Колас расказвае пра сябе  Максім Лужанін

Колас расказвае пра сябе

Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
112.53 МБ
Але Канстанцін Міхайлавіч не хоча думаць блага ні аб кім і паўтарае ці раз выказванае ім правіла, якога сам стала прытрымліваецца:
— He спяшайся асуджаць людзей. He будзь ім пракурорам, старайся быць абаронцам. Ведаеш, як рабілі некалі пракуроры?
Судзіла нас выязная сесія Віленскай судовай палаты. У тым самым доме, дзе быў музей на пляцы Волі. Лістоўку бралі на экспертызу двойчы. Першы раз эксперты далі патрэбныя суду весткі. Другі раз прызналі, што рука не мая. Пракурор як усхопіцца! I давай: «3 прычыны разыходжанняў у поглядах экспертаў, гаспада суддзі, патрабую Міцкевіча асудзіць».
Так што ў іх усё было вырашана загадзя. He ўдавалася пасадзіць за падабенства почырку, дык пасадзілі за разыходжанні паміж экспертамі. Ці саву аб пень, ці пнём аб саву.
Наш настаўніцкі з’езд муляў вочы ўладам. Як гэта можа быць? Збіраюцца нейкія настаўнікі, варушацца, падымаюць галаву. Ды яшчэ «на заходняй ускраіне»! Крымінал.
Да таго ж мы прынялі палітычную платформу, меліся працаваць нелегальна. Так і дамовіліся на паляне ў Прыстаньцы каля Нёмана. А ў адозве, за якую мяне ўпяклі, гаварылася аб скліканні шырэйшага з’езду ў канцы года. Вось паліцыя і ўстрывожылася. Трэба пачынаць следства, хацелі злавіць з доказамі. Да іншых лістовак я такі сапраўды прычыніўся. Мы іх выпускалі саматужным спосабам, ад рукі.
Смак да такой літаратуры пачуў я з часоў настаўніцтва ў Люсіне. Даставаў яе ў земляка, ніяк прозвішча не ўспомню. Гэта быў стаўбцоўскі яўрэй, займаўся сталяркаю...
Рыхтавалі мы свае пракламацыі ўдзень, а разносілі па вёсках сярод ночы. Пісалі там пра цара, пра паноў. Сялян агітавалі, заклікалі плытнікаў і рабочых з майстэрань баставаць, каб стварыць новы ўрад. Які ўрад — добра самі не ведалі, але пісалі «свой», не панскі.
Паліцыя вынюхвала, адкуль дым ідзе. Як толькі знойдзе лістоўку, зараз жа прылятае ў вёску. Але сяляне стаялі за нас гарою, папярэджвалі, памагалі хавацца. Мы начавалі ў лесе, пад кусцікамі на сенажаці, адседжваліся ў гумнах і ў скляпах. Пакуль было цёпла, трымаліся разам. Неўзабаве надышлі халады. Мы раз’ехаліся ва ўсе бакі. Працы не пакідалі, але дзейнічалі паасобку...
Такім чынам, сталае следства па нашай справе пачалося з ранняй вясны 1908 года. Дзякуй, што і да гэтага часу далі пагуляць.
У «Нашай долі» адбыліся мае літаратурныя хрэсьбіны, стаў называцца Коласам. I паспеў тое-сёе надрукаваць з вершаў і допісаў. Пісаў пра мову, пра лёс настаўніцтва. Па-мойму, удала атрымалася адна перапіска. Ураднік Нагайкін піша прыставу Кулачынскаму, што зрабіў вобыск і «арыштаваў» пяць рублёў золатам.
Тады мяне па ўсім свеце кідала. Жыў у Смольні ў брата, там прыватную школу арганізаваў. Патрохі складаў «Другое чытанне». Гасціўу Беларучы, у «дарэктара», разы тры ў Вільню з’ездзіў. Працаваў у «Нашай ніве», толькі доўга затрымлівацца не давалі. Я там пісаў сваё, правіў допісы, перакладаў тое-сёе.
У самой рэдакцыі жыў, там і газету пакаваў, і падлогу падмятаў. Усё добра было б, хоць на тых заработках духі падводзіла, але паліцыя выганяла з горада. Потым дастаў дазвол на пражыванне і быў пры рэдакцыі, пакуль не прыйшло пісьмо ад памешчыка Гардзялкоўскага. Ен хацеў арганізаваць беларускую школу і прасіў параіць настаўніка.
Паехаў я тады ў вёску Сані, на Магілёўшчыну. Дацягнуць да канца года не ўдалося: усчыналася следчая справа. Гардзялкоўскі, хоць і не дабыў я тэрміну, разлічыўся цалкам, заплаціў мне залатымі пяцёркамі.
