Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
Канстанцін Міхайлавіч прыжмурваецца.
— Можа хочаш пакаштаваць? Вазьміся, у цябе ж свярбелі рукі да такіх спраў.
He ведаю, што адказаць. Так, па просьбе кінематаграфістаў я пачынаў думаць пра экранізацыю «Рыбаковай хаты» і пытаўся аднойчы дазволу ў аўтара. Ен паставіўся даволі скептычна, далей скажацца — чаму, а потым параіў лепш звярнуцца да трылогіі — вось дапішацца апошняя старонка, і можна будзе.
Адным словам, пасля доўгіх ваганняў давялося брацца за п’есу: у словах Коласа чулася жаданне яшчэ раз выйсці да гледачоў. Бянтэжыла адно: не даў ён ні парад, ні выказаў і пажаданняў, як звычайна рабіў. Але ў памяці яшчэ не ачэрсцвелі не так даўнія гаворкі пры падрыхтоўцы зборніка п’ес — будзем аглядацца на іх, працуючы. Тады Канстанцін Міхайлавіч ставіўся да прапаноў памяркоўна, а вось што скажа, глянуўшы на зробленае: перастаўлены эпізоды, удакладнены паводзіны герояў, а галоўнае — шмат скарачэнняў, асабліва яны закранулі дыялог.
Зараз размашыстая рэзалюцыя на першай старонцы здымае сумняванні.
— Нічога, нічога,— падбадзёрвае Колас.— Павыкрэсліваў лішняе, але збольшага, можна было б і смялей:
— Каб жа вы сказалі, дзядзька Якуб...
— Я падумаў: і так павінен угадаць, не першы дзень бачымся. Там, у сярэдзіне рукапісу, я старонак колькі падправіў. Перадрукуй ды пасылай у Віцебск. Толькі прыгледзь потым, на рэпетыцыі з’ездзі. Каб гэтак, як з Купалам, не выйшла...
Гэта — дакор у бок спектакля і экранізацыі камедыі «Паўлінка».
— Лепшы Янкаў твор і ў ягоным тэатры, а зрабілі не пакупалаўску...
He ведаю, як наконт тэатральнай пастаноўкі, а супроць фільма-спектакля Канстанцін Міхайлавіч пратэставаў. У маленькім кіназальчыку Дома урада, дзе паказвалі першую копію, азіраўся па баках і, як толькі запалілася святло, моўчкі пайшоў.
Міністр кінематаграфіі падаўся трухам наўздагон.
— Як, як, Канстанцін Міхайлавіч?
— Няма чаго якнуць. У п’есе — не той сэнс...
Прыкладна праз дзень мяне выклікалі ў ЦК партыі, там грунтоўна пачалі распытваць пра фільм. Тлумачу, што, пішучы сцэнарны план «Паўлінкі», я пільнаваўся аўтара і не маю дачынення да пераносу ў фільм «шчаслівай» тэатральнай канцоўкі: насупар п’есе, Якіма ніхто не арыштоўвае, і Паўлінка ўцякае з ім пад вянец.
Мне было сказана, што кінематаграфісты зрабілі дзве канцоўкі, хочуць паглядзець, памераць, але абяцаюць паставіць фінал паводле Купалы. Так і належыць перадаць Канстанціну Міхайлавічу, ён званіў з гэтай прычыны, дык няхай не хвалюецца.
На жаль, абяцанні засталіся абяцаннямі: Коласа супакоілі, а Купала так і застаўся ў крыўдзе. Відаць, кінарэжысёр узяў руку тэатральнага: абы відовішча! А сацыяльная сутнасць і нацыянальная прыналежнасць твора апынуліся ўбаку.
— Пажаніць Якіма з Паўлінкаю — замах не новы,— Канстанцін Міхайлавіч уважліва выслухаў мой пераказ.— А пра «Заручыны Паўлінкі» ты чуў што-небудзь?
Колас называе і аўтара Ф. Аляхновіча, нясветлай памяці драматурга, ад чые асобы вызвалілі зямлю нашы падпольшчыкі.
— Калі я прыехаў у Мінск, можа ў 1921 годзе ці пазней крыху, трапіла да мяне тая п’еска. Янку Купалу прысвечана і пад яго ж мінай падкладзена...
Крыху абегла Канстанцін Міхайлавіч абнажвае сацыяльны стрыжань купалаўскай камедыі: кулакі Крыніцкі і Пустарэвіч, зрабіўшы папярэдне данос, пасадзілі ў турму маладога настаўніка Якіма Сароку, не ўважылі і на яго каханне з дачкою Крыніцкага Паўлінкай.
