Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
— Гэта я напісаў для цябе і для сябе,— сказаў ён.— I друкаваць не думаў... А тут з рэдакцыі пазванілі, просяць, дайце што-небудзь перад святам... Давялося аддаць, выбачай...
1954 год, пачатак жніўня. Блізка з’езд пісьменнікаў рэспублікі. Канстанцін Міхайлавіч падагульняе думкі аб літаратуры, піша і бясконца крэсліць прамову, яму давядзецца адкрываць з’езд. Выказвае нездавальненне: пісьменніцкі Саюз мала чуцён у рэспубліцы.
— Успамяні, як маладнякоўцы грымелі некалі. За годдва здабылі велізарную папулярнасць. А пісаць толькі-толькі
вучыліся. Нешта заядае цяпер у нашай арганізацыйнай калымазе. Відаць, уся справа ў таленце кіраўніка. Вазьмі Фадзеева. Апрача ўсяго, у яго і чалавечая таленавітасць: у трыманні, у абыходжанні... Калі яго хто і не вельмі любіць, дык усё роўна не паважаць не можа. Ён умее прымаць адказнасць на сябе. За ўсё. I не спіхае з плячэй — абы толькі як збыць — справы, людзей якому-небудзь памагайлу, чыя фантазія не сягае далей пратакола і птушачкі ў пэўнай графе.
Ну, пішуць, хай пішуць некаторыя, стрэмка ім у порткі! Але ж яны і мераюць на свой мушыны крок напісанае іншымі. Графаман графаману не дасць заганы. Найболып актыўны з іх, хлопцы смяюцца, абы памачыў пяро, дык і пайшло рваць. У санаторыі, кажуць, за нейкі месяц выціснуў з вантроб лібрэта для оперы і для балета, дзясяткі са два баек, прадмову і апавяданне. А як выдахся, каб не прастойваць без работы, браўся перакладаць свежы нумар газеты на беларускую мову.
Канстанцін Міхайлавіч мякчэе, на твары пасвечвае лёгкая ўсмешка, яна звычайна з’яўляецца, калі расказвае што-небудзь вясёлае сам або слухае смешную выдумку.
— Тут, вядома, моцна прыкладзена...
Прамовіў і пазмрачнеў. Пальцы пачалі выбіваць на стале такты.
— Відаць, сапраўды слабая ў нас літараіура... Смех сказаць (называюцца некалькі прозвішчаў), у пісьменніках ходзяць. Яны з такімі ж поспехамі маглі б быць і гатэнтоцкімі мовазнаўцамі.
I ведаеш — ці гэта больш смешна ці трагічна? — яны ўсур’ёз лічаць сябе пісьменнікамі. He ківай галавою! Гэта добры пісьменнік наганяе крывавыя мазалі на рабоце. А такія пішуць лёгка: сапсуе некалькі пачкаў паперы і пачынае сцвярджаць, што ён пуп зямлі. Ды ён то не пуп, а пух, тапаліная парушынка, зусім без вагі. А сказаўшы грубей — пух-пух, пухірок балотнага газу... О, каб пуп! — горка працягвае Канстанцін Міхайлавіч,— Паболей бы нам людзей, што звязаны з зямлёй матчынай пупавінай!
Ён усё мацней узрушваецца.
— А вінаваты мы самі. Нашто дазвалялі няўмекам і няздарам церціся каля святое работы, прызвычаіліся да іх? Калі арганізм выпадкам атручваецца, ён адразу ж адчыняе ўсе засланкі і выкідвае згубу прэч. Тым часам на нашых вачах пэцканіна атрымлівала імя і годнасць таго, чым ніколі не была і не магла быць. А што гэта? Патуранне махлярам, якія выдаюць мядзяныя бляшкі за залатыя аздобы! Ідэя быццам бы высокая ў аснове, а як напісана? Знявага высокіх ідэй! Сапраўды! Возьмецца чытач за які-небудзь хвалёны творык, глыне старонак з дзесяць, і лічы, што навечна чалавека адвярнула ад беларускай літаратуры.
Пара дом ветрыць... Ёсць адзін закаранелы цынік. Ён ведае, чаго варты, што і дзеля чаго робіць, ні ў грош ён не ставіць нашу літаратуру.
Нябожчык Міхась Зарэцкі іначай не называў яго, як «господнн учнтель заштатной прогнмназнн». Міхась прысягаўся, што мае прыродазнаўчыя і прыгодніцкія часопісы, адкуль узнік гэты пісар, выказваў намер: даць заданне студэнтам, каб параўналі пісаніну таго аўтара з часопісамі і выпісалі запазычанае. Зарэцкі паказваў мне перадзёртыя сказы і абзацы, але лічыў, што для публікацыі іх малавата.