Пасля суда мы дазналіся, што правоў не пазбаўляемся, толькі нас нельга выбіраць у Дзяржаўную думу. Каб большага
клопату не мець! Ліха з ёю, з той думай. Як быццам нехта збіраўся балаціравацца туды. Гэта ўжо ў сямнаццатым годзе маю кандыдатуру меліся выпхнуць ва Устаноўчы сейм. Нічога з гэтага не выйшла, дый згоды мае не было.
— Арыштавалі мяне на судзе. На лаву падсудных не саджалі, я даваў паказанні і мог выходзіць з залы. У перапынку паміж пасяджэннямі нават схадзіў пагуляў па горадзе, крыху падмацаваўся. Мог, вядома, і ўцячы. А куды? Я ведаў, што адзін з удзельнікаў з’езда, Алесь Сянкевіч, падаўся ў Амерыку. Нават пісаў аб гэтым у «Нашай ніве». Але ён выбраўся ў часе. Я ўжо быў заціснуты ў кола. Схопяць, як толькі ступіш цераз мяжу. Дый, галоўнае, таварышаў судзяць, як жа я магу пакінуць іх? Думалася, што ўжо само наша асуджэнне дасць нейкі штуршок далейшаму настаўніцкаму руху. Рознае ўяўлялася...
А тут прысуд, і Кабека, старшыня суда, загадвае ўзяць мяне пад варту. Акалодачны, смаркач, зусім зялёны, хоп мяне за рукаў. «Чаго ты скачаш, як певень? He хапай, сам пайду!» — помню, сказаў я і адапхнуў яго рукою.
— Камер за час адседкі давялося змяніць некалькі. Сядзеў у кутняй, каля вежы, № 1. Потым перакінулі насупраць, здаецца, у пятую.
Трапіў на час на Дабрамысленскі завулак. Там трымалі кароткатэрміновых. А пасля зноў пераехаў назад, у «Пішчалінскі замак». Пішчалін — гэта архітэктар, які будаваў мінскую турму. Апраўдаў сваё прозвішча. Пішчалі людзі там. Дый мне давялося сербануць гора.
За адмову ўставаць на паверках — замкнулі ў карцар. Мы там сядзелі з завязанымі вачамі, каб не папсаваць зроку.
Карцар цёмны, смярдзючы. А тут яшчэ наглядчыкі здзекуюцца. Адзін быў да Мураўёва-вешальніка падобны. Прачыніць дзверы і дражніцца: «А надвор’іца слаўнае! Цудоўнае надвор’е». Мы думаем: «Каб цябе скула задавіла!» — і прыгінаемся: а можа, удасца зірнуць на неба цераз шчыліну.
Потым рэжым стаў лягчэйшы. Дазволілі пісаць лісты. Мелі мы нават паперу і чарніла. Але пісанне сваё я ўсё роўна
хаваў. Падчас вобыскаў нашы «вольнасці» ляцелі к чорту. Наглядчыкі забіралі што ні трапіць на вока.
—	Месяцы з чатыры быў я ў турме кухарам. На кожную душу адпускалася па 10 капеек на дзень. Грошы ішлі ў агульны кацёл. Купляліся крупы, сала, капуста. I самі мы гатавалі па чарзе. Mae абеды хлопцы заўсёды хвалілі. Казалі: «Ты, Костусь, мусіць, з свае кішэні дакладаеш». А я аджартоўваўся: «Я, кажу, прыняў на харчы начальніка турмы. Дык гэта ён паўрубля дабаўляе».
Пасля давялося мне крыху пабыць і турэмным бібліятэкарам. Гэта было нудна. Літараіура дазвалялася выхаваўчапаліцэйскага кірунку.
А кухаварства спатрэбілася пазней, у Ташкенце. Пачалося з таго, што, едучы туды з Масквы, купіў я каля Аральскага мора падвяленую рыбіну. Дома наварыў юшкі. Сяргей Гарадзецкі, на што ўжо гастраном, і той аблізваўся.
Рабіў таксама верашчаку, удавалася ў мяне і прэсная страва. Схаджу на Алайскі рынак, куплю свежай капусты, морквы, кропу. I ўсё гэта — у чыгунчык. А пасля клічу Сяргея на дэгустацыю. Маруся смяялася: «У цябе, мусіць, сам чыгунок варыць. Мне ніколі не ўдаецца так смачна згатаваць...»
—	Напісаў я ў турме адзін верш. Пачатку не помню. A змест такі. Чалавек наняўся на працу да пана. Работы было многа і цяжкое. Касіў, араў ад цямна да цямна. А дайшло да разліку, дык за тыдзень заплацілі яму тры грыўні. Вось і разважае наш дзядзька:
А дома ёсць жонка, дзяцей тых, як маку, За дзень набярэшся — плячэй не чуваць. Трыццаць капеек! Заткні іх... у горла... Толькі вам жыць на свеце... Тапчы вас у гаць...
Канстанцін Міхайлавіч смяецца:
—	Рыфмаў, што тут стаялі, не буду падказваць.
Гэтымі невялічкімі абразкамі, бадай, і абмежаваліся гаворкі аб судзе і турэмным побыце. He таму, што не помніў тае пары Канстанцін Міхайлавіч ці не хацеў варушыць яе. Яго
ўспаміны ў «Весніку НКА» і ў часопісе «Асвета» перагукваліся з многімі старонкамі «На ростанях».
А над гэтай кнігай усё яшчэ цягнулася работа, і лішні расказ пра тыя ці іншыя падзеі мог перабіць ахвоту да пісання.
— Раскажаш, а потым не пішацца,— заўважаў Канстанцін Міхайлавіч.— Здаецца, усе ўжо гэта ведаюць. I самому робіцца нецікава.
Такімі ж абрывачнымі выглядаюць і прыгадкі Коласа пра паездкі ў Вільню, як у свой час было прынята называць Вільнюс.
— Пасля выхаду з астрога з’явіўся другі клопат: трэ было ратавацца ад ваеннай службы. Трапляць з турмы ў казарму мне страшэнна не хацелася...
11 верасня 1911 года6 адбыў я свой тэрмін. Выйшлі мы з Уладзімерам Міцкевічам на волю. Думаем: куды падацца? Пайшлі да аднаго таварыша. Гэта быў Аляксандр Іванавіч Райскі. Лічыўся ён не малою шышкаю: служыў памочнікам начальніка канцылярыі мінскага губернатара. Трапілі на абед. Пасядзелі, параіліся, да вынікаў так і не дагаварыліся.
Я пайшоў на вакзал і — проста ў Вільню. Ехаў туды не з пустымі рукамі. Вёз тры сшыткі ў цыратовых вокладках. I ўсё з вершамі. Прыехаў рана ў горад. Гадзін 6 было. У таннай гасцініцы не ўпадабаў, а на дарагую — грошай не хапала. Хадзіў па вуліцах, пакуль добра не вывіднела. Дождж, слата. Трэба сшыткі хаваць. Трымаю іх пад пільчаком, а зайсці няма куды.
Нарэшце прыблукаў у 3-ю прыходскую школу да настаўніка Зотава. 3 яго дачкою ў снежні 1907 года мы ў Пецярбург ездзілі. Напаілі тут мяне каваю. Толькі я перамёрз, і мне здалася тая кава халоднаю.
Пасядзеўшы, надумаўся я заглянуць да Івана Кірылавіча Касяка. Ён блізка стаяў да рэвалюцыйнага руху, памагаў нам грашыма, калі сядзелі ў астрозе. Патрапаў пешкі за Вільню, у Ландварона. Касяка ў школе не было, знайшоў яго на кватэры.
Прытулілі мяне, далі павячэраць. Было позна. I апанавала мяне туга. Так стала цяжка, думаў — звар’яцею. Пачало мяне скрэбці за душу яшчэ ў Зотавых. Але там быў невялікі
прыступ. А ў Касяка, калі паслалі пасцелю і зачынілі вокны на просвы,— хоць гвалту крычы. Здаецца, зноў апынуўся ў каменным мяху...
—	19 верасня выехаў я да сваіх у Смольню. Туга не адпускала мяне. He бачыў выхаду. Усё вакол нібы замкнулася, яшчэ горш, чым у тым астрожным карцары. Няма надзеі на існаванне. Невядома, як заўтра жыць, што рабіць. Кавалак у горла не лезе, асабліва як падумаю, што адбіраю апошняе ў сям’і.
Пачаў лячыць нервы. Узялося на прымаразкі. А я апранаю кажух, ногі — у валёнкі і шыбую на Нёман. Акунуся і падужэю. Сталі з’яўляцца думкі пра «Сымона-музыку», праўда, змрочныя. А ўсё ж забываўся, папішу — і як быццам цяжар з плячэй скінецца.
Філіповіч, мой таварыш па класу, мала таго — сядзелі на адной лаўцы, паклікаў да сябе ў Лунінец. Добрая душа! Перадаў мне сваіх вучняў, дзяцей чыгуначнікаў. Я пачаў рэпеціраваць іх. Плата слабаватая: два рублі на месяц з галавы. Добра, калі галава кемлівая, а ў другую і табліцу множання калом не ўб’еш. Нават у Люсіне плацілі на рубель больш.