— Што яны кулакі, даводзіць не трэба, паслухай іхнія падлікі, колькі хто зямлі мае, што данеслі — таксама не схаваеш. Успамяні, як гаворыць Крыніцкі, як ён робіць змову супроць Якіма.
Канстанцін Міхайлавіч дадае доказаў. Пакуль Якім не выказваў сваіх поглядаў, не насцярожваў Крыніцкага, хлопцу дапамагалі вучыцца, нават за зяця мог сысці. А падзьмуў не ў тую дудку, адразу стаў «хамулам», «гэрэтыкам», «бунтаўшчыком», і настаўніку «даюць дарогу» ў турму.
— За што ўсім палюбілася «Паўлінка»? — пытае і сам сабе адказвае Канстанцін Міхайлавіч, ён часта робіць гэтак.— Прыхільнікаў не злічыць: чытачы, выканаўцы, гледачы. I да рэвалюцыі, і ў колішняй Заходняй Беларусі, і пад нядаўняй акупацыяй фашыстаў жыла «Паўлінка», не зважаючы на забарону. А вось за гэта самае ўпадабалі: за бунт, за рэвалюцыйны
штуршок у думку, у сэрца. Маладое пакаленне бунтуецца супроць цёмнай сілы ў вёсцы, не хоча ўціску, несправядлівага ладу жыцця.
Як быццам для болыпай пэўнасці ў тым, што гаворыць, Канстанцін Міхайлавіч дастае том з Купалавымі п’есамі. Крыху пагартаў і працягвае:
— У свой час тлумілі галаву: у Купалы нічога гэтага не напісана. I трагічны канчатак — штучны, дарма прышпілены. Смех слухаць, дый годзе! Купала — усюды наскрозь сацыяльны, і раптам маеш — збіўся на чысты смех. А паспрабуй тады сказаць выразней: 1912 год, сама рэакцыя ўсходжвалася. Вось Купала і пісаў: не колькі хацеў, а колькі мог. I так забароны з усіх бакоў... Жандары, пілсудчыкі, фашысты, усе чулі ў малой дзяўчыне, Паўлінцы, небяспеку. Нічога гэтага, вядома, не здарылася б, каб Янка скончыў шлюбам, згодаю, але тады ён не быў бы Купалам. Якога шчасця можна было шукаць у тым часе? У нутрах часу ляжаў трагізм, а шчасце заслонена, захмарана, за сотнямі замкоў. Каб даць таму шчасцю засвяціць, чалавек ламаў агароджы, прабіваў хмары і гінуў. Але жыцця не шкадаваў, абы волю ў рукі. He адчуваў гэтага хіба бязвокі або глухі, а мастака адчуванне трагічнага працінала наскрозь. Пра Купалу і казаць няма чаго: усяго сам паспытаў.
Цяпер Канстанцін Міхайлавіч здымае покрывы з другой, некупалаўскай п’есы. 3 зайздроснай дакладнасцю пераказвае змест, амаль слова ў слова прыводзіць вытрымкі, у чым давялося пераканацца пазней, чытаючы «Заручыны Паўлінкі». Гэта — саматужная даробка, як бы трэці акт да сапраўднай «Паўлінкі», змастачаны груба, з драўлянымі вершамі. Асабліва адчуваецца ўбогасць падробкі поруч з іскрыстым дыялогам, незраўнанымі жартамі і прыпеўкамі — Янкі Купалы.
Але не літаратурныя якасці твора найбольш цікавяць Коласа, а сапраўдныя намеры аўтара. Папулярнасць «Паўлінкі» настрашыла не толькі разнамасных ахоўнікаў парадку. Спалохаліся і другія асобы, што хадзілі пад лічынай дабрадзеяў і добразычліўцаў паэта. Як так? Купала сцвярджае сацыяльнае расслаенне беларускай вёскі, паказвае на сілы, што супрацьстаяць адна адной, а па-іхняму — у беларускім
народзе мір ды згода, няма і завідам, не было ніякіх класаў. I вось адзін з носьбітаў такіх незайздросных поглядаў і галаснік такіх казаняў рынуўся на іх абарону, надумаўся нейтралізаваць рэвалюцыйнае ўздзеянне купалаўскай камедыі.
I што ж? У ягонай даробцы і падробцы ідзе, калі можна так сказаць, своеасаблівая рэабілітацыя Якіма: ніякі ён не бунтаўшчык і не рэвалюцыянер, чытае кнігі, «дазволеныя цэнзурай», а што датычыць зняволення, дык «мала за якое глупства можна папасці ў астрог». Словам, настаўнік — асоба цалкам добранадзейная, яго «пасадзілі дзеля страху», сапраўды праз відавочнае непаразуменне: гаварыў недзе здуру, «намаўляў выгнаць паноў. Хіба ж гэта не глупства, добрыя людзі: як жа жыць без паноў?»
