час — няпэўны: хугчэй за ўсё зазімак 1943 года. Снежань сорак чацвёртага прынёс некалькі сустрэч, ужо ў Мінску,— ён прыехаў пакуль што са старэйшым сынам у розгляды: дзе жыць і працаваць. Канстанцін Міхайлавіч часцяком заходзіў на вуліцу Берсана, там змяшчаўся Саюз пісьменнікаў, і ў адным з пакойчыкаў туліўся я.
Дзвярэй тады, не распытаўшыся, увечары не адчынялі — у горадзе было не вельмі спакойна. Канстанцін Міхайлавіч стукаў і смешна, тонкім голасам, прасіўся: «Гэта — я, Якавец!»
3 перамоў наконт «Адплаты», дзеля чаго і прыйшоў першы раз Колас, я, кажучы праўду, збег, адгаварыўся работай. Права ўдзельнічаць у размове, калі ацэньваўся новы твор, трэба было заслужыць. Дый з паэмы я чуў усяго некалькі лірычных адступленняў.
На завяршэнне сустрэчы мяне ўсё ж выцягнулі з пакоя. Колас і Лынькоў размаўлялі. Гаворка не магла мінуць увесь той клопат, што паўставаў перад краінай: ні жытла, ні цяпла, ні адзежыны. Адна надзея на мужнасць народа, на яго трываласць — не адну адолеў бяду! Праўда, гэта — самая горкая.
Ну так, нашы справы выкіраваліся па перамогу, але вайна не скончана, значыць, будуць і ахвяры і новыя ваенныя высілкі. А тут — хутчэй бы ўвайсці ў распарадак мірнага часу, аднавіць страты і забыцца пра іх, узяцца за новыя набыткі. Народ, як і ў вайну, вылучыць зараз мноства талентаў: будаўнікоў, арганізатараў, людзей пяра, смыка і фарбы.
У гэтым быў пафас невялікай рэчы, што мелася неўзабаве сысці з майго стала, і я кінуўся пераказваць Маркса, з чыімі думкамі не расставаўся працуючы: прыгадваў словы, якія ён любіў паўтараць, што праца ёсць бацька багацця, зямля — яго маці.
Колас здаваўся зацікаўленым.
— I гэта ўсё — Маркс? — Ён узяўся за новую папяросу.
— Амаль слова ў слова...
— Тады я ўжо гадоў сорак, як пачаў вызнаваць ягоную веру. Калі і не чуў пра яго самога і не натрапляў па гэтыя думкі.— I тут жа лагодна пакпіў: — Дзе ўжо за вамі ўгонішся, за маладымі.
Госць пачаў пабірацца дамоў, і тут наведаць «Рыбакову хату», халодны драўляны дамок каля Акадэміі, быў запрошаны і я. He абдзяліў ён увагаю і на бяседзе: не-не дый падымаў вочы і на мае словы.
Неўзабаве Колас выехаў у Маскву: жонцы пагражала бальніца і аперацыя. Следам я прывёз пеніцылін для хворай.
Канстанцін Міхайлавіч наведаўся да нас на Смаленскі бульвар, быў у добрым настроі і ўсё падхвальваў гаспадыніны галубцы. Але прыйшло і засмучэнне. Што такое пеніцылін, толкам ніхто з нас не ведаў, і вялікая ампула; хутчэй — колба, здалася пустою. А колькі было намаганняў дастаць гэты цудадзейны сродак! Няўжо стукнуў як-небудзь і ўсё вылілася?
Назаўтра адлегла ад сэрца — Колас пазваніў з самай раніцы.
— Цэлы пеніцылін, колюць ужо. А што мы яго хацелі ўбачыць, дык гэта праз сваю цемнату.
Перамогу нашай зброі, аб чым нязменна гаварылі пры мінскіх сустрэчах, яму давялося святкаваць у Маскве. Хворай не лепшала, аб пераездзе нельга было і думаць. Я ведаў пра ўсё гэта, бо застаўся на вуліцы Берсана адзін. Гаспадар кватэры паляцеў у Амерыку, пакінуўшы мяне пільнаваць тэлефон і маёмасць Саюза пісьменнікаў, у тым ліку «віліс» з хітраватым шафёрам. Званкі, паперы, даручэнні — хочаш не хочаш — валіліся сюды.