Што застанецца пасля такіх людцаў? Які след бывае ад кроплі вады на пяску? Яны ў літаратуры самі па сабе — нуль, пустата, але смецця пакідаюць горы. А працавалі б дзенебудзь адміністратарамі ці гаспадарнікамі, можа б, і дзякуй заслужылі.
— Праўда, адзін мае шансы ўвайсці ў літаратуру...
Канстанцін Міхайлавіч робіць паўзу. Потым не датрымлівае сур’ёзнага выгляду.
— Можа не ўвайсці, а ўехаць... На маіх плячах. Ён, во врэмена оны, ператрэсаў маю кватэру, пад кожны сяннік лазіў. Гэта, бадай, самай чыстай вады рамеснік. Піша, і ўсюды — мешаніна: падчэпленыя, адкуль можна, сказы, выхапленыя ў другіх слоўцы. Вунь гэты, як яго... Дык у яго хоць у гаворцы часам пракідаецца нешта жывое.
Канстанцін Міхайлавіч успомніў сваю эпіграму, напісаную ўпоперак старонкі ў «Полымі» на апавяданні:
He ведаю, каб я здароў, Нашто друкуюць гэткіх праснакоў.
— Аднаго такога пісара я вітаў з пяцідзесяцігоддзем. Пэўна, маё слова ўпоперак горла стала.
На заўвагу, што падрабязнасці з ператрэсваннем сеннікоў нікому не вядомы, адказвае:
— He клапаціся. He адзін ён трос у мяне. Дык два другія капянуць што-небудзь збольшага і адыдуцца. У вочы мне саромеліся зірнуць. А гэты шчыраваў да поту, кожны рубец на зуб браў. Скончылі трэсці, ён памыў рукі і загадаў падаць ручнік. Абавязкова чысты. Марыя Дзмітрыеўна хацела сказаць: забяры нечага з сабою, можа, задавішся калі. Mae дзеці бачылі ўсё. Я некаторым хлопцам гаварыў пра гэта, вось і табе расказваю. Чаго толькі не прымаў на свой карак стары дзядзька Якуб!..— паўжартам Канстанцін Міхайлавіч звяртаецца да сябе — Ну, гэта дарма, дробязі. А вось некалі пераважаць: колькі мы пакінулі зерня, колькі мякіны... Як мы будзем выглядаць перад людзьмі ў будучыні?
Дзіўна насміхаецца лёс! Вестку аб смерці Канстанціна Міхайлавіча прынёс адзін з тых, хто ўспамінаўся тады Коласам.
— Я да вас,— прамовіў ён.
Голас у яго быў, як і звычайна, нудны, рыплівы, у ім не пракідалася ўзрушэнне.
— Толькі што пазванілі з Мінска...
I я задыхнуўся, падбіты гарачаю весткай...
Няшчасце прыйшло цераз два гады пасля тае нашай адкрыўшай на многае вочы размовы. Як далёка былі тады мае думкі ад непапраўнай бяды!
Коласава худоба
Прыблудны грак. Вырай і ўраджай. Лахмач і Муза. Хітрая сінічка. Ластаўкі ў Доме друку.
Неўзабаве пасля вайны, нейк пад восень, на гарадской Коласавай сядзібе з’явіўся грак. Ці то, акалечаны з рагаткі, рынуўся ад крыўдзіцеляў у адчыненую брамку, ці то, прыхварэўшы, шуснуў за агароджу, прываблены засенню дубоў і яблынь, мноствам кустоў арэшніку і ягадніку — ёсць дзе схавацца і добра адседзецца ў зацішку. Падрабязнасцей граковага з’яўлення не ўсачылі, а ўбачылі яго выпадкам, калі перабягаў з аднае свае схованкі ў другую.
Хаваўся ён больш у гусцейшым зарасніку, а калі крыху акрыяў, асмеліўся выходзіць на чыстую мураву і нават да дзвярэй дрывянога хлеўчука, дзе на лаўцы адпачываў Канстанцін Міхайлавіч, не забыўшыся насыпаць чаго-небудзь птушцы. I грак, не баючыся павольнага ў кроку Коласа, патупваў блізка каля яго, браў ежу амаль што з рук. Усіх іншых жыхароў дома асцерагаўся, уцякаў, нават спрабаваў падлятаць, але махаць то махаў крыламі, а ў паветры адзёржацца не мог.
Так і дабыўся калека-грачок да першага снегу, хоць і паправіўся ўжо, жывучы на дармовых харчах.
— Замерзне, небарака! — Колас вярнуўся з праходкі на зацярушаным шэранню садзе, дзе ўжо аказваўся першы маразок.
