Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Перад шараю гадзінай, з такім разлікам, каб управіцца да цямна, ён падымаўся ў кабінет і перабельваў — надзвычай акуратна, без памарак і выкрэсліванняў — напісанае з раніцы.
— Працаваць проста так сябе не прымусіш,— неаднойчы гаварыў Канстанцін Міхайлавіч.— Чалавек — гультай, таму даводзіцца ашукваць уласную ляноту. Трэба хоць чым падахвочваць руку. Я ніколі не перапісваю гатовы раздзел увесь адразу, да канца. Невялічкі хвосцік пакідаю на заўтра. Бывае, і сам не агледзішся, як пахіне на працяг. Так неўзаметку дзветры старонкі новыя маханеш.
Гэтая практыка некалькі парушалася. Часамі ён намагаўся завяршыць пэўны раздзел трылогіі ў той самы дзень, калі пачынаў. Тады адпачынак адмяняўся ці пераносіўся на пазнейшы час. Канстанцін Міхайлавіч не выходзіў з пакоя, пакуль чарнавы накід не быў зроблены да апошняга радка.
Раніцай пачыналася перабельванне. Ен абавязкова падгадваў, каб чарнавік не зводзіўся: стаўляў на чыстым аркушы нумар чарговага раздзела і запісваў некалькі пачатковых сказаў. Гэта быў таксама «хвосцік», ён рупеў і патрабаваў далейшага разгортвання падзей.
— Перапыняць пісанне трэба на самым цікавым месцы. Каб самому карцела дазнацца: а што ж будзе далей?
Да так званага запойнага пісання, днём і ўночы, некалькі тыдняў запар, не ўстаючы з крэсла, Канстанцін Міхайлавіч ставіўся няўхвальна:
— Ну, і які толк, што чалавек сядзіць, як ачмурэлы, нікуды не вылазячы? Думка робіцца непаваротная, на праўкі потым удвая больш часу трэба. Лепш развейвацца, выходзіць на людзі. Стрэнецца што-небудзь на дарозе, слоўца пачуеш. Глядзіш, яно табе падказала добрую знаходку. А галоўнае — давай галаве спачын, каб грунтоўней абдумаць усё. Тады запішаш сваю прыдумку лёгка, не надужаючыся.
Калі Колас ствараў апошнюю кнігу трылогіі, мне даводзілася зусім зблізку назіраць, як менавіта гэтак, няўхільна, з дня ў дзень, пакрысе, але з зайздроснай настойлівасцю ажыццяўлялася выпрацаваная ім методыка пісання. Думаецца, што і сам Канстанцін Міхайлавіч не выключаўся з творчага
працэсу, як і тыя пісьменнікі-«запойшчыкі», чыіх звычак у рабоце ён знадворна не прымаў.
Вельмі рэдка здаралася, каб яго працу магла перарваць якая-небудзь справа, нават самая неадкладная. Ён знаходзіў магчымасць управіцца з ёю ў найкарацейшы час, не адцягваючыся надоўга ад выспяваўшага ў думках. Горш было, калі апаноўвала стомленасць, падкрадалася нядужасць і ён не давяраў руцэ, сумняваўся, ці тое, што трэба, выходзіць з-пад пяра. Тады абвяшчаўся перапынак міжвольны.
— Іду на прафілактыку,— так называў ён кароткі адпачынак і лячэнне ў стацыянары.— Трэба ціск знізіць, рысоры праверыць.
I заўсёды ў гэты час нерваваўся, лаяў сябе «прагульшчыкам» і «дармаедам», а то і «старым карчом».
Канстанцін Міхайлавіч напаўжартліва, аднак з дамешкам горычы, пачынаў ушчуваць «Якуба Коласа» як асобу далёкую, амаль не знаёмую яму.
— Я ўжо дзесяць разоў казаў яму,— такія выгаворванні адбываліся і ў прысутнасці блізкіх сяброў,— Якуб, што ты сабе думаеш? Ты пісьменнік, а не можаш стаць над чалавечай хворасцю, не падолееш старэчага гультайства? Пішы, вось табе самыя лепшыя лекі. He чакай, што заўтра падужэеш, не ў той бок яно, браце, хінецца. Увяз ты, як муха на ліпучцы. Ёсць у цябе крылы ці не? Рваніся і ляці...