У вялікім горы, так і не пазбытым да канца жыцця, пазваніў з Масквы Колас.
3 камяком у горле я хадзіў на могілкі, склікаў хлопцаў на пахаванне, нават гаварыў нешта каля труны.
Колас крыху затрымаў маю руку, развітваючыся на памінках. Яму стала лягчэй з людзьмі, а ці мала нас было гатова раздзяліць з ім частку смутку.
I яшчэ адзін звянчак...
Прыйшло запрашэнне ехаць у Ленінград, і Канстанцін Міхайлавіч нечакана згадзіўся. Напэўна, павялі ўспаміны, заманулася ў тыя мясціны, дзе быў у маладыя гады, са спадарожніцай, якую доўга помніла сэрца. Дый з Аляксандрам Пракоф’евым пабачыцца не шкодзіла, вельмі ж яны ўпадабаліся адзін аднаму над час першага пасляваеннага пленума ў Мінску.
Колас аглядаў сховішчы карцін і скарбаў, месцы пахавання і зняволення, a то і проста так блукаў па вуліцах і плошчах вялікага горада ці па ўзмор’і, прыслухоўваючыся да пашумлівання лянога мора. Ласкавым гаспадарам было што паказаць нам, і яны стараліся, каб усё, чым яны даражацца, запала і ў нашы душы.
I Колас шырока расчыніў сваё сэрца. Хадзіў і ездзіў, жартаваў і маўчаў, смяяўся і ўціраў слязу.
Выступленні, бяседы ішлі шчыльна адна за адною. У Камарове, прагаварыўшы ўсю ноч, праўда, нядоўгую, белую,
на дачы ў А. Л. Пракоф’ева, калі ўсе маладзейшыя ўжо ледзь трымаліся ад зморы, Канстанцін Міхайлавіч падняўся і, свежы, вясёлы, пацалаваў у руку гаспадыні: «Давайце падымем першую чарку за Насцю'» I нібы сур'ёзна, у адказ на ўсмешкі сяброў, спытаў: «А хіба ж гэта не першая на світанні?»
Смешныя гісторыі, чытанне вершаў, сяброўскія кепікі, усё гэта пачалося наноў, як быццам бы людзі сапраўды толькі што спаткаліся. Канстанцін Міхайлавіч вёў рэй, ён любіў гэта старое слова: узяў графін — пінгвіна з паваротнай галавою — і па чарзе накіроўваў на прысутных дзюбаю: «Гавары, але каб было весела!»
А наперадзе яшчэ было некалькі сустрэч, дый гарадскі вечар наастатак. Але ўсюды мы паспявалі ў час — ён усё помніў, нават у гасцях не дазваляў пазніцца ні сабе, ні гаспадарам. I скрозь са здавальненнем гаварыў, выступаў з добрым поспехам, заваёўваючы ўсё шырэйшае кола прыхільнікаў.
Нарэшце, ад’езд... Часіны, афарбаваныя лёгкім смуткам развітання...
Светлы двухпакаёвы нумар гасцініцы. Твары даўніх і толькі што знойдзеных сяброў. Нам хораша разам у гэты апошні вечар...
I трэба ж было... Як на тое! Сюды трапіла непажаданая асоба. Усё азмрочылася. На Коласа, асабліва чулага ў такіх выпадках, было цяжка глядзець. Дзе падзеўся той неўтаймоўны філосаф і вастраслоў, па-эпікурэйску шырокі, жыццярадасны паэт, якім мы прызвычаіліся бачыць яго ў гэтыя дні? Каля высокага акна стаяў раптоўна пастарэлы чалавек і сумнымі вачыма пазіраў на шумную плошчу, нібыта трацячы сілу ад непамернага, раптоўна ўпаўшага на плечы грузу.
Добрыя нашы гаспадары як быццам нічога не разумелі. Некаторыя асобы з нашай групы відавочна пагадзіліся з прысутнасцю таго, непажаданага,— у свой час ім давялося разам напінаць адны гужы і пастронкі. А многія не жылі яшчэ ў Мінску і не ведалі, як размашыста гасіў аглобляю ён, няма знаць адкуль выплыўшы на раппаўскую плынь у рангу першага крытыка. Пасля кожнай праходкі яго па загонах айчыннай славеснасці заставалася здратаваная рунь, збітыя з ног аўтары і кнігі. У тым ліку Купалавы і Коласавы.
Пасля арганізацыі Саюза пісьменнікаў яму давялося пакінуць Мінск. Але, выштурхнуты самім паветрам новага літаратурнага ўкладу, гэты чалавек не растаў, як бурбалка, хоць і ўзнік акурат так. Пачаў з’яўляцца на нашых сходах і пленумах, пераплятаў у каленкор, рыхтуючы да выдання, таўшчэзныя, хвалебныя манаграфіі ўсё пра тых жа Купалу і Коласа. 3 ім вымушаны былі лічыцца знаўцы літаратуры, стваральнікі музеяў, выдаўцы — трымаў у руках матэрыялы. Кватэра яго была напакавана рукапісамі, фатаграфіямі, рэдкімі выданнямі, пацяганымі невядома якім шляхам з мінскіх, вільнюскіх і шмат якіх іншых дзяржаўных і прыватных сховішчаў. Ён угібаў у рукі нават перапіску Коласа з жонкай і не выпускаў, набіваў цану на памятку пасля нябожчыцы ці можа вышукваў спосаб выкарыстаць лісты якім-небудзь не вельмі прыемным для адрасата чынам.
А зараз ён сядзеў і выгінаў хрыбет — вельмі ж хацелася ў Мінск! Згодна і ўхвальна ківаў галавою, пасміхаўся на кожнае сказанае слова. Праз паказную ветлівасць было яшчэ больш прыкра. Але Колас трываў, дый нікому не хацелася псаваць сяброўскае свята.
Цярпелі... Пакуль той, каго мы назвалі непажаданым, вычакаўшы хвіліну, калі бяседа ўшуміцца і палагоднее, не ўстаў. I з бакалам у руцэ завёў: маўляў, папрацуем яшчэ разам, таксама дружна, як працавалі некалі... Ен меў неасцярожнасць папытаць у мяне пацвярджэння: «Праўда?»
Што можна было адказаць таму, хто з бруднымі ботамі таптаўся па «Новай зямлі» і «Безназоўным»? Ды яшчэ з noyHaft аддачай рабіў высілкі, каб сапсаваць жыццё і працу нам, маладзейшым. Ен атрымаў адказ, але не тое, чаго чакаў. I выйшла няёмка. Мы былі ў гасцях: пакрыўдзіш каго-небудзь з прысутных — глядзіш, пакрыўдзіў і гаспадароў. Прамоўца сеў, працяўшы мяне пранізлівым позіркам чараўніка са «Страшнай помсты», ён у нечым быў падобны да гэтага гогалеўскага персанажа.
А гаспадары і не думалі крыўдзіцца! 3 аднаго боку паціснула руку Марыя Камісарава, з другога нахіліўся Павел Кабзарэўскі і прыемным баском праказаў: «Дзякуй...»
А Аляксандр Андрэевіч Пракоф’еў, жадаючы нам дабра ў дарогу, закінуў слоўца, што і надалей, як водзіцца паміж сябрамі, не пашкодзіць размаўляць па шчырасці, на чыстую дуіпу.
Самае нечаканае адбылося на вакзале. «Пакрыўджаны» падышоў прасіць у мяне прабачэння: не будзем варушыць старога, мала што калі было.
Колас стаяў поблізу і не хаваючыся смяяўся. А выпадак гэты запомніў і пазней сказаў: «Выходзіць, і ў чужым доме трэба часамі талеркі біць».
Канстанцін Міхайлавіч паехаў цераз Маскву, а ў вагоне, прыгнаным па яго чыгуначным начальствам, рушылі дадому ўсе мы. Спаць было нельга, над вагонам, відаць, даўно не апекаваліся санітарныя ўстановы: на крэслах у салоне мы чакалі раніцы, не кладучыся.