Крыніцкі і Пустарэвіч тут не кулакі і даносчыкі, а дабрадушныя п’янюгі. Лічаць, што Якім «хлопец нічога», «але аддаць яму Паўлінку — не для пса каўбаса. Мы ўсе шляхоцкага роду...»
Інакшай паказваецца і постаць Якіма. Усё абыдзецца, мяркуе ён, калі пераканаць Крыніцкага, што «толькі там шчасце, дзе ёсць каханне». I вось як пераконвае: «Няўжо я не гэтакі самы сын свае бацькаўшчыны Беларусі, як і вы? Няўжо мы розныя мовай і сэрцам?» Гэтага зусім даволі — пераканаў. I чулліва спявае: «У каханні перашкод ужо няма, блаславіла нас бацькоўская рука».
— Відаць пана па халявах,— кідае ў адрас аўтара Канстанцін Міхайлавіч.— Чуеш, які пах з яго творыка верне? Толькі адны рэжысёры хіба і не чуюць. А ты мяне яшчэ ў кіно сватаеш...
Іду следам за развагамі Канстанціна Міхайлавіча. 3 тэатральнай трактоўкай «Паўлінкі» не згаджаліся многія. Пісалі, гаварылі, выступаў у тым ліку і я — шкада, не ведаючы ўсяго, што зараз пачуў. Што ж, гэта навука спатрэбіцца не сёння, дык заўтра.
Сапраўды, каму з пастаноўшчыкаў, хоць бы і лічыўся ён наватарам над наватарамі, у якую хмарную ноч мог прыбачыцца на сцэне шлюб Чацкага з Соф’яй? Вядома, геніяльная рэч нават ад такога свавольства не ператварылася б у фарс,
але якое страшнае пакаранне спасцігла б свавольніка ад рукі грыбаедавазнаўцаў дый проста прыхільнікаў літаратуры і тэатра! Вунь як асцярожна зрабіў Меерхольд, сапраўдны наватар, а наогул — адважны майстар у адносінах да аўтарскіх тэкстаў. Дастаў з грыбаедаўскіх чарнавікоў першы варыянт назвы і выпусціў з ёю спектакль: «Гора розуму». Хіба пайшоў супроць аўтара? Hi на парушынку, толькі падкрэсліў яго задуму.
Канстанцін Міхайлавіч слухае. Хваля ўзрушэння сплыла, ён выгаварыўся і падпадае пад уладу элегічнага настрою.
Колькі ўжо людзей спрадвеку
Лёс касіў і сек!
He даецца чалавеку Сакаліны век.
Ён прачытаў уголас радкі, задумаўся, потым зноў паўтарыў апошнія.
— А чаму «сакаліны», дзядзька Якуб?
— Кажуць, сокал сто гадоў жыве. Я табе гаварыў пра народных лекараў, сакольнікаў, яны па столькі сама, доўга па зямлі тупалі. Птушка жыве даўжэй, мусіць, таму, што памяці не мае ні на дабро, ні на зло. А чалавеку кожны дзень смуткаў дадае: таго не зрабіў, гэтага, а тое не туды павярнуў. Піфагора помніш? Дык вось адна думка яго раней не абыходзіла мяне, а зараз нібы працінае: «Не падпускай сну пад вочы, пакуль не даследуеш у сваёй памяці справы твайго дня».
Канстанцін Міхайлавіч спыняецца, нібыта хоча пабольш вычытаць з выслоўя.
— Каб жа ўсё жыццё рабіў так! I пражыў бы яго лепш і людзей шмат ад чаго асцярог бы...
Каму належыць «сакаліны век», не ведаю, а Канстанцін Міхайлавіч не хоча казаць. Хутчэй за ўсё — яму самому; відаць, злажыўся кавалачак, дый застаўся без працягу, ці не лермантаўская інтанацыя («Спрэчка») перашкодзіла дапісаць, выйсці на сваю дарогу.
Так закончылася адна з нешматлікіх тэатральных размоў. Праз многа гадоў сталі спраўджвацца словы Коласа пра затоены ў часе трагізм, пра сацыяльнае напаўненне «Паўлінкі».
Пачаў успамінаць П. С. Малчанаў. Пра сваю пастаноўку камедыі, пра сустрэчы і гаворкі з Янкам Купалам. I мы дазналіся, што чытаць «Песню аб Буравесніку» акцёры пачалі з ухвалы самога аўтара, змяніць фінал ён не згадзіўся. Дапісваць даўні твор Купала не мог, а ведаць — ведаў, што зрабіць, каб загучала ўсё мацней, глыбей, з болыпай сацыяльнай вастрынёю, бо і не збіраўся ніколі ствараць «чыстую» камедыю.