Падчас такіх творчых «прастояў» Колас, куды б ні збіраўся: на пасяджэнне, на сустрэчу з чытачамі, у тую самую бальніцу — усюды абавязкова браў з сабою партфель. У ім хавалася крыху чыстай паперы і першым ляжаў аркуш з пачаткам новага раздзела кнігі. Гэта быў напамінак, дакор самому сабе: дзе б ты ні быў, як бы сябе ні адчуваў — пішы! He знікала і не магла знікнуць надзея: зараз перарвецца бяздзейнасць. Хай усё будзе перад вачыма.
Блізка дзевяці год мы бачыліся амаль штодня. Часцей за ўсё — адвячоркам, калі я канчаў работу дома ці ў рэдакцыі «Вожыка». Зайшоўшы ў двор, я, як і ўсе, хто ведаў гаспадаровы звычкі, адразу ж кіраваўся да лаўкі пад вязам. Цёплаю парою, калі не было нягоды, Канстанцін Міхайлавіч заўсёды
сядзеў там. На гэтую частку сядзібы перад заходам свяціла сонца, ужо менш гарачае, дый праменне затрымлівалася ў густой лістоце дрэва. А сонца ён любіў.
— Мусіць, я з роду сланечнікаў. Хаджу за сонцам па дварэ: куды яно, туды і я.
Магчыма, прывязваў яго да аблюбаванага месца недавершаны замысел, пэўней сказаць, не аформлены ў радкі, не даросшы да замыслу вобраз.
— У Ташкенце ёсць добры парк,— расказваў Канстанцін Міхайлавіч.— Каля абсерваторыі. 3 нябожчыцай Мар’яй Дзмітраўнай мы там адпачывалі надвечар, хаваліся ад гарачыні. I вось што кінулася мне ў вочы: промні між лісця свяцілі зырка, не стрываць, як пражэктары. Я адышоўся, хацеў лепей разгледзецца, а зіхценне ўзяло і знікла. Справа была вось у чым. Сярод дрэў стаяў дамок. Святло, адбіўшыся ад даху, пранізвала лісце шмат ярчэй, як звычайна. А відно гэта было толькі з пэўнага пункту і адлегласці...
I цяпер яшчэ хочацца злавіць той малюнак у слова. He даецца, выслізгвае спраміж пальцаў. Ніяк не знайду, да чаго прымацаваць яго, да якой жыццёвай з’явы. Разважаў так: ёсць сонца, аснова жыцця на зямлі, самы магутны з успрынятых нашым розумам твор сусвету. А выходзіць, яго бляск можа быць павялічаны просценькім збудаваннем чалавека. Мусіць, смешныя развагі, дзіцячыя. Але вобраз жыве. Я мог бы запісаць яго як прыгожы малюнак. Ці варта? Будзе пустая цацка. А на такое ў нас майстроў хапае...
Так, пад засенню лапушнога дрэва, падоўгу ўглядаўся ён у аднаму яму відочныя вобразы, услухваўся ў аднаму яму чутныя словы, паглыбляўся ў толькі яму вядомыя думкі.
...Бразгала ўваходная брамка. Ён прыкладаў далонь да капелюша: хто прыйшоў? I насустрач наведвальніку, за некалькі крокаў, ляцелі вельмі звычайныя, але ад гэтага ніяк не з меншай турботай і цікавасцю гучаўшыя пытанні: «Як здароў? Што чуваць на белым свеце?»
Звыклыя ветлыя словы кожны раз афарбоўваліся непаўторным у сваёй непасрэднасці пачуццём. I па гэтым можна было без памылкі адгадаць, ці чакалі цябе, пазнаць, што за дзень у яго сёння: творчы або прастойны.
У творчыя дні Канстанцін Міхайлавіч пакідаў свой пасад пад вязам хутка. Мы ішлі да яго ў пакой. Спярша паказваў найболып цікавыя з дасланых лісты і рукапісы, раіўся аб іх лёсе, казаў, куды іх мяркуе накіраваць. Потым браў з-пад прэса чатыры-пяць свежых старонак, напісаных надзвычай разборліва, рукою, што не страціла да апошніх гадзін амаль юнацкае цвёрдасці.
Працёршы вялікім, як хустка, кавалкам замшы акуляры, пачынаў чытаць. He спяшаўся, а калі даходзіў да апісанняў прыроды, якія лічыў удалымі, чытаў яшчэ павальней. I ўвесь час сачыў з-пад акуляраў, як успрымаюцца жартоўныя і напружаныя мясціны, ці не павісла ў паветры, не зачапіўшы слухача, вострае слоўца, трапны зварот.
Гэтак праводзілася першая праверка твора на чытачы.