Пацёр рукі, сядаючы за абед, і пачаў уголас думаць, якой даць рады, каб птушка перазімавала ў цяпле. Забыўся нават, што злаваў на граковае племя ў час іхніх крыклівых адвячоркаў, калі птушкі ўмошчваліся нанач на прыхатнія сосны. Тады ён наракаў і лаяў іх чорнымі дармаедамі: ломяць, бачыце, галлё, а дрэвы праз гэта ўсыхаюць.
Пачалі рабіць захады прыстроіць грака на жытло ў цёплай прыбудоўцы. Але, пакуль тое што, здарылася адліга, снег растаў, а галоўнае, не было для каго старацца даху: грак знік.
Шафёр Сяргей расказаў, як рыхтаваліся ўцёкі. Кожнае раніцы, калі ён аглядаў у гаражы машыну і па дварэ яшчэ ніхто не хадзіў, грак выпрабоўваў сілу крылаў. Прарабляў трэніроўку паводле самых строгіх правіл аэранаўтыкі: выбраўшы на панадворку вольную роўную мясціну, хутка бег і, разагнаўшыся, узлятаў. Толькі лёту таго было ўсяго метры са два,— яшчэ не трымалі крылы, не ўдавалася набраць вышыню.
— Дзівак! — сказаў Колас,— яму трэба ўзляцець на дрэва і пераскокваць па галінах як мага вышэй. А з верхавіны — кідацца ў паветра. Тады крылле размахаецца, можа паляцець.
Аднойчы спроба ўдалася і менавіта так, як разлічваў 1<олас. Настойлівы грак злаўчыўся сесці на сасну, адпачыў, зноў замахаў крыламі і апынуўся за агароджай.
Тады яшчэ наўкол будынкаў не было, Коласаў дом стаяў амаль апошні. Далей разлягалася пустка, ішла яна аж да маладога хвойніку на магілах нямецкіх салдатаў. Туды, падсачыў Сяргей, і пакіравалася птушка: дзе ўподлеткі, дзе подбегам...
— Наўрад, каб ён перазімаваў,— патужыў Колас.— Лётаць не можа, дый раздурэў на ўсім гатовым. Калі не падаб’юць і не ўхопіць хто з дужэйшай дзюбаю, здохне з голаду, бядак.
Напрадвесні, выходзячы на работу ў Акадэмію, Канстанцін Міхайлавіч заўважыў, як ад брамкі адбеглася вялікая худзезная птушка. Нешта знаёмае здалося ў ёй: грак і, магчыма, той самы!
Колас пакінуў брамку адчыненай, а сам адышоўся, нібыта нічога не прыкмеціў. Зрабіў некалькі крокаў, пастаяў за рогам плота і вярнуўся. Зазірнуў у двор: грак ужо быў там, шукаў спажывы каля скрынкі з адыходамі.
— Прыязджай на агледзіны,— пачуў я вясёлае запрашэнне ў тэлефоннай трубцы,— вярнуўся, здаецца, леташні кватарант.
Дзеля такога здарэння не пашкадавалі жыта з леташняга ўраджаю на Коласавай клумбе, пасыпалі шчодра і падышлі блізка, як маглі, як дапускаў агаладалы госць.
— Той самы,— абвясціў Канстанцін Міхайлавіч, агледзеўшы, як грак паводзіўся поблізу людзей і, накульгваючы, кляваў зерне.— Але як ён жывы застаўся?
— Неабавязкова той. Мала хіба тут пакалечаных птушак?
— А можа, лётаў куды недалёка,— працягваў Колас недагавораную думку,— дастаўся ў Польшчу ці ва Францыю і зімаваў.
— Наўрад, дзядзька Якуб! Каб адлятаў, дык не вярнуўся б гэтак рана.
Колас падумаў. Сапраўды, да вызначаных фенолагамі тэрмінаў звароту птушак было далекавата.
— Мог перакідацца тут,— разважыў ён,— зіма была не з цяжкіх. А зараз вясна марудзіць, вось ён і ўспамянуў, дзе жывіўся некалі. Бо каб быў які іншы, дык чаму б яму перціся ў наш двор?
Малодшы сын Міхась, у тыя часы заўзяты паляўнічы, знаўся на звычках звяроў і птушак і даволі іранічна кінуў:
— А чаму птушкі выбіраюць на гнездаванне акурат вось гэтую балаціну, а не тую, што поруч? А вавёрка ці жаўна селяцца ў хвойніку сярод гушчы, а не ад дарогі? Забеспячэнне, значыць, там лепшае — чарвей і арэхаў болей.