Калі ён прыкмячаў, што ўвага развейваецца, зараз жа спыняўся:
— Нешта ты далёка лунаеш... Кепска?
Скончыўшы чытанне, хоць і не выказваў нецярплівасці, аднак было відаць, што чакае водгуку даволі напружана. Сказаць толькі «добра» значыла пакрыўдзіць. Адно гэтае слова важыла для яго столькі ж сама, як і проста кінутае «дрэнна». Калі напісана добра, скажы, што іменна, і абавязкова растлумач — чаму. Як быццам ён сам не ведаў цаны сваёй рабоце! Ведаў, і лепш за іншых, але ўсё ж чакаў слова ў пацвярджэнне свае пэўнасці.
I калі погляды не супадалі, ён з поспехам пераконваў слухача ў перавазе свае думкі. Варта было мне, не стрымаўшы радасці ад ягонай удачы і перабраўшы крыху меру ў захапленні, сказаць, што ў кнізе найлепшыя раздзелы, дзе зволеныя з пасад сябры сустракаюцца ў «прасторах», праводзяць рэпетыцыю допыту і разважваюцца танцам «зялёнага асла», як Канстанцін Міхайлавіч запярэчыў:
— А як жа «паніч, выганяй»?
I зараз жа давёў, што па каларыце, гушчыні фарбаў і цэльнасці куды вышэй малюнак, калі падкуплены Лабановічавай залатоўкай сельскі пастух з дваран, Лукаш Леўчанка, ляскае пугай і крычыць на світанні «выганяй», трывожачы і без таго кепскі сон пісара Васількевіча.
Адным словам, першы чытач і крытык трылогіі, чые ролі мне даводзілася сумяшчаць, трапляў у незайздроснае становішча. Перш чым вымавіць слова, трэба было з усіх бакоў узважыць яго. Добра, калі адразу ўдавалася сцісла перадаць непасрэднае ўражанне ад прачытанага. Але некаторыя рэчы патрабавалі папярэдняга роздуму, на іх трэба было глянуць яшчэ раз сваім вокам і толькі пасля меркаваць. Тады ў тоне размовы міжволі з’яўлялася няпэўнасць, і гэта непакоіла Канстанціна Міхайлавіча. Ен хмурнеў, пачынаў гартаць рукапіс, прыглядацца да кожнага слова, нібы адшукваючы, што засталося невыразным, не такім, як бачылася яму.
Аднойчы, праслухаўшы раздзелы трылогіі пра першыя часы бытавання Лабановіча ў турме, я паспрабаваў ухіліцца ад размовы. Было дзіўна: навошта пераносіць у мастацкі твор амаль дакладна ўсё тое, пра што расказвалася ў мемуарным нарысе «Цені мінулага», рэчы, ад якой так і патыхала дакументальнасцю.
Характэрныя, вельмі жыва напісаныя малюнкі астрожнага жыцця, арыштанцкіх забаў, здзекаў з «новенькіх» нейкім чынам засланялі постаць Лабановіча. А ён жа вось-вось прыйшоў з суда і, зразумела, не можа не разважаць: што адбылося? Чаму і, галоўнае, як яго асудзілі? Якім парадкам пакіруецца ягонае жыццё тут і ў далейшым, пасля вызвалення?
Цяпер герой ужо ў поўную меру можа асэнсаваць найбольшую і найгоршую сваю бяду: страчана воля, і на немалы час. Настрой у яго мусіць быць рэзка інакшы, чым у асуджаных разам таварышаў: яны пайшлі на суд з-за крат і за краты вярнуліся, а ён трапіў сюды ўпершыню.
Адным чынам, былі ўсе падставы чакаць новага перавароту ў душы Лабановіча, канчатковага ўзмужання і сталасці яго. Забавы ж крымінальнікаў, накшталт «пілавання дуба, здаваліся празмерна натуралістычнымі і калі маглі падавацца ў творы, дык хіба для таго, каб легчы дадатковым цяжарам на псіхіку героя.
He ведаючы, што рабіць з узнікаўшымі думкамі, я маўчаў, балазе прыйшоў малодшы сын Канстанціна Міхайлавіча
Міхась і пачаў расказваць пра стралковыя спаборніцтвы, у якіх ён браў удзел.
На нейкі час Канстанцін Міхайлавіч ажывіўся, ператварыўся з патрабавальнага літаратара ў добрага хатняга чалавека, «бацьку», «дзядзьку Якуба». Аднак я ўвесь час адчуваў на сабе дапытлівы позірк. А калі ўстаў, каб адвітацца, ён усё ж не вытрываў: